НАБЛІЖЭННЕ ДА АХМАТАВАЙ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

«Споведзь кахання». Музыка Уладзіміра Саўчыка. Вершы Ганны Ахматавай. Рэжысёр Ягор Лёгкін. Хормайстар Ігар Рыбчынскі. Музычны кіраўнік пастаноўкі Аляксей Шут. Музычная капэла «Санорус».

Інтэнсіўнасці мастацкага развіцця «Саноруса», якое непарыўна звязана з айчыннай музыкай, могуць пазайздросціць нават некаторыя акадэмічныя калектывы. Напрыканцы мінулага сезона была паказана прэм’ера оперы Андрэя Мдывані «Маленькі прынц», восенню 2008-га сцэнічнае жыццё атрымаў «Стойкі алавяны салдацік» Марыны Марозавай. І вось яшчэ адна прэм’ера. Зноў беларускі кампазітар, зноў спектакль ствараецца ў садружнасці яго і калектыву. Пагадзіцеся, эксклюзіў — не самы просты шлях!

Але менавіта маштаб творчасці вялікай рускай паэтэсы, свежасць тэмы прывабілі гледачоў у залу Палаца прафсаюзаў, дзе адбылася прэм’ера. Спектакль прайшоў з аншлагам, а сярод публікі можна было прыкмеціць шмат вядомых дзеячаў айчыннага мастацтва. Ахматава ў музыцы? А чаму б і не! Хоць кожны кампазітар скажа, што на тэксты і Ахматавай, і Цвятаевай пісаць складана. Дасягнуць гармоніі, арганічнасці ў адносінах між словамі і музыкай надзвычай цяжка. Вершы Ахматавай уяўна простыя, за першым слоем і сэнсам ёсць другі, трэці, чацвёрты… І ўсё-такі маштабная, класічная паэзія вабіць і захапляе. Гэтаксама, як маштаб і трагедыйнасць лёсу паэтэсы.

Чаму — «Споведзь кахання»? Тэма кахання — асноўная ў Ахматавай. Сучаснікі пісалі, што ў яе паэзіі ўвасоблены «тысяча і адно адценне любоўнага пачуцця». У 1916-м Восіп Мандэльштам сцвярджаў: «Яе паэзія набліжаецца да таго, каб стаць адным са знакаў велічы Расіі». На пачатку 1920-х крытыка заяўляла, што «пасля смерці Блока Ахматавай бясспрэчна належыць першае месца сярод рускіх паэтаў».

Ганна Андрэеўна пражыла доўгі век. Шмат усяго было ў ім — з таго, што называюць «бурным жыццём сэрца». І многа гора. Гора, якое не змагло знішчыць паэтычнага таленту.

Ініцыятарам пастаноўкі «Споведзі» выступіў мастацкі кіраўнік «Саноруса» Аляксей Шут. Праца над спектаклем доўжылася некалькі гадоў. Усё пачалося з захаплення кампазітара паэзіяй Ахматавай. Музыка — сольныя і харавыя нумары — нарадзілася пад уздзеяннем яе глыбокіх і праніклівых вершаў. Гэтыя нумары нават выконваліся паасобку ў канцэртах «Саноруса». Але потым паўстала больш складаная задача: з’яднаць эпізоды ў адным палатне, якое б наблізіла да сучаснікаў асобу і эпоху.

У «Споведзі» дзве дзеі, яны ахопліваюць асноўныя падзеі ў жыцці паэтэсы: ад пачатку творчага шляху да смерці. Першая адлюстроўвае час дзяцінства і сталення, дарэвалюцыйны перыяд «сярэбранага веку». Тут герояў трое — Ахматава, яе муж — паэт Мікалай Гумілёў і італьянскі мастак Амедэа Мадыльяні, з якім паэтэсу звязвалі моцныя пачуцці. «Любоўны трохкутнік», нараджэнне магутнага таленту, вехі душэўнай біяграфіі... У другой дзеі канфлікт засяроджваецца на супрацьстаянні асобы і сістэмы, мастака і ўлады. Каханне, Жыццё, Смерць, Неўміручасць — вось кола тэм, што закранае «Споведзь».

Колькі слоў пра музычную аснову, партытуру Уладзіміра Саўчыка. У свой час «Мастацтва» рэцэнзавала два яго музычныя спектаклі для дзяцей — «Дзюймовачку» і «Чырвоны Каптурык». Там перад аўтарам стаялі больш простыя задачы, непараўнальныя з тымі, што паўсталі падчас працы над «Споведдзю».

Да творчасці Саўчыка (зрэшты, не толькі ягонай) наш музычны свет ставіцца па-рознаму, што заканамерна. Хтосьці — як «Санорус» — безагаворачна прымае. Хтосьці адназначна не прымае — маўляў, нельга быць кампазітарам без адпаведнай адукацыі. (Саўчык кансерваторыю скончыў двойчы, па спецыяльнасцях «баян» і «харавое дырыжыраванне».) Што тут сказаць? У музычным асяроддзі хапае тых, хто мае «адпаведную адукацыю», але як кампазітараў іх ніхто не бачыць і не чуе. Справа не ў дыпломе.

Музыку Саўчыка можна слухаць — і першы, і другі, і трэці раз. Яна запамінаецца, глыбока кранае, западае ў душу. Думаю, «Споведзь кахання» будзе паказана неаднойчы, яе можна і трэба «пракатваць». Своеасаблівае адкрыццё — скразная лейттэма, якая ўзнікае напачатку і ў фінале. Да бясспрэчных здабыткаў кампазітара трэба аднесці рамантычнасць светаўспрымання, наяўнасць багатага меладычнага дару, жанравую разнастайнасць нумароў (вальс, тарантэла і г.д). Яму хапае вынаходлівасці ў гукаперайманні («Брошена»). Часам кампазітар залішне захапляецца арыентальнымі матывамі (хоць падстава ёсць: у жылах Ахматавай цякла і ўсходняя кроў). У асобных фрагментах адчуваецца салоннасць, павярхоўнае ці спрошчанае разуменне верша («Пастушок»). Найбольш драматычнымі і моцнымі падаліся фрагменты 2-й дзеі — «Уводили тебя на рассвете», «Зову тебя домой» і асабліва «Безвинная Русь», хор, абсалютна сучасны па сваім вырашэнні.

Дастаткова складана дасягнуць дынамікі дзеяння, калі на сцэне аркестр і хор не рухаюцца, а іграюць і спяваюць. Але ж існуе драматургія, што будуецца на кантрасце настрояў, жанраў, тэмбраў.Яскрава паўстаюць аркестр капэлы і хор у эпізодах «Божий ангел», «Мне с тобою пьяным весело», «Все мы бражники». Хор каменціруе дзеянне, спачувае гераіні, абмалёўвае яе стан. Ён выступае ў розных абліччах: наведвальнікаў артыстычнага кабарэ «Бадзяжны сабака», сваякоў рэпрэсаваных, што стаяць у чарзе ля турмы… У драматургіі спектакля значная роля належыць Гісторыку-вядучаму (Мікалай Казінін). Гэта ён апавядае гісторыю жыцця Ганны Ахматавай, спалучае ў адно плыні музычную і паэтычную.

Вобраз галоўнай гераіні ўвасоблены Таццянай Пятровай. Увогуле гэтая спявачка — гераічная асоба. Што ў «Маленькім прынцу», папярэдняй грунтоўнай працы «Саноруса», што ў «Споведзі кахання». І тут і там на яе прыпадае галоўная нагрузка. Пяе, як кажуць, не сыходзячы са сцэны.

Насупраць прозвішча Пятровай на афішы і ў праграмцы невыпадкова пазначана не «Ганна Ахматава», а «салістка». Кампазітар — адборам вершаў, выкладаннем матэрыялу, а ўслед за ім артыстка акцэнтуюць рамантычныя грані творчасці ў 1-й дзеі і трагедыйныя — у 2-й. Перад намі паўстаюць хутчэй вобразы паэзіі Ахматавай, магчыма, аблічча яе музы, але не вобраз жанчыны і паэтэсы. Асабіста мне падалося, што партыі салісткі крыху не хапіла рыс неўтаймаванай у сваіх памкненнях жанчыны, рыс празорцы, чарадзейкі і варажбіткі. Галоўная гераіня «Споведзі» абаяльная і непасрэдная, раскаваная і ўзнёслая, глыбокая і самотная. Але не загадкавая, таямніча-неспасцігальная «ракавая жанчына», якой была, па меркаванні сучаснікаў, Ганна Андрэеўна. Такім фарбам адпавядала б нізкая тэсітура мецца-сапрана, але тады Саўчыку трэба было б ісці... у іншы калектыў. Але наўрад ці хто-небудзь у «Санорусе», акрамя Пятровай, адолеў бы такі музычны матэрыял.

Дастаткова выверанае колеравае і светлавое рашэнне «Споведзі». З агульнага паўзмроку высвечваюцца дзве постаці — салісткі і Гісторыка-вядучага. Белы заднік, расквечаны рознакаляровымі промнямі, бела-бэжавая сукенка гераіні, хор у чырвоных з залатым строях — усё стварае адчуванне маладосці і радасці. У другой дзеі белае ператворыцца ў чорнае — сукенка гераіні, колер задніка; шэрым, як попел, зробіцца адзенне хору.

Ёсць у «Споведзі» моманты, якія выклікаюць пярэчанні. Асобныя аксесуары гераіні — веер, парасон — зніжаюць вобраз да традыцыйнасці, штампу, робяць з паэтэсы звычайную паненку. Выкарыстанне мікрафонаў цалкам апраўдана, але ад гукарэжысёра хацелася б большай дакладнасці.

Моцная другая палова спектакля — калі па кантрасце з хорам рэквіемнага гучання «Уводили тебя на рассвете» ўзнікае празрыстая, кранальна-чуллівая «Колыбельная», а пасля трагічных эпізодаў «Зову тебя домой» і «Безвинная Русь» паўстае гарманічна-прасветленае — як настальгічны ўспамін — сола «Я научилась просто, мудро жить». Апошні нумар — «Надпись на неоконченном портрете» — па-рэжысёрску пабудаваны надзвычай дакладна. І хоць верш напісаны яшчэ ў маладосці, у 1912 годзе, апошні эпізод (салістка спявае яго за сцэнай) гучыць як пасляслоўе. Як пасланне паэта: з прасторы свайго часу — у прастору часу нашага і будучага.

Думаю, музычна-паэтычная драма «Споведзь кахання», паказаная ў межах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Саюза кампазітараў Беларусі і 120-годдзю з дня нараджэння Ахматавай, можа зрабіцца адной з найбольш яркіх прэм’ер сезона 2008—2009 гадоў. Прынамсі, калі весці гаворку пра «Санорус»...

Таццяна МІХАЙЛАВА