Зона даверу

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

«Фокусная адлегласць». Рэжысёры Андрэй Куціла, Раман Рамашка. Аператар Андрэй Куціла. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, відэастудыя «SVS» Беларускага дзяржаўнага універсітэта. 2008 год.

Кожны з нас мае сваю інтымную прастору, зону, у якую мы звычайна чужых не пускаем. Так ці інакш, прафесія дакументаліста прадугледжвае наўмыснае парушэнне межаў гэтай зоны. Без набліжэння да аб’екта здымак кіно не атрымаецца. Дык на якую адлегласць герой дакументальнага фільма можа дапусціць яго стваральнікаў? Уменне падысці да свайго героя як мага бліжэй і ёсць адной з галоўных якасцей таленавітага творцы.Пачынаючыя рэжысёры Андрэй Куціла і Раман Рамашка здолелі наблізіцца амаль ушчыльную. Такая адлегласць нездарма называецца «фокуснай» і нават вынесена ў назву. Герой карціны -- Уладзімір Мядзведзеў -- выкладчык у фотагуртку Дома культуры расійскага гарадка Бароўска, што месціцца ў Калужскай вобласці. Фільм «Фокусная адлегласць» -- невялікі, але вельмі ёмісты партрэт не толькі старога фотамайстра, але і яго горада, а праз горад -- сучаснай рускай правінцыі.Карціна пачынаецца з кадраў, знятых у змроку фоталабараторыі, дзе пакуль яшчэ невядомы нам чалавек састарэлым ужо спосабам, у ванначцы, праяўляе здымкі гарадскіх вуліц. На здымках -- незвычайныя графіці, імітацыя розных мастацкіх стыляў, відаць, забава нейкага мясцовага аматара жывапісу. Камера засяроджвае ўвагу на адным фота. Паступова праз чырвань лабараторнага ліхтара пачынаюць праступаць жывыя колеры -- і вось мы ўжо бачым арыгінал, а потым і нешматлюдную вуліцу правінцыйнага Бароўска.Чаму маладыя беларусы раптам вырашылі здымаць кіно так далёка ад Радзімы? Гісторыя стварэння «Фокуснай адлегласці» цікавая сама па сабе. Папярэдні фільм Андрэя Куцілы «Паэма веры» (зняты ў сааўтарстве з Аляксандрам Налівайкам) удзельнічаў у конкурснай праграме фестывалю праваслаўнага кіно ў падмаскоўным Обнінску. Сярод мерапрыемстваў фестывалю былі і паездкі па наваколлі. У бароўскім Доме культуры Андрэй Куціла выпадкова зайшоў у фотамайстэрню, пазнаёміўся з яе гаспадаром -- і размова з ім зацягнулася на некалькі гадзін. Потым, калі вярнуўся ў Мінск, злавіў сябе на думцы, што ўвесь час успамінае пра сівога фатографа. Так нарадзілася жаданне зняць фільм. Праз колькі тыдняў разам з калегам Раманам Рамашкай Андрэй Куціла на тры дні вярнуўся ў Бароўск і ўсе гэтыя дні правёў побач са сваім героем. Спачатку Уладзімір Мядзведзеў не надта дапускаў прышэльцаў у сваю інтымную прастору. А потым...У дваццаці трох хвілінах фільма змясцілася цэлае чалавечае жыццё. Пры гэтым падрабязнасцей біяграфіі героя «Фокуснай адлегласці» мы не ўбачым. Няма ў стужцы (і гэта ўжо стала тэндэнцыяй для сучаснай дакументалістыкі) дыктарскага тэксту «ад аўтара». Пэўна, самы ўдалы бок карціны -- неверагодная назіральнасць аўтараў і трапны, вельмі дакладны мантаж. Камера, за якой стаяў сам Андрэй Куціла, працуе вельмі аскетычна, агульныя, статычныя планы Бароўска і фотамайстэрні змяняюцца буйнымі планамі твару самога Уладзіміра Мядзведзева. Па словах рэжысёра, цягам трохдзённых здымак было запісана больш за дзесяць гадзін матэрыялу. Мантаж і праца над гукам занялі пасля вяртання ў Мінск некалькі месяцаў. Аднак поспех «Фокуснай адлегласці» -- менавіта ў даверлівых узаемаадносінах паміж аўтарамі і героем фільма.Правінцыйны фатограф наўмысна карыстаецца састарэлай тэхнікай рэтушы. Ён, як гэта рабілася даўным-даўно, здымае плёначным фотаапаратам, а потым размалёўвае чорна-белыя здымкі ў яркія колеры. Сярод фотавыяў Уладзіміра Мядзведзева значнае месца займаюць партрэты маладой, прыгожай дзяўчыны. Гэта -- Лена, дачка майстра. Зноў і зноў мужчына друкуе і размалёўвае яе здымкі. Потым гучыць яго голас: стары чытае свой ліст да дачкі. Высвятляецца, што яна даўно жыве недзе за мяжой і кантактаў з бацькам не падтрымлівае. Становіцца зразумела, што «Фокусная адлегласць» -- фільм аб чалавечай адзіноце.Адзінота героя падкрэслена самотным настроем яго горада, здаецца, гэткага ж старога і недагледжанага. Кароткая стужка раптам раскрываецца таемным сэнсам: становіцца зразумела, чаму фатограф так прыязна паставіўся да чужых хлопцаў -- для яго гэта была магчымасць распавесці пра свой прыхаваны боль. Адлегласць паміж маладымі дакументалістамі і правінцыйным фатографам скарацілася да мінімуму: з паездкі ў Бароўск хлопцы прывезлі не толькі касеты з запісамі, але і здымкі саміх сябе, што зрабіў Уладзімір Мядзведзеў. Не так часта падчас працы над стужкай яе героі здымаюць саміх кінематаграфістаў. «Фокусная адлегласць» тут -- пэўны унікум.

Нядаўні выпускнік факультэта журналістыкі БДУ Андрэй Куціла толькі пачынае спасцігаць таямніцы прафесіі рэжысёра -- вучыцца на курсах павышэння кваліфікацыі пры Беларускай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Аляксандра Карпава-малодшага. Але некалькі яго фільмаў ужо былі запрошаны на шэраг міжнародных кінафорумаў, сярод якіх студэнцкія фестывалі ў Карлавых Варах, Пецярбургу, падмаскоўных Белых Стаўбах, а таксама сур’ёзныя -- «дарослыя» -- дакументальныя фестывалі ў Кракаве і Лейпцыгу. Як бачым, у беларускай дакументалістыцы гадуецца змена, і змена сур’ёзная, якая ўжо сёння можа працаваць на прафесійным узроўні.

 

Антон СІДАРЭНКА