ІДЭЯ - ПРАЕКТ - ВЫСТАВА

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Восень прынесла мноства адметных фатаграфічных падзей: персанальныя выставы займалі самыя нечаканыя плошчы (з выставачнай прасторай па-ранейшаму праблемы), грунтоўныя экспазіцыі адбываліся ў музеях і галерэях, асабліва зацікавілі міжнародныя кантакты і сур’ёзныя прадуманыя выставачныя праекты. У Мінску прайшлі V маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД, якія ўключалі ў сябе і конкурс у намінацыі «Фатаграфія».

Мова фатаграфіі і мова графікі могуць набываць самыя нечаканыя кропкі перасячэння — верагодна, гэта галоўны матыў экспазіцыі, якая праходзіла ў галерэі «Падземка». Выстава «Irrealis/Страчаная прастора», якая аб’яднала фатаграфіі Сяргея Ждановіча і графічныя работы Мэндзі Кноспэ (Германія), — таксама і пра мову мастацтва ўвогуле, пра яе глыбіню, шматпланавасць і неадназначнасць. Кампактна сціснуты візуальны дыялог, які адбываўся ў зусім невялікай прасторы, адначасова быў і празрысты, і непранікальны: губляўся ў напластаванні сэнсаў і прачытанняў. Фактура фатаграфій тут выяўлена наўмысна — перспектыва адлюстраванага нібы «прывязвалася» да плоскасці, графіка ж імкнулася да перадачы бясконцай псіхалагічнай і канкрэтнай глыбіні, ствараючы пастаянна зменлівую, сюррэалістычную і непадуладную ўспрыманню прастору.

Чарговы польскі праект адкрыўся ў галерэі «Свет фота» — выстава Лешэка Падэшвы «Суб’ектыўны позірк» пра старажытны Сандомеж. Краявіды, прапушчаныя праз прызму асабістага перажывання, насычаюць твор асаблівай экспрэсіяй пачуцця. Частку прац фатограф выконвае на матэрыялах для інфрачырвонага выпраменьвання, што ссоўвае тонавыя каардынаты, ператвараючы рэальны краявід у пазачасавую прастору.

У той жа галерэі раней адбывалася выстава яшчэ аднаго польскага фатографа, Ежы Пёнтэка — «Сум і чароўнасць правінцыі». Таксама — чорна-белае фота. Ціхі і кранальны аповед пра польскую глыбінку 20–30-гадовай даўніны. Неўзабаве Ежы быў запрошаны да ўдзелу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Фатаграфія ў прасторы мастацтва», якую арганізавалі Інстытут імя Гётэ, Пасольства Французскай Рэспублікі і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Падагульняла дыскусіі выстава беларускай фатаграфіі «Індустрыя святла» ў Музеі акадэміі. «Якая мова фатаграфіі неабходна будоўлі сучаснага мастацтва? Можа быць, мастацтву зноў важная універсальная прырода асобы мастака... Погляд аб’ектыва сам па сабе скіраваны паверх асобасных бар’ераў, ён не лічыцца з межамі і яднае розныя самабытнасці... Выстава звяртае ўвагу як на пастаянны, незалежны ад старых тэорый творчы рост удзельнікаў працэсу фотамастацтва ў краіне, так і на развіццё фундаменту сучаснай фоташколы, у тым ліку і ў яе гістарычным аспекце», — раскрывае канцэпцыю экспазіцыі яе куратар Міхал Баразна.

Сур’ёзная канцэптуальная выстава адбылася ў мастацкай гарадской галерэі Леаніда Шчамялёва. Гэта ўжо трэці куратарскі праект Любові Гаўрылюк, цяпер — пра Мінск, дакладней, пра тое, як успрымаюцца знаёмыя мясціны праз прызму творчай фатаграфіі. «Мінск, такі знаёмы і кожны раз новы, увільвае ад разумення. Колькі ні ўглядайся ў вядомыя «карцінкі», вобразы горада — непастаянныя, яны раствараюцца ў нашых думках і пачуццях. Гэтыя пераменлівасць, рух часу, трансфармацыю прасторы добра адчуваюць фатографы. Дзівоснае месца — гэта горад-перажыванне, горад — жывое асяроддзе. Мы прывыкаем да гэтага асяроддзя, яно здаецца аб’ектыўнай рэальнасцю. Але штодзённа і штогадзінна адбываюцца тысячы спантанных адкрыццяў, і вы пераацэньваеце штампы» (Любоў Гаўрылюк).

У галерэі Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася выстава Яніса Глейдзса. Ён удзельнік каля 800 выстаў, уладальнік шматлікіх міжнародных узнагарод, але самае незвычайнае ў тым, што ён працуе, не маючы кісцей рук.

Беларуская фатаграфія сёння прыцягвае ўвагу і патрабуе навуковага і творчага аналізу, збірання і экспанавання. Яна арганічна ўспрымаецца ў розных выставачных прасторах, мабільная і разнастайная, выклікае цікавасць як сучасны і даступны сродак увасаблення.