УГЛЯДЗІСЯ Ў ТВАР

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

V Міжнародны фестываль монаспектакляў «Я» напрыканцы восені прайшоў у Мінску і для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва стаўся падзеяй нечаканай, нават раптоўнай. Зрэшты, на стабільнасць і прадказальнасць у справах такога кшталту ў наш час разлічваць даволі цяжка. Дый не кожны здатны за чарговы культурны праект змагацца да апошняга. Тым не менш, монафестываль у Беларусі ў чарговы раз адбыўся. Меў усе прыкметы вонкавай сціпласці, праходзіў у адзін, а не ў два этапы, як папярэдні, і ўсё ж ранейшы мастацкі ўзровень захаваў. Сваю адметнасць і прысутнасць у агульнай плыні тэатральнага працэсу пацвердзіў. Арганізатарамі V Міжнароднага фестывалю монаспектакляў «Я» гэтым разам зрабіліся Беларускі цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра (ЮНЕСКА), Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь, Беларуская акадэмія мастацтваў, Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі.

Фестываль адбыўся на сцэне Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай акадэміі мастацтваў і таму акрамя культурнай меў адукацыйную і практычную каштоўнасць. Монаспектаклі акцёраў з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Вялікабрытаніі праходзілі ў вучэбным тэатры побач са студэнцкімі аўдыторыямі. І самыя цікаўныя з будучых акцёраў, рэжысёраў, мастакоў і тэатразнаўцаў мелі магчымасць цягам тыдня ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. Вучыцца, між іншым, было ў каго. Дый параўнаць асаблівасці тэатральнага працэсу і акцёрскіх школ таксама не шкодзіла. Штовечар студэнты-тэатразнаўцы абмяркоўвалі ўбачанае. Сустрэчы з акцёрамі праходзілі ў вольнай форме і добразычлівай атмасферы. Першы прафесійны вопыт будучых крытыкаў стаўся каштоўным і нечаканым: гэтым разам тэатр сам наблізіўся да іх. Здаецца, пачаткоўцы нават не здагадваліся, што так будзе не заўсёды.

Фестываль монаспектакляў адкрыла ўлюбёнка беларускай публікі актрыса Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатра Бірутэ Мар. На папярэднім фестывалі монаспектакляў «Я» менавіта Бірутэ Мар атрымала Гран-пры за інсцэнізацыю паводле рамана французскай пісьменніцы Маргерыт Дзюра «Каханак». Гэты спектакль на тэатральных фестывалях у Беларусі быў паказаны тройчы, і гледачы штораз атрымлівалі незабыўныя ўражанні.

Дарэчы, захапляе не толькі вытанчанае існаванне літоўскай актрысы ў жанры «мона». Незвычайны і нязвыклы для нас яе творчы і чалавечы лёс. Бірутэ Мар скончыла акцёрскае і рэжысёрскае аддзяленні Санкт-Пецярбургскай тэатральнай акадэміі. Вывучала традыцыйны японскі танец ніхан буе і бута; тэхніку японскага тэатра Но ў школе «Кіта Но» ў Токіо. Працуючы ў Нацыянальным тэатры Літвы з лепшымі рэжысёрамі краіны, Бірутэ Мар, тым не менш, распачала ўласны тэатральны праект і са сваімі монаспектаклямі аб’ездзіла ўвесь свет. З’яўляецца аўтарам чатырох кніг эсэ і паэзіі; п’есы «Опера грыму».

Гэтым разам мінскія гледачы ўбачылі пастаноўку «Антыгоны» Сафокла ў трагічна-ўзнёслым выкананні Бірутэ Мар. Крохкая постаць маленькай жанчыны з вялізнымі — амаль на ўвесь твар — вачыма, у сціплым няяркім адзенні... Яе сцэнічны касцюм лёгка трансфармуецца з дапамогай рук, то ахінае фігуру, то адкрывае яе і робіць асабліва датклівай, амаль безабароннай. Моцны прамень святла па чарзе выхоплівае з пустой прасторы падмосткаў персанажаў Сафокла — Антыгону, Ісмену, Крэона, Гемона. Святло і касцюм выконваюць функцыю «жывых», рухомых дэкарацый. Адначасова аздабляюць асяродак і вылучаюць эмоцыі. Бірутэ Мар імгненна змяняецца на вачах гледачоў: яна то пагрозліва-магутная — ад імя Крэона, то пяшчотна-ласкавая — ад імя Ісмены, то безабаронна-чыстая, як Антыгона. На задніку сцэны на вялізным экране рытмічна арганізаваны рух гіганцкіх постацей — пракочваецца хвалямі эмоцый, усплёскамі пачуццяў, рэхам болю. Актрыса далучае гледачоў да падзей антычнай трагедыі, перажывае горыч і радасць выкананага абавязку, дазваляе разам з гераіняй адчуць адчай і подых смерці. Усе эпізоды спектакля знітоўваюцца ў паўнавартаснае сцэнічнае відовішча, не абцяжаранае залішнімі маналогамі і не перагружанае адчувальна вялізнай колькасцю слоў. Самае цікавае — імгненныя акцёрскія пераўвасабленні — ад персанажа да персанажа, з вобраза ў вобраз. І магутная, палётная партытура эмоцый, спыненая трагічным фіналам.

Моцнае ўражанне выклікаў спектакль «Кыся» паводле рамана Уладзіміра Куніна, паказаны валгаградскім Камерным драматычным тэатрам (Расія). Інсцэніроўка і рэжысура Якава Рубіна. Выканаўца Усевалад Чубенка. На сцэне ў якасці дэкарацый — толькі гамак. Акцёр — сам-насам з гледачамі і апавядальнай плынню яркага, задзёрыстага тэксту. Перад выканаўцам пастаўлена складаная задача: шляхам унутраных трансфармацый распавесці амаль дэтэктыўную гісторыю аб прыгодах шафёра-дальнабойшчыка і бадзяжнага ката. Ад імя Ката — і пра сучасныя чалавечыя каштоўнасці! Без якой-небудзь тэатральнай сістэмы прыкрыцця. Не толькі трымаючы гледачоў на ланцугу інтрыгі, але і паглыбляючы ў мяккую багну спачування. Прымушаючы разам смяяцца, радавацца, абурацца і верыць. Усё гэта акцёру ўдалося найлепшым чынам.

Тэатральная кампанія Піпа Ютана з Лондана паказала спектакль «Чаплін» у выкананні Піпа Ютана, які сёлета і атрымаў Гран-пры. Акцёр — зорка жанру «мона», удзельнік і пераможца мноства міжнародных фестываляў — без намаганняў захапіў беларускую публіку. Спектакль пра Чарлі Чапліна вылучаўся шырокай гамай эмоцый, сярод якіх пераважалі чалавечнасць і цеплыня. Адточаная лёгкасць існавання ў вобразе, рухомасць пачуццяў, пластычнасць і пераканальнасць рухаў і жэстаў. У сцэнічнай кампазіцыі дарэчы выкарыстоўваўся кінаэкран, падмацоўваючы ўражанне руху ў часе і прасторы.

Монаспектакль «Сіні аўтамабіль» увасобіў акцёр Кіеўскага акадэмічнага маладога тэатра Аляксей Вярцінскі, які прыехаў у Мінск з шэрагам дыпломаў і гран-пры міжнародных фестываляў. Папулярная ў Беларусі п’еса Яраслава Стэльмаха для многіх адкрылася новымі гранямі. Яе шчырыя і спавядальныя інтанацыі былі ўзмоцнены выбуховай імпульсіўнасцю акцёрскага існавання. Словы і сюжэт праціналі, як ток. П’еса, паводле прызнання самога драматурга напісаная «для душы», з лёгкасцю знаходзіла водгук у душах гледачоў. Спектакль цалкам апраўдваў прызначэнне жанру «мона», калі дастукацца да сэрцаў людзей — зусім не праблема.

Цікава, што ў праграме монафестывалю прысутнічаў яшчэ адзін «Сіні аўтамабіль»: у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача пастаноўку ажыццявіла Наталля Башава. Ролю героя А выканаў малады акцёр Аляксандр Гладкі. Гэты спектакль быў больш скіраваны ў экзістэнцыю. Пахіснутую свядомасць, душэўныя перажыванні персанажа падкрэслівалі нахіленая дэкарацыя, імпульсіўна-разгублены выгляд героя, ягоная заўсёдная несупакоенасць. Інтэрпрэтацыя сталася яшчэ адной фарбай у сцэнічным прачытанні выдатнага драматургічнага твора.

У жанры «мона» на фестывалі дэбютавала салістка Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Лідзія Кузьміцкая. Яна выканала оперу Франсіса Пуленка па п’есе Жана Както «Чалавечы голас» (рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Мархель), эмацыйна пераконваючы гледачоў, што «жыццё без кахання не мае сэнсу».

У фестывалю монаспектакляў «Я» ёсць не толькі ўласная публіка — ёсць і адданыя яму акцёры, для якіх «мона» зрабілася творчай неабходнасцю, сэнсам прафесіі. Сустрэча з выканаўцамі, фанатамі жанру, заўсёды ўражвае. У нас гэта Валерый Шушкевіч, Галіна Дзягілева і Уладзімір Шэлестаў (хоць, на жаль, апошні ў сёлетнім фестывалі не ўдзельнічаў).

З памяці яшчэ не знікла інсцэнізацыя рамана Кузьмы Чорнага «Млечны шлях», зробленая Шушкевічам. У гэтым годзе ён разам з Мазырскім драматычным тэатрам імя Івана Мележа і рэжысёрам Раманам Цыркіным звярнуўся да апавядання Ісаака-Башэвіса Зінгера «Гімпл-дурань». Акцёраў такога інтэлектуальнага і пачуццёвага дыяпазону, здатных да выяўлення мікраэмоцый сваіх персанажаў, у Беларусі па пальцах можна пералічыць. Уражанні ад ягонай творчасці — адпаведныя. У «Гімпле-дурні» Валерый Шушкевіч з асалодай аддаўся павольнай і зместава парадаксальнай плыні літаратурнага твора. Увесь спектакль — нібы адмысловае падарожжа па незлічоных закутках чалавечай душы, дзе кожны паварот сюжэта штораз прапаноўвае гледачам нечакана вострую радасць здзіўлення.

Музычна-драматычны спектакль «Пачакай, сонца!» паводле рамана Ліны Кастэнка «Маруся Чурай», твораў еўрапейскай паэзіі і вершаў Ніны Мацяш — плён працы Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зьніч» і Галіны Дзягілевай. Адданая прыхільніца жанру — адначасова яго нястомная сілкавальніца. Спалучаючы ва ўражальным і экстравагантным сцэнічным відовішчы выдатную паэзію і цудоўную музыку Алега Залётнева, актрыса распачынае смелую гульню з тэатральнымі стылямі і эпохамі. Яе ўласную творчую няўрымслівасць, імкненне да нешараговых вырашэнняў немагчыма не заўважыць. Уласна кажучы, Галіна Дзягілева і сама ўвасабляе цэлы тэатральны рух — «мона».

Магчыма, прыхільнікаў аўтарскага накірунку ў акцёрскай творчасці пакуль што не вельмі шмат. Але аднойчы палюбіўшы «мона», ад яго ўжо немагчыма адхінуцца. Для таго каб больш глыбока і тонка спасцігнуць мастацтва тэатра, важна ведаць сакрэты акцёрскага рамяства. На фестывалях монаспектакляў, дзе разам збіраюцца выканаўцы з многіх краін свету, праходзіць непаўторная панарама буйных акцёрскіх планаў. Вочы, постаці, твары, абліччы... І здаецца, што межы прафесіі рассоўваюцца надзвычайна. Адкрываюцца новыя далягляды.

І, зрэшты, не так ужо важна, што фестываль монаспектакляў у Беларусі фактычна трымаецца на энтузіязме ягоных арганізатараў. Пакуль існуе энтузіязм, не згасне цікавасць да акцёрскага мастацтва. Не знікне фестываль.

Людміла ГРАМЫКА

 

Наш фестываль быў заснаваны ў 1993 годзе Беларускім цэнтрам Міжнароднага інстытута тэатра, Саюзам тэатральных дзеячаў, Міністэрствам культуры і праходзіць у Беларусі ўжо пяты раз. З часу заснавання шмат што змянілася, але мы выжываем і спадзяемся на лепшае ў будучыні. «Мона» — надзвычай цікавы жанр. «Мона» — гэта цэлы свет. На сцэне знаходзіцца толькі адзін акцёр, але спектакль будуецца па ўсіх законах драматычнага, пластычнага, лялечнага тэатраў. Галоўнае — Я. Галоўнае — асоба, яе здатнасць да творчасці. «Мона» захапляе не толькі выканаўцаў, але і публіку. Таму мы імкнемся, каб на кожным фестывалі было як мага больш спектакляў самага высокага ўзроўню. Жанр надзвычай мабільны, каб забяспечыць паказ, звычайна дастаткова трох чалавек — што дазваляе запрашаць гасцей з розных краін свету і, вядома ж, трымацца на плаву. Сёлета нам вельмі паспрыяла Беларуская акадэмія мастацтваў, якая адкрыла для «мона» сваю сцэнічную пляцоўку. Неацэнная дапамога і Камісіі па справах ЮНЕСКА, праз якую фестываль існуе і, спадзяюся, будзе існаваць надалей.

Антаніна Міхальцова, дырэктар — мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю монаспектакляў «я»

Міжнародны фестываль монаспектакляў «Я» быў ініцыяваны Беларускім цэнтрам Міжнароднага інстытута тэатра (МІТ), узнікненне і дзейнасць якога непасрэдна звязаны з ЮНЕСКА. Каб падтрымаць пачынанне і традыцыю, якая на той час ужо мела сваю гісторыю, ЮНЕСКА па нашай просьбе часткова фінансавала фестываль, які праходзіў у 2005 годзе. Было вырашана зрабіць тое ж самае і сёлета. Удзел у тэатральных сустрэчах прадстаўнікоў розных краін — добрая нагода для творчага абмену або, калі карыстацца тэрміналогіяй ЮНЕСКА, для дыялога культур. І нарэшце, правядзенне фестывалю ў сценах Акадэміі мастацтваў дало магчымасць студэнтам пазнаёміцца з рознымі існуючымі тэатральнымі і акцёрскімі школамі.

 Уладзімір Шчасны, старшыня нацыянальнай камісіі
па справах Юнеска ў Рэспубліцы Беларусь