У кожнага свой фестываль

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

У лістападзе сусветны фестывальны рух бярэ невялікую паўзу. Асноўныя прызы раздадзены, кінафорумы класа «А» пачалі адбор удзельнікаў наступных праграм. Прыйшоў час тых, чый лёс -- паказваць фільмы-пераможцы з іншых фестываляў. Мінскі «Лістапад» менавіта такі. Яго адзіны прынцып -- усё самае лепшае з усяго свету.

Мастацкі дзённік Антона Сідарэнкі Дарэчы, такая канцэпцыя мае свае плюсы і мінусы. Плюсы, думаю, пералічваць не варта. Убачыць на вялікім экране пераможцаў і прызёраў самых прэстыжных сусветных кінафорумаў -- гэта выдатна. Тым больш у самую змрочную перадзімовую пару, калі мінчукам так не хапае новых яркіх эмоцый. Ажыўляе «Лістапад» (неафіцыйная назва Мінскага міжнароднага кінафестывалю стала яго брэндам) і беларускае кінематаграфічнае жыццё, небагатае на падзеі. Да восеньскага фэсту «Беларусьфільм» звычайна падгадвае свае прэм’еры. Гледачы, крытыкі, ды і самі стваральнікі стужак, могуць параўнаць айчынную кінапрадукцыю з сусветнай і зрабіць адпаведныя высновы. У гэтым сэнсе пераацаніць «Лістапад» немагчыма. Наш фестываль стаў свайго кшталту эксперыментальнай пляцоўкай для беларускіх кінематаграфістаў, дзе яны кожны год даюць справаздачу перед сваім гледачом. Вынікі працы «Беларусьфільма» лепш за ўсё відаць на спецыяльнай дошцы ў шматгадовым цэнтры «Лістапада» -- сталічным кінатэатры «Кастрычнік».Гэтая дошка-табло -- яшчэ адна станоўчая адметнасць мінскага фэсту. Штодня на ёй з’яўляецца вынік «рэйтынгавага галасавання» гледачоў наконт чарговых карцін, паказаных у межах конкурснай праграмы. Своеасаблівы «гамбургскі рахунак» дапамагае ацаніць не толькі мастацкую вартасць карцін, але і іх камерцыйны патэнцыял, спрагназаваць далейшы пракатны лёс фаварытаў і няўдачнікаў «Лістапада».Цяпер -- пра мінусы. Шмат якія стужкі з сёлетняй праграмы беларускага фестывалю мы ўжо бачылі ў сталічных кінатэатрах. І бачылі ўжо даўно -- месяцы таму. Гэта тычыцца заяўленых карцін «Ціхае святло» мексіканца Карласа Рэйгадаса, «Кантроль» галандца Антона Карбайна, «Жыві і памятай» расіяніна Аляксандра Прошкіна.Прабачце за таўталогію, але фільм-адкрыццё «Лістапада-2008» -- насамрэч цікавы кінаальманах «У кожнага сваё кіно» -- зусім не адкрыццё для мінскіх аматараў кінематографа. З паўгода таму гэтая стужка была ў рэпертуары сталічнага Дома кіно і карысталася пэўным поспехам. Для сусветнай кінаграмадскасці яна стала актуальнай яшчэ раней -- у маі 2007-га, калі з яе пачынаўся Канскі міжнародны фестываль. Безумоўна, «У кожнага сваё кіно» -- феномен у мастацтве, бо складаецца з эпізодаў, знятых самымі вядомымі рэжысёрамі свету. Але беларусы ў іх лік, па зразумелых прычынах, не ўвайшлі... А хацелася б, каб «Лістапад» адкрываўся стужкай калі і не новай, дык хоць неяк звязанай з Беларуссю.У сябе дома «Лістапад» карыстаецца заслужанай павагай -- усё ж адзіны фестываль такога ўзроўню! Аднак, на сярэдзіне другога дзесяцігоддзя існавання, можна мець і больш гучную міжнародную вядомасць. Так, пра «Лістапад» шмат хто чуў, аднак па-за межамі Беларусі мала хто з кінематаграфістаў добра разумее, што з сабе ўяўляе беларускі фестываль. Адсюль і адсутнасць замежных журналістаў і крытыкаў. Які ўклад «Лістапад» можа зрабіць у сусветны фестывальны рух? Над гэтым пытаннем трэба як след задумацца.Яшчэ адна тэндэнцыя, якая пануе на «Лістападзе» апошнія гады: фестываль відавочна пашыраецца за кошт з’яўлення паралельных праграм і конкурсаў. Гэта, безумоўна, вельмі добра: наяўнасць дадатковых паказаў і рэтраспектыў заўсёды адрознівае высакаякасны кінафорум. Так, другі год запар на фестывалі праводзіцца конкурс неігравых стужак. Першы досвед аказаўся вельмі ўдалым: спецыялісты нават сцвярджалі, што дакументальная праграма «Лістапада-2007» была нашмат цікавейшай за асноўную праграму ігравых стужак. Праўда, дакументалістыка не тое што згубілася на агульным фоне вялікага фестывалю, але многія неігравыя стужкі засталіся проста не заўважанымі гледачом з-за надта насычанага раскладу.Яшчэ адна навацыя: сёлета на «Лістападзе» з’явіўся конкурс тэлевізійнага кіно, у праграме якога стужкі выключна айчыннай вытворчасці. Не дзіўна, што фестываль звярнуў увагу на прадукцыю для «малога экрана»: маштабы кінавытворчасці для тэлеканалаў увесь час павялічваюцца. Для «Беларусьфільма» тэлекіно ў апошнія гады стала адным з галоўных кірункаў дзейнасці. Зразумелае жаданне арганізатараў «Лістапада» зрабіць беларускі фестываль як мага больш рознабаковым. Тым не менш, трэба ўлічваць і міжнародны вопыт. Для дакументальнага і тэлевізійнага кіно, гэтых вельмі цікавых напрамкаў экраннага мастацтва, існуюць спецыялізаваныя фестывалі.Так ці інакш, Мінскі міжнародны фестываль -- галоўная кінападзея года ў нашай краіне. І самае значнае дасягненне «Лістапада» ў тым, што цягам фэсту кожны можа знайсці кіно на свой густ.