ЯГО ВЯЛІКАСЦЬ БЛАКБАСТЭР

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

У адыходзячым годзе пра фінансы гаварылі куды больш, чым пра кіно. Зразумела: спачатку — хлеб, відовішчы потым. Відовішчаў, аднак, хапала. Гледачоў у кінатэатрах хоць не нашмат, але пабольшала, рэпертуар пашырыўся, выбар на паліцах з дыскамі павялічыўся. Здавалася б, хвалявацца за самае папулярнае мастацтва не трэба. Ці так гэта?

Калі паглядзець на статыстыку кінапракату ў любой краіне, то можна заўважыць цікавую рэч. Дынаміка наведвання кінатэатраў у апошнія некалькі гадоў пачала нагадваць так званыя амерыканскія горкі. Некалькі фільмаў (звычайна пяць-шэсць) збіраюць ільвіную долю аўдыторыі, астатнія стужкі прывабліваюць куды меншую колькасць гледачоў. Можна смела казаць, што агульны рост касы адбываецца за кошт так званых «блакбастэраў» — фільмаў з сур’ёзнымі бюджэтамі, на рэкламу якіх патрачаны вялікія грошы. Пракат іншых карцін толькі-толькі пакрывае ўкладанні ці ўвогуле ідзе са стратамі. Апошняе асабліва тычыцца высакаякаснага фестывальнага кіно, паказы якога заўжды абмежаваны адным, максімум — двума экранамі. Гэта вельмі непрыемна, бо стужкі самай вялікай мастацкай вартасці трапляюць менавіта ў такі абмежаваны пракат, без шанцаў на фінансавы поспех. А рэкардсмены пракату, наадварот, вельмі рэдка адпавядаюць самому паняццю «мастацтва». Больш за тое, цяперашнія «блакбастэры» часта ўвогуле цяжка назваць словам «кіно». Эпоха «Тытаніка» Джэймса Кэмерана, які не спадабаўся толькі самым скептычным інтэлектуалам, здаецца, засталася ў мінулым. Надышла эпоха відовішчных праектаў, аб якіх шмат крычаць падчас прэм’еры, але літаральна праз месяц усе забываюць — настолькі яны пустыя і нікчэмныя. Забываюць пра іх і самі вытворцы. Інакш — чым растлумачыць з’яўленне клонаў ужо паказаных стужак?

У канцы 1980-х гадоў, поруч з многімі іншымі навамоднымі слоўцамі, наш лексікон папоўніў і тэрмін, пра які зараз ідзе гаворка. «Глядзіце новы блакбастэр!» — заклікае надакучлівая рэклама. «Модны рэжысёр Х. зняў новы суперблакбастэр! Спяшайцеся набыць квіткі!» — агучваюць «сенсацыю» рэпарцёры тэлеканала для моладзі. Між тым, як гэта бывала і раней, сэнс замежнага паняцця пры адаптацыі ў нашай мове атрымаў новае адценне. Блакбастэрамі ў Другую сусветную вайну амерыканцы называлі надта моцныя бомбы, што за адзін выбух маглі разбурыць цэлы гарадскі квартал, «block» па-англійску. Такім чынам, блакбастэры ў кіно — гэта фільмы, якія зрабілі вельмі вялікае ўзрушэнне (не толькі фінансавае, а і глядацкае), неяк паўплывалі на грамадскую думку.

У сённяшняй Расіі, у агульнай кінапракатнай прасторы з якой знаходзіцца Беларусь, блакбастэрам загадзя называюць любы фільм з адносна вялікім бюджэтам і вядомымі акцёрамі ў галоўных ролях. Цягам гэтага года найбольш касавымі ў Мінску сталі «Іронія лёсу, або З лёгкай парай-2» Цімура Бекмамбетава, «Самы лепшы фільм» Кірыла Кузіна, «Адмірал» Андрэя Краўчука. У гэтую рускамоўную кампанію здолеў праціснуцца толькі амерыканскі «Бэтмен. Чорны рыцар» Крыстафера Нолана, які стаў лідэрам у сусветным пракаце 2008 года. Усе чатыры стужкі цяжка аднесці да ўзораў масавай культуры. Канешне, самым відовішчным быў галівудскі фільм (ды і прафесійны ўзровень расійскага і амерыканскага кіно далёка не аднолькавы), аднак гэта не перашкодзіла расійскім стужкам сабраць большую касу.

Для шырокага айчыннага (прынамсі, сталічнага) маладога гледача якасць аказалася не галоўным фактарам. Яскравы прыклад — лідэр пракату «Самы лепшы фільм» нагадвае, хутчэй, не кіно, а камедыйнае шоу. Што не дзіўна: амаль усе ролі ў стужцы выконваюць «зоркі» вельмі вядомай тэлевізійнай перадачы — «Клуба вясёлых і знаходлівых». Вытворцы скарысталі неверагодную папулярнасць гэтых медыйных асобаў. Спрацаваў рэкламны эфект: публіка прыйшла паглядзець на пэўных артыстаў, а тое, чым яны займаюцца на экране, нікога не хвалявала. Потым на інтэрнет-форумах шмат хто з гледачоў «Самага лепшага фільма» пісаў аб сваім расчараванні. Многім падалося, што разрэкламаваны «блакбастэр» не каштаваў аддадзеных за квіток грошай. Але справа была зроблена, прадзюсеры прыняліся ляпіць стужкі паводле «ўдалага» рэцэпта, і ў нашым пракаце з’явіліся фільмы з красамоўнымі назвамі «Гітлер капут!» і «Вельмі рускі дэтэктыў».

Яшчэ прыклад — «Адмірал». Узровень здымак і акцёраў зусім іншы, вынікі тыя ж самыя. Стужку цяжка назваць «новым словам у гістарычным жанры». Нельга лічыць яе і добрай меладрамай. Аднак залы былі перапоўненыя.

Калі прааналізаваць складнікі фінансавага поспеху (бо пра нейкі іншы поспех гаварыць цяжка) «рускіх блакбастэраў», то стане зразумела: прычына толькі ў моцнай, вельмі таленавіта праведзенай рэкламнай кампаніі. І гэтая кампанія не была абмежавана постэрамі і налепкамі ў метро. Маленькі экран у выглядзе таго ж «Першага канала» Канстанціна Эрнста дапамагаў пэўным стужкам захапіць экран вялікі. Такім чынам, без тэлебачання не абышлося і тут. І над гэтым трэба задумацца тым, хто плануе здымаць «блакбастэры» ў Беларусі.