У дзесяцігадовым узросце яна сапраўды была рассыльнай у рабочым атрадзе Чырванапрэсненскага раёна Масквы. І мянушка доўга захоўвалася за ёй. Асабіста я думаю, што Ганначку Абуховіч называлі дыпкур’ерам за смеласць і гатоўнасць да выканання любога задання, за імкненне дасягаць сваёй мэты. А па вялікім рахунку яна ўсё сваё творчае жыццё была надзвычайным і паўнамоцным паслом роднага Рускага тэатра ў афіцыйных колах і дзяржаўных ведамствах. Можа, і не вельмі дыпламатычна дзейнічала, але яе заўсёды адпраўлялі наперад, калі трэба было нешта папрасіць, нечага для тэатра дамагчыся. Ёй рэдка адмаўлялі.
У Абуховіч была бездакорная для савецкага часу біяграфія. Завяршыўшы акцёрскую кар’еру, яна напісала кнігу пра сваё жыццё і пяцідзесяцігадовую гісторыю Дзяржаўнага рускага тэатра імя М.Горкага. Першыя радкі былі такія: «Мяне выхавала Савецкая ўлада. Ёй я абавязана ўсім, чаго дасягнула ў жыцці». У гэтым сказе не было ўступак часу або патрабаванням рэдактараў. Гэта было яе перакананне. Гэта была праўда.
Маскоўскі прытулак для бяздомных дзяцей. Рэвалюцыя. Курсы рахункаводаў-машыністак. Паездка па камсамольскай пуцёўцы на вучобу ў Ленінград. Першыя акцёрскія спробы ў «Белдзяржкіно». З 1937 года яе лёсам сталі Беларусь і Рускі тэатр. Грамадская дзейнасць. Шматгадовы сакратар партарганізацыі. Народная артыстка БССР. Ардэнаносец.
У скупых фактах гэтай біяграфіі — каштоўныя назіранні для творчага акцёрскага жыцця. Пражыўшы амаль восемдзесят гадоў цяжкага і багатага на падзеі ХХ стагоддзя, яна асабіста зведала безбацькоўшчыну, войны, голад, працоўныя перамогі, зазнала прыхільнасць уладаў і магчымасць да іх далучыцца. Прыроджаны лідэр з крыху дэспатычным і вельмі мэтанакіраваным характарам, магла б лёгка зрабіць палітычную кар’еру. Перашкодзіла «слабасць» — гарачая, непераадольная цяга да акцёрскай прафесіі. Гэтая прафесія падаравала ёй вялізную колькасць чужых жыццяў і характараў, у якіх свой, уласны, яна не згубіла, не прыхавала, а пранесла ганарліва, як умела.
Падчас маскоўскага юнацтва Ганны Браніславаўны Абуховіч старэнькія трамвайчыкі ў расійскай сталіцы называлі «Аннушками». У яе сталасці, у гады пераможнага шэсця фільмаў «Чапаеў» і «Вясёлыя рабяты», імёны Анкі-кулямётчыцы і сяброўкі Косці Пацехіна Анюты былі самымі папулярнымі. У свае 75 яна ў інсцэніроўцы аповесці Валянціна Распуціна «Апошні тэрмін» іграла старую Ганну. Неяк натуральна да яе прыляпіліся гэтыя знакавыя імёны: Анка, Анюта, Ганначка, Анна (іграла Анну Карэніну), бабуля Аня.
У Беларусь Ганну Абуховіч прывяло каханне. Яна сустрэла сваё шчасце і паехала за ім. Зведала моманты ўзлёту і горыч страты. З пэўнага часу ўсё асабістае было звязана толькі з тэатрам.
У даваенныя гады актрыса лёгка адпавядала папулярнаму тады тыпу жанчыны — камсамолкі, выдатніцы, спартсменкі. Прыгожая, з кучаравымі пшанічнымі валасамі, прамой спінай і цудоўнай фігурай, яна была ўпэўнена ў сваіх сілах і магла без баязлівасці ўвайсці ў кабінет любога чыноўніка. Як многія дзетдомаўцы, была перакананая, што заўсёды трэба змагацца, патрабаваць, дасягаць мэты.
Рухомая, працаздольная Абуховіч бралася літаральна за ўсё. Гультайнічаць і песціцца не ўмела. Магла за ноч пашыць сабе новую сукенку. Працавала медсястрой у шпіталі, на дрэваапрацоўчым камбінаце. Без адрыву ад тэатральнай дзейнасці. Падчас кіназдымак на Барысаўскай запалкавай фабрыцы даведалася, што там не хапае рабочых, і сама стала да станка. Як гэта не падобна на жыццё сённяшніх так званых «зорак»! Нягледзячы на амбіцыі, Ганна Браніславаўна сябе зоркай не лічыла, але дакладна ёю была.
Вядома, ёй, па сённяшнім часе, не хапала сур’ёзнай акцёрскай адукацыі. Думаю, яна б ніколі не прапускала ўрокаў па сцэнруху, мове, гісторыі тэатра. Але ёй даводзілася ўсё спасцігаць самастойна, вучыцца не ў педагогаў, а ў жыцця. Акцёрскія курсы і студыі — як пачатковая школа. Майстэрства прыходзіць не толькі з досведам і працай, але і са спасціжэннем розных мастацкіх школ. У сярэдзіне дваццатага стагоддзя ў нас панавала рэалістычная манера ігры, што ішла ад МХАТа і Малога тэатра. Наследаваць акцёрам гэтых тэатраў было правілам добрага тону. Крыху пафаснае, з выразным і гучным вымаўленнем тэксту выкананне адрасавалася наўпрост у глядзельную залу. Пастановачныя эфекты не засланялі акцёра, а падавалі яго буйным планам. Ганна Браніславаўна ў амплуа гераіні перайграла ўвесь класічны рэпертуар.
А гэта Шэкспір, Чэхаў, Астроўскі, Горкі, Талстой, Лопэ дэ Вега, Брэхт, Гарсія Лорка, Эдуарда дэ Філіпа, Шылер. У рускіх і беларускіх п’есах савецкіх аўтараў ёй асабліва ўдаваліся характары моцныя, валявыя. Яна іх назірала і ўгадвала ў людзях, з якімі штодня сутыкалася. Таму што актрыса была ў гушчыні падзей і як дэпутат гарсавета, сакратар партарганізацыі, старшыня камісіі па культурным абслугоўванні вёскі, член праўлення таварыства дружбы з Германіяй, сакратар ячэйкі СТД і гэтак далей. Усё не пералічыш. Добра пастаўленая мова, уменне пераконваць, часам жалезныя ноткі ў голасе і бязмежны патрыятызм у адносінах да свайго тэатра зрабілі яе яркай і паважанай асобай у тэатральным свеце Беларусі.
З юнацтва Ганна Абуховіч вяла дзённікі, дзе пазначала даты прэм’ер розных спектакляў, акцёрскі склад, запісвала свае ўражанні. Усё гэта вельмі прыдалося ёй для кнігі ўспамінаў «Паўвека на сцэне», дзе занатавана не толькі яе творчае жыццё, але і гісторыя Рускага тэатра. А гэта ўжо інтэлектуальны подзвіг.
Сінявокая, зграбная, з чароўным голасам прыгажуня са знешнасцю рускай дваранкі, Абуховіч па іроніі лёсу аказалася непераўзыдзенай у вобразах вясковых жанчын — цётухны Руцэ і старой Ганны.
Заўсёды ўважлівая, як сапраўдная жанчына-актрыса, да таго, як выглядае са сцэны, яна не баялася быць непрыгожай і нават смешнай. Наступалі хваробы, а яна ішла на рэпетыцыі і ўключалася ў працу нароўні з моладдзю. Прыняла і слухалася маладых рэжысёраў Юрыя Міроненку і Міхаіла Кавальчыка. Праз непрыкметныя жыцці цётухны Руцэ і старой Ганны не толькі спасцігала філасофскую сутнасць матэрыялу, але і адкрывала маральныя вышыні простых людзей — солі зямлі.
Сядзела на вялізнай бочцы цётухна Руцэ, спакойная, крыху кплівая, якая шмат што зведала, вопытная і разумная. Нейкая загадка прысутнічала ў гэтай старой малдаванцы, якая варыла чароўныя напоі з карэньчыкаў і зёлак, прадказвала лёс. Абуховіч іграла так, што мудрасць і аптымізм пражывання адной канкрэтнай ролі пераліваліся ў глыбокія абагульненні і вынікі яе ўласнага чалавечага лёсу.
Жартаўлівыя і эпатажныя гісторыі распавядаюць звычайна пра жывых і здаровых зорак. Пра тых, каго больш няма з намі, — толькі самае добрае і ў прыўзнятым тоне. Але тады знікае непаўторная аўра асобы. Тэатральная грамадскасць адзначала 100-годдзе з дня нараджэння актрысы, прыводзячы яе ў прыклад моладзі, даруючы ёй маленькія слабасці і захапляючыся яе адданасцю сцэне.
На зямлі Ганна Браніславаўна пакінула сына — марскога афіцэра. Яе імя перайшло да ўнучкі Ганны, якая нарадзіла праўнукаў — Дзмітрыя і Аляксандра. Яны ўжо могуць разглядаць фотаздымкі сваёй знакамітай бабулі Ганначкі. Часцінка яе працягвае жыць і радаваць.
Таццяна АРЛОВА