Гульні жыцця

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

У часе і прасторы, ад нараджэння і да смерці, мы падарожнічаем разам з месяцам. Доўжым свой шлях, вядома, і з сонцам, але яно занадта спякотнае, яркае, асляпляльнае. Месяц, падаецца, больш адпавядае менталітэту беларуса: ён мяккі, лагодны і чысты. Усім багаццем пачуццёвых нюансаў, што выклікае рух гэтага свяціла па небасхіле, прасякнута серыя работ Валянціны Шобы пад назвай «Гульні з месяцам».

 Гэтая серыя сталася лагічным працягам напісаных раней «Вандровак» з усё той жа філасофскай канцэпцыяй зменлівай бесперапыннасці кругавароту прыроды. Упершыню новыя работы мастачкі былі паказаны на яе персанальнай выставе, што адбылася гэтай вясной у Гродне, стварыўшы атмасферу сапраўднай перадвелікоднай містэрыі. Пазней творы дэманстраваліся на выставе гродзенскіх мастакоў у Полацку.Ствараецца ўражанне, што аўтарка накідвае на нашы плечы чароўны плашч ночы і вядзе за сабой у неабсяжную прастору, што ляжыць на мяжы рэальнага і ілюзорнага. Абліччы і з’явы трансфармуюцца па волі мастачкі месячным срэбрам. Пад чорнай безданню нябёсаў мяняюцца поры года, змагаючыся за сваё месца. Але найперш раскашуе восень -- любімая пара, калі пачуцці і колеры насычаны задумлівай красою, а ў паветры разліта настальгічная самота, калі безліч зорак адбіваецца ў нашых вачах. У нябесных абшарах жывуць добразычлівыя смоўжыкі, бычкі, коцікі, конікі, сілуэты якіх то дакладна акрэслены, то ўгадваюцца амаль падсвядома. Яны ўспрымаюцца не толькі як абагульнены знак жывёльнага свету, з якім кантактуе чалавек, але і як пэўная -- пераўтвораная -- іпастась самой чалавечай натуры.У таемных гульнях начнога ззяння праступаюць «Караблі-прывіды» (іх у Шобы цэлая серыя), яны сімвалічна суадносяцца з тымі зямнымі мясцінамі, на небасхіле якіх раптоўна ўзнікаюць. Карабель-Беларусь увасабляе і душэўную шчырасць, і веліч гісторыі, і чароўнасць прыроды. А вось белая-белая ладдзя ў сінім-сінім паветраным моры рэзка адрозніваецца ад іншых, вырашаных у цёплай колеравай гаме. Гэта светлая мара пра далёкую краіну, дзе яркае сонца не апякае, а толькі сагравае, дзе стромкія калоны з пышнымі капітэлямі запрашаюць без разваг увайсці ў горад, у якім няма гора.Гэты шчаслівы свет напаўняецца ўзнёслай музыкай сфер, якую выконваюць зоркі з месяцам. Хто не чуў яе падчас доўгага ўзірання ў начное неба? Яна ўвасабляецца аўтарам у серыі «Гукі». З той жа бясконцай разнастайнасцю, з якой самавыяўляецца чалавек, асэнсоўвае Валянціна Шоба мелодыі людскіх лёсаў. Музычныя рытмы жыцця няспынна змяняюцца ў алегарычных вобразах дам і кавалераў эпохі Рэнесансу: то цырымонна-строгіх, то прывабна-фрывольных, то стрымана-пачуццёвых. Іх строі суадносяцца з багатай аздобай і парадным адзеннем беларускіх магнатаў на сармацкіх партрэтах часоў Вялікага Княства. Амаль кожны персанаж надзяляецца тут музычным інструментам, што падкрэслівае тэмбравую аркестроўку твораў. І здаецца, што глядач -- удзельнік казачнага сюжэта, інспіраванага ўрачыстымі спевамі тысячагоддзяў. Гэтыя экзістэнцыйныя інтанацыі нараджаюць постаці «Каралеў» -- сапраўдных ці ўяўных, бо кожная з іх пад спрадвечным небам можа ператварыцца ў звыклую Папялушку.У работах мастачкі амаль фізічна адчуваецца плынь часу: рухаюцца караблі, льюцца гукі, лунаюць каралевы, пераўвасабляецца начное свяціла, паўстаючы то залатым маладзіком, то круглай поўняй. Усе серыі мастачкі выглядаюць, як адзінае цэлае: і сэнсава, і фармальна яны лучацца сімвалічнай выявай месяца, які ўгадваецца ў абрысах карабля, музычнага інструмента, дэталяў убрання -- ці проста глядзіць з вышыні. Выяўленчы лад твораў Валянціны найглыбей раскрываецца на асацыятыўным узроўні, вобразы не «крычаць», а мякка ўздзейнічаюць на гледача. І безупынна гучыць патаемная, шчымлівая нотка шкадавання аб нечым прыгожым, чыстым, але незваротна страчаным.Адмысловая аўтарская тэхніка арганічна стасуецца з архітэктонікай аркушаў, падтрымліваючы агульную ідэйную задуму. І хоць у аснове складнікаў гэтай тэхнікі ляжыць хрэстаматыйная «графічная» гуаш, творы мастачкі ўспрымаюцца «жывапісна», бо працуе яна найчасцей колеравымі плоскасцямі, уводзячы лінейную пластыку для элегантнай дэталізацыі формы. Апошнія серыі, у прыватнасці «Гукі», больш графічныя. Кампазіцыі напоўнены карункавай ажурнасцю, цякучасцю лінейных спляценняў, бісерным пункцірам жамчужных пацерак. Асаблівай вытанчанасцю вылучаюцца сілуэтныя «залатыя» малюнкі на амаль нейтральным фоне. Усё гэта ў пэўнай ступені апелюе да элітарнасці эстэтычнай формулы мадэрну.Выпрацоўка арыгінальных «тэхналагічных» прыёмаў дазваляе мастачцы атрымаць своеасаблівую аксамітнасць матэрыяльнай фактуры паверхні аркуша. Убіраючы ў сябе гранічна вывераныя каларыстычныя суадносіны, мігценне золата і срэбра, яна нагадвае каштоўную старажытную маёліку (напрыклад, Каложскай царквы ХІІ стагоддзя ў Гродне) ці высакародныя рознакаляровыя эмалі на старажытных ювелірных вырабах. І амаль на генетычным узроўні пачынае працаваць наша гістарычная памяць, адраджаючы штосьці язычніцкае, узнаўляючы не знявечаныя цывілізацыяй стасункі чалавека і натуральнага асяроддзя.Валянціна Шоба -- мастачка глыбока нацыянальная. У яе ёсць тое прыроднае светаадчуванне, што ўласціва насельнікам беларускіх земляў (часта нават незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці). У творчасці нашых мастакоў прысутнічае «вялікае духоўнае неба» -- як аснова чалавечай існасці. Так, напрыклад, Марк Шагал мройна лунаў у вышыні разам з бязважкімі закаханымі, местачковымі скрыпачом, пеўнем, каровай, казой... Гэтыя дарагія яму істоты суправаджалі мастака паўсюль, з’яўляючыся на палотнах і аркушах у розныя перыяды жыцця. А месяц над іх галовамі нагадваў, што свеціць ён таксама і над родным Віцебскам.Фантастычныя краявіды пісаў вечны вандроўнік і рамантык Язэп Драздовіч, сягаючы думкай да «нябесных бегаў». Заніжаная лінія небасхілу ў работах Фердынанда Рушчыца, «буйны план» амаль касмічнай прасторы прымушалі адчуць Боскую прадвызначанасць існавання чалавека на Зямлі. Для вялікага творцы Максіма Багдановіча ноч з яе зорным кілімам была парой роздуму і душэўнага ўзлёту: «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы ў ціхую сінюю ноч...», «Ён быў, як месяц, адзінокі...», «...усе мы разам ляцім да зор...»Можна было б доўга пералічваць міжнародныя і рэспубліканскія, калектыўныя і персанальныя выстаўкі Валянціны Шобы. Згадаю толькі адну, на першы погляд, не надта і значную. Гэта быў вернісаж гродзенскіх мастакоў на чарговым фестывалі ў Мірскім замку. Памятаю рэакцыю першых наведвальнікаў -- польскіх гісторыкаў, якія выпадкова зірнулі на работы нашай Валянціны і замерлі, здзіўленыя і ўражаныя: не чакалі ўбачыць у правінцыйным гарадку такое мастацтва. Яна ўвогуле -- чалавек надзвычай таленавіты: напрыклад, віртуозна валодае словам і магла б стаць (а можа, гэта наперадзе) выдатнай пісьменніцай. Сваімі ўласнымі мастацкімі сродкамі Валянціна Шоба стварае асабістую міфапаэтычную мадэль сусвету, дзе, адарваўшыся ад будзённасці, узвышаючы зямное да нябеснага, самотна гуляе з месяцам у гульні жыцця. 

Марына Загідуліна