Свет праваслаўнай іконы

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

На выставе «Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі», прысвечанай 1020-годдзю хрышчэння Русі, якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, было прадстаўлена 88 твораў XIV -- XIX стагоддзяў са збораў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага Кіева-Пячорскага гісторыка-культурнага заказніка, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарамі гэтай маштабнай сумеснай акцыі сталі дырэктары названых устаноў. Быў выдадзены каталог. Праект падтрымалі як дзяржаўныя структуры, так і прыватныя спонсары.

 Упершыню ў адзінай выставачнай прасторы былі паказаны іконы трох сумежных краін са шматвяковай гісторыяй. Гэтыя помнікі выяўленчага мастацтва -- толькі невялікая частка захаванай да нашых дзён духоўнай спадчыны. Экспанаты дэманструюць разнастайнасць стылей і накірункаў іканапісу -- ад візантыйскай традыцыі да перыяду барока і класіцызму. А таксама даюць падставы гаварыць пра станаўленне самабытных школ майстэрства, што было абумоўлена гістарычнымі і эканамічнымі варункамі развіцця дзяржаў.
Звычай малітоўнага пакланення іконам, як і каноны стварэння вобразаў у творах сакральнага жывапісу, прыйшлі ў землі Кіеўскай Русі з Візантыі. У сталіцы старажытнарускай дзяржавы працавалі мастакі з гэтай буйнейшай краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы, якія ўпрыгожвалі фрэскамі і мазаікамі мясцовыя саборы. Агульны пад’ём культуры паўплываў і на Беларусь. У ХІІ стагоддзі, дзякуючы намаганням княжны Еўфрасінні Полацкай, на беларускіх землях з’явіліся ікона Эфескай (Карсунскай) Багародзіцы, крыж-рэліквія Лазара Богшы. Захаваліся разныя па камені і косці абразкі з выявамі Маці Божай, апостала Паўла, святых Міколы, Сцяфана. З летапісных крыніц вядома аб цудадзейнай Смаленскай іконе Багародзіцы, прынесенай з Чарнігава ва Успенскі сабор Смаленска, што лічылася адной з найстаражытнейшых святыняў трох славянскіх народаў.Калі Кіеўская Русь аслабела пад націскам мангола-татарскіх ордаў, кафедра Кіеўскага Мітрапаліта Максіма перамясцілася спачатку ва Уладзімір, а пазней -- у Маскву. З XIV стагоддзя Маскоўская Русь стала адзінай дзяржавай, духоўным цэнтрам праваслаўнай культуры. Да гэтага часу адносіцца стварэнне на растоўска-яраслаўскіх землях іконы «Мікола» -- самай старажытнай з прадстаўленых на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Іншым быў шлях развіцця Беларусі і Украіны. Тэрытарыяльнае знаходжанне на стыку праваслаўнага Усходу і лацінскага Захаду абумовіла своеасаблівасць культуры. У канцы XIV стагоддзя, пасля Крэўскай уніі, на беларускіх землях афіцыйна сцвердзілася каталіцтва. Аднак праваслаўная царква не адчула значнага ўціску з боку дзяржавы і мела магчымасць свабодна развівацца.З імем Феафана Грэка, які прыехаў у Маскву ў 1390-х гадах, звязана стварэнне сістэмы шмат’яруснага высокага іканастаса, без якога сёння не ўяўляецца рашэнне храмавага інтэр’ера. На выставе быў паказаны рад з сямі ікон наўгародскіх майстроў са збору знакамітага калекцыянера Сяргея Рабушынскага. Узнёсласць вобразаў, тонкая лінейная пластыка і насычаны каларыт характэрны як для названых твораў, так і для наўгародскай школы іканапісу ў цэлым. На іконе XV стагоддзя са збораў Траццякоўскай галерэі выяўлены вялікі князь Уладзімір Святаслававіч, яго сыны Барыс і Глеб -- першыя рускія кананізаваныя святыя. Ікона таксама належыць наўгародскай школе, прыцягвае ўвагу вытанчанымі сілуэтамі і дэкаратыўным колеравым рашэннем. А вось найбольш значныя дасягненні беларускага іканапісу гэтага часу звязваюць з землямі Турава-Пінскай епархіі -- Палессем. У пінскім Ляшчынскім манастыры, па меркаванні даследчыкаў, была напісана ікона «Успенне Багародзіцы», якую за асаблівую тонкасць і празрыстасць пісьма называюць «Блакітным Успеннем» (захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі). У храмах Заходняга Палесся знаходзіліся іконы «Багародзіца “Замілаванне”» грэчаскага аўтара Мікаласа Ламбудзіса, «Маці Божая Адзігітрыя» (сяло Дубец), «Спас Уседзяржыцель» (сяло Быцень), разны абразок «Прамудрасць созда сабе дом» пінскага майстра, прысвечаны Ананіі (захоўваецца ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу).Відавочныя змены ў іканапіснае майстэрства прынесла ХVІ стагоддзе. На Русі пры Іване IV быў выбраны першы патрыярх і пачаліся актыўныя захады па ажыццяўленні ідэі «Масква -- Трэці Рым». У выніку ў царкоўным мастацтве сталі прымяняць складаныя схемы, іншасказанні, падтэксты. З надыходам «смутнага часу» ў XVII стагоддзі іканапісная культура развівалася ў сценах Зброевай палаты Маскоўскага Крамля. Майстры шукалі новыя выразныя сродкі, актыўна выкарыстоўвалі ў якасці ўзораў заходнееўрапейскія гравюры. Аднак пяршынстваваў ва ўсім праваслаўны канон.Украінскі і беларускі іканапіс XV -- XVI стагоддзяў развіваўся ў складаных умовах паланізацыі насельніцтва. У гэтай сітуацыі асабліва важнай стала дзейнасць праваслаўных манастыроў і царкоўных брацтваў, пры якіх існавалі іканапісныя школы, друкарні, майстэрні па шыцці аблачэнняў, апрацоўцы металу, аздабленні кніг. Асаблівае значэнне мела і заснаванне Кіева-Пячорскай лаўры.У гэты час фарміруецца самабытная школа беларускага іканапісу, блізкая да барочнага стылю. На нашых землях адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва, ішоў пошук новых выразных сродкаў для больш жыццёвай трактоўкі вобразаў святых. Невыпадкова беларускія іконы маюць рысы позняга Рэнесансу і ранняга барока. Аднак сакральнай сутнасці вобразаў гэта не закранала, а тычылася толькі эстэтычнага боку іконы.Прадстаўленыя на выставе творы ХVII стагоддзя вельмі разнастайныя па тэматыцы, манеры пісьма, ролі, якую яны выконвалі ў царкоўным інтэр’еры. Большасць паходзіць з Брэсцкага рэгіёна і прадстаўляе школу Заходняга Палесся. Да гэтай школы адносяцца дзве стылістычна блізкія іконы «Цалаванне Іаакіма і Ганны. Блаславенне Ганны» і «Нараджэнне Багародзіцы». Яны вылучаюцца незвычайным – шматпланавым -- рашэннем прасторы, увядзеннем пейзажнага фону, складанай кампазіцыйнай будовай. Царква зберагла нацыянальныя традыцыі і літургічную мову беларускага народа. У інтэр’ерах храмаў суіснавалі жывапіс і скульптура, еўрапейскія плыні ўносілі разнастайнасць у кананічныя схемы. Змянялася светаўспрыманне мастака і заказчыка (імя апошняга ўсё часцей сустракаецца на алтарных палотнах і укладных храмавых іконах).Практычна ў адзін час былі напісаны «Багародзіца Адзігітрыя» і «Уваскрэсенне -- Сашэсце ў пекла», парныя «Спас Уседзяржыцель» і «Багародзіца Адзігітрыя» з Пінска. Нават у гэтай невялікай групе выяўлены дзве істотныя мадэлі развіцця іканапісу: у першых двух творах -- больш архаічная, заснаваная на позневізантыйскіх узорах, у двух другіх -- рэалістычная, якая імкнецца да прынцыпаў заходнееўрапейскага мастацтва ў перадачы аб’ёмаў твараў, мяккіх ценяў, вытанчана мадэляваных складак адзення. Аднак пры гэтым усім беларускім іконам уласцівыя адухоўленасць, колеравая і кампазіцыйная гармонія.І ў наступным, XVIII стагоддзі іканапіс розных рэгіёнаў нашай краіны звязваюць праявы стылю барока, імкненне раскрыць псіхалогію і характар персанажаў, іх эмацыйны стан. Распаўсюджаныя ў той час жанравы жывапіс, пейзаж, нацюрморт у рознай ступені прысутнічаюць у сакральных сюжэтах мясцовых майстроў. Гэтыя рысы характэрныя для творчасці слуцкага іканапісца Васіля Маркіянавіча, які вучыўся ў майстэрнях Кіева-Пячорскай лаўры. На выставе дэманстравалася яго «Троіца Старазапаветная», датаваная 1761-м годам. Паводле стылістыкі да аўтарства Маркіянавіча можна аднесці дзевяць ікон. У творчасці гэтага майстра прасочваецца знаёмства з заходнееўрапейскай іканаграфіяй, яму ўласцівы характэрны народны тыпаж, захапленне бытавымі дэталямі, гучны каларыт, любоў да арнаментыкі. Часта недахоп прафесійнага майстэрства іканапісец кампенсаваў яскравай перадачай перажыванняў персанажаў.Досыць доўга ХІХ стагоддзе лічылася ў беларускім мастацтвазнаўстве перыядам заняпаду іканапіснага майстэрства. Творы, прадстаўленыя на выставе, сведчаць: тагачасны рэлігійны жывапіс захаваў сваё значэнне, змяніўшы выяўленчыя формы. Для цэркваў і касцёлаў Вільна, Мінска, Рэчыцы, Гродна працавалі беларускія мастакі, якія атрымалі класічную адукацыю. Вобразы сакральнага мастацтва набылі рэалістычны, партрэтны характар.

Цесная ўзаемасувязь мастацкіх традыцый, якія здавён складваліся ў праваслаўнай культуры трох славянскіх народаў, дазволіла ім, нягледзячы на гістарычныя катаклізмы, палітычныя і канфесійныя супрацьлегласці, захаваць адзінства, не страціўшы пры гэтым нацыянальнай адметнасці. Выстава ікон Расіі, Украіны і Беларусі сведчыць пра важнасць і неабходнасць глыбокага вывучэння духоўнай і мастацкай спадчыны праваслаўнай славянскай культуры.

Алена КАРПЕНКА