Цяперашняму фэсту не пашанцавала: з-за каранавірусу былі адменены ўсе паказы з удзелам замежных гасцей. У выніку форум скараціўся да двух спектакляў: «Вітаючы сонца» і, праз гадзіну, надзвычай гарманічны ў сінтэзе мастацтваў, глыбокі па думцы «Arche & Ket» ад «ART Corporation».
Але ў новых абставінах аўдыторыя форуму, падобна на тое, магла пашырыцца да сусветных маштабаў. Бо спектакль адкрыцця, што прайшоў на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, меў анлайн-трансляцыю і далейшую магчымасць прагляду ў інтэрнэт-прасторы.
Сонца віталі харэографка Іна Асламава і этнамузыколаг Ірэна Катвіцкая. Разам яны склалі не толькі аўтарскі, але і выканальніцкі дуэт — танец і пластыка Іны, спевы і музыка Ірэны. Разам прадумвалі ўсе дэталі, уключаючы афішу і нават назву на розных мовах: па-беларуску — «Вітаючы сонца», па-руску — «Приглашая солнце», па-англійску — «Welcom the Sun». Як бачым, у перакладах адчуваецца жаданне як мага больш дакладна данесці мастацкі і сэнсавы змест пастаноўкі. Сапраўды, хто, як не ягоныя творцы, лепей за іншых разумеюць, што і як павінна быць, каб лепей данесці аўтарскую задуму? Тым больш у спектаклі маюцца фрагменты, разлічаныя на імправізацыйнасць, дасягальную толькі пры поўным адчуванні партнёра.
— Ірэна хацела папрацаваць з прадстаўнікамі сучаснай харэаграфіі і выйшла на мяне, — расказала арт-дырэктарка фестывалю Іна Асламава. — Мне, у сваю чаргу, таксама падалося цікавым сумясціць этнічныя традыцыі, звязаныя з вакалам, і прастору сучаснай пластыкі і танцавальнасці. Гэта розныя мастацкія стыхіі, але на скрыжаванні эпох і відаў творчасці нарадзілася новая энергетыка, здольная прыцягнуць гледача, адкрыць яму сувязь часоў. Бо ў кожнай традыцыі ёсць штосьці вельмі блізкае сучаснасці, менавіта яно і надае традыцыям трываласць. І адначасова ў кожным, самым новым мастацкім кірунку заўсёды прысутнічае глыбіннае, даўно знаёмае — праўда, у іншым абліччы. Гэтыя рысы і забяспечваюць мастацтву пастаяннае развіццё. Нават калі здаецца, што ланцужок перарываецца, гэта значыць, што праз некаторы час ён будзе адноўлены.
Мастацтва не трывае перапыненых сувязей — гэтак жа, як і абсалютна ідэнтычных паўтораў. Усё з усім звязана, усё ва ўсім «прарастае» новымі адценнямі. Фальклор жа ўвогуле — пачатак усіх пачаткаў. Ірэна дэталёва вывучала беларускую абрадавасць, вясновыя заклічкі. Аднак у працэсе сумеснай работы мы выйшлі на больш шырокую сімволіку, узнік спектакль-абрад, дзе кожны сімвал, які я малюю на экране, азначае новую сцэну. А разам з Ірэнай і яе спевамі мы выпраменьваем магутную жаночую энергію, што ў стане не толькі паклікаць сонейка, але і запаліць яго ў душы кожнага гледача.
Цягам дзеяння артыстка не столькі танцуе, колькі «варожыць» сваймі рухамі. Сплятае чырвоныя ніці-стужачкі. У цішы малюе чырвоным дэталі беларускага арнаменту. Кожная наступная сцэна — бы асобны нумар. І разам з тым — непарушны працяг агульнай атмасферы гэткага «шаманства».
Спектакль аказаўся зусім не тым «гуканнем вясны», якое здаўна практыкавалася ў вёсках і захавалася ў некаторых нашых рэгіёнах дагэтуль. Больш за тое, убачанае і пачутае вымушала задумацца пра нейкія агульныя таямніцы светабудовы, што ў той ці іншай меры адбіваюцца ва ўсіх этнакультурах, але па-рознаму.
Прывітанне сонцу было не голасным, можна нават сказаць, непублічным. У сцэнічным дзеянні была нейкая інтымнасць, заварожанасць, быццам сонца прыходзіла не да ўсіх разам, а да кожнага паасобку. Але ў гэтым і адчувалася адметнасць відовішча.
— Былі выкарыстаны, — дадала Ірэна Катвіцкая, — інтанацыі, словы, асобныя матывы, песні не толькі каляндарна-абрадавага, але і сямейнага цыклу — да прыкладу, вясельныя. Прычым не з аднаго рэгіёна Беларусі, а з розных, уключаючы Палессе, Падняпроўе. Атрымаўся своеасаблівы музычны атлас: геаграфічны, жанравы, інтанацыйны. Асаблівая ўвага надавалася найбольш старадаўнім, архаічным дахрысціянскім традыцыям. Пры гэтым я абапіралася і на ўласны вопыт фальклорных экспедыцый, і на прыклады, назапашаныя вучонымі. Бо я ж прафесійны этнамузыказнаўца, больш за 15 гадоў выкладаю фальклор, народны вакал, ажыццяўляла шмат праектаў, дзе беларускі фальклор спалучаўся з джазам.
Гэтым разам мне хацелася падкрэсліць гендарную тэму. На жанчыну псіхалагічна ціснуць і ў сям’і, і ў грамадстве: яна паўсюль павінна адпавядаць пэўным чаканням, на яе ўскладзеным, але заставацца жанчынай. Многае з таго, што, як нам здаецца, адбываецца быццам само па сабе, насамрэч з’яўляецца вынікам не заўсёды заўважаных жаночых намаганняў. Каб перадаць гэты мэсэдж, патрэбна была не толькі музыка, якая адказвала б за эмоцыі, але і цялеснаць, здольная данесці асэнсаванне ролі жанчыны ў творчасці. Хацелася паказаць, што гэтая творчая струнка выяўляецца не толькі ў адпаведных прафесіях, але і ў побыце, паўсядзённым жыцці. Надалей думаем працягваць знойдзены метад спалучэння розных пластоў і жанраў, рушыць у бок сінтэзу з digital art — мастацтва з актыўным выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, каб яшчэ больш разнастайна працаваць і з музыкай, і са сцэнічнай прасторай.
Што да «Пластформы», дык арганізатары спадзяюцца: да канца года астатнія запланаваныя спектаклі ўсё ж адбудуцца, бо замежныя гранты на іх правядзенне захаваныя.