У ПОШУКАХ «БЕЛЫХ ВАРОН»

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Юрыя Несцерука «Дзень рыбіны». Праект рабіўся на працягу года і прызначаўся менавіта для гэтай залы. Напачатку мастак разбіў прастору на колеравыя блокі, іх было чатыры: у фрэскавых, у блакітных, у цёплых і ў чорных адценнях. Пасля гэтыя ўмоўныя блокі сталі ў майстэрні запаўняцца канкрэтнымі работамі. Напружанасці і глыбіні дадаваў экспазіцыі актыўны «дыялог» з мастацкімі плынямі, творамі і майстрамі. А ўсе энергетычныя лініі прасторы ўрэшце сыходзіліся на аб’екце — рыбіне, цела якой было пранізана саламянымі пруткамі. Мастакі Сяргей Кірушчанка і Рыгор Сітніца і радыёжурналіст Юрый Іваноў сустрэліся на выставе, каб абмеркаваць праект Юрыя Несцерука.

Рыгор Сітніца: Так атрымалася, што гэты праект ініцыяваў я. Убачыў у майстэрні Юрыя твор «Рыба вялікая і маленькая» і ці то жартам, ці то ўсур’ёз прапанаваў: «А чаму б табе не зрабіць працяг — ну, напрыклад, “Рыбны дзень”?» У працэсе працы назва выставы змянілася на «Дзень рыбіны» (першапачатковая прадугледжвала больш «сцёбу»). Крыху іроніі ад ранейшай назвы ў праекце засталося, але галоўнае — атрымалася вельмі ўдалая канцэптуальная выстава. Такіх праектаў у нас мала, звычайна мастак мысліць «адным творам». Выстава прыстасавана да канкрэтнага інтэр’ера. Тут відавочны праявы постмадэрнізму, цытаванне Вазарэлі, Марандзі, іншых аўтараў — не ў лоб, як гэта часам робіцца, а далікатна.

Сяргей Кірушчанка: Выстава мне падабаецца, і ўсе крытычныя заўвагі будуць у кантэксце гэтага сцвярджэння...

«Мастацтва пасля філасофіі», як казаў некалі Джозэф Кошут, становіцца немагчымым без канцэптуальнага мыслення. Я шкадую, што прапусціў ранейшы праект Несцерука — «Жалюзі»...

Рыгор Сітніца: «Жалюзі» таксама ствараліся адмыслова для гэтай залы. Гэты праект быў стылістычна вытрыманым і вельмі дакладным па вырашэнні — чыста постмадэрнісцкім, бо бралася вядомая карціна мастака — у дадзеным выпадку Курбэ — і прачытвалася наноў сучаснай мовай. Экспазіцыя была пабудавана такім чынам: у яе пачатку — белае палатно, на наступных творах гэтыя белыя жалюзі паступова расхіналіся, адкрываючы карціну Курбэ, і ў канцы — зноў белае палатно.

Юрый Іваноў: Калі творца ўсвядомлена ставіць сябе ў жорсткія рамкі, адбываецца вельмі важная — і карысная для яго — рэч: яму даводзіцца думаць інакш, вучыцца выдзяляць галоўнае і адмаўляцца ад лішняга. Калі я падняўся на другі паверх і паглядзеў там творы Несцерука, зробленыя цягам дваццаці гадоў, — убачыў яшчэ неразуменне сябе, тое неразуменне, якое, мабыць, зведваюць амаль усе творцы, калі выходзяць з навучальнай установы і ўсведамляюць, што трэба рухацца далей — ужо самастойна. А тут — у «Дні рыбіны» — чалавек ставіць перад сабой ясную мэту і спрабуе яе вырашаць. Хоць крыўдна, што гэты пошук доўжыўся два дзесяткі гадоў... Думаю, так адбываецца з-за асяроддзя, у якім існуюць мастакі: яно не дысцыплінуе, у ім няма крытыкі, нармальнай мастацкай «тусоўкі», арт-рынку, нарэшце...

Сяргей Кірушчанка: На жаль, і ў маім жыцці была тая ж самая сітуацыя. Прычыны такога доўгага і пакутлівага блукання і шукання сябе я бачу не столькі ў неспрыяльным асяроддзі, колькі ў нашай адукацыі. Несцеруку пашанцавала: ён вучыўся на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, у яго выкладаў выдатны педагог Алег Хадыка, яго вучылі мысліць прасторава, убудоўваць свой твор у архітэктуру. Я вельмі доўга ішоў ад станковай мешаніны да праектнага мыслення. І толькі пасля сарака гадоў пачаў нешта разумець. Хоць сёння любы заходні студэнт засвойвае мысленне прасторавымі, праектнымі катэгорыямі яшчэ падчас навучання. У нас вучаць тэхніцы, прыёмам. Адзін мастак да нечага даходзіць сам, іншы не паспявае. Працэс развіцця мастацтва ў нас адбываецца марудна. Няма пажыўнай глебы і спрыяльнага творчага асяродка, якія б дапамагалі маладому чалавеку як мага хутчэй зразумець сябе і паспець рэалізавацца, — а гэта неверагодна важна.

Юрый Несцярук не да канца ўсведамляе асаблівасці сваёй стылістыкі, некаторыя рэчы не стасуюцца. Пачнём з загалоўнага палатна — «Першарыбіны»: чаму ў стылістыку твора не трапляе шрыфт? Я не ўлоўліваю логікі экспазіцыі, паводле якой адна работа стылістычна перацякае ў іншую. Потым: ёсць слабыя творы, якія ўвогуле не варта было выстаўляць. Рыбіна-аб’ект — дасціпны адказ Юкеру — вырашана нерадыкальна.

Юрый Іваноў: Аб’ект вельмі выразны па сваёй структуры, але наўрад ці ён павінен быў амаль дакладна адпавядаць форме рыбы. Мастак мусіць вызваляцца з-пад улады падабенства.

Сяргей Кірушчанка: Канцэптуальныя выставы трэба рабіць больш стылістычна дакладнымі і не раз на 10 гадоў. Мне падаецца, гэты праект можна працягнуць і думаць пра больш радыкальнае, больш выразнае вырашэнне.

Тут паўстае яшчэ адна праблема. Калі ты трапляеш у выставачны план любога прыстойнага музея, з табой працуе куратар ад яго. Твой «сыры» праект даводзіцца да ладу ў канкрэтнай прасторы, на яго аснове трэба стварыць экспазіцыю, а экспазіцыя — таксама твор мастацтва. Мастаку проста неабходны погляд збоку — менавіта прафесійны, аб’ектыўны погляд. У той жа час і мастацтвазнаўцы баяцца выказаць нешта крытычнае, і мы баімся гэта пачуць. Але чым больш строга мы будзем самі да сябе ставіцца, тым больш станоўчых зрухаў будзе адбывацца ў мастацтве.

Рыгор Сітніца: Юрый Несцярук доўга шукаў свой стыль. Але гэты працэс — абсалютна нармальны (я сам ці не пятнаццаць гадоў пасля інстытута займаўся пошукамі ўласнай стылістыкі). Сёння Юрый выйшаў на чысціню пластычнай мовы, на стыль, адпаведны пастаўленай задачы, яго выстава прымушае нас гаварыць пра высокія мастацкія катэгорыі. Канешне, нават адна карціна можа стаць нагодай для сур’ёзнай размовы, калі ж гэта — праект, які дае падставы праводзіць паралелі з еўрапейскім мастацтвам, то яго, безумоўна, трэба лічыць удачай мастака.

Юрый Іваноў: Гадоў дваццаць таму пачаўся перыяд неахайных выстаў і даволі спрэчнага размеркавання грамат і дыпломаў. Такая палітыка арганізатараў выстаў вельмі моцна шкодзіла самым таленавітым. Стала прамаўляцца шмат пустых слоў, стала стварацца пустая прастора. Пустата спараджала пустату псеўдамастацтва...

Што да выставы. Можна колькі заўгодна палохаць постмадэрнізмам, але не варта забываць, што ён зусім не адмаўляе традыцыі. Толькі следаваць ёй нельга бяскрыла і механістычна. Вось «Першарыбіна» — яна непасрэдна знаходзіцца ў традыцыі, так заўсёды рабілі: надпіс на пергаменце або камені... А калі ўвасобіць гэтую ідэю ў іншым матэрыяле? Традыцыя — гэта каталізатар, яна не з’яўляецца непасрэдным выказваннем, прамым паўторам. Без традыцыі не створыш нічога, але тое, што створана, мусіць быць знакавым для сучаснасці.

Важныя рэчы мастак закадзіраваў не да канца, хоць, калі ўжо пачаў кадзіраваць, не варта спыняцца на паўдарозе, напрыклад, стылізаваным рыбам вочкі прымалёўваць. Сёння моладзь можа знаёміцца з найноўшымі плынямі, гартаць альбомы і ездзіць, але гэтага недастаткова. Трэба ўмець і мысліць па-сучаснаму, і сучасную філасофію ведаць. Свет сутыкаецца з крызісам — не толькі фінансавым, але і гуманітарным. Людзей, якія будуць шукаць з яго выйсце, не абміне праблема новай філасофіі, новага светаадчування. Сучаснае мастацтва — нібы шчуп: яно шукае, намацвае тое, што будзе. Па сутнасці сваёй мастацтва — заўсёды авангард, яно ідзе паперадзе. Падаецца, даўно наспеў час «белых варон» выхоўваць.

Сяргей Кірушчанка: Я спрабую зразумець, чаму ў мяне ўзнікае адчуванне таго, што стылістыка на гэтай выставе не вытрымана. Найбольш удалыя творы — там, дзе мастак пайшоў па шляху ап-арта, бо мастацкія вырашэнні тут супалі з тэмай рыбы — істоты зменлівай, хуткай, амаль ілюзорнай. Мне не хапае на гэтай выставе сур’ёзнага асэнсавання рыбы як сімвала, які перарастае ў мастацкі вобраз. Рыба — сімвал не толькі хрысціянства: у розных культурах ён інтэрпрэтуецца па-рознаму. Мне падаецца, што гульня ў знакі культуры магла адбывацца больш асэнсавана.

Рыгор Сітніца: Хочацца напрыканцы згадаць Ізраіля Басава, які найбольш радыкальным быў на схіле гадоў. Ён меў сваю выразную пазіцыю ў мастацтве, і тое, што адбывалася наўкол, гэтай пазіцыі не разбурала, ён толькі даводзіў свой стыль да дасканаласці. Праект «Дзень рыбіны» — важны этап і для Юрыя Несцерука, і для тых, хто звярнуў на яго ўвагу. Для маіх вучняў выстава стала адкрыццём не толькі аўтара, але і таго, як чалавек вырашае сучасныя пластычныя праблемы. Кожны з нас са свайго гледзішча можа ўбачыць іншыя хады вырашэння гэтай тэмы, і я таксама вырашаў бы яе па-свойму. Але галоўнае: мы можам адзначыць «Дзень рыбіны» як сур’ёзную з’яву сучаснага мастацкага працэсу.