МЕТАФАРА АДЛЮСТРАВАННЯ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

«Люстэркі» — так называлася персанальная выстава Юрыя Падоліна, якая адбылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя складалася з дзесяці графічных аркушаў. Сам мастак — прыхільнік свабоднай лініі, сілуэтнага малюнка, гульні святлаценяў — працуе ў змешанай тэхніцы, спалучаючы літаграфію з алоўкам, заліўкамі тушшу, прадрапваннем. Яго работы выходзяць за межы ілюстрацыйнасці, выяўляюць філасофскае асэнсаванне аўтарам рэчаіснасці, прыхільнасць да знакавасці і метафарычнасці тэм.

Юрый Падолін — інтэрпрэтатар і аналітык, кожны яго твор увасабляе новую задуму, непадобную на папярэднія, нават нечым адасобленую ад іх. Мастак раскладвае рэчыўны свет на дэталі, разглядае псіхалогію герояў праз яго фрагменты. А вось працэс сінтэзу, стварэння новага эстэтычнага асяроддзя адбываецца па-за межамі непасрэднага зрокавага ўспрымання карціны.

Графічныя аркушы Юрыя Падоліна выклікаюць глыбокія асацыяцыі, правакуюць нараджэнне нечаканых для гледача вобразаў, прапаноўваюць не спрошчаныя правілы, а маштабную інтэлектуальную гульню. Тут няма вонкавай эфектнасці. Менавіта такі падыход вызначае стылёвыя асаблівасці творчага почырку мастака.

У серыі «Люстэркі» сабраны на першы погляд розныя па сюжэтах аркушы, тэматычна не звязаныя з вобразам шкла, пакрытага амальгамай. Аднак назва выставы невыпадковая. Не варта забывацца, што залюстроўе, як і мінулае, лёгка не адчыніш. Але ў яго можна ўвайсці, калі маеш у руках ключ...

Серыя з яе зваротам да ўнутраных рэалій быцця, да тонкіх псіхалагічных станаў герояў, да глыбіняў падсвядомасці запатрабавала ад мастака іншага, нетрадыцыйнага падыходу да мастацкага вырашэння абшару аркуша. Прастора яго работ толькі на першы погляд мае ўсе прыкметы рэальнасці, на самай справе яна цалкам штучная, спраектаваная, сканструяваная («Летні тэатр», «Сатыры і німфы»). Яе існаванне — вынік фантазій аўтара. Гэта дзівосны, таямнічы свет, напоўнены марамі, пяшчотай, светлымі ўспамінамі, сумнай адзінотай.

Мастак, падобна філосафу, спрабуе вызначыць, што мы бачым у глыбіні люстэрка. Вобраз, які адбіваецца ў ім, нельга адназначна аднесці да знешняга, рэальнага, аб’ектыўнага. Люстэрка нараджае іншы від бачання, іншы зрок. Яно змяняе свядомасць асобы, што жыве ў сучасным мегаполісе. Адлюстраваны ў тысячах паверхняў, чалавек знаходзіць свой вобраз на экранах, пазнае сябе ў мас-медыйных прадуктах, рассыпаецца і збіраецца наноў, але ўжо па іншых правілах.

Харукі Муракамі ў кнізе «Хронікі завадной птушкі» пісаў: «Нам не дадзена паглядзець сваімі вачамі на ўласны твар. Даводзіцца здавольвацца адлюстраваннем, эмпірычна верыць у тое, што гэты вобраз адпавядае арыгіналу». У люстэрку мы бачым сімвал таго, што адсутнічае, чаго нам не хапае, штосьці жаданае і ідэальнае. Люстэрка прапаноўвае прыдуманы, рамантызаваны ўласным уяўленнем вобраз, а не мёртвую, літаральна матэрыялізаваную копію.

Так і мастак прапаноўвае гледачу паглыбіцца ў спляценні ўласных фантазій, у якіх жывуць вытанчаныя зграбныя німфы і маленькія пачварныя сатыры, аголеныя прыгажуні з музычнымі інструментамі на фоне ідылічнага італьянскага пейзажу, дзеці, якія старанна дэкламуюць вершы на бацькоўскім застоллі, знесены ветрам пляжны парасон, дзяўчына, што прытулілася на стуле... Люстэркавы вобраз пазбаўлены фатаграфічнасці. Гэта падобна на творчасць мастакоў эпохі Адраджэння, якія імкнуліся прадстаўляць гледачу сапраўдную прыроду рэчаў, а не фізічныя злепкі з іх. Мастак стварае новы сусвет, які з’яўляецца прадуктам узаемадзеяння, спалучэння дзвюх рэальнасцей — існуючай і люстэркавай, але пры гэтым адрозніваецца ад абедзвюх. У рабоце «Першы выхад» аўтар, здаецца, гаворыць: не люстэрка з нашай дапамогай запаўняе сваю пустату, а мы пазычаем яго глыбіню, якая адпавядае глыбіні памяці. У паўтарэнняў агульная прырода. Памяць — гэта таксама люстэрка, якое паказвае мінулае, пераўвасобленае ўласнымі фантазіямі і эмоцыямі.

Невыпадкова звяртаецца мастак да тэмы стула («Гульні са стулам», «Падглядач»). Адбываецца ідэнтыфікацыя героя з прадметам яго жаданняў. Калі мастак малюе стул, ён мае на ўвазе чалавека, праектуе на палатно яго вобраз. Урэшце адбываецца і семіятызацыя рэальнасці: у апошняй рабоце серыі «Святлафільтры» ўсё ператвараецца ў знакі. А паколькі знак павінен нешта адлюстроўваць і ў нечым адлюстроўвацца, то вобраз гэты трансфармуецца ў нявызначанасць люстэркавай глыбіні.

Выстава Юрыя Падоліна — актуальны водгук на праблематыку, якую часта абмяркоўваюць апошнім часам у мастакоўскіх колах: ці можна, абраўшы для сябе шлях мастацкіх пошукаў (фармалізацыі ў самым лепшым сэнсе гэтага слова), атрымаць плённыя вынікі? Тэхнічна дасканалы, не перагружаны квазіфіласофскай шматзначнасцю праект, які рэтранслюе надзённую для грамадства ідэю, будзе адэкватны і разуменню гледача, і зместу сучаснага мастацкага працэсу.

Наталля ШАРАНГОВІЧ