Паважаны гісторык новага часу француз Фернан Брадэль першую кнiгу грунтоўнай працы аб тым, як еўрапейская цывілізацыя атрымалася такой, якая яна ёсць сёння, назваў «Структуры штодзённасці». Рух гісторыі ён прасочваў з пункту гледжання самых звычайных рытуалаў паўсядзённага жыцця: што і як ядуць, у што апранаюцца, як перасоўваюцца, як апрацоўваюць глебу, як гандлююць і г.д... І вось паводле нейкага дзіўнага падабенства характараў такі ракурс аказаўся блізкім мастаку з Беларусі, які, дарэчы, сустрэў у Францыі вялікую цікавасць да сваёй творчасці (там ён мае эксклюзіўную дамову з галерэяй «Les Tournesols» -- «Сланечнікі»). Безумоўна, Валянцін Губараў шмат выстаўляецца ў Еўропе. Але героі ягоныя тут, у Беларусі. Гэта яго грунт і пажыўнае асяроддзе, запаведнік назіранняў.
«Фабліо» як жанр
Творчасць Валянціна Губарава, якi ўмела валодае малюнкам і мае грунтоўную мастацкую падрыхтоўку, на працягу многіх гадоў лічылася непрымальнай з гледзішча мастакоў-традыцыяналістаў. Чыноўкі чаплялiся да «недарэчнай іроніі» ў яго карцінах, бо адчувалі ў гэтых сюжэтах нешта «не тое».... Затое гледачы, праз сацыяльны кантэкст яго работ, адразу распазнавалі ў ім «свайго». Прарыў адбыўся ў канцы 1980-х. Публіка ўбачыла на карціне, як у нябёсах ляціць цалкам рэальны сантэхнік з птушкафабрыкі, люмпен і выпiвака, з якім аўтар хадзіў у грыбы ў Аляхновiчах. Губараўскі «Назіральнік»* не адпавядаў дэмакратычным настроям, але была ў ім нейкая заўзятая «праўда жыцця».Ёсць такі жанр іранічных, дасцiпных аповедаў, які прыйшоў да нас з сярэднявечнай французскай літаратуры -- фабліо (гэты жанр сёння трывала прыжыўся на тэлебачанні). Усім вядомы прыём -- абыгрыванне назваў. Губараў прынцыпова ўключае вербальнасць у змест сваіх прац, якія спараджаюць асацыяцыі з папулярнымі ў народзе фільмамі. Возьмем наўздагад: «Сціплае абаянне неразвітога сацыялізму» (прывітанне Бунюэлю), «На шэрым ваўку» (рускім народным казкам), «Ленін у кастрычніку» (кіналенiніяне), «Рачны дазор» («Начному дазору»), «Тытанік» (рэжысёру Кэмерану), «Саспелая вішня» («Зімовай вішні»), «Адзін у хаце» (знакамітай амерыканскай камедыі) і г.д. Такія назвы-iдыёмы зразумелыя толькі тутэйшаму гледачу. Але і замежнікі, хоць і не могуць успрыняць увесь водар сюжэта, усе тонкасці мясцовай ментальнасці, адчуваюць, што нешта за ўсім гэтым ёсць. Каб ухапіць сэнс такіх карцін, як «Факт пралюбадзейства ў наваколлі Смаргоні» або «Ужо дзесяць гадзін, а я яшчэ не прагаласавала!», павінны сустрэцца, па меншай меры, два-тры носьбіты мовы. Гаворка ідзе аб тым, што змест карцін Губарава заўсёды шырэйшы за іх назву -- падобна змесціву ванны з надпісам «Titanik», у якой п'юць і гуляюць на карпаратыўнай вечарынцы службоўцы нейкай установы (тут Губараў сапраўды трапляе ў сацыяльны тыпаж). У кожнай тусоўкі, зрэшты, ёсць які-небудзь свой «titanik».
Дасціпны назіральнік
Своеасаблівасць твораў мастака -- у ягоных адносінах з прасторай і часам. І ў тым, што прастора і час робяць з персанажамі.Прастора ў карцінах Губарава заўсёды абмежаваная, шчыльна напакаваная людзьмі і ачалавечанымі свойскімі жывёламі, прадметамі побыту, запханымі ў сціплых памераў пакоi. Акрамя таго, яна пакідае адбітак на абліччы персанажаў: дэфармуе іх, як славутае «кватэрнае пытанне».Знакавая адметнасць стылю Губарава -- у трансфармацыі перспектывы і маштабаў малюнка. Аўтар змяшчае персанаж у прастору з адваротным даляглядам і тым самым крыху ссоўвае набок здаровы сэнс. Ёсць у яго i рэмінісцэнцыі італьянскага жывапісу ранняга Адраджэння, калі перспектыва яшчэ сплошчаная. «Назіральнік» у паставе шагалаўскiх герояў ляціць на фоне ўмоўнага, але добра знаёмага краявiду -- зборнай выявы мноства невялікіх правінцыйных мястэчак. Усе персанажы Губараў малюе ў профіль. Паводле якога капрызу мастак так разгарнуў іх фізіяноміі з качынымі насамі? На гэта дае адказ постмадэрнісцкі кантэкст яго твораў, у аснове якога ляжыць цытаванне -- адкрытае і ўтоенае, кплівае, паважлівае, часам нахабнае (як у карціне «Прывітанне Мадыльянi!»)... Гэта перагукаецца з насценнымі копцкімі малюнкамі, дзе ўсе героі, як па камандзе, пададзены ў профіль і стаяць шыхтом, нібы ваяры або аратыя, шэрагі якіх упрыгожваюць старажытныя пабудовы Егіпта. Яны сур’ёзныя, таму што адлюстраваныя ў момант удзелу ў рытуале. Губараўскiя рабацягі -- усе гэтыя сантэхнікі і слесары, а таксама дробныя службоўцы -- таксама неўсвядомлена ўдзельнічаюць у рытуалах і, значыцца, чымсьці да іх падобныя.На карцінах Губарава адлюстраваны памежныя зоны. Ужо не вёска, але і не горад. Ужо ў гарнітуры, але не ўмее яго насіць. Ужо галасуе, але не разумее, што гэта такое... Інгрэдыенты соцыуму, яго бытавога булёну, разнастайныя. У ім знайшлося месца і самому мастаку. Вось ён, хлапчо ў школьнай форме, на пярэднім плане канцэптуальнай карціны «Сціплае абаянне неразвітога сацыялізму». Здаецца, мастак гаворыць: і ён адтуль, і ён выйшаў з гэтага двара, дваровай камуналкі, дзе ўсе адно аднаго ведаюць і дзе ў праёме брамы звыкла маячыць постаць міліцыянера...Хто яны, гэтыя такія знаёмыя дзядзькі і цёткі з-пад Смаргоні, дзе нават «факт пралюбадзейства» выглядае наіўна? Хто гэты суб'ект з карціны «Абдумваючы тэорыю Дзюркгэйма»?
Калектыўныя рытуалы
Чалавек паводле Дзюркгэйма (бацькi сучаснай сацыялогii) -- біясацыяльная істота, якая ўдзельнічае ў калектыўных рытуалах. Паводле Дзюркгэйма, грамадства -- гэта рэальнасць адмысловага тыпу, якая не зводзіцца ні да якой іншай, валодае такой жа высокай трываласцю і ўстойлівасцю, што і прырода, і гэтак жа, як прыродныя з'явы, не паддаецца адвольнаму маніпуляванню. Вось чаму нават сцiплая вандроўка да ўбогай вясковай прыбiральнi рытуальна дэтэрмінаваная.Герой Губарава -- насамрэч зусім не герой: у яго свае маленькія радасці і нягоды, яму няма справы да вялікай палітыкі. Гэта струменьчык жыцця, насычаны фізіялагічны раствор. Персанажы Губарава -- вечныя дзецюкі, што патанулі ў мінулым. Яны толькі не ведаюць, што іх сучаснасць -- гэта мінулае... Губараўскія біясацыяльныя істоты бясконца прымаюць удзел у рытуалах («Прыклады прыемнага марнавання часу», «Ода мужчынскiм рытуалам», «Людзі і гародніна», «Зарадка», «На выбары», «Жонка прапаршчыка», «Спаборніцтва»).З мараллю ў персанажаў Губарава адносіны неадназначныя. Ды і Дзюркгэйм не меў асаблівых ілюзій наконт таго, што «чалавек -- гэта гучыць годна». Сярэдні чалавек у вельмі ўмеранай ступені валодае маральнасцю, лічыў ён. І толькі ўдзел у калектыўных рытуалах надае хоць нейкую асэнсаванасць гэтаму бегу па коле быцця. Маленькi чалавек знаходзiць паратунак у адным -- ва ўладкаваннi свайго маленькага свету.Вось стаяць яны на чыгуначных пуцях -- двое мужчын і аголеная жанчына («Усе разам»). Хто гэта? Палюбоўнікі, сябры, сямейная пара плюс трэці? Незразумела. Несумненная толькі жанчына: яна -- як белы плод, побач з якiм цёпла і ўтульна, і чымсьці ўсё гэта нагадвае мроі Венечкi з рамана Венядзікта Ерафеева «Масква-Петушкi». І да чаго тут мараль?Парадокс вось у чым: каб так убачыць маргіналаў, правінцыялаў, «дробны люд», перыферыйнае жыццё, самому трэба быць зусім не правінцыялам.Губараў піша хутка. Толькі майстэрства надае творам адбітак лёгкасці. (Пасрэднасць -- страшэнна працаёмкая і сур’ёзная.) К 60-цi гадам Валянцін Губараў стварыў некалькі сотняў малюнкаў і сюжэтаў. Усе яны ўзятыя з мясцовай, «тутэйшай» рэчаіснасці. У Францыі сваіх мастакоў дастаткова. Аднак Захаду патрэбны індывідуальнасці, а Губараў сапраўды нестандартны творца.«Icтотна ўсё», -- кажа Губараў. Наколькі гэта істотна? У якой ступенi трывалыя гэтыя калектыўныя рытуалы? Творчасць Губарава калі і не дае прамога адказу на гэтыя пытаннi, дык фіксуе пакуль яшчэ зразумелы і вядомы нам свет. З усімі яго структурамі штодзённасці.
Таццяна ЦЮРЫНА