Ігар Лучанок. Выбранае

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

«Жытнёвы звон». Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. Дырыжор Аляксандр Крамко. Аўтар праекта і вядучая Вольга Брылон. Беларуская дзяржаўная філармонія.

У музычным асяроддзі да яго ставяцца па-рознаму. Хтосьці шкадуе, што апошнія гады Ігар Міхайлавіч не піша так актыўна, як раней. Хтосьці іранічна атэстуе яго як «песняра прамінулай савецкай эпохі» -- у адпаведнасці з красамоўным найменнем адной з песень («Я твой трубач, таварыш камсамол!»). Некаторыя з калег пачціва называюць Лучанка жывой легендай. Некаторыя зайздросцяць бязмежнай папулярнасці яго твораў -- шлягераў, выконваць якія лічылі за гонар самыя яркія спевакі і ансамблі Беларусі і ўсяго Саюза.Калі асоба кампазітара і плён яго творчасці па-ранейшаму выклікаюць спрэчкі -- гэта першае сведчанне запатрабаванасці аўтара. Як ні намагайся даказаць адваротнае, але песня -- самы дэмакратычны жанр музыкі. Самы даступны і зразумелы. Нідзе і ніколі вядомасць і папулярнасць кампазітара, які працуе выключна ў жанрах акадэмічных, піша сімфоніі, харавыя або вакальныя цыклы, не зраўнуецца з папулярнасцю і запатрабаванасцю таго, хто паслядоўна, мэтанакіравана працуе для эстрады.Стаўленне да Лучанка ўласна музычнага асяроддзя, думаю, не заўсёды ісціна ў апошняй інстанцыі. Тым больш, што, як любіць жартам сцвярджаць сам Ігар Міхайлавіч, кампазітар кампазітару -- не сябра, не таварыш і не брат. (Хоць вельмі часта -- як шматгадовы і нязменны старшыня Саюза кампазітараў Беларусі -- абвяргае такі тэзіс уласнай дзейнасцю.)Лучанка любіць і цэніць інтэлігенцыя. Любяць і шануюць звычайныя слухачы, а гэта значыць -- народ. У тым пераканала вечарына «Жытнёвы звон». У філармоніі быў аншлаг. Партэр -- поўны, на балконе сядзелі на прыступках і стаялі тыя, каму не хапіла месца. Вельмі добра, што юбілейны, па сутнасці, вечар, прысвечаны 70-годдзю, пэўна, самага вядомага айчыннага кампазітара, народнага артыста СССР і Беларусі, адбываўся без напышлівых прамоў, бясконцага зачытвання адрасоў і ўслаўлення, якое вельмі часта толькі перашкаджае ўспрыманню музыкі.Даўно ў сталічнай філармоніі не было такога шырокага, усёабдымнага паказу творчасці Лучанка -- ад ранніх твораў да бясспрэчных хітоў. Перад слухачом паўставалі абрысы магутнага музычнага мацерыка, разгортваўся сапраўдны музычны космас! І гэта -- цалкам натуральна, бо кампазітар здолеў узняць жанр песні на ўзровень музычных шэдэўраў.У поспеху складнікаў шмат. Песня не можа існаваць без сінтэзу, арганічнай з’яднанасці слова і музыкі, без іх глыбокага ўзаемнага пранікнення. Невыпадкова пры згадванні слоў знакамітых песень («Узняўся над лесам світанак крылаты...»; «Жаль, у моря нету брода, а у ветра нет следа...»; «Гэта я з табой вечарую, туманамі цябе я чарую...»), памяць адразу падказвае і мелодыю -- менавіта лучанкоўскую.Выдатны набор і падбор паэтаў, сааўтараў кампазітара. Ад Адама Русака -- да Уладзіміра Някляева. Ад Ніла Гілевіча -- да Аркадзя Куляшова. Ад Алеся Ставера -- да Генадзя Бураўкіна. Ад Роберта Раждзественскага -- да Алеся Барскага. Ад Анатоля Вялюгіна -- да Уладзіміра Карызны. (Шмат «жывых класікаў» прысутнічала ў зале, і публіка з цікавасцю і энтузіязмам іх вітала). Ну, і вядома -- сапраўднымі шэдэўрамі кампазітара сталіся «Мой родны кут» на словы Якуба Коласа (твор, які зрабіўся пазыўнымі Беларускага радыё), «Спадчына» на словы Купалы, куляшоўская «Алеся», багдановічаўская «Вераніка».Праграма была пабудавана вельмі разумна -- на кантрастах жартаўлівай гарэзнасці і глыбокага драматызму, на супастаўленні прачулай, душэўнай лірыкі і дынамічных, імклівых шлягераў -- і развівалася «па ўзыходнай». Думаю, справа не толькі ў выдатным меладычным дары кампазітара, напеўнасці, глыбіні яго твораў. Па сутнасці, падчас вечарыны «Жытнёвы звон» перад слухачом паўстаў надзіва маштабны і прывабны музычны вобраз краіны.У «Жытнёвым звоне», акрамя Лучанка, былі па меншай меры яшчэ два галоўныя героі. Найперш -- вядучая і аўтар праекта музыказнаўца Вольга Брылон, якая яго прыдумала і, па словах Анатоля Кашапарава, «падняла велізарны пласт працы». Па-другое, Аляксандр Крамко, адзін з салістаў Нацыянальнага аркестра народных інструментаў, які ў дадзеным праекце выступаў у якасці дырыжора і аўтара ажно трыццаці (!) інструментовак. (Заўважу, што Крамко зрабіў велізарную працу. Фактычна ўсё мінулае лета пайшло ў музыканта на тое, каб перакласці знакамітыя творы на гучанне народнага аркестра.)Музычная грамадскасць ужо прызвычаілася да таго, што аркестраў, якія суправаджаюць выступленні зорак і проста артыстаў эстрады, у краіне два -- Нацыянальны канцэртны пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і Прэзідэнцкі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Але нечакана высветлілася, што ёсць і трэці. І хоць кампазітары, якія сядзелі ў зале недалёка ад мяне, заўважалі потым, што, магчыма, ударная група досыць часта дамініравала, а цымбалаў -- асноўнага інструмента аркестра -- было замала, -- думаю, што гэта дэталі, якія лёгка падкарэкціраваць. Шчыра кажучы, мяне здзівіла, што народны аркестр успрымаўся так, нібыта Лучанок свае шэдэўры пісаў з разлікам менавіта на гэты інструментальны склад. У межах канцэрта прагучалі і дзве аркестравыя фантазіі Крамко на тэмы песень Лучанка. Адна з іх яднала мелодыі ваенных песень, другая -- лірычныя.Тое, што асноўным выканаўцам у вечарыне «Жытнёвы звон» стаў менавіта аркестр Жыновіча, мае сваё тлумачэнне. Болей як паўстагоддзя таму, а менавіта ў 1952-м, 14-гадовы Ігар Лучанок, выпускнік школы-адзінаццацігодкі пры Белдзяржкансерваторыі, быў залічаны ў штат аркестра (прафесійных цымбалістаў у той час катастрафічна не хапала). Будучы кампазітар не толькі пачынаў тут свой творчы шлях, але і паспеў разам з аркестрам прыняць удзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1955 годзе і выступіць на сцэне Вялікага тэатра.Ну, а «калектыўным», так бы мовіць, героем «Звону» сталіся спевакі, салісты, якія аказаліся адзін за другога лепшымі! Зухавата-аптымістычны Якаў Навуменка і гарэзная Марына Васілеўская; задуменная і заўжды высакародная Алена Сало; юныя Дарэна Ігнаценка і Крысціна Святлічная са студыі «Каларыт», якой кіруе Барыс Асмалоўскі; абаяльны і раскаваны Георгій Калдун -- ён закрываў першае аддзяленне знакамітай песняй «Жураўлі на Палессе ляцяць»; заўсёды лірычная і пранікнёная Ірына Дарафеева… І, нарэшце, легенда мулявінскіх «Песняроў» Анатоль Кашапараў -- на канцэрт ён спецыяльна прыляцеў з Амерыкі. Зала вітала яго шчыра і доўга.Двое выканаўцаў падаліся адкрыццём праекта: малады спявак Сяргей Якуш, саліст Гомельскай абласной філармоніі, якому даверылі выконваць «Алесю», «Зачараваную», «Вераніку», «Жытнёвы звон», і (магчыма, яшчэ ў большай ступені) Сяргей Мядзведзеў, які прыгажосцю голасу і высакародна-стрыманай манерай паводзін нагадаў часы панавання на нашай эстрадзе такой зоркі, як Віктар Вуячыч....Беларускае слова, беларуская песня, павага да свайго, нацыянальнага, уменне ганарыцца, захапляцца, годна прадставіць лепшыя здабыткі айчыннай музыкі -- усё гэта сёння дорага каштуе. Праекты, годна і ярка ўвасобленыя вялікім калектывам выканаўцаў, шмат у чым пераконваюць. Напрыклад, у тым, што лепшае, сапраўды каштоўнае -- класіка эстраднага жанру -- не згубіцца, не патоне ў акіяне безгустоўнай і таннай «папсы», якая гучыць на шматлікіх тэле-, радыё- і FM-каналах. Пераконваюць, што можна сумясціць рэчы на першы погляд маласумяшчальныя. Напрыклад, беларускамоўную праграму і поўную залу філармоніі (бо як ні круці, музыка -- мастацтва па сваёй сутнасці касмапалітычнае. Асабліва для нашага гледача і слухача, якога дзесяцігоддзямі прывучалі захапляцца чужым і грэбліва ставіцца да свайго). Што зорак эстрады можна спалучыць з гучаннем народнага аркестра. Што людзі разумныя, якія маюць густ, могуць і павінны хоць бы час ад часу аб’ядноўвацца, каб прадставіць слухачу лепшае, што назапашана айчыннай музыкай.І яшчэ. Такія праекты нараджаюць пачуццё... як бы лепей сказаць? Гістарычнай справядлівасці і гістарычнай перспектывы. Упэўненасці, што лепшае са створанага беларускімі кампазітарамі (напісанае не толькі два-тры дзесяцігоддзя таму, але і сёння. І тое, што напішацца заўтра) не будзе занядбана наступнымі пакаленнямі слухачоў і музыказнаўцаў. А што да «Жытнёвага звону»... Ведаючы, што пры канцы года Саюз кампазітараў Беларусі будзе адзначаць уласнае 75-годдзе, можна меркаваць, што такая творчая акцыя станецца ці не адной з найбольш яркіх падзей музычнага свята. Таццяна МУШЫНСКАЯ