2008: ПАДЗЕІ І ТЭНДЭНЦЫІ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Мінулы год для кожнага віду мастацтва складваўся па-свойму. На фоне разгорнутай у часопісе панарамы найбольш значных леташніх падзей выразна акрэслілася многае: першыя спробы пачаткоўцаў узняцца на запаветныя прафесійныя вышыні, досвед прызнаных майстроў, новыя разнавіднасці творчых практык, упартае змаганне за месца на Парнасе, бліскучыя ўзлёты і крыўдныя правалы... Для часопіса «Мастацтва» гэта быў своеасаблівы перыяд «пераасэнсавання каштоўнасцей», праверкі іх наяўнасці на духоўным полі краіны. Летась многія творцы былі заклапочаны пошукамі новых стасункаў з гледачамі. Але ж, як вядома, з пытання: «Навошта ўвогуле займацца мастацтвам і што ў ім самае галоўнае?» — штораз пачынаецца шлях да адкрыццяў. У першым нумары «Мастацтва» вынікі 2008 года падводзяць аглядальнікі часопіса.

ПРАЕКТЫ І АЛЬТЭРНАТЫВЫ

Напрыканцы лістапада ў Беларускім саюзе мастакоў, які вось ужо год пражыў з новым кіраўніцтвам, адбылася знамянальная падзея — прыём у шэрагі суполкі новых сяброў. Хтосьці, можа, здзівіцца: хіба гэта падзея? Здаецца, руціннае мерапрыемства… Парадаксальна, але менавіта гэтым разам назіралася ці не рэкордная колькасць прэтэндэнтаў на атрыманне членскага білета і ўсіх тых выгод, што ён гарантуе (з іх галоўныя — права прэтэндаваць на майстэрню, магчымасць удзельнічаць у тых выставах, дзе творы прымаюцца толькі ад членаў саюза). Падаў заяву 91 чалавек, новымі сябрамі творчага аб’яднання сталі 72. Сярод апошніх — і маладыя (нават учарашнія студэнты Акадэміі мастацтваў), і ўжо вядомыя мастакі і мастацтвазнаўцы. Лічба, бадай што, найвялікшая за ўсе гады існавання Саюза мастакоў. І гэта пры тым, што становішча творчага аб’яднання досыць складанае: плата за майстэрні расце, Палац мастацтва патрабуе неадкладнага капітальнага рамонту. Сакратарыят саюза пераехаў у Дом-музей Андрэя Бембеля, дзе таксама дасюль не прыведзены ў парадак мемарыяльны пакой знакамітага скульптара. І не ад добрага жыцця пры падрыхтоўцы рэспубліканскай выставы быў уведзены ў практыку яшчэ адзін (акрамя мастацкай якасці) крытэрый, паводле якога твор прымаўся да экспанавання: факт платы за майстэрню...

Наколькі актыўнай была творчая дзейнасць саюза, можна меркаваць па тых выставах і акцыях, якія праводзіліся ў Палацы мастацтва. 2008 год стаў для нашага Саюза мастакоў юбілейным, яму споўнілася семдзесят гадоў. На жаль, дата гэтая не прагучала ў прэсе, не адбылося ўрачыстага святкавання, дый выпуск новага альбома на сродкі Міжнароднай канфедэрацыі творчых саюзаў СНД перанесены на сёлетні год. Затое выцягнулі нарэшце з запаснікаў частку жывапісных твораў, якія складаюць велізарную калекцыю суполкі. Уразілі ўзровень майстэрства прадстаўленых палотнаў, іх фарбы, формы, кампазіцыя, малюнак. Што да ўзроўню захаванасці, дык, на жаль, многія з работ вымагаюць рэстаўрацыі, бо прыстасаваных фондасховішчаў саюз не мае. Невядома, ці вырашыцца гэтае пытанне ў бліжэйшым будучым.

Досыць удалай была ідэя спалучыць у калектыўных выставах творы мастацтва па відах і жанрах: паказалі асобна партрэт, пасля малюнак і скульптуру; Першую беларускую біенале абмежавалі жывапісам, графікай і скульптурай. Праходзілі даволі гарачыя абмеркаванні, вызначаліся лепшыя творы, наладжваліся майстар-класы. У выніку актыўнай выставачнай палітыкі ўрэшце і самі мастакі адчулі адказнасць за кожны свой выстаўлены твор: пры хуткай змене буйных экспазіцый заўважны паўторы і рэмейкі, якія раз-пораз з’яўляюцца пад выглядам толькі што напісаных. Здараліся смешныя выпадкі, калі адна і тая ж работа трапляла на экспазіцыі, якія адначасова адбываліся ў розных залах сталіцы…

Аднак бліжэй да канца года пэўная эйфарыя стала змяняцца насцярожанасцю: часта за цікавымі назвамі і быццам бы арыгінальнымі ідэямі выстаў не аказвалася распрацаванай канцэпцыі. Ніяк не вырашалася экспазіцыйная прастора Палаца мастацтва. Творы проста развешваліся на сценах і руцінных шчытах. Аб’екты, інсталяцыі амаль цалкам зніклі з залаў гэтай самай буйной мастацкай галерэі. Праз выставы выявіліся і супярэчнасці ў межах саюза: напрыклад, унутраныя праблемы ў гродзенскай абласной арганізацыі мелі вынікам своеасаблівы дэмарш з боку лепшых творцаў рэгіёна, якія прынцыпова не далі свае работы на выставу абласных суполак «Сябрына». З’явіліся і альтэрнатыўныя выставы тых, чые творы чаму-небудзь не былі прыняты да экспанавання. Пасля адкрыцця Першай беларускай біенале чацвёра маладых мастакоў — Міхаіл Гулін, Руслан Вашкевіч, Зоя Луцэвіч, Аляксей Лунёў, чые работы па розных прычынах (адкрыты кіч, няплата за майстэрню, адсутнасць членства ў саюзе) не ўвайшлі ў экспазіцыю, запрасілі на адкрыццё ўласнай «біенале» ў галерэі «Падземка». Наўрад ці гэтую акцыю можна назваць «выставай пакрыўджаных», хутчэй гэта трошкі зласлівы жарт, рэалізацыя права на выказванне, хай сабе і не зразуметае старэйшымі калегамі.

Самай заўважнай адметнасцю прамінулага года стала апрабацыя новых для Беларусі форм выставачнай дзейнасці — біенале. Расчаравала Першая беларуская біенале, арганізаваная па канонах звыклай рэспубліканскай выставы. Ці стала больш важкай Міжнародная біенале жывапісу, якая адбылася ў Галерэйна-выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі, складана сказаць адназначна. Мерапрыемства гэтае выклікала несумненную цікавасць у гледачоў і мастацтвазнаўцаў, даўшы магчымасць параўнаць стылёвыя асаблівасці творцаў розных краін свету. Зрэшты, прадстаўленыя работы засведчылі: не толькі беларусам, але і замежным аўтарам уласціва прыхільнасць да традыцыйнай карціннай плоскасці. Аднак дзеля большай глыбіні акцыі такога кшталту мусяць узнімаць пэўную праблематыку. Напрыклад, І Маскоўская біенале маладзёжнага мастацтва, арганізаваная Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй і Дзяржаўным цэнтрам сучаснага мастацтва, паставіла перад сабой задачу прасачыць лёс і метамарфозы традыцыйнай мастацкай формы карціны. Прычым не толькі сабраць пэўную колькасць мастакоў, якія не перайшлі да інтэрактыўных форм, а захавалі прыхільнасць да класічных спосабаў творчага мыслення, але і праз удзел у канцэптуальных праектах знайсці адказ на актуальнае пытанне: што такое сёння карціна як мастацкая сістэма — акно ў свет, мяжа, рэч у сабе, элемент дызайну або інфармацыйны аб’ект? Гэта пластычнае даследаванне тэмы і культурных прастораў, дзе перасякаюцца розныя множнасці — формы, сімвалы, асацыяцыі, і дзе аўтарскія работы «пагружаюцца» ў класічны кантэкст.

Ідэі мастацкіх акцый могуць быць самыя розныя і нечаканыя. І, зрэшты, не самім аўтарам іх прыдумваць. Галерэйшчыкаў, экспазіцыянераў, крытыкаў і мастацтвазнаўцаў у Беларусі не так ужо і мала. Але недавер да іх дзейнасці, выбару, непрыманне своеасаблівага «дыктату» (цалкам натуральнага пры арганізацыі буйных біенале кшталту Венецыянскай, Касельскай, Стамбульскай, Санкт-Пецярбургскай) у Мінску пакуль што пераважаюць сярод творцаў-практыкаў. Магчыма, таму што ў нас няма такой разгалінаванай сістэмы вывучэння і рэпрэзентацыі шматлікіх форм і накірункаў сучаснага мастацтва (не бяру ў разлік камерцыйныя галерэі). Калі ў Расіі паспяхова дзейнічаюць аддзелы найноўшых плыняў у Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу і музеі-заказніку Царыцына, Дзяржаўны музей сучаснага мастацтва Расійскай акадэміі мастацтваў, Дзяржаўны цэнтр сучаснага мастацтва, а таксама Маскоўскі музей сучаснага мастацтва і Музей нонканфармісцкай культуры, якія ўзніклі з прыватнай ініцыятывы, то ў Мінску — толькі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Дый той дасюль (за дзесяць гадоў існавання) не атрымаў адпаведнага памяшкання, памеры і тэхнічныя магчымасці якога дазвалялі б прадстаўляць не толькі традыцыйныя віды мастацкай практыкі, але і буйныя канцэптуальныя акцыі.

Зрэшты, айчынныя мастакі калі і скардзяцца, то не на поўны голас. Большасць з іх лічыць найвялікшай удачай выставіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, пажадана на галерэі. Хоць галоўны мастацкі музей краіны часта праводзіць замежныя праекты (згадаю, што цягам мінулага года там экспанаваліся творы Ніко Пірасмані з Грузіі, слуцкія паясы з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, іканапіс Расіі, Украіны і Беларусі, сучаснае прыкладное мастацтва Японіі, кераміка Пікаса і в’етнамская народная карціна з уласных фондаў), рэгулярна адбываюцца і выставы беларускіх творцаў. Летась гэта былі народныя мастакі Леанід Шчамялёў, Гаўрыіл Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, а таксама Валерый Шкаруба, Мікалай Бушчык, Уладзімір і Тамара Васюкі...

Упадабалі мастакі і новыя мінскія выставачныя залы — у Доме-музеі І з’езда РСДРП, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, а таксама ў музеі Акадэміі мастацтваў, які адкрыўся ў адрамантаваным корпусе на першым паверсе. Па-ранейшаму працуюць мастацкія галерэі: «АрсЛонга», «Падземка», гарадская галерэя Леаніда Шчамялёва. У цэлым высновы несуцяшальныя: нашаму гораду, дзе жыве большая частка сяброў Саюза мастакоў і шмат пакуль «бессаюзнай» творчай моладзі, якая таксама мае вялікае жаданне паказаць свае набыткі, выставачных плошчаў відавочна не хапае. Сітуацыя стане катастрафічнай, калі Палац мастацтва закрыецца на рамонт, пра які ідуць размовы ўжо не першы год.

У 2008 годзе некаторыя музейныя структуры пачалі актыўна вяртаць з небыцця імёны нашых забытых суайчыннікаў. Найперш гэта тычыцца Хаіма Суціна. Экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму мастаку, адкрылася ў Смілавічах па ініцыятыве і пры дапамозе Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. Хоць гэта і не музей (ён вымагае прафесійных кадраў і фінансавання), аднак такі фармат рэпрэзентацыі дае магчымасць акцэнтаваць увагу на беларускіх каранях творцы, пазнаёміць землякоў з творчасцю вялікага смілаўчаніна і аднавіць атмасферу сталіцы Францыі, дзе прайшла большая частка жыцця Суціна — як і іншых выхадцаў з Беларусі, якія заваявалі Парыж сваім жывапісам. Экспазіцыя месціцца ў трох пакоях дзіцячай мастацкай школы (уваход асобны). Кожная яе частка мае сваю тэматыку і адпаведную назву: «На радзіме», «Парыжская кавярня», «Выставачная зала».

Яшчэ аднаму знакамітаму мастаку, ураджэнцу Магілёва Канстанціну Геду, які шмат гадоў пражыў у Аргенціне, прысвяцілі выставу ў Мастацкім музеі імя Паўла Масленікава. 80 графічных аркушаў перадалі яшчэ ў 2004 годзе родзічы майстра, частку экспазіцыі сфарміравалі з работ, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея.

Пасля чатырохгадовых аднаўленчых работ адчыніў дзверы і Мемарыяльны музей-майстэрня народнага мастака СССР і БССР Заіра Азгура. Рэстаўрацыю і таніроўку трохсот скульптур (а вага некаторых з іх дасягае паўтоны!), выконвалі скульптары Віктар Копач і Уладзімір Піпін, жывапісцы Уладзімір Сумараў і Дар’я Сумарава-Копач. Удава скульптара Галіна Гаўрылаўна падарыла музею жывапісны партрэт Заіра Азгура, які ў пачатку 1960-х гадоў быў напісаны з натуры яе бацькам, рускім мастаком Гаўрылам Гарэлавым. Узнаўленне працы музея асабліва важнае для творчай моладзі, у якой зноў з’явілася магчымасць вучыцца на работах выдатнага майстра.

Безумоўна, самай значнай скульптурнай падзеяй года павінна стаць адкрыццё адрэстаўраванага будынка Тэатра оперы і балета. Аднак цяпер, калі пішуцца гэтыя радкі, яшчэ няма цэласнага ўяўлення пра яго аблічча. Непакоіць дысананс канструктывізму архітэктуры і антычнага стылю, у якім зроблены скульптуры на фасадах. А вось парк вакол будынка відавочна чакаюць значныя змены ў лепшы бок — яго ўпрыгожаць не толькі фантаны і ліхтарыкі, але і скульптурныя кампазіцыі.

Паркавая скульптура ўвогуле становіцца сёння вельмі папулярнай. У 2008 годзе ўсіх апярэдзіў Пінск — горад з выдатнымі архітэктурнымі помнікамі, але да нядаўняга часу зусім абдзелены скульптурай. Сітуацыю змяніў скульптурны пленэр. Здаецца, сама атмасфера старога места спрыяла таму, каб у яго асяродку з’явіліся пластычныя кампазіцыі малых форм. Творчая інтэлігенцыя ўжо назвала гэтую з’яву — ні больш ні менш — «скульптурнай рэвалюцыяй» у маштабах аднаго горада. Вобразы-сімвалы стварылі Ігар Засімовіч, Андрэй Вараб’ёў, Аляксей Сарокін, Валерый Калоўскі, Аляксандр Камардзін і іншыя. Усе творы выкананы ў мінімалістычным стылі. Скульптары скупым штрыхом толькі акрэслівалі задуманы вобраз, звяртаючы ўвагу на структуру і тэкстуру матэрыялу, дынаміку ліній і ўнутраную выразнасць. Для кожнай каменнай кампазіцыі ўжо вызначана месца яе будучай прывязкі. Дзевяць твораў хутка ўпрыгожаць набярэжную Піны. Кампактнае размяшчэнне малых пластычных форм стане пачаткам стварэння ў старадаўняй сталіцы Палесся парку скульптуры.

Наталля ШАРАНГОВІЧ

З ЭКСПРЭСІЯЙ І СТРАСЦЮ 
         
Топ-10 у музычным жыцці мінулага года

Якія са спектакляў, новых праграм і праектаў, паказаных летась нашымі музычнымі тэатрамі і калектывамі, выклікалі найбольшы рэзананс і самыя заўзятыя спрэчкі? Па якіх крытэрыях вызначаць лепшае са створанага — па відовішчнасці і размаху, па мастацкай значнасці і навізне засвоеных партытур? Безумоўна, прапанаваны ніжэй спіс мае адбітак аўтарскай суб’ектыўнасці. У іншага аналітыка ён, напэўна, атрымаўся б іншым. Словам, гэта толькі адна з магчымых версій «гарачай дзесяткі» пераможцаў…

Амаль усе фігуранты рэцэнзавалася на старонках «Мастацтва», таму задача аўтара — вызначэнне месца згаданых праектаў у агульным музычным кантэксце.

1. «Вяселейка» Ігара Стравінскага.
Праект Ларысы Сімаковіч. Белдзяржфілармонія.

Маштабнае дзейства, паказанае, на жаль, толькі аднойчы. Прэзентаванае як адна з найбольш яркіх з’яў «Мінскай вясны-2008», «Вяселейка» было прымеркавана адначасна да трох юбілеяў — 125-годдзя Стравінскага, 100-годдзя «Рускіх сезонаў» і 85-годдзя першага паказу спектакля ў Парыжы.

Мастацкі кіраўнік і рэжысёр праекта Ларыса Сімаковіч, якая здолела з’яднаць такія калектывы, як фольк-тэатр «Госьціца», Дзяржаўная харавая капэла імя Шырмы і ансамбль ударных «Grig-percussion», спалучыўшы пры гэтым чатыры раялі і ўдарныя, акадэмічныя хор і вакал, драматычны тэатр і танец, заслугоўвае толькі павагі і захаплення. Відовішчнасць дасягалася найперш за кошт пастановачнай смеласці ў асэнсаванні партытуры, небанальнага, нетрадыцыйнага і менавіта рэжысёрскага ўспрымання музычнага матэрыялу. А таксама дзякуючы нечакана яркаму харэаграфічнаму ўвасабленню, унікальнаму таленту Аляксандры Грахоўскай, выканаўцы галоўнай партыі Маладой, Нявесты, у якой артыстка выступала адначасна як танцорка і спявачка. У выніку мы ўбачылі годнае ўвасабленне музыкі творцы, чые карані трывала звязаны з беларускай зямлёй (як вядома, бацька кампазітара, Фёдар Стравінскі, знакаміты бас Марыінскага тэатра, нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце).

Гэты паказ доўга і бурна абмяркоўваўся ў музычным асяроддзі, але пытанне: а хто яшчэ з нашых рэжысёраў мог бы ўзяцца за такі грандыёзны праект? — засталося без адказу.

Можна толькі пашкадаваць пра дзівосы нашага музычнага жыцця: Сімаковіч, якая спалучае ў сваёй асобе кампазітара, харэографа, спявачку, рэжысёра і менеджэра, вымушана працаваць... у рэкламным аддзеле філармоніі. «Так жыць нельга!» — сцвярджаў назвай свайго фільма вядомы расійскі рэжысёр. Камп’ютэрамі цвікі не забіваюць, а курак, што нясуць залатыя яйкі, песцяць і даглядаюць. Па-першае, даўно наспеў час аднавіць славутую і прызнаную «Госьціцу» ў тым выглядзе і складзе, які калектыў меў пяць або дзесяць гадоў таму. А па-другое, для такіх выдатных асоб, як Сімаковіч, можна і трэба ствараць асобныя (і не маленькія!) музычныя калектывы, а магчыма, і прадзюсерскія цэнтры. Каб яны ўсяляк спрыялі маштабнай рэалізацыі ідэй, што выклікаюць дыскусіі і неверагодную цікавасць найбольш прагрэсіўнай часткі нашага музычнага грамадства.

2. «Тоска» Джакома Пучыні. Праект Аляксандра Анісімава. Белдзяржфілармонія.

На пачатку 1990-х гэты твор быў увасоблены ў нашай оперы рэжысёрам Маргарытай Ізворскай-Елізар’евай. «Тоска» — другі па ліку (пасля «Аіды», прэзентаванай у канцэртнай зале «Мінск») міжнародны оперны праект Анісімава і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Па-ранейшаму ўлюбёны ў оперу, маючы трывалыя кантакты з многімі еўрапейскімі спевакамі, знакаміты дырыжор запрасіў у Мінск італьянскага рэжысёра Карла Антоніо дэ Лучыя, прыму Пермскага тэатра оперы і балета Ірыну Крыкунову (Тоску), італьянца Кармінэ Манака (Скарпія) і немца Марыо Дыяза (Каварадосі). Шэраг партый спявалі беларускія оперныя выканаўцы.

Опера Пучыні даўно не ішла ў тэатры, да таго ж публіка наша не распешчана заходнімі гастралёрамі-вакалістамі. У дадатак музычна адукаваны слухач ведае, што Анісімаў заўжды прапануе эксклюзіў. Таму летам, у сярэдзіне ліпеня, здавалася б, у «глухі» для музыкі час, у філармоніі надарыўся аншлаг і ажыятаж. Хоць білеты аказаліся ці не ўтрая даражэйшымі за звычайныя. Оперныя эстэты і гурманы ішлі на ўсё адразу — на італьянскага рэжысёра, на замежных спевакоў, а галоўнае — каб адчуць атмасферу рэдкага музычнага свята.

3. «Беларусы». Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

Калектыў мае яшчэ адну назву — «Тэатр танца Валянціны Гаявой». Пацвердзіла яе слушнасць і праграма «Беларусы», што складалася з чатырох частак (яны адпавядаюць порам года і традыцыйнаму земляробчаму календару) — «Зіма», «Вясна», «Лета», «Восень». Праца над ёй ішла на працягу некалькіх гадоў. Спачатку як асобная праграма былі паказаны дзве першыя часткі, потым — усё разам. Шматжанравасць заўсёды была ўласціва праектам «Харошак». Але з прыходам у ансамбль кампазітара Марыны Марозавай (яна — музычны кіраўнік калектыву і адначасна пашыранага аркестра «Харошак») эмацыйнае і эстэтычнае ўздзеянне праграм зрабілася яшчэ мацнейшым. Увогуле «Беларусы» сталіся энцыклапедыяй жыцця нашага суайчынніка, увасобленай сродкамі танца, музыкі, спеваў.

4. «Кашчэй Бессмяротны» Мікалая Рымскага-Корсакава. Нацыянальны тэатр оперы.

Гэтая філасофская казка, опера-прыпавесць на нашай сцэне раней не ставілася. Наогул тэатры досыць рэдка звяртаюцца да позняй оперы кампазітара. Варта адзначыць, што партытура Рымскага-Корсакава не належала да ліку тых, якія рэжысёр Галіна Галкоўская з юнацтва марыла паставіць. Тым не менш крытыка здзіўлена заўважала: пастаноўка глыбокая, грунтоўная, нечаканая. Захапленне выклікала і сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава), якая апелюе да стылю і творчых знаходак мастакоў «Мира искусства». Тэатр, якому ў апошнія гады хранічна не хапае фінансавання для багатай, сапраўды опернай сцэнаграфіі і касцюмаў, выглядаў не проста годна, але шыкоўна.

«Кашчэй...» увасабляўся з разлікам на тое, што вакальна найбольш складаную партыю Кашчэеўны будзе спяваць Аксана Волкава, адна з вядучых артыстак трупы, мецца з дзівоснымі спеўнымі і акцёрскімі данымі.

Найбольшыя спрэчкі выклікаў фінал спектакля. У рэжысёра быў выбар: яна магла паставіць кропку на прасветленым хоры, які пакідае слухачам надзею. Але ў рэшце рэшт абрала драматычны варыянт: вызваленне зачараванай царэўны аказваецца толькі сном. Думаю, адсутнасць «хэпі энда» ўзмацніла агульнае гучанне оперы. Шкада, што новыя работы рэжысёра Галкоўскай (а сярод яе бясспрэчных набыткаў — пастаноўка «Сіняй Барады і ягоных жонак») публіка бачыць не так часта, як таго хацелася б.

5–6. Аднаактовыя балеты Раду Паклітару
«Свет не заканчваецца ля дзвярэй дома» і «Прывід ружы».
Творчы вечар Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова. Нацыянальны тэатр балета.

Аднаўленне пастановак Паклітару сталася струменем свежага паветра, на што імгненна адрэагавала балетная публіка. Яна хоча, жадае, марыць убачыць і адчуць, як сучасны мастак рэагуе на тое, што адбываецца ў рэальнасці, а значыць, тут і цяпер. Аднаактовыя балеты Паклітару былі ўключаны ў дзве праграмы класічнай і найноўшай харэаграфіі, паказаныя Тэатрам балета (у якасці класікі прэзентаваліся «Пахіта» Мінкуса і «Палавецкія скокі» Барадзіна). Шкада толькі, што на акадэмічнай сцэне былі прадстаўлены работы Раду дзесяцігадовай даўнасці, а не зусім новыя, якія ён паказвае (быццам фокуснік вымае з капелюша) у трупе «Кіеў-мадэрн-балет».

Сучасная харэаграфія сталася асновай і яркага, маштабнага творчага вечара Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, непараўнальнага балетнага дуэта. Пеціпа, Баланчын, Елізар’еў, Паклітару — розныя стылі, жанры, пластычныя манеры, розная мова... Такія ўніверсальныя артысты — каштоўны набытак кожнай трупы, тым больш акадэмічнай.

7–8. «Цар Эдып» Ігара Стравінскага. «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага. Нацыянальны тэатр оперы. Канцэртнае выкананне.

Увасабленне дзвюх маштабных партытур, ажыццёўленае аркестрам, хорам і салістамі тэатра пад кіраўніцтвам дырыжора Віктара Пласкіны і хормайстра Ніны Ламановіч, сведчыць пра імкненне калектыву прадставіць слухачу — няхай і такім чынам! — ці не самыя складаныя сачыненні мінулых вякоў. Колькі дыскусій адбылося — у тым ліку і ў нашым выданні — наконт прымальнасці (або непрымальнасці) канцэртнага выканання опер! Цікава, што ў Марыінскім тэатры, бюджэт і магчымасці якога непараўнальныя з тымі, што мае наша опера, знакаміты дырыжор Валерый Гергіеў ажыццявіў увасабленне славутага цыкла «Кольца нібелунгаў» Вагнера спачатку ў канцэртным варыянце, а потым ужо ў сцэнічным.

Умовы існавання акадэмічнага мастацтва пераконваюць: канцэртны паказ — не чыясьці прыхамаць або праява дэталёва не прадуманай рэпертуарнай палітыкі, а вымушаная неабходнасць. Такая практыка дазваляе, маючы невялікі бюджэт, знаёміць публіку з творамі або ўвогуле малавядомымі (як «Цар Эдып»), або з такімі, якія гучалі даўно ці мелі не надта пераканаўчае ўвасабленне (як «Барыс Гадуноў»). Цікава, што адну з апошніх прэм’ер, «Макбета» Вердзі, падчас кароткатэрміновых гастроляў у Віцебску Тэатр оперы паказаў таксама ў канцэртным варыянце.

9. «Моцарт і Сальеры» Мікалая Рымскага-Корсакава. Нацыянальны тэатр оперы.

Прэм’ера оперы, напісанай на сюжэт пушкінскай трагедыі, была прымеркавана да 110-годдзя з часу яе стварэння. Геній і ліхадзейства, талент і зайздрасць, геніяльнасць і проста талент (але, заўважце, не талент і пасрэднасць!) — тэмы, заўжды актуальныя. Узнаўляючы рэаліі XVIII стагоддзя, твор малюе і пазачасавую сістэму ўзаемаадносін унутры творчай суполкі.

Чарговая пастаноўка «Моцарта і Сальеры» сталася версіяй, але не ісцінай у апошняй інстанцыі і не адказам на пытанне: ці быў атручаны Моцарт? Спектакль, ажыццёўлены рэжысёрам Маргарытай Ізворскай-Елізар’евай і мастаком Андрэем Меранковым, вонкава просты, спакойны, класічна-ўраўнаважаны па сваёй будове. Ён прывабны найперш віртуознай псіхалагічнай распрацоўкай партый Сальеры (Уладзімір Громаў) і Моцарта (Юрый Гарадзецкі). Калі ў другой частцы прэм’ернага вечара быў прадстаўлены «Рэквіем» Моцарта, дык такі расклад таксама меў мастацкую логіку. «Рэквіем» стаўся апошнім творам генія. Вакол яго віруюць страсці ў оперы. Ён адначасова і працяг спектакля, і памінальная меса па Моцарце.

Думаю, пасля вяртання калектыву ў родныя сцены опера Рымскага-Корсакава будзе вельмі прыдатнай для камернай сцэны тэатра. І як самастойны твор, і як пастаноўка, што лёгка будзе спалучацца з аналагічнымі аднаактовымі формамі.

10. «Маленькі прынц» Андрэя Мдывані. Музычная капэла «Санорус».

Філасофская казка французскага пісьменніка Сент-Экзюперы мела шмат радыё- і тэлеверсій, неаднойчы ставілася на тэатральнай сцэне. У свой час Яўген Глебаў напісаў балет на аснове «Маленькага прынца». Але зварот да сюжэтаў, якія маюць прыкметы прыпавесці, — адна з паказальных рысаў музычнага тэатра ХХ—ХХI стагоддзяў, лічыць крытыка. Таму вырашэнне вядомага сюжэта ў новым жанры выклікала вялікую цікавасць.

Большасць прэм’ерных твораў, пра якія размова ішла вышэй, увасабляліся на аснове партытур, якія ўжо даўно існавалі і мелі працяглую сцэнічную традыцыю. Опера-прыпавесць «Маленькі прынц» у гэтым шэрагу стаіць асабняком. Па колькасці намаганняў, прыкладзеных кампазітарам (рэалізавана фактычна трэцяя рэдакцыя оперы!), па складанасці засваення зусім новага музычнага матэрыялу, па непрадказальнасці мастацкага выніку «Маленькага прынца» можна смела паставіць у першы ці другі радок топ-спіса. Прывабнасці праекту дадало выкананне галоўнай партыі абаяльнай Таццянай Пятровай.

Важна, што опера Мдывані, прадстаўленая капэлай «Санорус» як кампактны сцэнічны твор, можа быць адрасавана розным аўдыторыям — дзіцячай, падлеткавай, дарослай. Дзякуючы свайму мабільнаму сцэнічнаму вырашэнню спектакль прыдатны для паказу на розных сцэнах, што робіць больш важкай асветніцкую каштоўнасць праекта.

■ ■ ■

У топ-спісе не згаданы шэраг імпрэз, прымеркаваных да юбілеяў знакамітых беларускіх дырыжораў, напрыклад, Міхася Казінца і Аляксандра Анісімава. А таксама сусветная прэм’ера харэаграфічнай сімфоніі «Шчыгрын» Андрэя Мдывані (паводле Бальзака), прэм’ера сімфоніі-балета «Кароль Лір» Сяргея Бельцюкова (паводле Шэкспіра). Але думаю, што самыя аб’ектыўныя ацэнкі сачыненняў прагучаць менавіта падчас сцэнічнага ўвасаблення партытур. Спадзяюся, размова пра іх наперадзе.

Якімі ж яркімі, адметнымі падзеямі будзе пазначана музычнае жыццё ў 2009 годзе? Як кажуць, пажывем — пабачым...

Таццяна МУШЫНСКАЯ

ГОД ФАТАГРАФІІ ЯШЧЭ НАДЫДЗЕ

У «фатаграфічным» сэнсе 2008 год выдаўся багатым на падзеі і завяршыўся прыняццем рашэння аб правядзенні Фестывалю фатаграфіі і візуальных мастацтваў (прымеркаванага да 170-годдзя вынаходніцтва Луі Дагера).

Падчас з’езда саюза «Фотамастацтва» ў Мінску адначасова працавала 8 выстаў — на жаль, у не надта прыстасаваных для экспанавання твораў мастацтва памяшканнях. Праблема недахопу выставачных плошчаў уздымалася і на з’ездзе — у планах творчага саюза займець сваю галерэю, а ў будучым — і музей сучаснай фатаграфіі. Збіраць і захоўваць адлюстраванні эпохі, візуальныя сведчанні часу — справа надзвычай важная, з шэрагу тых, што ўваходзяць у сферу дзяржаўных інтарэсаў.

Сярод найбольш значных мінулагодніх падзей пераважную большасць складалі персанальныя выставы. Фатаграфія — мастацтва, якое ўтрымлівае ў сабе інтэлектуальны чыннік, таму здольнасць прадумаць канцэпцыю, напісаць тэкст, пісьменна выбудаваць экспазіцыю — для фатографа (у адрозненне ад прадстаўнікоў традыцыйных выяўленчых мастацтваў) з’яўляецца часткай прафесійнай кампетэнцыі. Сучасныя аўтары вельмі хутка праходзяць шлях ад першых спроб да працэсу экспанавання.

Праект Ігара Саўчанкі «Фатаграфаванне» вяртаў нас да вытокаў фатаграфіі, замест плёнкі мастак выкарыстаў святлоадчувальную паперу, выява раскрывала сябе адразу, без штучных пасрэднікаў. «Фатаграфаванне» перагукалася з «Негатыўнай гісторыяй», праектам, паказаным на выставе «Прыватны сектар». У якасці аб’ектаў аўтарам былі прадстаўлены негатывы (праяўленая чорна-белая плёнка), замацаваныя паміж двума шкельцамі.

Выставы, якія робяцца пад куратарскім прызорам, прапануюць нам новы і нечаканы погляд на аўтараў, выяўляюць актуальныя тэндэнцыі. Любоў Гаўрылюк арганізавала у 2008 годзе два такія праекты. «Прыватны сектар» у выставачнай зале бібліятэкі імя Пушкіна меў падзагаловак: «Канцэптуальная фатаграфія. Аб’екты». «Максімальна дакладна вызначыць час, месца і стан, якія мы называем прыватнымі», — такая задача была пастаўлена куратарам. Праект «Дзівоснае месца», пабудаваны на аналізе вобразаў Мінска, выклікаў дыскусію на галоўным партале беларускіх фатографаў Zнята. Былі, паміж іншага, водгукі пра цьмянасць вобразаў, няпэўнасць адлюстраванага, якія пасля знаёмства з выставай падаліся несправядлівымі. Экспазіцыя выбудоўвалася тонка і дакладна. Кантрасты і перасячэнні візуальных сістэм розных аўтараў прымушалі задумацца над тым, як мы ўспрымаем гарадскую прастору. Гэта якраз той выпадак, калі экспазіцыя выставы сама становіцца мастацкім творам, здольным уплываць на ўспрыманне і спараджаць новыя сэнсы.

Галерэя NOVA — свайго кшталту «якасны фільтр» фатаграфічнага працэсу — і летась працягвала ініцыяваць цікавыя праекты. Напрыклад — асэнсавання вобраза горада. Праект «Мінскія фатаграфіі. Гараджане» меў два вектары ўвасаблення — выставачны і паліграфічны. Быў выпушчаны фотаальбом, здымкі ў якім адыходзілі ад традыцыі «параднай» рэпрэзентацыі сталіцы. «Мы спрабавалі, — пішуць арганізатары, — разгледзець у сённяшнім Мінску горад, які памятае мінулае, разумее сучаснае і думае пра сваю будучыню».

Гендэрная тэматыка вызначыла сэнсавую скіраванасць работ, прадстаўленых на выставе «Жаночы погляд на паўсядзённасць» (галерэя «Універсітэт культуры»). Яе ўдзельнікі — пераможцы міжнароднага конкурсу, дзе былі паказаны творы з сямі краін. Асноўная мэта — прыцягненне ўвагі да фатаграфіі як да мастацтва, што мае «самыя шчыльныя дачыненні з рэчаіснасцю, асабліва — да жаночай, бо менавіта яна найбольш уважліва і пранікнёна даследуе свет».

Даволі папулярным жанрам заставаліся падарожныя нататкі. Польскі інстытут стаў арганізатарам выставы «Кракаўскі дзённік» мінчаніна Сяргея Ждановіча і гродзенца Алега Пятрова. Два востра індывідуальныя погляды на адно гарадское асяроддзе размяжоўвалі будзённае і метафізічнае ўспрыманне горада, насычанае пошукамі «генія месца» ці той няўлоўнай аўры, якая робіць прыцягальнымі старыя гарады. У галерэі «Свет фота» Віктар Жураўкоў паказаў цыкл фатаграфій, зробленых у Чэхіі, — «Praga mater urbium, ці Вандроўка за трыдзевяць зямель». Цыкл фатаграфій Кірыла Ганчарова быў прысвечаны Амерыцы. Вось меркаванне філосафа Андрэя Корбута: «Выстава, хоць яна і выканана ў прывычным жанры “хаджэння за тры мора”, дазваляе выявіць, у якой меры фатаграфія рэагуе на змяненне нашых уяўленняў пра мясцовае/чужое, і як яна адначасова ўплывае на гэтыя змяненні».

Актуальнымі былі праекты, у якіх даследавалася існаванне фатаграфіі ў інтэрнэце. У Музеі гісторыі беларускага кіно праходзіла выстава Максіма Шведа «365 дзён года». Экспазіцыя ўяўляла сабой выбарку фатаграфій з дзённіка ў інтэрнэце, дзе Максім кожны дзень размяшчаў свой лепшы здымак. У галерэі NOVA праходзіла выстава фатаграфій Ксеніі Авімавай (у 2007 годзе яе блог быў прызнаны лепшым у рускамоўным інтэрнэце). У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі адбылася фотавыстава «Энергія колеру», падрыхтаваная інтэрнэт-парталам Fotodlog.by. Экспазіцыя была разбіта на часткі паводле колеру, які дамінаваў у работах. Творы былі адабраны на інтэрнэт-блогах. Гэты дыялог віртуальнай і рэальнай прастораў адбыўся з мэтай даць магчымасць заявіць пра сябе маладым аўтарам.

Творчая суполка фотамастакоў сталася арганізатарам многіх грунтоўных мерапрыемстваў. Сярод іх два рэгулярныя фотаконкурсы — Drive і «Мая Беларусь» (ладзіцца сумесна з часопісам «Фотомагия»). Выніковая выстава апошняга прайшла ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, падрыхтаваны альбом-каталог. Папулярнай была такая форма арганізацыі творчага працэсу, як пленэр. Пры канцы чэрвеня на Навагрудчыне прайшоў міжнародны фотапленэр «Сцежкамі Адама Міцкевіча». У акцыі прынялі ўдзел фотамастакі з Беларусі, Літвы і Польшчы. Пленэр, прысвечаны Дню горада, адбыўся ў Полацку. Мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі фатаграфавалі горад, людзей, свята, архітэктуру і краявіды. А ў кастрычніку фатографы сабраліся ў нацыянальным парку «Нарачанскі», па выніках пленэру плануецца выстава.

Новая форма экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці была прапанавана народным фотаклубам «Мінск» сумесна з Нацыянальным музеем гісторыі і культуры пры падтрымцы Упраўлення культуры Мінгарвыканкама — выставачны фотамарафон «Творчасць без межаў». Акцыя прадугледжвала шэраг персанальных выстаў членаў фотаклуба. Кожная з іх доўжылася тыдзень, а адкрыцці новых экспазіцый адбываліся кожны аўторак.

Першы выпуск спецыялізацыі «Фатаграфіка» адбыўся на кафедры графічнага дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў. Выпускнікі паказалі валоданне разнастайнымі прыёмамі апрацоўкі фотавыявы, уменне стварыць як дызайнерскі прадукт, так і завершаную канцэптуальную работу. Сярод дыпломаў пераважалі сацыяльныя праекты, а іх аўтары — усе без выключэння — творцы, здольныя мысліць па-сучаснаму і прафесійна выконваць задачы, якія яны перад сабой ставяць.

У Галандыі беларуская фатаграфія стала прадметам грунтоўнага аналізу. Праект «За сценамі» рэпрэзентаваў усходнееўрапейскую фатаграфію, зробленую ў перыяд да 1989 года. У Беларусі самымі знакавымі аўтарамі таго часу, на думку замежных куратараў, аказаліся прадстаўнікі мінскай школы.

Назіранне збоку, з іншага пункту гледжання нараджае новыя ракурсы асэнсавання прывычнага. Выстава бельгійскага фотамастака Філіпа Эрбэ «Зроблена ў Беларусі» сталася для яго свайго кшталту неабходнасцю. «Размова не ідзе пра больш-менш аб’ектыўны фотарэпартаж. Я стараюся аддацца атмасферы краіны і плыні незапланаваных сустрэч. Так што размова хутчэй пра праект, натхнёны самой Беларуссю, які адбыўся ў Беларусі».

На выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, якая праходзіла ў рамках 6-га Міжнароднага тэматычнага выставачнага праекта «Падарожныя нататкі. Еўропа» быў паказаны цыкл фатаграфій шведскага творцы Енца Ластхейма, прысвечаны памежжу. Мяжа паміж Усходняй і Заходняй Еўропай, паводле Енца, існуе на ўзроўні адносін і ўзаемаўспрымання. Ракурсы гэтых твораў вострыя з-за асаблівасцей не толькі здымкі, але і погляду — дзякуючы магчымасці фатаграфіі ў будзённым выяўляць незвычайнае, а ў незвычайным — заканамернае.

Алеся БЕЛЯВЕЦ

          ПАМІЖ «МАСФІЛЬМАМ» І ГАЛІВУДАМ

 Слова «крызіс» было самым ужывальным пры канцы мінулага года. Але гаварыць пра крызіс у самым масавым з мастацтваў пакуль што не выпадае. Сотні студый па ўсім свеце па-ранейшаму выпускаюць стужкі на самыя розныя густы, і колькасць гэтых стужак увесь час толькі павялічваецца. Чаго нельга сказаць пра колькасць новых ідэй. Тут у кіно назіраецца калі не крызіс, дык пэўная праблема. Сапраўдныя адкрыцці здараюцца вельмі рэдка, куды часцей гледачу прапануюць клоны ранейшых сюжэтаў і старыя, шмат разоў ужываныя прыёмы. Так што гаворка, хутчэй, мусіць весціся пра стагнацыю кінамастацтва, для якога сусветны фінансавы крызіс і далейшае непазбежнае абнаўленне, магчыма, былі б не самым горшым развіццём падзей.

Альтэрнатывы няма?

Ідэйны застой у кіно лепш за ўсё адлюстроўвае статыстыка. Кожны другі фільм у беларускім пракаце — гэта ці так званы кінакомікс, ці камедыя для падлеткаў. Збядненне жанравай палітры — даўняя тэндэнцыя, але цяпер яна стала як ніколі актуальнай. Магчымыя наступствы нікому тлумачыць не трэба. Кіназалы імкліва становяцца месцам адпачынку толькі адной глядацкай катэгорыі адпаведнага ўзросту і інтэлектуальнага ўзроўню.

Але яшчэ больш засмучае тое, што вытворцы кінапрадукцыі і пракатчыкі вымушаны падстройвацца пад запыты гэтай плыні — занадта маладой і не надта адукаванай. Якія фільмы будуць глядзець астатнія жыхары нашай краіны і ці будуць яны наогул наведваць кінатэатры — вялікае пытанне. І адказ на яго нельга знайсці на старонках праграмы тэлеперадач ці на паліцах з відэадыскамі. Тэлебачанне даўно аддало перавагу забаўляльным праектам. Месца кіно цяпер хіба што на спецыяльных спадарожнікавых і кабельных каналах. Беларускія гандляры відэа таксама не могуць пахваліцца змястоўным асартыментам. Вось і адвучваюцца паступова беларусы (расіяне, украінцы etc.) ад вялікага экрана, ад адпаведнага мастацкага ўзроўню, бо вымушаны бавіць вечары ў кампаніі персанажаў бясконцых «сіткамаў» і ўдзельнікаў забаўляльных шоу.

Тутэйшых кінаманаў выратоўваюць найноўшыя тэхналогіі, у прыватнасці, сусветнае павуцінне, праз якое, здаецца, можна знайсці любую стужку любога рэжысёра. Аднак раз’яднаныя адзінкі ці невялічкія купкі прыхільнікаў арт-хаўса пагоды не робяць. Няма гледача — няма кіно. Да гэтай сумнай высновы прыйшлі напрыканцы года ў пракаце беларускай сталіцы і зачынілі, бадай, самы гучны праект дзесяцігоддзя. «Кінафармат 4х4» быў вельмі цікавай формай паказу фестывальных, нестандартных стужак. Раз на месяц цягам чатырох дзён (з чацвярга па нядзелю) у чатырох мінскіх кінатэатрах адначасова дэманстраваліся чатыры фільмы. Праект існаваў з кастрычніка 2002 года — і вось ён знік з раскладу сталічных паказаў. Як сцвярджаюць супрацоўнікі кінапракату, з-за паніжэння глядацкага рэйтынгу. Канешне, арт-хаўсныя стужкі і далей будуць паказваць у мінскіх кінатэатрах. Фільмы-прызёры і ўдзельнікі прэстыжных міжнародных фестываляў можна паглядзець у Мінску ў адмысловых праграмах «Канаманія», «Акно ў Венецыю». Тэматычныя паказы шэдэўраў з ухілам у рэтра «Абсалютнае кіно» і «Феномены кіно» ладзяць кінатэатры «Перамога» і «Ракета». Але аншлагі на гэтых мерапрыемствах здараюцца ўсё радзей і радзей.

Справу з нестандартным кіно ў сталіцы можа палепшыць тэхнічнае абнаўленне кінапракату. У 2009 годзе запланавана абсталяваць «Перамогу» лічбавай праекцыйнай апаратурай. Гэта дапаможа пашырыць рэпертуар і, як спадзяюцца мінскія пракатчыкі, менавіта на карысць фестывальнай, аўтарскай плыні. Аптымізму дадае і адкрыццё шматзальнай «Беларусі». Адна з пяці залаў гэтага сучаснага кінакомплексу стабільна аддаецца пад арт-хаўс. Паказальна, што праблем з гледачамі ў новай «Беларусі» няма: менчукі актыўна наведваюць будынак на Юбілейнай плошчы.

На парозе перамен

Беларусь, зразумела, пры ўсім жаданні не можа на сто працэнтаў забяспечыць сябе ўласным кіно. Крыўдна, але нашым творцам пакуль не пад сілу прыцягнуць увагу нават да тых некалькіх стужак, што здымаюць зараз на «Беларусьфільме».

Перабудова! Здаецца, гэтае слова даўно стала гісторыяй. Аднак для беларускага кіно ў 2008 годзе яно было звышактуальным. Пра перабудову «Беларусьфільма» гаварылі ўсе — рэжысёры, чыноўнікі, журналісты і, найперш, кіраўніцтва самой студыі. Прычым пад перабудовай мелася на ўвазе рэканструкцыя павільёнаў ды іншых збудаванняў. Некалькі разоў грамадскасці дэманстравалі макет адноўленага кінакомплексу, што павінен стаць адным з самых сучасных ва Усходняй Еўропе. Сапраўды, за паўстагоддзя існавання ўсім вядомы будынак на сталічным праспекце Незалежнасці фізічна і маральна састарэў. На жаль, састарэлі і творчыя метады, якімі тут карыстаюцца.

Апошнія прэм’еры ігравых стужак — «На спіне ў чорнага ката» Івана Паўлава, «Крапавага берэта» Андрэя Голубева, «Зграі» Дзмітрыя Зайцава — паказваюць, што беларускія творцы па-ранейшаму знаходзяцца ў інерцыйным полі савецкага кінематографа. Пры гэтым нават маладыя рэжысёры бяруць прыклад не з лепшых узораў нацыянальнай кінакласікі. Новыя фільмы нагадваюць тыпавыя вырабы эпохі развітога сацрэалізму. Актуальныя, па сутнасці, тэмы выкладаюцца на «Беларусьфільме» састарэлай, нежыццяздольнай у варунках жорсткай мастацкай канкурэнцыі мовай. Студыя пакуль не здатная выкарыстоўваць найноўшыя відовішчныя тэхналогіі. Малады глядач гэта адчувае і ігнаруе беларускія паказы.

Канешне, трэба ўлічваць, што вельмі нямногія нацыянальныя кінематаграфіі ў стане адваяваць у Галівуда якую-небудзь значную прастору для сваёй прадукцыі. Канкурыраваць з заакіянскай «фабрыкай мрояў» цяжка, бадай, амаль немагчыма. Тое пацвярджае прыклад нашых суседзяў: расійскія студыі займаюць цяпер сваімі стужкамі амаль траціну айчыннага пракату, але прыбытак уладальнікам кінатэатраў прыносяць у асноўным галівудскія фільмы. Што ж казаць пра беларускае кіно! Яго доля ў агульнай касе нашага кінапракату складае не больш за 2%. І справа, відавочна, не толькі ў абсталяванні і прафесійным узроўні творцаў: абсталяванне на «Беларусьфільме» паступова мяняецца на самае сучаснае, супрацоўнікі студыі набываюць карысны досвед на іншаземных праектах, якіх у нашай краіне ў 2008 годзе здымалася каля двух дзесяткаў.

Сучасны кінапрацэс патрабуе не толькі прагрэсіўных тэхналогій здымак і так званага постпрадакшэна. «Беларусьфільму» вельмі не хапае маркетынгавых, рэкламных тэхналогій, гібкага планавання, якія можа забяспечыць толькі прадзюсерская мадэль кінематографа. Па прыклады далёка ісці не трэба: тыя праекты, якія ствараюцца ў нас з удзелам замежных (пераважна расійскіх) прадзюсераў, карыстаюцца пэўным поспехам. Так, тэлевізійны міні-серыял «У чэрвені 41-га» Аляксандра Франскевіча-Лае, зняты сумесна з прыватнай кампаніяй з суседняй краіны, не толькі ўдала прайшоў на малых экранах постсавецкай прасторы, але і быў адзначаны прызамі на адпаведных фестывалях. Пра такі плён «вялікае» беларускае кіно можа пакуль што толькі марыць.

Імідж нацыянальнага кінамастацтва цягам многіх гадоў выратоўваюць дакументалісты. Летась стужкі «Ва ўсе дні» Міхаіла Жданоўскага, «Мама прыйдзе» Галіны Адамовіч, «Вальс» Віктара Аслюка сталі хітамі прэстыжных міжнародных фестываляў. Менавіта ў неігравым беларускім кіно захавалася і, нягледзячы ні на якія перашкоды, працягвае існаваць высокае мастацтва. Віктар Аслюк ужо мае досвед стварэння ігравой стужкі. Сёлета ён плануе зняць яшчэ адну. Галіна Адамовіч таксама заяўляе аб сваіх амбіцыях рэжысёра-ігравіка. Для сучаснага кінапрацэсу пераход дакументаліста ў ігравую плынь — практыка распаўсюджаная. Будзем спадзявацца, што нашаму кінематографу яна прынясе асаблівы плён, калі высокі ўзровень і нацыянальны характар, уласцівыя беларускай дакументалістыцы, адзначаць і ігравыя праекты.

Антон СІДАРЭНКА

НА ЧАЛЕ ТЭАТРАЛЬНАЙ ПРАЦЭСІІ

Адлік часу «на тэатры» прынята праводзіць у сезонах. Хоць, вядома ж, і цэлы леташні год з рахунку не скінеш, не абмінеш — у зону ўвагі трапляюць істотныя для творчых калектываў падзеі. 2008-ы пакінуў у сцэнічным мастацтве ўласныя меткі. Усталяванае і няспешнае тэатральнае жыццё нечакана ператварылася ў бурлівае і эмацыйнае.

Менавіта «перажыванні з нагоды» зрабіліся сталай прыкметай мінулага года. Страсці на галоўных падмостках віравалі безупынна, так бы мовіць, па чарзе змяняючы месца дыслакацыі. Не заўважыць праблемы было немагчыма, не зважаць на іх — таксама, бо менавіта яны, нацыянальныя тэатры, нашы флагманы, знаходзяцца навідавоку, традыцыйна вызначаюць узровень сцэнічнай культуры краіны. Праўда, кідалася ў вочы, што пры публічным агучванні ўнутрытэатральных падзей і канфліктаў дзіўным чынам ссунуліся акцэнты. Акцёраў і рэжысёраў мала цікавіла, што атрымліваецца ў калег у выніку агульных намаганняў. Спектаклі або беспадстаўна ўхваляліся, або беспадстаўна адмаўляліся. Больш непакоіла, хто сёння «караван вядзе». Умоўна кажучы, займалі асобы на чале доўгай тэатральнай працэсіі. Не сакрэт, што гэта Барыс Луцэнка, Валерый Раеўскі і Віталь Баркоўскі. Між іншым, усе разам і кожны паасобку яны столькі зрабілі для беларускага тэатра, што сённяшнім маладым такі маштаб нават уявіць немагчыма. Адно зразумела: канец рэжысёрскай эпохі і змена рэжысёрскіх пакаленняў — вельмі хваравіты працэс. Надта доўга на многае ў калектывах не звярталі ўвагі, шмат чым дазвалялі сабе не займацца. Ды толькі тэатральныя геніі на нашай зямлі так і не з’явіліся. Для людзей мастацтва запавет «Узгадуй вучня» — усё роўна, што для простага чалавека — «Пасадзі дрэва». Не ўзгадавалі, не пасадзілі...

Напрыканцы 2007-га пакінуў сваю пасаду мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага Барыс Луцэнка. У Рускім тэатры шмат сезонаў было неспакойна. Унутры тэатральнай грамадскасці разляталіся чуткі, па інстанцыях і рэдакцыях — скаргі і лісты. Акцёрам здавалася, што новы мастацкі кіраўнік абавязкова стане гарантам новых творчых дасягненняў. Чаканне перамен у тэатры для многіх зрабілася сэнсам існавання. Але мінуў час, і высветлілася, што выраз «няма рэжысёра — няма праблем» не заўсёды дастасоўваецца да мастацтва. За год Рускі тэатр імя М.Горкага не зрушыўся з «кропкі замярзання» ні на крок. Рэжысёры з актыўнымі намерамі ў свабодным творчым палёце поспеху і славы тэатру не прынеслі. Пакуль што. Ніхто нават не наблізіўся да лепшых спектакляў Барыса Іванавіча, калі пра лішні білецік гледачы пыталіся яшчэ на праспекце. Наступнік Барыса Луцэнкі Сяргей Кавальчык сур’ёзна збіраецца з сіламі, але пакуль што ніводнай уласнай прэм’еры не паказаў. Нават самыя чаканыя спектаклі сезона — «Васа» М.Горкага (рэжысёр Мадэст Абрамаў) і «Жаніхі» паводле Мікалая Гогаля (рэжысёр Валянціна Еранькова) выявілі, што амбіцыі пастаноўшчыкаў не адпавядаюць амуніцыі. Зместава млявая «Васа» і гламурна-пяшчотныя «Жаніхі» проста павялічылі шэраг сцэнічных «песень ні пра што» (хоць намеры рэжысёраў і выбар драматургіі былі самыя пахвальныя).

Летась страсці дзіўным чынам распаліліся вакол галоўнага рэжысёра Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа (дарэчы згадваюцца словы знакамітага Марка Захарава, які назваў тэатр «сістэмай самаразбуральнай»). Наступствы стыхійных выбухаў заўсёды сумныя, здаецца, у падобных сітуацыях яшчэ не выйграваў ніводзін сцэнічны калектыў. Прынамсі, выдатныя спектаклі ў выніку злому старой сістэмы ў нас ніколі не з’яўляліся. Яны ўзнікалі паралельна. Без прымусу. І нагадвалі ўспышкі святла, у ззянні якога акцёры працавалі, як зачараваныя.

На Беларусі доўгачаканы для многіх адыход мэтраў айчыннай рэжысуры агаліў вельмі сур’ёзную праблему. Адсутнасць тэатральных лідэраў, асоб, здатных згуртаваць вакол сябе калектыў аднадумцаў, заўважная простым вокам. У мастакоў існуе выраз: «злом маштабу». Нешта падобнае адбываецца з беларускай рэжысурай сёння. Творцы, якія рэальна ўвасаблялі цэлую тэатральную эпоху, пакідаюць свае пасады і перастаюць іграць першыя ролі ў рэжысуры. Працэс натуральны і зразумелы. Шкада, што поруч з імі паставіць няма каго. Гэтая сумная сітуацыя выразна акрэслілася менавіта ў 2008-м. «Апошні з магікан», рэжысёр-лідэр са скарбніцай мастацкіх ідэй Віталь Баркоўскі добраахвотна пакінуў Коласаўскі тэатр. Ды толькі сітуацыя пасля ягонага адыходу наўрад ці хутка палепшыцца. Бо змаганне ідзе не за творчыя поспехі, а за ўладу. Усе сябруюць супраць усіх... У самім калектыве гавораць пра этычны і прафесійны калапс. Моладзь не ведае нават нядаўняй гісторыі свайго тэатра. Нішто ў іх культурнай свядомасці не пакідае прыкметнага следу... І толькі — спектакль «Дадому» Алены Паповай, увасоблены рэжысёрам Віталем Баркоўскім з карункавай вытанчанасцю. Героі вольна і экспрэсіўна размеркаваны ў сцэнічнай прасторы. Яны палка і адчайна звяртаюцца да гледачоў, якія слухаюць, чуюць і разумеюць выканаўцаў. Што далей?

Шчыра кажучы, сітуацыя з Віталем Баркоўскім надзвычай крыўдная і не паддаецца тлумачэнню. Яна нібыта падводзіць рысу пад спісам цэлага пакалення рэжысёраў, якія (апрача самога Віталя Баркоўскага) у свой час тэатра не атрымалі. Іх прысутнасць у агульным творчым працэсе адметная і яркая. Да таго ж, сёння ніхто не дыхае ў спіну Генадзю Мушперту, Якаву Натапаву, Юрыю Лізянгевічу... Разрыў паміж рэжысёрскімі пакаленнямі ўяўляецца такім істотным, што незразумела: хто неўзабаве будзе працаваць у нашых тэатрах? І гэта таксама зрабілася відавочным цягам апошняга года.

Летась нечакана для многіх узнікла канфліктная сітуацыя ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. Яе развіццю садзейнічала няўдалая прэм’ера «Ядвігі» па п’есе Аляксея Дударава. Зрэшты, было б несправядліва казаць пра нейкі надзвычайны правал. Спектаклі і больш сумнеўнай якасці гадамі трымаюцца ў рэпертуары тэатра. Мне не падалося, што пасля «Ядвігі» агульная карціна кардынальна сапсавалася. Апошні год для купалаўцаў быў даволі выніковым. Варта ўспомніць «Дзяцей Ванюшына» Сяргея Найдзёнава, дзе рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым зроблена сур’ёзная спроба аднаўлення псіхалагічнага тэатра. Гарцуеў імкнецца вярнуць акцёру ягонае заўсёднае значэнне, надаць важкасць прафесіі. Многае на гэтым шляху ў яго атрымалася. Бясспрэчным поспехам адзначаны ролі Генадзя Аўсяннікава (Найдзёнаў) і Зоі Белахвосцік (Клаўдзія). Уражваюць іх складаныя душэўныя партытуры, тонкія акцэнты, кантрапунктныя зместавыя ўдары... У спектакля адразу з’явіліся шматлікія прыхільнікі. Праца рэжысёра выклікала бясспрэчны інтарэс.

Неўзабаве «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна прынесла купалаўцам гучны поспех. Напаўзабытае тэатральнае шчасце, раскошу тэатральнай гульні, россыпы сцэнічных знаходак. Акцёрам дазволілі ўдосталь найграцца, а выдатныя Віктар Манаеў (Кручкоў) і Ганна Хітрык (Марыся) выклікалі ўсеагульнае захапленне. П’еса «Пінская шляхта», здаецца, зашмальцаваная напаўсамадзейнымі калектывамі да дзірак, заззяла нечаканымі фарбамі, засвяцілася псіхалагічнымі нюансамі. Гледачам падаравалі радасць суперажывання, і на працягу ўсяго сцэнічнага дзеяння яны радаваліся, захапляліся, смяяліся, смуткавалі, верылі і здзіўляліся разам з выканаўцамі.

Так сталася, што 2008-ы зноў выявіў феномен Мікалая Пінігіна для беларускага тэатра. Шмат гадоў наша публіка любіла яго толькі здалёк. І кожнае з’яўленне суправаджалася хваляй цікавасці, кожны новы спектакль станавіўся сенсацыяй. «У Піцеры мне не цёпла», — сказаў неяк рэжысёр... Напачатку 2009-га адбылося прызначэнне Мікалая Пінігіна на пасаду галоўнага рэжысёра Купалаўскага тэатра. Думаю, гэта найлепшы адказ на ўсе запыты мінулага года. З Валерыем Раеўскім тэатр пакуль не развітаўся. Зрэшты, думаю, што гэта немагчыма.

Людміла ГРАМЫКА