Бедны-бедны Журдэн

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

«Здурнелы Журдэн» Міхаіла Булгакава. Рэжысёр Мадэст Абрамаў. Мастак Аляксандр Касцючэнка. Беларускі маладзёжны тэатр.

/i/content/pi/mast/13/249/bedny zhurden.jpg 

Ганна Лавухіна (Дарымена),
Яўген Іўковіч (Дарант).

Спектаклем «Здурнелы Журдэн» Мадэст Абрамаў працягвае ў Маладзёжным тэатры сваю «мальерыяну». Дарэчы, менавіта такі падзагаловак мела гэтая п'еса Міхаіла Булгакава. Скіраванасць на класічныя камедыі становіцца для тэатра прыярытэтнай. Падобнай рэпертуарнай палітыкай дасягаюцца адразу дзве мэты: глядач адначасова і забаўляецца, і далучаецца да культурнай спадчыны. Такім чынам тэатр імкнецца захаваць аўдыторыю, але таксама -- і рыхтуе яе да ўспрымання больш сур'ёзнага матэрыялу. Прынамсі, так падаецца. Чым усё скончыцца, будзе бачна пазней.
У афармленні сцэны аддаецца даніна павагі Булгакаву і Мальеру -- іх вялізныя партрэты вісяць па баках пляцоўкі. Па заканчэнні дзеі акцёры кланяюцца абодвум аўтарам. На задніку -- тэатральная зала часоў Мальера. Матыў «тэатра ў тэатры», стрыжнявы для п'есы Булгакава, знаходзіць такім чынам сваё выяўленчае ўвасабленне. Зрэшты, афармленне спектакля можна назваць спрошчана-практычным: дэкарацый амаль няма, дамінантай сцэнаграфічнага вырашэння становяцца дзвярныя праёмы ў выглядзе арак, занавешаныя парцьерамі. Асноўным камічным прыёмам у спектаклі будзе раптоўнае з'яўленне персанажаў. Агульная палітра сцэнаграфіі няяркая, нават бляклая, асабліва заўважаеш гэта ў сцэне турэцкіх танцаў. Касцюмы герояў стылізаваны пад эпоху Людовіка XIV, а ў музычным афармленні выкарыстаны знакамітыя мелодыі Моцарта. Але відавочна і тое, што пастановачная група не прэтэндавала на рэканструкцыю эпохі Мальера, хутчэй, намякала на яе.Шмат увагі ў спектаклі нададзена харэаграфіі. Кожны танцавальны нумар у балетмайстра Яфіма Фадзеева (думаю, варта запомніць гэтае імя) ідэальна ўпісваецца ў адпаведную сцэну, ён не перацягвае ўвагу на сябе, а «разбаўляе» драматычную дзею. Ёсць забытае слова «дывертысмент», якое цалкам падыходзіць для вызначэння падобнага харэаграфічнага афармлення.Нельга сказаць, што Булгакаў істотна перапрацаваў камедыю Мальера. Пакінуўшы сюжэтную канву, аўтар «Здурнелага Журдэна» напоўніў яе алюзіямі матываў з іншых п'ес выдатнага французскага драматурга. Так, сцэна навучання заканчваецца эпізодам з мальераўскага «Дон-Жуана», і відавочна -- нездарма. Паміж вобразамі Дон-Жуана і Журдэна можна правесці паралелі. Апошні не філасофствуе, не рэфлексуе, але яго прыцягвае ў дваранстве менавіта тое, што ўласціва Дон-Жуану, -- неабмежаванае свавольства. Як Каменны госць прыйшоў да Дон-Жуана, так і жонка Журдэна прыйшла да свайго мужа, каб нагадаць яму, хто ён ёсць на самай справе. Гэтая сцэна не ўвайшла ў спектакль, мяркую, таму, што яго стваральнікам больш, чым ідэі і думкі Мальера, была важная яго асоба.Наўпроставых спасылак на Мальера ў п'есе Булгакава няшмат. Мальер -- аўтар п'есы, якую ставіць трупа тэатра «Старая галубятня», але сам ён на падмостках не з'яўляецца. А вось фінальная сцэна спектакля, якой у самой п'есе няма, дзе Луі Бежару -- выканаўцу ролі Журдэна -- раптам становіцца млосна на сцэне, з’яўляецца непасрэдным намёкам на лёс самога Мальера. Верагодна, менавіта такая трактоўка п'есы магла б ажывіць наша ўспрыманне вобраза выдатнага драматурга. «Навошта? -- могуць у мяне спытацца. -- Мальер і так з'яўляецца персанажам іншай п'есы Булгакава Кабала святош, хіба патрэбна нешта выдумляць яшчэ?» Так! П'еса «Кабала святош» выдатна ўзнаўляе трагічны лёс французскага драматурга, аднак згадаем заўвагі Станіслаўскага: творчае аблічча Мальера ў ёй не раскрыта. У сваіх успамінах Міхаіл Яншын сцвярджае, што назва «Мальер» п'есе Булгакава была дадзена памылкова, бо драматург у ёй -- адзін з галоўных, але не вядучы персанаж. Асноўная ж калізія п'есы развіваецца ў рэчышчы праблемы «мастак і ўлада» і нават шырэй -- «мастак і грамадства», а канкрэтная творчасць гэтага мастака адыходзіць на другі план. Але не можа такога быць, каб Булгакаву не хацелася ўявіць Мальера на сцэне! Ідэя выглядае крамольнай -- і тым больш прывабнай. Дадам: наўрад ці ў сучасным беларускім тэатры знойдзецца акцёр камедыйнага таленту больш прыдатны для ажыццяўлення гэтай задачы, чым Сяргей Журавель.Пластычнасць, багацце інтанацыйнай палітры, здольнасць да імгненнай і трапнай імправізацыі -- вось што вызначае гэтага акцёра і сведчыць пра яго адпаведнасць фарсавай прыродзе мальераўскай драматургіі. Мы апісвалі мінулую работу Жураўля ў «Тарцюфе» -- папярэднім спектаклі тэатра паводле п’есы Мальера, і гэта была небясспрэчная, але вельмі цікавая роля, у якой знакаміты мальераўскі крывадушнік паўставаў не пазбаўленым звычайных чалавечых памкненняў. Тое самае адбываецца і з Журдэнам. У спектаклі Маладзёжнага тэатра Журдэн -- найперш пацярпелы. Некалькі разоў у яго голасе гучаць металёвыя ноткі, але менавіта Журдэн становіцца ахвярай інтрыг сваіх родных. Сяргею Жураўлю нават не трэба шукаць спачування, яго персанаж самімі сцэнічнымі абставінамі пастаўлены ў такія ўмовы, што спагада да яго ўзнікае сама сабой. У выніку перад гледачамі цікавы вобраз Журдэна (прынамсі, выканаўца старанна над гэтым працуе), але астатнія персанажы выглядаюць спрошчанымі. Напрыклад, жарт з турэцкім прынцам падаецца залішнім для беднага спадара Журдэна... Асабліва пры трагічнай развязцы, якую падрыхтаваў для яго Мадэст Абрамаў.Спектакль «Здурнелы Журдэн» вызначаецца сваёй ансамблевасцю. У кожным эпізодзе ўзаемадзеянне персанажаў адпрацаванае да драбніц. Ды толькі, напэўна, самае цікавае адбываецца напачатку: Луі Бежар -- ці, паводле Булгакава, «кульгавы Бежар» -- раздае трупе «Старой галубятні» ролі ў новай п'есе спадара Мальера. Аднолькава апранутыя акцёры ствараюць уражанне адзінага калектыву, але ў кожным «выканаўцы» ўжо можна разгледзець яго будучы персанаж. Мы адразу вылучаем прыгажуна Клеонта, хітруна Даранта, а таксама філосафа Панкраса.Гэтае «размеркаванне» ў многім абумоўлівае гучанне спектакля. Спадарыня Журдэн -- у выкананні Івана Шчатко -- не пакідае ніякай магчымасці для рамантычна-камедыйнай трактоўкі твора -- як, дарэчы, і Дарымена ў інтэрпрэтацыі Ганны Лавухінай. Адчуванне фарсавасці ўзмацняецца ў сцэнах, калі муж і жонка Журдэн носяцца адно за адным і калі Журдэна прадстаўляюць ягонай каханай. Гэта -- дамінуючая інтанацыя спектакля. Хіба толькі пачатак другой дзеі з’яўляецца выключэннем: Журдэн ляжыць на канапе і не ведае, чым сябе забавіць.У фінале акцёры, напалоханыя тым, што Бежару зрабілася млосна, просяць скончыць паказ: «Разыходзьцеся!» Тут жа гучыць вясёлая музыка і пачынаюцца жвавыя паклоны. Незразумела, што гэта: намёк на неўміручасць камедый Мальера або проста нежаданне стваральнікаў спектакля завяршаць дзею на трагічнай ноце. Хіба нельга было пакінуць булгакаўскую канцоўку, дзе Бежар, як і планаваў, кульгае сабе далей -- выпіць келіх віна? А можа, менавіта такой і была задача: выклікаць у гледачоў як мага больш усмешак? Фарсавы фінал падаецца цьмяным -- што, на жаль, тычыцца не толькі фіналу...

Мадэсту Абрамаву ўдалося паставіць смешны спектакль паводле п’есы Мальера. А гэта ўжо дасягненне. Рука рэжысёра адчуваецца пастаянна. Найперш яна вельмі шчыльна «падганяе» адна да адной усе «дэталькі» -- але пакідае месца для ідэй і алюзій, некаторыя з якіх я паспрабаваў акрэсліць у дадзеным артыкуле. На жаль, цэласнага ўражання ад дзеі пасля прэм’еры не застаецца, сюжэт ніяк не знітоўваецца адзінай скразной думкай. Зрэшты, такое можна сказаць ледзь не пра кожны новы беларускі спектакль. Але… хіба мы не мусім імкнуцца да адваротнага?

Алекс СТРЭЛ