ПЕРАМОЖЦА ЧАСУ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

У Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстава народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, якая шырока рэпрэзентавала спадчыну аднаго з вядучых беларускіх майстроў манументальнай творчасці. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за сто жывапісных палотнаў, габеленаў, а таксама графічныя лісты, якія экспанаваліся ўпершыню.

Аляксандр Кішчанка — выпускнік Львоўскага дзяржаўнага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, выкладчыкі якога — кракаўскія прафесары — не толькі захапляліся Пікаса, былі адданымі прыхільнікамі Банара, але і асабіста ведалі іх. Настаўнікі паспяхова ламалі стэрэатыпы сацрэалізму, што наклала адбітак на творчыя пошукі маладога мастака. У 1960-х Кішчанка прыехаў у Беларусь. У рэспубліцы творчае жыццё поўнілася прадчуваннем перамен. Ішоў працэс асэнсавання досведу мінулага і адбываўся зварот да сучаснага архітэктурна-манументальнага вопыту. Наспеў час мадэрнізацыі. А Кішчанка ж быў наватарам: у сваіх сграфіта, мазаіках, габеленах, якія ўпрыгожвалі фасады будынкаў, інтэр’еры грамадскіх і дзяржаўных забудоў Мінска, ён парушаў стандартныя памеры, традыцыйныя ўяўленні, каноны.

Аднак шлях да творчага прызнання не быў засцелены ружамі. Не ўсе маглі зразумець эксперыментальны стыль, дынаміку кампазіцыі, колеравую кантраснасць, нестандартную трактоўку вобразаў, дзякуючы якім работы Кішчанкі нараджалі дыскусіі. І цяпер, у кантэксце выставы, адкрытай больш як праз дзесяць гадоў пасля смерці майстра, яны таксама справакавалі нечаканыя думкі і высновы.

Творы Аляксандра Кішчанкі — моцныя па сканцэнтраванасці сучаснай праблематыкі, непаўторныя па жывапіснай пластычнай энергетыцы. Першапачатковая абмежаванасць кубістычнага метаду хутка саступіла месца згарманізаванай цэласнасці, структураванасці кожнага твора. Гэта выразна выявілася ў шматлікіх жаночых партрэтах. А «Габелен стагоддзя» слушна параўноўваюць з манументальным пано Сікейраса «Марш чалавецтва на зямлі і ў Космасе», дзе аўтар таксама перадаў уласнае разуменне гісторыі. Невыпадкова сам Кішчанка падкрэсліваў вялікую ідэйную значнасць абранай тэмы, наўмысна перабольшанымі выяўленчымі сродкамі імкнучыся выявіць манументальную, стваральную ролю чалавечай асобы. У ягонай творчасці прасочваецца лучнасць з усімі прагрэсіўнымі мастацкімі школамі ХХ стагоддзя, яго асоба стаіць у адным шэрагу з Сікейрасам, Гутуза, Параджанавым.

Безумоўна, Кішчанка задаў новы маштаб нашаму мастацтву. Ён бачыў вобразны сусвет як бязмежную прастору, у якой жывуць моцныя духам героі-сучаснікі, надзеленыя іконнымі, рэнесанснымі і касмічнымі рысамі. Ён імкнуўся ўзвысіць нацыю не толькі ў яе гераічна-партызанскай мужнасці, але і ў творчай сутнасці, у хрысціянскім месіянстве.

У 1970-х Кішчанка заснаваў і сцвердзіў на Беларусі прынцыпы манументальнага габелена, дакладна структураванага, з’яднанага з сучаснай архітэктурай, дзе пануюць вялікія плоскасці і аб’ёмы. Ён адрадзіў традыцыі класічнай тэхнікі ручнога ткацтва, дзе спалучаліся артыстызм французскіх шпалер XIV—XVI стагоддзяў, геаметрыя колеравых плям, характэрная для коўдраў Сярэдняй Азіі, увага да жывой дэталі, прыўнесеная з габеленаў Дзюбрэнфо і Самвіля. Новы тып беларускага габелена характарызуецца адсутнасцю «гульні» тэхналагічных прыёмаў, тонкасцю малюнка, нечаканасцю кампазіцыйных рашэнняў, інтэнсіўнасцю буйных каляровых плям. У ім часта прысутнічае беларускі народны арнамент, ва ўспрыманні аўтара прасякнуты касмічнай сімволікай. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Кішчанкі і яго калег Ангеліны Бельцюковай і Генадзя Гаркунова пачаў дзейнічаць габеленавы цэх на базе Камбіната прыкладнога мастацтва Мастацкага фонду БССР. Былі выхаваны майстрыхі высокага класа, здольныя дакладна ўвасобіць усё, што выяўлена на кардоне. Без іх ведаў і практыкі не змаглі б убачыць свет знакамітыя кішчанкаўскія габелены.

Эвалюцыя стылю і светабачання мастака ад першага габелена — «Чалавек, які пазнае свет» да «Габелена стагоддзя» вельмі заўважная. Нязменным засталося адно — прыхільнасць да гераічнай, гуманістычнай тэматыкі. Гэта выразна выявілася ў габелене «Вольны палёт», дзе, як на іконе, можна ўбачыць нябесных абаронцаў Айчыны, адчуць «глас» трубы Анёла-Ахоўніка Беларусі. Мастак даказаў, што габелен — не толькі арыстакратычная прыхамаць для аздаблення палацаў, не проста «вокны ў свет», а наватарскае і жыццесцвярджальнае манументальнае пасланне, якое чымсьці нагадвае манускрыпты вялікіх празорцаў.

Прынцыпы манументальнага мастацтва паўплывалі і на станковы жывапіс Аляксандра Кішчанкі, унеслі ў яго абагульненасць, вобразную шматзначнасць. Творца пазбягаў усяго дробнага, салонна-забаўляльнага. Постмадэрністычная гульня не была для яго эстэтычнай самамэтай. Ён акцэнтаваў увагу на значным, натхнёным і ўзвышаным і таму не захапляўся заблытанымі алюзіямі, метафарамі, суб’ектыўнымі рэфлексіямі.

Выяўленчая мова Кішчанкі вызначалася сэнсавай глыбінёй. Мастак засяроджваўся на тварах і руках, уводзіў у фон сімвалы, якія пераводзілі вобразы ў іншыя вымярэнні, злучалі іх з касмічнай прасторай. Гэтая прастора збіраецца ў адно цэлае не толькі праз канструкцыйныя элементы арачнай калоннай архітэктуры. Яе галоўнымі складнікамі з’яўляюцца велічныя постаці людзей, якія знаходзяцца ў дынамічным дзеянні, спалучаны з алегарычнай атрыбутыкай: слупамі — сімвалам пастаянства, факелам — сімвалам агню, розуму і духоўнасці, спіраллю — жыццёвай сілай, сонечным дыскам — стваральнай энергіяй, чашай — увасабленнем рамантычнасці сардэчных памкненняў, псіхічнага здароўя і бессмяротнасці, дрэвам — патокам боскай энергіі, сімвалам развіцця. Часта мастак разбіваў плоскасць на запазычаныя са старажытных ікон «горачкі», дапаўняючы глыбіню прасторы геаметрычнымі плоскасцямі і ступенямі. І сярод гэтых ідэаграм, што складаюць «абжытае паветра», маляваў падобных на мадон жанчын з кветкамі ў валасах. У кішчанкаўскім «касмізме» яны здаюцца таямнічымі сівіламі, якіх трэба разгадваць і спазнаваць. Самымі важкімі ідэаграмамі (яны прысутнічаюць у большасці станковых кампазіцый) сталі сонечныя дыскі з вокнамі-рамамі, праз якія, у адпаведнасці з філасофіяй майстра, выцякае блакітны струмень касмічнай прасторы, і шатровыя ярусы царкоўнай архітэктуры з калонамі ў нябёсах, што ўпрыгожваюцца дэкаратыўнымі ўзорамі. Менавіта ў такім асяроддзі, побач з Майсеем, Саваофам, Ісусам, Божай Маці, прарокамі, героі Кішчанкі выяўляюць сваю значнасць.

На выставе быў прадстаўлены шэраг работ розных гадоў стварэння, праз якія можна прасачыць эвалюцыю выяўленчых, вобразных, стылістычных сродкаў выразнасці Кішчанкі. У 1960-х — пачатку 1970-х мастаку былі ўласцівы падкрэслена дэкаратыўная двухмерная методыка адлюстравання партрэтных кампазіцый, прыхільнасць да сакавітасці, насычанасці каларыту. Пазней Кішчанка пачынае даследаваць здабыткі беларускай школы, захапляецца выразным манументальна-прасторавым жывапісам, празмерная геаметрызацыя саступае месца мяккай пластычнасці. У жывапісных творах дамінуюць вобразы жанчын, пададзеныя ў шырокім сімвалічным і алегарычным кантэксце. У 1990-х мастак падсумоўваў свой вопыт. З’яўляюцца партрэты гераінь — эмансіпіраваных, ураўнаважаных, рамантычных, якія ўвасабляюць усё лепшае, станоўчае, прыгожае, што ёсць у нашай нацыі, і сведчаць пра іх крэатыўныя, інтэлектуальныя магчымасці.

Неўзабаве выявілася яшчэ адна асаблівасць творчых пошукаў Аляксандра Кішчанкі — змяшэнне жанраў. Партрэты-карціны змяняюцца пейзажамі-карцінамі ў тым жа «касмічным» ключы. Здаецца, сімвалы мусілі зберагчы яго дзіцячыя ўспаміны і філасофскія прароцтвы ад разбуральнага часу. Манера напісання палотнаў прадугледжвала і абагульненні, і фрагментарныя планы. Гэта азначае, што ўважліва разгледзеўшы пэўную частку работы, можна ўспрыняць яе як самадастатковую. Палітра, якую выкарыстоўваў Кішчанка, была надзвычай жывая. У ёй прысутнічалі блакіт і чорная фарба, ультрамарын, сонечнае золата... і гарачы агонь пачуццяў. Аднолькава свабодна ён мог даць волю сваім жывапісна-фавістычным фантазіям і ўвасобіць жаночы партрэтны вобраз з манументальнай велічнасцю.

Несумненна, самая блізкая яму жанчына — жонка Ніна, якую ён выявіў на большасці партрэтаў і якую часта маляваў з сынам Максімам. Але гэтыя вобразы пазбаўлены сентыментальных рысаў сямейнага альбома. Партрэт 1995 года «Ніна» з’яўляецца мастацкім запаветам Кішчанкі. Аб гэтым сведчаць дзве скрыжаваныя «ў замок» рукі, падобныя на дзвюх вялікіх птушак, што пакрываюць і жыццёвыя здзяйсненні аўтара. Унізе намаляваны разбураны храм з калонамі, дарога, што праходзіць каля высокіх берагоў Дона, а над усім — тры анёлы. Гэта споведзь мастака, які азіраецца на сваё пражытае жыццё, на планы і мары, якія не паспеў здзейсніць...

 Людміла НАЛІВАЙКА, Яўген ШУНЕЙКА