НЕСПАДЗЯВАНАЯ МАРХЕЛЬ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Ёсць людзі, падобныя на люстэрка. Не крытыкуюць, не зайздросцяць, не выстаўляюць рэзкіх ацэнак, не стараюцца спадабацца, не імкнуцца адпавядаць чужым меркаванням пра сабе. І гэта зусім не абыякавасць да жыцця, а пэўная мера дасканаласці, спроба існавання без унутранага і знешняга канфлікту. Адлюстраванне свету без супрацьстаяння, поўнае прыняцце ўсяго, што табе наканавана. Такія адносіны да рэчаіснасці звычайна выпрацоўваюцца пасля шматлікіх выпрабаванняў. Калі прайсці праз іх з годнасцю, у душы з’яўляецца гармонія і асоба ўзнімаецца на іншую чалавечую і жыццёвую прыступку. Здаецца, Таццяна Мархель менавіта з такіх «людзей-люстэрак», у творчасці якіх можна пабачыць цэлы свет.

Як уплываюць на лёс актрысы яе ролі? Узаемадачыненні рэальнага чалавека і выдуманага персанажа сапраўды існуюць, і калі гэта зразумець, то, напэўна, можна разгадаць феномен прафесійнага поспеху Таццяны Мархель — спачатку на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа, цяпер — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Актрыса ўсё такая ж няўрымслівая і энергічная, а створаныя ёю за апошні час вобразы ўсё такія ж цікавыя.

Сусветна вядомая спявачка Інгрыд страціла голас і апынулася ў шпіталі. Такая праверка на трываласць, калі яе вытрымаць мужна, — яшчэ адна прыступка да самаўдасканалення. Але дзе ўзяць сілы, каб жыць далей? Інгрыд выклікае суперажыванне, але яе не шкадуеш. Роля Інгрыд у «Жанчынах Бергмана» Мікалая Рудкоўскага — яшчэ адно дасягненне Таццяны Мархель. Унутраная напружанасць і абсалютная вера актрысы ў тое, што яна робіць, нараджаюць бачны драматызм. Роля без слоў — тут не схаваешся за міміку. Але рэжысёр папрасіў Таццяну Мархель напісаць свой тэкст і мысленна прамаўляць яго падчас дзеі. Увесь сэнс, усю гісторыю актрыса здолела данесці бязгучна. Прыродная арганічнасць Таццяны Мархель праявілася ў «Жанчынах Бергмана» моцна і разнастайна. Аповед пра спявачку, якая страціла голас, — аповед пра тое, што хаваецца за размовамі. Калі мы замаўкаем, сутнасць таго, што адбываецца, становіцца больш зразумелай.

Мера запатрабаванасці, як і мера таленту акцёра, вызначаецца яго здольнасцю ўзаемадзейнічаць з драматургічным тэкстам. Сучаснае тэатральнае мастацтва здатны ўспрыняць толькі гнуткі і адкрыты насустрач новаму розум. Узаемаадносіны актрысы з актуальнай беларускай п’есай — свайго кшталту «любоўны раман». Пры гэтым Таццяна Мархель вельмі добра адчувае эпоху, таму яе гераіні заўсёды атрымліваюцца надзвычай натуральнымі.

Персанаж Таццяны Мархель з п’есы Дзіяны Балыкі «Белы анёл з чорнымі крыламі» ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава зусім не адпавядае звычайным уяўленням пра сталы ўзрост. Бабуля галоўнай гераіні Ніны — аматарка гараскопаў і заўзятарка ўсходніх адзінаборстваў. Калі Вольга (Ганна Арыніч-Анісенка) прыходзіць да старой з просьбай дазволіць, каб у яе пажыла Ніна, становіцца зразумелай уся горыч існавання самотнай гераіні Таццяны Мархель. «Вы пра мяне ўспамінаеце толькі тады, калі вам нешта патрэбна», — кажа Бабуля, але гэтыя словы застаюцца непачутымі. Не звяртае ўвагі і ўнучка на бабуліны спробы нагадаць пра сябе: «Ніна, чаму ты нават не запытаешся, як маё здароўе?» Зрэшты, гэта не папрок, а сумная канстатацыя, рэфлексія на грамадскія норавы. Вось так гераіня Таццяны Мархель праходзіць праз выпрабаванне ўсеагульнай абыякавасцю.

Мадам дэ Лату Таццяны Мархель з «Хто палюбіць мадам?» Анатоля Шурпіна ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава — персанаж рамантычны, летуценны і таксама адзінокі. Месца дзеяння ўмоўнае, гратэск дапамагае ўзаемадачыненням і існаванню персанажаў у сцэнічнай прасторы. Таццяна Мархель і Галіна Чарнабаева іграюць дзвюх сясцёр, удоў, якія жывуць разам так даўно, што абрыдлі адна адной. Акрамя іх у п’есе ёсць прагны да нажывы Абат (Сяргей Шымко) і служанка Ліза (Сяргей Шымко), якая марыць пра лепшую будучыню. Спектакль насычаны атмасферай недалюбові, недаспачування. Удовы прагнуць мужчынскай увагі з боку Абата, прастадушная мадам дэ Лату наіўна верыць, што ён шчыры менавіта з ёю, сястра ж, фрау Герц, выбірае больш «канкрэтныя сродкі» — падманвае саперніцу і спакушае святара. Гераіня Таццяны Мархель пакутуе ад агульнай ілжывасці. Спроба атрымаць тое, чаго ў яе не было ў маладосці, аказваецца няўдалай, кахання не адбываецца, ілюзіі паступова знікаюць. І тады мадам дэ Лату адпускае служанку Лізу: «Бяжы з гэтага склепа, мо хоць ты будзеш шчаслівая!» Пры вонкавай гратэскавасці характару актрыса тонка перадае датклівасць гераіні. Роля пабудавана на імправізацыі і вымагае той глыбіннай свабоды існавання на сцэне, якую, здаецца, Таццяна Мархель чэрпае са свайго ўласнага светаадчування, што дазваляе захапіць глядзельную залу без рэверансаў у бок публікі. З унутранай гармоніі вынікае свабода акцёрскай творчасці.

У «Каласах пад сярпом тваім» паводле Уладзіміра Караткевіча (пастаноўка Валерыя Анісенкі) няня Тэкля Таццяны Мархель — увасабленне беларускага характару з яго мяккасцю, спагадай, добразычлівасцю, наіўнасцю, шчырым імкненнем да лепшага. Тэкля спрабуе супакоіць збянтэжаную дзяўчынку Майку (Надзея Цвяткова). Сталая жанчына і юная максімалістка раптам пачынаюць разумець адна адну…

Праз вобразы сваіх гераінь Таццяна Мархель выяўляе болевыя кропкі нашага часу: самотнасць чалавека (асабліва ў старасці), камунікацыйную раз’яднанасць, крызіс самаідэнтыфікацыі. Актрысе ўласцівы натуральнасць і прыродная прастата, што асабліва ўражвае і прыцягвае ў эпоху «грамадства відовішчаў».

Насуперак усяму адчуваць сябе шчаслівай, быць гатовай да нечаканага, што прынясе новыя пачуцці, глядзець на свет без страху і крыўды — жыццёвая пазіцыя Таццяны Мархель. Такая простая, такая зразумелая.

Пра што мару? — смяецца актрыса. — Пра бераг мора! Ніколі нічога не планую, што Бог пашле, тое і радасць. І неяк так складваецца, што лёс мяне не крыўдзіць і ўвесь час дае нешта цікавае. А калі я атрымліваю нейкія магчымасці, дык імкнуся рэалізаваць іх на сто працэнтаў! Мяне захапляе менавіта нечаканасць. Тое ж датычыцца роляў: якія Бог дае, тыя і прымаю, над тымі і працую. Калі апошні раз была шчаслівая? Ды сёння! Была ў паліклініцы, там паведамілі, што аналізы добрыя. Іду і кажу сабе: «Цукар у норме, ціск у норме, што табе яшчэ трэба?»

Крысціна СМОЛЬСКАЯ