Век Багдановіча

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

«Дзень Максіма Багдановіча». Сучасная містэрыя ў адной дзеі. Аўтар праекта Ларыса Сімаковіч. Беларуская дзяржаўная філармонія.

 Галоўная адзнака ўсіх творчых праектаў Ларысы Сімаковіч — іх канцэптуальнасць. Як кампазітар і рэжысёр яна здольная ўвасобіць сучасны погляд менавіта беларускага творцы на фундаментальныя з’явы айчыннай культуры. У тым пераконвалі яе папярэднія работы: і праграмы фольк-тэатра «Госьціца» (нумары і аднаактовыя харэаграфічныя спектаклі, адзначаныя на міжнародных конкурсах), і праект «S-музыка» (паводле паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»), і сцэнічнае ўвасабленне складанага «Вяселейка» Ігара Стравінскага. І апошні праект — «Дзень Максіма Багдановіча», паказаны ў філармоніі.

Вялікая зала аказалася не проста поўнай. Назіраўся не аншлаг, а супераншлаг: занятыя прыстаўныя крэслы партэра, прыступкі на балконе, дзе не сесці і не праціснуцца. З балкона гледачы звешваліся, як гронкі вінаграду. Падчас спектакля, калі граў рок-гурт N.R.M., моладзь танчыла ў праходах партэра.

Тлумачэнне аншлага простае: дасведчаны глядач прызвычаіўся, што Сімаковіч заўсёды іграе сумленна. Над сваімі праграмамі працуе доўга і іх не тыражуе. Вакол яе заўжды збіраецца кола аднадумцаў, згодных працаваць за высакародную ідэю, а не за грошы — вялікія ці маленькія. У дадатак наша літаратурнае і музычнае жыццё апошнім часам чамусь ладзіцца так, што беларускамоўнай інтэлігенцыі не хапае новых, свежых, нечаканых уражанняў, не хапае спажывы для роздуму. Прастора, у якой беларускае слова натуральна і арганічна яднаецца з беларускай музыкай, на вялікі жаль, досыць абмежаваная.

 /i/content/pi/mast/16/321/17.jpg
 Святлана Зелянкоўская (Максім Багдановіч).
Чым прываблівае «Дзень Багдановіча»? Дакладным вызначэннем жанру: сучасная містэрыя. У дзействе, якое разгортваецца, відавочны і натуральны сінтэз розных жанравых пластоў — размоўнага, інструментальнага, вакальнага, харэаграфічнага. У папярэднім праекце, «Вяселейку», Сімаковіч здолела спалучыць неспалучальнае — «Госьціцу» і харавую капэлу Шырмы, ансамбль ударных інструментаў Grig-percussion і чатыры раялі, акадэмічныя хор і вакал, драматычны тэатр і танец. У апошнім праекце складнікаў таксама шмат — «Госьціца» і «Класік-Авангард», акцёры-купалаўцы і знакаміты N.R.M., гурты «Ліцьвінскі хмель» і In Search For.

Спектакль складаецца з пралога, дзевяці містэрый і эпілога. Максім Багдановіч, класік нашай літаратуры, адна з найбольш загадкавых і трагічных яе постацей, нібыта трапляе ў сённяшні дзень. Яго ўражанні, судакрананне з дзеячамі беларускага і сусветнага мастацтва і ствараюць сюжэт містэрый, адлюстроўваючы вандроўку па цяперашняй Беларусі. Сярод суразмоўцаў нацыянальнага генія — Моцарт і Мікалай Пінігін, Сальеры і радыёвядучы, хлопчыкі-«рэперы» і танцоры з «Госьціцы».

У «Дні Багдановіча» вабіць моцная рэжысёрская ідэя. Спектакль дае надзвычай свежы, нечаканы погляд на хрэстаматыйнага класіка і вершы, даўно разабраныя на цытаты, песні, рамансы, афарызмы. Багдановіч паўстае тут жывым — пранікнёна-чулым, саркастычным, трагедыйным... Надзіва шматгранным! Тое, што знакамітая купалаўская актрыса Святлана Зелянкоўская іграе мужчынскую ролю, думаю, нікога не бянтэжыць. Дый увасабляе актрыса хутчэй вобраз паэта, яго душу. А слова «душа» — усё-такі жаночага роду.

На маю думку, у містэрыі, пастаўленай Сімаковіч, Зелянкоўская сыграла адну з лепшых сваіх роляў. Шкада, што яе духоўны патэнцыял, глыбіннае адчуванне і разуменне сутнасці беларускай культуры так мала запатрабаваны і тэатрам, і кінематографам. Самае галоўнае — у Максіма Зелянкоўскай няма ні каліва статуарнасці, «забранзавеласці», няма штучнага пафасу — якасцей, уласцівых не жывому чалавеку, а нерухомаму помніку.

Калі ў драматычным тэатры ставіцца класіка, дасведчаны глядач на пачатку вядомых маналогаў (Гамлета, Ніны Зарэчнай, Ларысы Агудалавай і г.д.) заўжды напружваецца: як прагучыць, як будзе інтэрпрэтаваны шмат разоў чуты, ледзь не на памяць вядомы ўрывак тэксту? Славутыя радкі («Быць можа я не скончу жыць?», «Я хлеба ў багатых прасіў і маліў...») Зелянкоўская вымаўляе часам марудна-пакутліва, часам з паўзамі, у поўнай цішыні залы — так, што ўзнікае адчуванне: думка і радок нарадзіліся тут, зараз, цяпер, вось у гэтае імгненне! І мы выпадкова сталіся сведкамі прыхаванай таямніцы, невытлумачальнага цуду творчасці. І гэты стан самапаглыбленасці, нараджэння мастацкага вобраза — ці не самы каштоўны ў спектаклі.

Як аўтар праекта Сімаковіч так фармулюе стаўленне да Багдановіча, галоўнага героя спектакля: «Прарокам цяжка стаць у сваёй Айчыне, але можна. Для гэтага трэба не дужа многа — Свая Зямля, некалькі стагоддзяў і Абуджэнне. Трэба набрыняць песнямі, каб стаць зямлёй, трэба насыціцца казкамі, каб стаць птушкай, трэба ўзняцца ў неба, каб вярнуцца да зямлі. Максім Багдановіч вяртаецца да нас. Ён — наш прарок. Наш паэт. Містэрыя — ягоная стыхія. Містэрыя — месца нашай з ім сустрэчы».

Багдановіч, увасоблены Зелянкоўскай, разняволены. Ён натуральны і шчыры. У вобразе, які паўстае ў спектаклі, вызначальныя дзве рысы — незвычайная, сапраўды крыштальная чысціня памкненняў і неверагодны, проста касмічны маштаб думак і эмоцый. Паэт расхінуты перад самымі складанымі праблемамі і пытаннямі быцця. Ён лёгкі, па-моцартаўску азораны і акрылены. Але і трагічны ў надзвычайнай чуйнасці і безабароннасці. Здаецца, што на пытанні, уголас зададзеныя Максімам, адказ даюць або музыка, або пластычныя сцэны. Стваральнікі спектакля не акцэнтуюць увагу на трагічных акалічнасцях лёсу паэта, які пражыў усяго 26 гадоў, быў цяжка хворы на сухоты, памёр удалечыні ад радзімы, не зразуметы суайчыннікамі. У Багдановіча, прадстаўленага ў праекце, няма асуджанасці і псіхалагічнага надлому. Вобраз атрымаўся надзвычай светлым па сваім гучанні.

У сцэнічным увасабленні містэрыі шмат асацыятыўных рэжысёрскіх прыёмаў і вынаходлівасці. Асновай сцэнаграфіі зрабіліся... звычайныя харавыя станкі, закрытыя чорнай тканінай. На прыступках аднаго размясціліся музыканты «Класік-Авангарда», на прыступках другога — танцоры «Госьціцы», што ўвасабляюць русалак і іншых фальклорных істот. Яны ўспрымаюцца як фрагменты свету Багдановіча, як дзве крыніцы, што жывілі яго паэзію: вытанчанасць прафесійнага і жыццядайнасць народнага мастацтва. Шматзначнасць прасочваецца ў гукавым рашэнні і пабудове пластычных сцэн.

Спектакль усцешвае нечаканымі і ўнутрана апраўданымі жанравымі спалучэннямі. Калектывы і салісты з’яднаны тут не механічна. Да прыкладу, Уладзімір Байдаў і ягоны «Класік-Авангард» іграюць, а музыканты з N.R.M. за імі з цікавасцю назіраюць. «Госьціца» танчыць, а цяпер Байдаў з аркестрам у ролі ўважлівых гледачоў робяцца ўдзельнікамі агульнага дзейства. Увогуле ўсе яны — і русалкі, і Моцарт, і Сальеры — успрымаюцца яшчэ і як вобразы, што ўзнікаюць у свядомасці паэта. Моцарт размаўляе радкамі Багдановіча — і гэта выглядае як шматзначны рэжысёрскі ход. Калі на пачатку спектакля героі аддаюць Багдановічу паясы, ручнікі, ствараецца ўражанне, што яны аддаюць яму свае лёсы. Або памяць пра іх. Каб занатаваў і пакінуў у вечнасці...

Што менш спадабалася або выклікала пярэчанне? Празмернасць дэцыбелаў, калі саліравалі N.R.M., «Ліцьвінскі хмель» і In Search For.

Разумею, што рокавыя кампазіцыі апрыёры не могуць быць ціхмянымі, але ці не разбурае магутнасць гукаўзмацняльнай апаратуры, ад якой часам скаланаюцца сцены, чуллівую мелодыю вершаў Багдановіча і жывое, няўзмоцненае гучанне «Класік-Авангарда»? Вядома, N.R.M. — своеасаблівы брэнд, культавы гурт сучаснай моладзі, таму заклікаць да цвяроза-ўзважаных рашэнняў, магчыма, і не трэба. Гэта — па-першае, а па-другое, гледачам сярэдняга і старэйшага пакаленняў цікава ведаць, чым захапляюцца, ад чаго «фанацеюць» іхнія дзеці.

На жаль, «Дзень Максіма Багдановіча» быў паказаны толькі аднойчы. Хоць разумею: такі эмацыйны і артыстычны напал цяжка паўтарыць, яго складана тыражыраваць. Шкада, што праект не запісаны тэлебачаннем. У той час, калі наша грамадства відавочна адчувае недахоп інтэлектуальнага прадукту на тэлеэкране — арыгінальныя, эксклюзіўныя праекты аказваюцца айчынным тэлеканалам чамусьці непатрэбнымі...Таццяна мушынская