Трэба заўважыць, што само паняцце «сучасны танец» мае розныя значэнні ў розных культурах. Для адной і той жа формы мастацтва і для разнавіднасцей выкарыстоўваюцца адрозныя тэрміны: «сучасны танец», «постмадэрнісцкі танец», «новы танец», «эксперыментальны танец», «імправізацыя танца», а таксама іх эквіваленты на розных мовах.
Творчасць беларускіх харэографаў сёння арганічна існуе ў сусветнай прасторы сучаснага танца, гэтаму шмат у чым спрыяе як пашырэнне кантактаў з замежнымі калегамі і калектывамі, так і ажыццяўленне адукацыйных стажыровак у краіны, дзе ў гэтай галіне існуюць моцныя традыцыі.
Студэнты і маладыя выкладчыкі кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на чале з аўтаркай гэтых радкоў, загадчыцай кафедры, за апошнія паўгода наведалі вышэйшыя навучальныя ўстановы мастацтваў пяці еўрапейскіх краін.
Летась у лістападзе пры спрыянні праекта MOST нам была прадстаўлена магчымасць пабываць у Францыі і прыняць удзел у майстар-класах, каб пазнаёміцца з еўрапейскай спадчынай сучаснага танца ў Цэнтры прафесійнага навучання і вышэйшай харэаграфічнай адукацыі «OFFJAZZ», што знаходзіцца ў Ніцы. На працягу тыдня беларускія студэнты займаліся ў балетных класах разам з маладымі людзьмі розных краін, якія вучацца ў прэстыжнай навучальнай установе. Цікавай была і культурная праграма. Неверагоднае ўражанне пакінуў візіт у Оперу Монтэ-Карла, што стала домам для легендарнай балетнай антрэпрызы «Рускі балет Дзягілева».
Пасля заканчэння зімовай сесіі студэнты-харэографы разам з педагогамі па кірунку «сучасны танец» выкарысталі канікулярны час для ўдасканальвання прафесійнага ўзроўню. Гэта стала магчымым дзякуючы ўдзелу ў вучэбна-адукацыйнай праграме на тэму «Сучасная харэаграфія ў краінах Балтыі і Скандынавіі: тэндэнцыі развіцця». У межах праграмы ўдзельнікі атрымалі практычныя майстар-класы па contemporary dance і кампазіцыі сучаснага танца ад вядомых замежных спецыялістаў, наведалі заняткі па харэаграфічных дысцыплінах, рэпетыцыі, пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай вядучых цэнтраў у сферы вышэйшай харэаграфічнай адукацыі некалькіх краін. Сярод іх Латвійская акадэмія культуры, Інстытут прыгожых мастацтваў Талінскага ўніверсітэта (Эстонія), Універсітэт мастацтваў у Хельсінкі (Фінляндыя), Універсітэт танца і цырка Стакгольмскага ўніверсітэта мастацтваў (Швецыя). Вельмі карыснымі аказаліся сустрэчы педагогаў БДУКіМ з выкладчыкамі ВНУ, а нашы студэнты пазнаёміліся са знакавымі фігурамі еўрапейскага танца і аднагодкамі, завязаўшы новыя карысныя кантакты.
Аднак пра ўсё па парадку.
Бакалаўрскую праграму па спецыяльнасці «харэаграфія сучаснага танца» Латвійскай акадэміі культуры ўзначальвае Вольга Жытлухіна, харэографка, танцоўшчыца, прафесарка акадэміі, аўтарка, ініцыятарка і нязменная кіраўніца праграмы. Яе творчая біяграфія багатая і цікавая. Вольга, без усялякага перабольшання, — галоўная дзейная асоба латвійскага contemporary dance і першаадкрывальніца новых шляхоў яго развіцця, заснавальніца і мастацкая кіраўніца сусветна вядомага калектыву «Olga Zitluhina Dance Company», што мае дваццаціпяцігадовую гісторыю.
Менавіта яна зрабілася першай харэографкай, якая паставіла сучасны танцавальны спектакль у Латвійскай нацыянальнай оперы. Не дзіўна, што Вольгу запрашаюць навучальныя ўстановы розных куткоў свету. Так, харэографка стварыла праекты ў Каліфарнійскім універсітэце Сан-Дыега і Універсітэце штата Агая ў ЗША, у Ліверпульскім інстытуце тэатральнага мастацтва Hope University ў Вялікабрытаніі ды іншых краінах. Беларускім студэнтам пашчасціла: нягледзячы на вялікую занятасць і прафесійную запатрабаванасць, Вольга Жытлухіна знайшла ў шчыльным графіку час і сама дала ім майстар-клас.
Вельмі карыснай зрабілася таксама размова пра Міжнародны фестываль сучаснага танца «Час танцаваць», які з 2006 года традыцыйна адбываецца ў Рызе па ініцыятыве гэтай апантанай жанчыны. Асаблівасць фестывалю, паводле слоў Вольгі, у тым, што «мы робім моцны акцэнт на сцэнаграфію (працы сумесныя з майстрамі візуальнага мастацтва, імправізацыйны спектакль са светлавой устаноўкай), акрамя таго, асабліва вылучаем мерапрыемствы з удзелам людзей, якім больш за пяцьдзясят гадоў».
Спектаклі ў межах апошняга фестывалю прайшлі ў садзе Домскага сабора, на плывучай галерэі-дэбаркадары Noass на дамбе, у музеі тэатра імя Смільгіса. «Зрэшты, хіба можна дакладна сказаць, у чым менавіта сэнс танца? — разважае харэографка. — Трэба проста глядзець і атрымліваць асалоду ад свабоды рухаў чалавечага цела».
Інстытут прыгожых мастацтваў Талінскага ўніверсітэта ў Эстоніі, які аказаўся наступным у нашай адукацыйнай вандроўцы, з’яўляецца актыўным прыхільнікам міжнароднага супрацоўніцтва, мае інтэрнацыянальны склад педагогаў, штогод запрашае вядомых навукоўцаў і практыкаў з усяго свету. Тут адбылася незабыўная сустрэча з харызматычнымі выкладчыкамі праграмы сучаснага танца Рэнэ Нымікам і Цінай Олеск. Апошняя правяла практычныя заняткі з нашымі студэнтамі.
Тэма была пазначаная як «Сесія рухаў, якія факусуюцца на прысутнасці ў часе і прасторы». Сур’ёзная ўвага надавалася здаровым спосабам руху суставаў з выкарыстаннем патэнцыялу энергіі рухаў цела і яе праекцыі ў прастору з дапамогай індывідуальнай пластычнай мовы настаўніка.
Рэнэ і Ціна — таленавітыя харэографы, неаднаразова адзначаныя прэміяй Саюза тэатральных дзеячаў Эстоніі за лепшую танцавальную пастаноўку, лаўрэаты прэстыжных творчых конкурсаў. Яны ў тандэме з’яўляюцца стваральнікамі і ключавымі фігурамі тэатра і школы танца пад назвай «Fine 5 Dance Theatre», аднаго з самых вядомых эстонскіх танцтэатраў і ўплывовых незалежных танцавальных кампаній. Трупа выступае як з невялікімі сцэнічнымі, так і з эксперыментальнымі пастаноўкамі, стварае спектаклі для вялікіх сцэн, супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі тэатрамі. Толькі ў 2019 годзе «Fine 5 Dance Theatre» дала 50 спектакляў, паказаўшы пяць розных пастановак у пяці краінах. Магія лічбы «пяць»? З англійскай мовы «Fine 5» — «выдатная пяцёрка».
Падчас нашай сустрэчы, разважаючы пра актуальную тэматыку сучасных харэаграфічных твораў, Рэнэ Нымік параіў маладым беларускім калегам: «Засяродзьцеся на даследаваннях руху — праз мастацкі роздум аб разнастайнасці сучаснага жыцця». Менавіта на тым выкладчык акцэнтуе ўвагу студэнтаў на занятках па танцавальнай кампазіцыі. Усё вельмі проста? Так. Здаецца, думка ляжыць на паверхні. Але часта за звышканцэптуальнасцю ідэі сучасных харэографаў немагчыма разгледзець вобраз і разгадаць яго задуму, што замінае гледачу ацаніць твор.
Пасля Эстоніі мы наведалі Фінляндыю і Швецыю. Універсітэт мастацтваў Хельсінкі на сёння з’яўляецца найбуйнейшай арт-ВНУ ў Скандынавіі. Універсітэт быў заснаваны толькі на пачатку 2013 года, але аб’яднаў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны з багатай гісторыяй і даўнімі традыцыямі, якія маюць высокі рэйтынг у свеце — Акадэмію вытанчаных мастацтваў, Акадэмію Сібеліуса і Тэатральную акадэмію. Кожная з іх мае аднолькавыя правы і ўласныя адукацыйныя праграмы. Ва Універсітэце навучаюцца больш за дзве тысячы студэнтаў і працуюць шэсцьсот выкладчыкаў.
Тэатральная акадэмія, якая нас цікавіла, мае бакалаўрыят, магістратуру, ліцэнцыят і дактарантуру, рыхтуючы спецыялістаў у галіне акцёрскага майстэрства, рэжысуры, драматургіі, танцаў, асвятлення і гукавога афармлення, танцавальнай педагогікі. Дарэчы, ліцэнцыят (нязвыклае для нас слова) — першая навуковая ступень, прынятая толькі ў французскай сістэме вышэйшай адукацыі, ва ўніверсітэтах Фінляндыі, Швейцарыі і некаторых лацінаамерыканскіх краін, — дае права выкладаць у ліцэі і, як правіла, у правінцыі.
Домам для Тэатральнай акадэміі зрабіўся будынак былога завода, памеры якога дазволілі абсталяваць некалькі вялікіх тэатральных студый з найноўшай гукавой і светлавой апаратурай. Яны прадуктыўна выкарыстоўваюцца як для вучэбных заняткаў і рэпетыцый, так і для прэзентацыі спектакляў, куды запрашаюцца гледачы. За год тут паказваецца каля 60 тэатральных і танцавальных праектаў. Лічба ўражвае!
Спадабаліся таксама прасторная касцюмерная, уласнае швейнае атэлье, велізарныя склады з дэкарацыямі і інвентаром для спектакляў. Нашы студэнты мелі магчымасць прымераць каларытныя тэатральныя маскі, якія тут беражліва захоўваюць, і гэта дазволіла ім на імгненне апынуцца ў розных мастацкіх эпохах. Не дзіўна, што ў апошнія гады мастацтва Фінляндыі цікавіць многіх у Еўропе і ў свеце, а краіна стала месцам, куды з’язджаюцца на фестывалі і арт-святы прадстаўнікі розных краін.
Універсітэт танца і цырка Стакгольмскага ўніверсітэта мастацтваў — апошні пункт нашага зімовага адукацыйнага падарожжа — адзіная навучальная ўстанова падобнага роду сістэмы вышэйшай адукацыі ў Еўропе, якая пад адным дахам аб’яднала танец і цырк. Ва ўніверсітэце выкладаюць прадстаўнікі самых розных арт-напрамкаў. Адсюль выпускаюць універсальных спецыялістаў: пасля заканчэння вучобы студэнт добра падрыхтаваны для працы ў якасці незалежнага мастака ў розных сцэнічных мастацтвах. Неабходнай умовай для ўсіх твораў і навуковых даследаванняў тут з’яўляецца жаданне выйсці за межы таго, што ўжо вядома. Навучальная ўстанова мае за мэту кардынальна змяніць аблічча як тэатра сучаснага танца, так і цырка, сінтэзуючы іх сродкі выразнасці, дасягненні ў выканальніцкай тэхніцы, тэхналагічныя падыходы. У гэтай школе вітаюцца якія заўгодна эксперыменты, што і прыцягвае сюды студэнтаў з усяго свету.
«Прыкладна палова часу ў навучальных планах адведзена вывучэнню цыркавога майстэрства, — удакладняе адна з выкладчыц праграмы, былая артыстка сусветна вядомага тэатра Цырка дзю Салей, — іншую палову запаўняюць такія дысцыпліны, як тэатр, танец, музыка і выяўленчае мастацтва». Сустрэчы з прадстаўнікамі самых розных галін і кірункаў мастацтва — яшчэ адзін моцны бок навучальнай установы, якая не шкадуе сродкаў на арганізацыю такіх семінараў і лекцый.
У Стакгольмскім універсітэце мы трапілі на заняткі па кампазіцыі сучаснага танца да запрошанага педагога, вядомага нямецкага харэографа Марціна Сандэркампа. У сваёй харэаграфічнай рабоце і творчай практыцы ён, цесна супрацоўнічаючы з візуальнымі мастакамі, кампазітарамі і музыкантамі, імкнецца пашырыць і пераадолець дысцыплінарныя і эстэтычныя межы паміж танцам, выяўленчым мастацтвам і музыкай. Яго методыка правядзення заняткаў, дзе студэнты не столькі танцавалі, колькі «вырашалі» творчыя рэбусы, у тым ліку і на паперы, аказалася не зусім звыклая, але вельмі пазнавальная.
Падводзячы вынікі, можна адзначыць агульнае, што характэрна для ўсіх ВНУ мастацтваў, з якімі мы пазнаёміліся. Крэда наведаных балтыйскіх і скандынаўскіх навучальных устаноў можна сфармуляваць так: «Галоўнае для выхавання асобы студэнта — стварэнне дынамічнага і творчага асяроддзя, у якім мастацтва і даследаванні ідуць побач». Творчая альма-матар абавязкова з’яўляецца месцам сустрэчы мастацтва, педагогікі і навукі, ранейшых і новых тэарэтычных канцэпцый. Традыцыі атрымліваюць тут новы сэнс і новае ўвасабленне, змяняючы ўяўленні пра тое, што даўно вядома.
Вельмі папулярныя там спецыялізаваныя праграмы, напрыклад «тэрапія-танец» і «рухальная тэрапія». Выкладанне танца заснавана не на паслядоўным паўторы знешняй формы руху, а перасоўваецца ва ўнутраны змест, дазваляючы атрымліваць асалоду ад уласнай крыніцы руху, уважліва прыслухоўваючыся да імпульсаў свайго цела.
Памяшканні для заняткаў і прэзентацыі праектаў усюды ўяўляюць сабой blackbox, так званую «чорную скрыню», якая мае свае карані ў еўрапейскім авангардзе пачатку XX стагоддзя. Універсітэты і тэатры з навучальнымі праграмамі па сучасным танцы выкарыстоўваюць чорную скрыню ў якасці эксперыментальнай прасторы, бо яна з’яўляецца ўніверсальнай, лёгка змяняецца і спрыяе стварэнню гнуткага ўзаемадзеяння артыстаў і аўдыторыі. Адсутнасць колеру ў blackbox не толькі дае гледачу адчуванне «якога заўгодна месца», але таксама «штурхае» аўтараў да інавацыйнага дызайну асвятлення. Светлавыя прыборы, размешчаныя на верхняй галерэі па ўсім перыметры прасторы, дазваляюць выкарыстоўваць любыя камбінацыі асвятлення, што нараджае вялікія магчымасці для атрымання жаданай светлавой візуалізацыі. Гэтым займаюцца спецыялісты-«светлавікі» высокага класа, якія працуюць у навучальных установах на пастаяннай аснове. Захоўваючы спецыяльныя прынцыпы пабудовы сцэнічнага асвятлення, яны дасягаюць адчуванняў, што вы знаходзіцеся ў зале і назіраеце тэатральнае прадстаўленне, нават калі такога насамрэч няма.
Студэнты, якія навучаюцца па праграме «Танцавальнае прадстаўленне», цесна супрацоўнічаюць са студэнтамі блізкіх напрамкаў — тэатральнае і аўдыявізуальнае мастацтва, ствараючы сумесны прадукт. Пастаяннай з’яўляецца практыка прыцягнення да навучальнага працэсу выкладчыкаў і практыкаў-прафесіяналаў з розных краін.
У чарговы раз мы пераканаліся: складана пераацаніць значэнне падобных стажыровак для нашых выкладчыкаў і студэнтаў. З’явілася шмат інфармацыі для роздуму, дасягнутая дамоўленасць наконт працягу супрацоўніцтва ў сферы харэаграфічнай адукацыі. Таму мы ўжо будуем новыя планы.
Святлана Гуткоўская