Захаваць душу і памяць

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

Пры канцы чэрвеня на Навагрудчыне прайшоў міжнародны фотапленэр «Сцежкамі Адама Міцкевіча». Яго арганізатарамі сталі творчае аб’яднанне «Фотамастацтва», Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Польскі інстытут у Мінску. У акцыі прымалі ўдзел фатографы з Беларусі, Літвы і Польшчы.

Маршрут удзельнікаў пленэру, сярод якіх быў і аўтар гэтых радкоў, ахапіў амаль усе мясціны, звязаныя з імем нашага земляка: возера Свіцязь, Туганавіцкі парк, Завоссе, Навагрудак, Валеўку, Вально, Шчорсы… Асабіста маё знаёмства з Навагрудчынай адбылося трыццаць гадоў таму; і тады, і цяпер мяне найбольш цікавіў, так бы мовіць, гісторыка-архітэктурны складнік краявіду.За трыццаць гадоў у лепшы бок змяніліся толькі дарогі. Але калі выходзіш з машыны, то правальваешся ў нейкую містычную прастору, імя якой -- пазачасавасць. Магутныя дубы, вербы, таполі ўладарна ўзвышаюцца над жытнёвымі палямі і абсягамі няскошанай травы, сярод якой яшчэ заўважныя рэшткі палацаў, маёнткаў і млыноў.Чырвоны колер цэглы ў змрочнай зеляніне зараснікаў -- нібы фарба сораму за новых гаспадароў, якія даўно махнулі рукой на «архітэктурную спадчыну» і будуюць сабе нейкія мультыплікацыйныя дамкі.А каменныя гмахі, некалі закліканыя да жыцця воляй і талентам продкаў, пакорліва вяртаюцца назад -- у прыроду.Фіксацыяй гэтага працэсу, мне падаецца, мы і займаліся.База пленэру знаходзілася ў вёсцы Варонча, дзе ў агароджы касцёла Святой Ганны спачывае прах сям’і Яна Булгака. Магілы не дагледжаны, але вечарам ля падножжа двух помнікаў гарэлі свечкі. На старых каталіцкіх кладах яшчэ стаяць скульптурныя надмагіллі родзічаў Марыі Верашчакі -- першага кахання Адама Міцкевіча. Гісторыя не перарвалася... Я сам перажыў хваляванне, калі сярод фатаграфій гэтых мясцін, зробленых Янам Булгакам, знайшоў краявід Варончы. Аказваецца, я фатаграфаваў яго з той жа кропкі. Розніца паміж здымкамі -- сто гадоў. Але на маім -- каля «каменя філарэтаў» відаць сляды гатавання шашлыку.Адно з добрых уражанняў, што засталіся ад пленэру: у гутарках пасля здымак ніколі не паўставала пытанне пра прыналежнасць Міцкевіча да пэўнай нацыі. Такога кшталту спрэчкі, што нярэдка ўзнікаюць у творчым асяродку, ніколі не прыводзяць да канструктыўных вынікаў. Пленэр пераканальна замацаваў права на існаванне любога погляду на спадчыну Міцкевіча, калі гэты погляд не «замылены» той ці іншай геапалітычнай канцэпцыяй. Сам Міцкевіч з мноства жыццёвых каштоўнасцей выбіраў адну -- свабоду, пра што сведчыць усё яго жыццё.Мне, як удзельніку выставы, не выпадае яе ацэньваць. Увогуле такія калектыўныя мерапрыемствы маюць хутчэй культуралагічны характар, чым чыста мастацкі. І ўласны творчы вынік, дасягнуты кожным з фатографаў, аказаўся шырэйшым за той, што дэманстраваўся на выставе.У арганізатараў акцыі -- амбіцыйныя планы. Выставу чакаюць галерэі Навагрудка, Гродна, Вільні і Варшавы. Ужо ёсць дамоўленасць пра тое, што наступная акцыя адбудзецца ў Літве. А ў перспектыве -- здымкі ў Польшчы, Францыі і Турцыі. Завяршыцца ж гэты праект мусіць выпускам саліднага фотаальбома. Але ў любым выпадку пленэр засведчыў, што ў фатаграфічнага брацтва няма межаў. Сябры яго адкрытыя і ўспрымальныя да ўсяго, што можа працаваць на захаванне душы і памяці. А гэты сэнс напаўняў і творчасць Адама Міцкевіча. 

Валерый ВЯДРЭНКА