Усемагутны медыум -- акцёр

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

Вы не задумваліся, чаму энергетыка мастацкіх шэдэўраў захоўваецца праз гады і стагоддзі? У чым цуд невычэрпнай экспрэсіі карцін Рафаэля, п’ес Чэхава, опер Вердзі? Напэўна, адказ (калі ён наогул існуе) знаходзіцца па-за плоскасцю рацыяналізму, дзесьці ў «чацвёртым вымярэнні». Аднак ёсць людзі, якім пашчасціла стаць медыумамі паміж мінулым і будучыняй.

Вялікая адказнасць кладзецца на іх плечы. Медыум вольны інтэрпрэтаваць задуму творцы, узмацняць, удакладняць -- або... скажаць яе, знішчаць, высмейваць. Ён здольны маніпуляваць грамадскай думкай, уздзейнічаць на ментальнасць. Нездарма ён доўга існаваў па-за межамі законаў царквы, якая адчувала ў ім небяспечнага саперніка ў справе ўплыву на чалавечыя сэрцы.

Гэты ўсемагутны медыум -- акцёр. Дзякуючы яго энергетыцы кожны тэатральны спектакль нараджаецца наноў, і выплюхнутай ім эмацыйнасці хапае, каб доўжылася ніць духоўнай еднасці паміж рознымі пакаленнямі.

Герой нашай размовы -- акцёр, пры непасрэдным удзеле якога стваралася новая і найноўшая гісторыя Беларускай оперы. Спявак, якому належыць значная доля славы, набытай тэатрам у апошнія дзесяцігоддзі.

Мікалай Майсеенка нарадзіўся ў Гомелі, скончыў Беларускую акадэмію музыкі па класе спеваў Сяргея Дзмітрыевіча Асколкава. Атрымаўшы запрашэнне адразу ад трох расійскіх оперных тэатраў, абраў вядомы сваімі даўнімі музычнымі традыцыямі Свярдлоўскі. За 7 гадоў працы ў ім выканаў большасць вядучых барытонавых партый, а таксама шэраг рэдкіх (накшталт галоўнай у «Поргі і Бэс» Джорджа Гершвіна). У 1979 годзе Мікалаю Сяргеевічу было нададзена званне заслужанага артыста Расіі.

У 1981 годзе вопытны барытон стаў салістам Беларускай оперы і з таго часу не пакідае яе сцэны. Сёння цяжка ўявіць спектакль без яго ўдзелу. Доўгі час спявак з’яўляўся адзіным выканаўцам партый князя Ігара, Рыгалета і Скарпіа -- галоўных у найважнейшых для акадэмічнага тэатра спектаклях.

Пеўчы лёс наканаваў Мікалаю Майсеенку заўсёды ў прафесіі быць першым. Пачынаючы з Гразнога, праспяванага ў кансерваторскай опернай студыі, яго рэпертуарны спіс фарміраваўся толькі з галоўных і загалоўных роляў. Сярод іх узвышаюцца чатыры каранаваныя асобы -- Барыс Гадуноў, князь Ігар, Набукка і Аманасра. Самай любімай з іх быў і застаецца герой оперы Барадзіна.

Выхад князя Ігара ў выкананні Мікалая Сяргеевіча -- нібы выхад цара Барыса на каранацыю. Падрыхтаваны харавым слаўленнем, ён пераключае ўвагу з вялікай масавай сцэны на адзін персанаж. Першай жа прамовай князь падпарадкоўвае сабе волю народнай грамады. Моцны, палётны, пульсуючы голас Мікалая Майсеенкі нібыта «накрывае» прысутных на сцэне і ў зале. Высакародная постаць і пераканаўча-імператыўны тон робяць галоўнага героя энергетычным цэнтрам спектакля, нягледзячы на пластычна лаканічнае вырашэнне ролі.

Галоўныя партыі ў операх рускіх кампазітараў Мікалай Майсеенка выконваў у мностве гарадоў Расіі, блізкага і далёкага замежжа, на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, на Собінаўскім фестывалі ў Саратаве, Шаляпінскім фестывалі ў Казані. У ролі Стэньё (спектакль «Мадалена») выступаў з тэатрам «Новая опера» ў Маскве і ў італьянскай Перуджы на фестывалі, прысвечаным творчасці Сяргея Пракоф’ева.

Шматгадовае супрацоўніцтва з «Новай операй» увянчалася выкананнем галоўнай партыі ў «Барысе Гадунове» Мусаргскага, партыі, да якой звяртаюцца толькі самыя магутныя драматычныя барытоны. Шкада, што беларуская публіка не магла пабачыць і пачуць гэтага Барыса. Вакальна-акцёрскае майстэрства спевака, яго схільнасць да маштабных вобразаў, што раскрываюцца паступова, ды меркаванні крытыкі дапамагаюць прыйсці да высновы, што ў садружнасці Мікалая Майсеенкі і дырыжора Яўгена Колабава здзейснілася сапраўднае мастацкае адкрыццё 

Мікалай Майсеенка пачынаў сцэнічную кар’еру ў тыя часы, калі замежныя оперы спявалі на рускай мове. Але ж яму пашчасціла ўдзельнічаць і ў гістарычнай падзеі -- першай у Савецкім Саюзе пастаноўцы вердзіеўскай «Сілы лёсу», ажыццёўленай у Свярдлоўску менавіта па-італьянску Яўгенам Колабавым і Сямёнам Штэйнам. Спектакль з поспехам паказваўся ў Вялікім тэатры ў Маскве і праславіўся выдатным выканальніцкім складам.З таго часу вобразы герояў опер Вердзі сталі ў шэраг лепшых партый беларускага барытона. Чатыры гады таму, падчас гастроляў у Германіі, Майсеенка здзейсніў ледзь не прафесійны подзвіг, на працягу трох тыдняў 25 разоў выканаўшы галоўную партыю ў спектаклі «Набукка». Як ні парадаксальна, але сам спявак лічыць, што гэта было зусім не складана. Бо значна лягчэй доўгі час паглыбляцца ў адну манеру гукавядзення, чым змяняць яе пасля кожнага твора.У стасунках з незнаёмымі людзьмі Мікалай Сяргеевіч ніколі не выглядае «па-акцёрску». Маўчун, надзіва сціплы ў будзённым жыцці, ён, фаварыт драматычнага рэпертуару, раскрываецца толькі на сцэне.У спектаклі «Тоска» нашага опернага тэатра -- адразу тры фаварыты: Ніна Шарубіна ў галоўнай партыі, Сяргей Франкоўскі ў вобразе Марыо Каварадосі і той, без каго не зазіхаціць пафас іх любоўнай драмы, -- Мікалай Майсеенка ў ролі каварнага Скарпіа.Вобраз начальніка рымскай паліцыі нараджаецца з сумесі жорсткасці, самалюбавання і жарсці. Кампазітара хвалявала не толькі завязаная Скарпіа інтрыга, але перш за ўсё «клубок змей», якія жывуць у яго душы.У гэтым клубку «правіць баль» асалода ад гульні чужымі лёсамі -- нездарма ў адной з мізансцэн Скарпіа ўяўляе, што іграе на гітары. Ён любіць тэатральныя эфекты: у самы драматычны момант размовы з Тоскай бярэ бакал, адыходзіць у цень і назірае за душэўнымі пакутамі сваёй ахвяры; з выдатным адчуваннем кантрасту адразу ж пасля спаткання з акрываўленым Каварадосі галантна прапаноўвае Флорыі віна. Вобраз Скарпіа пераклікаецца з вобразам дона Бласа з навелы Стэндаля «Куфар і прывід». «Шасці месяцаў турмы будзе дастаткова, каб сагнаць з яго твару яркія колеры», -- такім было крэда героя.Якога б росту ні былі яго партнёры, невысокі Скарпіа Майсеенкі заўжды глядзіць на іх зверху ўніз. Пачуццё перавагі над праціўнікам адчуваецца ў павольнай хадзе, у манеры трымаць кій, коратка і хвостка аддаваць загады шпіёнам -- дамінаваць усімі сродкамі. Яго позірк трапны і пранізлівы, як залатая аблямоўка на чорным плашчы, а голас дыхае пагрозай, ён -- фатальны.Пра гэтага маштабнага акцёра можна было б напісаць кнігу. Адзін з раздзелаў прысвяціць яго таленту пераўвасаблення і праілюстраваць вобразамі Яга, Набукка, Пінга. Наступны -- драматычным фарбам яго голасу ў стварэнні бліскучых характарыстык Гразнога, Рэната, Радрыга. Асобныя раздзелы -- мастацтву фразіроўкі, кантылене, культуры гуказдабыцця... Хто б яе чытаў? Перш за ўсё -- студэнты кансерваторыі, якіх думаць і спяваць можна навучыць толькі на прыкладзе і досведзе настаўніка. Па-другое -- калегі з іх нязменнай, пранесенай праз многія гады павагай да Мікалая Сяргеевіча. Па-трэцяе -- шырокае кола прыхільнікаў, меламанаў ці проста выпадковых слухачоў, якім хоць раз у жыцці пашчасціла трапіць на свята майстэрства -- спектакль з удзелам выдатнага барытона... 

Мікалай Майсеенка:
«Мае героі -- моцныя людзі…» 
Руская музыка -- тое самае, што руская душа. Калі за мяжой ставяць рускую оперу, то запрашаюць салістаў з усходнеславянскіх краін, бо яны больш дакладна разумеюць вобраз.У аснове першай дзеі «Князя Ігара» ляжыць менавіта руская ідэя саборнасці, увасобленая з менавіта рускай распеўнасцю. Барадзін, хоць ён і паспеў стварыць толькі дзве оперы, выявіў сябе геніяльным драматургам. Ён з’яднаў уладара і народ, зрабіў іх салідарнымі.Спытайце маладога спевака -- што цікавага ў партыі князя Ігара? Ён адкажа -- арыя. Так, а яшчэ што? Быццам бы нічога, ніводнага нумара, які можна было б «узяць у канцэрт». Але на самай справе кожная прамова Ігара -- гэта невялічкае арыёза. «Идем на брань с врагом Руси...» -- вокліч на адным гуку, па сутнасці, псалмодыя. «Идем мы с надеждой на Бога», «Нам Божье знаменье» -- яшчэ два арыёза. Вельмі важна ўсвядоміць, што гэта не рэчытатывы! Як прапаведнік у царкве, так князь са сваімі людзьмі -- адно цэлае.У апошняй пастаноўцы нашай оперы перакампанаваны музычны матэрыял некаторых сцэн. Перастаўлены уверцюра і пралог, што мне як спеваку не падабаецца. Уверцюра вызначае настрой пралога, яго патэтыку, эпічны характар, і асабіста мне перад выхадам уверцюры не хапае. Купіравана фінальнае слаўленне Ігара, з-за чаго вобраз таксама ў нейкай ступені прыніжаецца. А дарма! Гэта вельмі моцны чалавек, апантаны мэтай перамагчы, яго нельга спыніць ніякімі перасцярогамі.Упэўнены, што рускую оперу трэба спяваць, ідучы ад музыкі! Не ад слова, як прынята лічыць, а менавіта ад яе. У ёй першасная мелодыя, усе рэчытатывы распяваюцца, і слова трэба ўспрымаць апасродкавана, праз музыку. 
Старэйшыя музыканты аркестра дагэтуль з захапленнем прыгадваюць адзіны мінскі спектакль вядомага дырыжора Яўгена Колабава («утрапёнага маэстра») -- «Царскую нявесту». Наша з ім сяброўства пачалося ў той дзень, калі мы абодва былі прыняты ў трупу Свярдлоўскага тэатра оперы і балета. Адначасова мы і звольніліся адтуль: ён паехаў у Ленінград, я -- на радзіму. Калі ён узначаліў «Новую оперу» ў Маскве, дык запрашаў мяне ў розныя спектаклі і сам прапанаваў партыю Барыса Гадунова. Я праспяваў Барыса, але не буду хваліць сам сябе, а пра тэатр словамі не раскажаш. Аднак у Мінску мне ролю не даверылі, маўляў, з часоў Шаляпіна яе спяваюць толькі басы. А гэта няпраўда. Зазірніце ў клавір, там напісана: «Барыс Гадуноў -- барытон»...З Колабавым мы знайшлі паразуменне на грунце аднолькавых адносін да мастацтва і прафесіі. Якіх? Мы абодва былі перакананыя ў тым, што кожны вобраз неабходна прапусціць праз сябе, што кожная нота мусіць нешта абазначаць. Што ў аснове любога эксперымента павінна ляжаць сталая думка. Што такія партыі, як Барыс Гадуноў, Гразной, князь Ігар, адрасуюцца толькі драматычным галасам, якія маюць адпаведнае напаўненне, тэмбр г.д. Што і казаць, Яўген Колабаў -- вялікі чалавек. У яго памяць адбыўся ўжо чацвёрты фестываль «Калядны тыдзень». Я з хваляваннем удзельнічаў у заключным канцэрце. 
Вердзі -- гігант опернай музыкі. Ён дасканала ведаў спевы і магчымасці галасоў. Каб спяваць Вердзі, патрэбны выдатная кантылена, доўгае дыханне і -- багатая душа. Вось, напрыклад, Жэрмона ў «Травіяце» паўсюль спяваюць лірычныя барытоны -- натуральна, выкарыстоўваючы ўсю моц сваіх звязак. А я лічу, што гэтая драматычная партыя -- для мяккіх спеваў буйнога голасу. Тады яго размова з Віялетай атрымлівае зусім іншы змест -- больш глыбокі, інтымны і адначасова лёсавызначальны.Сапраўдная перліна Вердзі -- «Рыгалета». Хіба Рыгалета -- блазан? Не, гэта пакрыўджаны лёсам, але надзвычай моцны чалавек. Першы выхад Рыгалета -- ужо падзея. Ён з’яўляецца як гром сярод яснага неба, усе прыдворныя паварочваюць галовы і заміраюць, чакаючы яго жартачак. Рыгалета знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і не павінен змешвацца з натоўпам. Так быў пастаўлены ў «Новай оперы» спектакль фінскага рэжысёра Ральфа Лянгбака, у якім сем гадоў таму дэбютаваў Дзмітрый Хварастоўскі. У чаргу з ім я таксама праспяваў у Маскве адзін спектакль.Дэбютаваў я ў партыі Рыгалета ў 1975 годзе ў Свярдлоўску. Калега-тэнар стаяў за кулісамі і паказваў на мяне: «Прыехаў самазабойца!» І ён меў рацыю, бо Рыгалета можна спяваць у сталым узросце, з халоднай галавой і моцным, загартаваным галасавым апаратам. А я па маладосці нічога не баяўся і, як кажуць ішоў «ва-банк». Колькі з тае пары мінула спектакляў -- не злічыць: па 2-3 «Рыгалета» кожны месяц. Але з вышыні свайго досведу магу сказаць, што для барытона няма нічога складанейшага за Рыгалета. Па сіле драматызму я магу параўнаць гэтую партыю толькі з заключным актам «Царскай нявесты»... 
Скарпіа -- ліхадзей, кат, жандар... Але не ўсё так прымітыўна! Нават у сваёй крыважэрнай справе ён -- эстэт, захоплены ўсведамленнем уласнай усёмагутнасці. Чаго каштуюць яго вытанчаны стол, наўмысная, празмерная раскоша кабінета! З Тоскай ён паводзіць сябе як уладар.Мне было вельмі цікава ўдзельнічаць у пастаноўцы дырыжора Юрыя Кочнева і рэжысёра Маргарыты Ізворска-Елізар’евай. Мы працавалі няспешна, разумеючы адно аднаго, роля выспявала паступова. Я ўлюбёны ў спектакль і ў свой вобраз. Вельмі крыўдна, што гледачы не падзяляюць маіх пачуццяў. На самай справе «Тоска» -- самая папулярная опера ў свеце. Неверагодна? Але менавіта яна -- лідэр сусветнага апытання, што ладзілася да 400-годдзя оперы. Якая ў ёй прыгожая музыка!Наогул спяваць Пучыні вельмі складана. Трэба ідэальна ведаць усю партытуру, каб не разгубіцца ў зменлівым тэмпарытме, «рванай» тканіне. Адносна больш лёгкай мне ўяўлялася «Турандот». Спачатку гэтая музыка здавалася зусім чужой, але паступова стала падабацца. А здарылася гэта тады, калі мы, тры маскі Пінг, Панг і Понг, зразумелі, што ў сваіх сцэнах павінны быць не салістамі, а выразным і віртуозным ансамблем. Так бы мовіць, мысліць не лініямі, а акордамі. Шмат намаганняў прыклала да гэтага мая жонка, піяністка і канцэртмайстар Жанна Навумаўна Габа, дзякуючы якой я адкрыў для сябе музыку надзвычайнай, нязвыклай прыгажосці... 

Алена Лісава