Сімвал адраджэння кнігі

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца каля дзвюх тысяч экслібрысаў беларускіх мастакоў розных гадоў стварэння. Ёсць тыя, што зроблены ў 1920-х. Ёсць і работы сучасных творцаў. Надзвычай цікавыя экспанаты прадстаўлены ў музеі на ўнікальнай выставе экслібрысаў Анатоля Тычыны.

Экслібрыс — прыкмета высокага ўзроўню культуры, як літаратурнай, так і мастацкай. Па аркушах «малой графікі» можна вывучаць сувязь з традыцыямі і змены стыляў, вызначаць наватарскія ідэі часу.

Даследчыкі кніжнага знака адносяць факт яго нараджэння да канца эпохі готыкі ў Германіі. Тады лічылася, што ахоўваць і ўпрыгожваць кнігу — галоўная задача экслібрысаў. Аўтарамі іх былі Альбрэхт Дзюрэр, Лукас Кранах, Ганс Гальбейн малодшы. Ужо ў канцы ХVІ стагоддзя ў кампазіцыях з’явіліся партрэты ўладальнікаў збораў, інтэр’еры бібліятэк, выявы замкаў, манастыроў. Пазней гравюры сталі аздабляць гірляндамі з кветак, амурамі з апушчанымі факеламі, віньеткамі, выкшталцонымі шрыфтамі, што сведчыла аб імкненні зрабіць творы прывабнымі для чытача. У экслібрысах ХІХ—ХХ стагоддзяў можна знайсці прыкметы розных стыляў: рамантызму, сентыменталізму, рэалізму, імпрэсіянізму, кубізму, канструктывізму, сюррэалізму...

У Расіі першыя экслібрысы з’явіліся ў ХVІІІ стагоддзі. У 1905 годзе ў Маскве было створана Таварыства аматараў кнігі, сябрам якога ў 1930 годзе стаў беларускі графік Анатоль Тычына. 1920—1930-я гады — час дзейнасці Ленінградскага таварыства экслібрыстаў, якое праводзіла велізарную навуковую работу па даследававанні твораў «малой» графікі. Пры таварыстве былі наладжаны выставы кніжных знакаў Яўхіма Мініна, Саламона Юдовіна, Анатоля Тычыны.

У 1920-х гадах даследчык айчыннага экслібрыса Мікалай Каспяровіч нацыянальную прыналежнасць гэтага віду мастацтва вызначаў «па месцы находжання бібліятэк або па нацыянальнасці іх уладальнікаў». У дакладзе, прачытаным у 1926 годзе на пасяджэнні камісіі Інбелкульта, ён зазначыў, што беларускі кніжны знак «быў вядомы з ХVІ стагоддзя ў выданнях канцлера Вялікага Княства Літоўскага Хадкевіча, пазней — як кніжны знак Полацкай Езуіцкай Акадэміі». Калекцыя экслібрысаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі складаецца з гравюр на вокладках выданняў князёў Гальшанскіх, Радзівілаў, Сапегаў, дзе выкарыстоўваецца самая разнастайная сімволіка: княжаскія мантыі, сцягі, гарматы, пастаменты з бюстамі багоў старажытнага Рыма, ракальныя картушы з пейзажамі, надпісы лацінкай.

Культурнае будаўніцтва 1920-х арыентавала грамадства на кнігу як сродак авалодвання ведамі. У працэсы асваення новых праектаў уключаліся краязнаўцы, мастакі, даследчыкі. У 1926 годзе ў Мінску пры Інбелкульце было створана Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое аб’ядноўвала людзей не па прафесіі, адукацыі, а па любові да кнігі як носьбіткі і захавальніцы айчыннай спадчыны. Быў абвешчаны конкурс на распрацоўку кніжнага знака для выданняў Інстытута беларускай культуры, пераможцам якога стаў скульптар Аляксандр Грубэ. У Вільні пачаў працаваць Музей імя Івана Луцкевіча, у калекцыях якога знаходзіліся каштоўныя фаліянты з экслібрысамі ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў.

Працэс адраджэння гэтага віду мастацтва вельмі красамоўна быў апісаны ў 1926 годзе Мікалаем Каспяровічам на старонках часопіса «Наш край». Ілюстрацыямі да яго артыкула «Краязнаўства ў сучаснай графіцы» сталі мініяцюры Яўхіма Мініна, Паўла Гуткоўскага. У 1928 годзе была выдадзена брашура Аляксандра Шлюбскага «Экслібрысы Анатоля Тычыны». Уладальнікамі адметных кніжных знакаў сталі Цэнтральнае Бюро краязнаўства, Віцебскі Дзяржаўны музей, мастацтвазнаўцы Мікалай Шчакаціхін, Мікалай Каспяровіч, Аляксандр Палеес, краязнаўцы Аляксандр Шлюбскі, Іван Фурман, дзеячы культуры і навукі Іван Цвікевіч, Дзмітрый Даўгяла, Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

«Залатое» дзесяцігоддзе 1920-х спарадзіла непаўторныя, крыштальна-чыстыя вобразныя першаўзоры Саламона Юдовіна, Аляксандра Тычыны, Зіновія Гарбаўца, Паўла Гуткоўскага, Генадзя Змудзінскага, Яўхіма Мініна. Гэтыя таленавітыя майстры на хвалі нацыянальнага ўздыму здолелі за лічаныя гады стварыць формулу стылю 1920-х гадоў, які вызначыў наватарства беларускага мастацтва, сувязь яго з традыцыямі. Невыпадкова экслібрысы нашых майстроў экспанаваліся на ўсесаюзных і міжнародных выставах 1927—1928-х гадоў у Маскве, Кіеве, Ленінградзе, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе, Мілане.

Праз экслібрыс можна прасачыць гісторыю ХХ стагоддзя. Беларускія кніжныя знакі 1920-х даюць яскравую вобразную інфармацыю пра інтарэсы тагачаснага інтэлектуальнага асяроддзя. Захапленне гэтым відам графікі сталася вяртаннем да скарынінскіх рэнесансных традыцый, калі экслібрыс разглядаўся як інтэгральная частка вялікага літаратурнага твора — квінтэсенцыя яго ідэйнага зместу, паказчык стаўлення да асобы, якой належыць кніга. На гэтай аснове ствараліся прынцыпы кампазіцыі — гарманічнай, цэльнай, пазнавальнай і адкрытай свету. Мастакі ўводзілі ў выявы шматлікія сімвалы, метафары, што замянялі разгорнутае сюжэтна-тэматычнае адлюстраванне. І дзякуючы такой атрыбуцыі, удала вырашанай у фармальных супрэматычных, канструктыўных кампазіцыях, кніжны знак ахапіў усе здабыткі мастацтва з сімвалічнымі, рамантычнымі адзнакамі.

Смела вылузнуўшыся з мудрагелістых завіткоў мадэрна і акунуўшыся ў 1920-х у бязмежжа геаметрычных абстракцый, на працягу самых змрочных дзесяцігоддзяў барацьбы з фармалізмам экслібрыс заставаўся найбольш незалежным відам графікі. Менавіта ў ім захоўваліся самыя «крамольныя» супрэматычныя і сімвалістычныя прыкметы. Тэкст і адлюстраванне ў экслібрысе заўсёды лучацца ў адзіным арыгінальным непаўторным стылі, адыгрываючы жывую вобразную ролю. У гэтым невялікім графічным творы натуральна змесцяцца карта свету, сціплая раслінка, абагульнены фармальны элемент, абрысы помніка, твары і постаці — зрэшты, усё, што можа быць асэнсавана ў ёмістым гравюрным выглядзе. Няма дзвюх падобных выяў. Кожная — самастойная легенда і адбітак сувязі паміж рознымі асобамі, падзеямі, адкрыццямі. Формы ў выглядзе шматкутнікаў, дыскаў нагадвалі аб тым, хто першы пачаў друкаваць кнігі, змяшчаючы мудрагелістае спалучэнне выяў Сонца і Месяца на старонках і вокладках. Францыск Скарына і ў ХХІ стагоддзі застаецца сімвалам адраджэння кнігі як сродка зносін людзей і дзяржаў. Графікі зноў становяцца элітай грамадства.

У 1930—1950-х экслібрыс не здолелі прыземліць, прыстасаваць да сацыяльнай і ідэалагічнай стандартызацыі — ён захаваўся як каштоўнасць высокай мастацкай вартасці. У 1960-х кніжны знак зноў заявіў пра сваю перадавую першапраходніцкую місію — і такім застаецца па сённяшні дзень. Беларуская кніжная графіка атрымала ў спадчыну незлічоную колькасць выдатных твораў, аўтарамі якіх з’яўляліся вядучыя майстры лінарыта, ксілаграфіі, афорта.

Сучасны экслібрыс дазваляе мастаку быць незалежным, самастойным, індывідуальна непаўторным, далучыцца да навуковага, літаратурнага, крэатыўнага асяроддзя, што дае імпульс доўжыць фармальныя, стылявыя пошукі, удасканальвацца ў кампаноўцы ўмоўных, лаканічных сімвалаў. Кампазіцыйна экслібрыс залежыць ад памераў выдання, якое можа быць і кішэннага, і маштабнага, альбомнага фармату. Але кніжны знак на ім абавязкова будзе сканцэнтраваным, змястоўным (інакш яго вобразная роля стала б другаснай, неістотнай). У экслібрысе мастак заўсёды прыадчыняе ўласную душу, дазваляе зазірнуць у яе аднадумцам — гэткім жа, як і ён, аматарам кніг.

З кожным годам узрастаюць міжнародны аўтарытэт кніжнага знака і дынаміка эксперыментаў у галіне гэтага віду мастацтва. На жаль, не хапае выставак, дзе быў бы прадстаўлены сучасны беларускі экслібрыс. Але сітуацыю лёгка выправіць. І неўзабаве пераканацца ў тым, што вызначальнай прыкметай сучаснага стылю жыцця можа быць не толькі мабільнік у руках, этыкетка на фірмовым адзенні, але і экслібрыс на кніжнай старонцы. Перад гэтай пазнакай густу і інтэлігентнасці адкрываюцца такія зайздросныя перспектывы развіцця, якіх не было нават у ХХ стагоддзі. Усё залежыць толькі ад жадання графікаў аднавіць гэтае старажытнае майстэрства ў сучасным свеце.

людміла налівайка