«Макбет» у Віцебску, «Алека» ў Мінску, «Рамэо...» у Вільнюсе

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

Нацыянальныя опера і балет не стамляюцца здзіўляюць сваіх слухачоў і гледачоў. Калектывы пашыраюць сферу ўплыву, знаходзяць новыя пляцоўкі для выступленняў, выпраўляюцца ў гастрольныя вандроўкі.

У чаканні завяршэння капітальнага рамонту будынка тэатра на Траецкай гары беларуская опера ладзіць канцэрты не толькі ў вялікай і малой залах Белдзяржфілармоніі, да чаго прызвычаіліся меламаны. Пры канцы кастрычніка ў канцэртнай зале «Мінск» сабраліся прыхільнікі надзвычай прыгожага і палётнага голасу Алены Сало (каларатурнае мецца-сапрана), якая разам з Анастасіяй Масквіной, Эдуардам Мартынюком, хорам і аркестрам оперы прапанавала праграму «Сэрца, табе не хочацца спакою...». У ёй былі сабраны песенныя шлягеры Ісака Дунаеўскага, Васіля Салаўёва-Сядога, іншых кампазітараў, чые творы лічацца класікай жанру. Рэтра-праграма -- бяспройгрышны шлях да сэрцаў слухачоў сярэдняга і старэйшага пакаленняў. Песні мінулых дзесяцігоддзяў набылі асаблівую важкасць як музычныя помнікі пэўнай эпохі, цікавыя і прывабныя ва ўсе часы.Можна толькі парадавацца, што нашы дырыжоры нарэшце ацанілі здольнасць Алены Сало свабодна, лёгка і нязмушана правесці «сольнік» у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. (Заўважу, што оперных салістаў, здольных на такія творчыя подзвігі, у нашым тэатры можна пералічыць на пальцах адной рукі. Сярод іх мецца-сапрана Аксана Волкава, якая летась прэзентавала ў вялікай зале філармоніі ўласны надзвычай арыгінальны праект пад назвай «Опера-мадэрн»).Яшчэ дзве музычныя імпрэзы, што ладзіліся ў малой зале Палаца Рэспублікі (гэтая пляцоўка налічвае ўдвая болей месцаў, чым зала імя Рыгора Шырмы), прапанавалі вядучыя салісты оперы. Вечарына старадаўняга раманса мела назву «Адцвілі хрызантэмы...», а канцэрт Таццяны Траццяк (сапрана) і Уладзіміра Пятрова (барытон) разам са струнным квінтэтам «Серэнада» акрэсліўся як «Рамантычныя мелодыі».Непрацяглую гастрольную вандроўку ў Віцебск наладзіў тэатр оперы. Тут на пачатку лістапада, на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа былі паказаны «Травіята», «Севільскі цырульнік», а таксама «Церам-церамок», опера для дзяцей. Але, пэўна, самую вялікую цікавасць выклікаў прэм’ерны канцэртны паказ «Макбета» Вердзі, адной з найбольш складаных і змрочных опер вялікага італьянца. Паўнавартасны тэатральны паказ, хутчэй за ўсё, будзе ажыццёўлены на адноўленай сцэне тэатра. Калектыў рыхтуе чатыры склады выканаўцаў. Музычны кіраўнік «Макбета» -- Віктар Пласкіна, рэжысёр-пастаноўшчык -- Маргарыта Ізворска-Елізар’ева.Прэм’ера аднаактовай оперы Сяргея Рахманінава «Алека» будзе прэзентавана тэатрам у снежні на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў. Оперу пакажуць у адзін вечар са «Званамі», інструментальна-харавым творам кампазітара, што досыць рэдка выконваецца. А цяпер звернемся да балетных навін. Пры канцы верасня ў Сочы ладзіўся II Міжнародны конкурс «Малады балет свету». Яго заснавальнікам з’яўляецца выдатны расійскі харэограф Юрый Грыгаровіч. Ён і ўзначаліў міжнароднае журы, куды быў запрошаны наш Валянцін Елізар’еў.У сочынскім конкурсе прымалі ўдзел 70 маладых балерын і танцоўшчыкаў: прадстаўнікі краін, дзе балетнае мастацтва моцна развітае і мае трывалыя традыцыі (Італія, Беларусь, Расія, Украіна), і тых, куды класічны танец прыйшоў нядаўна (Паўднёвая Карэя, Арменія, Венесуэла, Казахстан, Кыргызстан). У конкурсе ўдзельнічала і Анастасія Лімянько, выхаванка Беларускага харэаграфічнага каледжа. Яна адзначана прызам імя Наталлі Бяссмертнавай, усталяваным расійскім часопісам «Балет».Без выступленняў нашай славутай балетнай трупы не абыходзяцца фестывалі, што збіраюць дзеячаў сумежных відаў мастацтва. Так, на закрыцці XIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» ў Брэсце калектыў паказаў «Шчаўкунка». А ў межах Дзён культуры Беларусі ў Літве, прэзентаваў спектакль «Рамэо і Джульета» на сцэне вільнюскага Нацыянальнага тэатра оперы і балета.На працягу ўсяго снежня Нацыянальны тэатр балета Беларусі будзе гастраляваць у далёкай Паўднёвай Карэі з каляднай харэаграфічнай казкай «Шчаўкунок». Як і шмат гадоў таму, феерычна прыгожы і маляўнічы спектакль карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю ў імпрэсарыо і гледачоў самых розных краін. Цікава, што ў мінулыя гады напярэдадні або падчас святкавання Раства наша трупа паказвала гэты балет Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева ў Галандыі, Германіі, Аўстрыі, Кітаі.