Вялікае свята ў маленькім доме

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

Усялякі фестываль -- гэта не толькі свята новых чалавечых і творчых сустрэч, новых мастацкіх і духоўных уражанняў, але і своеасаблівы зрэз або люстра таго, што адбываецца ў мастацтве. Арганізатары V Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек абяцалі прывезці ў Мінск самае лепшае ў лялечнай справе і ў пэўнай меры гэта здзейснілі. Дагадзіць усім немагчыма, таму спрэчак пра шляхі развіцця ўзнікала шмат. Аднак галоўнае адбылося: жанрава-стылістычная шматстайнасць спектакляў уражвала.

Ад мюзікла да псіхалагічнай драмы. Ад фальклорна-этнаграфічных дзеянняў да пластычных імправізацый. Ад складанай гульні з прадметамі да радыкальнага мінімалізму. Разнастайны быў і выбар тэкстаў: ад неўміручага «Фаўста», зусім не лялечнага «Шклянога звярынца» Тэнесі Уільямса да вольнай клаунады і спробы ўспрымаць святло праз гук, колер, пачуцці. Тэатр цудоўны і выдатны тады, калі мовай мастацкага вобраза раскрывае сутнасць эпохі, яе ідэалы, тыповыя характары. Усё гэта, як мне здаецца, прысутнічала, і менавіта за гэтым публіка імкнулася на спектаклі тэатраў лялек. У асноўным -- маладзёжная аўдыторыя. Радуе, што не надта папулярнае ў масах лялечнае мастацтва так прываблівае нашу творчую моладзь.У тэатр цяпер паўсюдна ходзіць публіка эстрады, малаадукаваная, наіўная. Адкрытая. Яна ідзе на канцэрт і чакае эфектаў, а не сэнсу. Цудоўна, што лялечны фестываль у Мінску сабраў гледачоў новай фармацыі, патрабавальных, падрыхтаваных. У гэтым сэнсе мінулае свята было з’явай элітарнай. 

Маленькія

Лялек розных сістэм было ў спектаклях шмат. Мяккія, амаль пятрушачныя і жорсткія, планшэтныя; падатлівыя і маларухомыя; вылітыя з пластмасы і пашытыя з анучак; маленечкія і ростам з чалавека -- яны візуальна не існавалі без акцёра, які выйшаў з-за шырмы. Адкрыты прыём сёння надзвычай папулярны. Лялькі-марыянеткі, ценявыя лялькі, лялькі на трысцінах больш не хаваюць ад вачэй гледачоў сваю складаную тэхніку.Лялькі, якія нібыта існуюць дзеля таго, каб перадражніваць і парадзіраваць чалавека, не могуць вырвацца з-пад ягонага ўплыву. Ды толькі лялькавод заўсёды імкнуўся прыгасіць свой уласны чалавечы бляск вачэй, нястрымны жэст і драматычную гульню, якія адцягваюць увагу ад лялькі. Цяпер гэта не так. У лепшым выпадку мы бачым раўнапраўнае ўзаемадзеянне з ёю. Часцей -- жаданне акцёра паказаць свае ўласныя акцёрскія магчымасці.Класічны тэатр лялек даволі абыякавы да новых пастановачных вырашэнняў і рэжысёрскай фантазіі. Ён выкарыстоўвае векавыя традыцыі казак і надае вялікае значэнне тэхнічнай вывучцы акцёраў. Ён, так бы мовіць, досыць непатрабавальны, разлічаны на маленькіх гледачоў.Такім шляхам доўга ішлі і ў некаторых выпадках працягваюць ісці лялечнікі беларускія. Сваю штодзённую прадукцыю яны адрасуюць дзецям і жадаюць, каб яна была зразумелая. Шэсць беларускіх тэатраў лялек атрымалі магчымасць прывезці на фестываль свой лепшы спектакль па ўласным выбары. І адабралі менавіта тое, што трапляе пад фармат фестывальнага відовішча. За рэдкім выключэннем, гэта былі відовішчы, адрасаваныя дзецям.«Голы кароль» з Маладзечна, «Чорная курыца, або Падземныя жыхары» з Віцебска, «Сіняя птушка» з Мінска больш за іншых памяталі пра сваю дзіцячую аўдыторыю і ёй прэзентавалі сваіх прыгожых лялек і ўласцівасці ажыўшых рэчаў. Яны даводзілі маленькім гледачам, што іх лялечныя героі валодаюць магічнай сілай, што яны жывыя.Сярод спектакляў нашых гасцей варта вылучыць «Асляня з Назарэта» са Славеніі, дзе аўтар калядных песень, рэжысёр і лялькавод Роберт Валтла працуе ў невялікай прасторы накшталт нашай батлейкі. Лялькі -- людзі і жывёлы -- надзвычай выразныя. Гэты міні-тэатр добра вядомы ў Еўропе з прычыны даступнасці зместу і дзякуючы прастаце размовы з гледачамі (спектакль пра нараджэнне Ісуса Хрыста ў шэрагу біблейскіх расповедаў суправаджаецца амаль што опернымі спевамі).Мабыць, гэта быў самы традыцыйны лялечны спектакль, сыграны з вялікай павагай да дзіцячай аўдыторыі. Ён дазволіў успомніць словы Сяргея Абразцова, сказаныя ім на кангрэсе УНІМА: «Сіла ўздзеяння іншасказальнага мастацтва лялек, сіла метафары вельмі моцная, і мы абавязаны не толькі ведаць гэтую сілу, але і быць асцярожнымі, каб замест карысці не зрабіць шкоду. Дзіцячыя сэрцы цудоўныя, як венецыянскае шкло, але і абыходзіцца з імі трэба вельмі беражліва».Прыгожая візуальная карцінка «Чорнай курыцы», як заўсёды, вытанчана ўвасоблена мастакамі Ганнай і Алесем Сідаравымі разам з рэжысёрам Віктарам Клімчуком. Сумная гісторыя пакінутага ўсімі хлопчыка тэматычна кантрастуе з «Аслянём з Назарэта» і перанасычана аскетычна-суровай мараллю, такой нязвыклай для цяперашніх гарэзлівых дзяцей. Аднак тэатр не адступае ад свайго прызначэння служыць маленькім гледачам.«Казка пра Івана Голіка» Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек у пастаноўцы нашага старога сябра рэжысёра Леаніда Папова зусім немудрагелістая па форме і змесце. «Чорная курыца», «Асляня з Назарэта» і «Казка пра Івана Голіка» -- гэта толькі тры спектаклі для дзіцячай аўдыторыі з дзевятнаццаці, паказаных на фестывалі. Уся астатняя прадукцыя прызначалася дарослай публіцы.Магілёўскі тэатр лялек на гэты раз узяў тайм-аўт. Малавядомы ў сталіцы Гомельскі тэатр лялек прывёз «Памінальную малітву» -- свой першы спектакль для дарослых. У наступным годзе па рашэнні ЮНЕСКА будзе шырока адзначацца 150-гадовы юбілей класіка яўрэйскай літаратуры Шолам-Алейхема, і тэатр, распавядаючы сумную гісторыю невялікай вёсачкі, закранае праблемы міжнацыянальных і міжрэгіянальных адносін. Прастора сцэны перапоўнена акцёрамі-лялечнікамі. Візуальна даволі вялікія лялькі губляюцца ў іх руках. Часам пачынае здавацца, што яны, гэтыя лялькі, і ўвогуле не патрэбныя. Няхай бы п’еса Рыгора Горына паводле аповесці Шолам-Алейхема заставалася ў драматычным тэатры. Магчыма, такое ўражанне склалася з-за не надта ўдала выбранага рэжысёрскага вырашэння і малацікавых лялек.Зрэшты, ёсць надзея, што пасля доўгага перапынку гомельскім лялечнікам яшчэ ўдасца адрадзіць сваю былую славу. Не так даўно яны атрымалі для тэатра новы выдатны будынак, а прылеглая да яго тэрыторыя стала першай пешаходнай зонай горада, гэткім гомельскім Арбатам. Свайго памяшкання чакаюць і магілёўскія лялечнікі, якім, напэўна, давядзецца ўсё пачынаць з нуля. 

Вялікія

Традыцыйна лялечныя спектаклі адрознівае лёгкае дыханне з яркай гульневай стыхіяй, гумарам і вясёлымі дзівосамі. Замарочкі і мудрагельствы быццам бы не ў іх прыродзе. Аднак вузкая адрасная накіраванасць ужо даўно пачала здаваць свае пазіцыі. Недзіцячых рэжысёраў і недзіцячых спектакляў у лялечнай справе становіцца ўсё больш і больш. Пераадольваючы, як і любы жывы арганізм, пэўныя тупікі, тэатр вольна лунае між небам і зямлёю. Рух мастацкіх ідэй патрабуе перастварэння мастацкіх структур. Лялькавод ужо не хоча працаваць толькі голасам і рукамі. Ён жадае станавіцца бачным і  выкарыстоўваць усю сваю псіхатэхніку.Першае, самае простае тлумачэнне таму, што ў тэатрах лялек з‘явілася шмат спектакляў, дзе акцёры іграюць «жывым планам» або увогуле без лялек: закарцела ім сябе паказаць. Надакучыла сядзець за шырмай!Другое магчымае тлумачэнне -- разбурэнне драматычных структур у тэатры ХХ стагоддзя і ў сувязі з гэтым апора не на п’есу, а на акцёра. Эксперыменты еўрапейскіх акцёрскіх школ і лабараторый шмат у чым тлумачацца неабходнасцю знайсці прыхаваныя ўзаемасувязі разнаўзроўневых энергій акцёра і спектакля. Абвостраная ўвага да энергетыкі спектакля ёсць у вопыце многіх тэатраў. У нас пакуль невялікі досвед даследаванняў у гэтай галіне. Аляксей Ляляўскі і Алег Жугжда валодаюць ім, дзякуючы пастаянным пастаноўкам за мяжой, і укараняюць тут, на айчыннай глебе.Адзін з моцных сродкаў уздзеяння -- шокавая тэрапія. У сферу мастацтва амаль арганічна ўвайшлі катэгорыі пазаэстэтычныя, такія як смерць, уваскрашэнне, душэўны шок. Іх энергетычная прырода асабліва адчувальная ў мінскай «Ганэле», «Гісторыі Снежнай каралевы», а таксама ў гродзенскай «Паэме без слоў». Апошні спектакль, па сутнасці, мусіў прадоўжыцца рэжысёрам Алегам Жугждам у брэсцкім «Паляванні на зубра». Абодва спектаклі былі паказаны на фестывалі.Энергетычнае поле «Паэмы без слоў» не здолела разбурыць тэрміновая замена выканаўцаў. Уладарная рука рэжысёра ўтрымлівала спектакль у межах высокага мастацтва, пабудаванага на выхадах і разняволенні акцёраў. «Паляванне на зубра» прадэманстравала занадта напружаныя намаганні, перабор прыёмаў і тэксту. Характары герояў не развіваліся. Лялькі былі статычныя. У жэстах акцёраў не было пластычнай завершанасці, руху вобразаў. Кантакт з глядзельнай залай кепска ўсталёўваўся.Кемераўскі абласны тэатр лялек імя Аркадзя Гайдара паказаў спектакль «Пер Гюнт» Генрыка Ібсена, цалкам абапіраючыся на цудоўную музыку нарвежскага кампазітара Эдварда Грыга, якая ва ўсіх на слыху. Ягоная энергетыка дасягалася выключна пластыкай. Заўважныя страты ў развіцці сюжэта не адчуваліся. Рэжысёр Дзмітрый Віхрэцкі, як і Жугжда ў «Паэме пра зубра», размясціў спектакль на паваротным коле. Атрымалася зямля з горнымі хрыбтамі, пячорамі, пірамідамі, лагчынамі і ярамі з цел акцёраў. Усё рухалася, дыхала, жыло, дакладна пралічанае да самага малога павароту. Па гэтым свеце вандраваў у пошуках шчасця герой -- невялічкая лялька. І ўсе лялькі былі маларухомымі, планшэтнымі. Ніводнага рытмічнага збою, мінімалізм прыёмаў, а эфект надзвычайны.Пад гэтае, іншае, тлумачэнне захаплення «тэатрам без лялек» трапляе нямецкі спектакль «Патаемнае». Актрыса з дапамогай мікракамеры вывучае сваё цела, твар, але не адкрывае душу. Бельгійскія акцёры ў спектаклі «Крыжаносцы» таксама не згадалі пра тое, што ўяўляе сабой тэатр лялек. Польскі «Велікан» забаўляў клаунадай і раіў, як пераадольваць дзіцячыя жахі.Мабыць, трэцяе тлумачэнне знаходзіцца па-за логікай тэатраў лялек -- яно ў захопленасці музыкай і ў пэўнай псіхалагічнай залежнасці ад яе. Музыка сёння так пранізала і падпарадкавала сваёй волі маладое пакаленне, што лялечнікі, мабыць, вырашылі здацца без бою. У першы фестывальны дзень на сцэне грымела дыскатэка, і разам з акцёрамі з Санкт-Пецярбурга хвацка танчылі гледачы. У апошні фестывальны дзень на той жа сцэне Тэатра імя Янкі Купалы Польскі дзяржаўны тэатр лялек прадэманстраваў «Кароткі курс дзіцячай паэзіі» з дапамогай дваццаці немаладых акцёраў. Апранутыя ў школьнае адзенне, не хаваючы ўласных дарослых форм, яны спявалі без фанаграмы, эксперыментуючы ў галіне музычна-лялечна- драматычнага мастацтва. Цудоўна спявалі і бельгійскія акцёры ў «Крыжаносцах». Усё гэта наводзіла на думку, што нараджаецца новы накірунак развіцця лялечнага тэатра, у якім магія лялькі ўжо нікому не цікавая.Паўсюднае пагарджанне традыцыйна выбудаванай драматургіяй дазваляе рэжысёрам камбініраваць жанры, тэксты, стылі. Музыка ўсё часцей становіцца асноўным стрыжнем, на які можна нанізаць усё што заўгодна. У санкт-пецярбургскім, польскім, бельгійскім спектаклях у адзіным калажы суіснуюць камедыя-гратэск, іронія, боль, брутальнасць і тонкі псіхалагічны настрой. Рэжысёрскае выказванне ідзе праз эмацыйнае ўздзеянне жывых спеваў. І тут вельмі важна, што акцёры надзвычай музыкальныя. Заўважана, што сёння публіка можа быць далучана да тэатра праз мілыя яе сэрцу мелодыі і рытмы, а таксама праз любімых выканаўцаў. У гэтым сэнсе бард Віктар Шалкевіч ў Гродне і Святлана Бень у Мінску для тэатраў лялек -- сапраўдныя знаходкі.Падсумоўваючы факты агрэсіўнага дарослага ўварвання ў свет тэатраў лялек, хачу адзначыць адну рэальную небяспеку. Яшчэ раз перачытайце наказ Сяргея Абразцова: не параніць крохкую дзіцячую душу! Усё ж тэатр для дзяцей абавязаны быць добрым. 

У іншым вымярэнні

Маска -- як матэрыяльная, так і як форма пераўвасаблення -- ёсць выкарыстанне чалавекам унутранага раздваення, іншага «Я». На маю думку, гэта акт містычнага значэння. Тут заўсёды ёсць таямніца, а значыць, і магчымасць моцнага ўздзеяння на публіку. У тэатрах лялек поруч з чалавекам заўсёды існавалі і прадметы, якія акцёры надзялілі прыхаванымі ад вачэй уласцівасцямі і з задавальненнем ажыўлялі. Тэатр лялек і пачынаў з руху прадметаў. Не дзіва, што сёння ён стаў усё часцей згадваць пра гэта і вяртацца да сваіх вытокаў.Мы бачым акцёра ў масцы, які імкнецца быць падобным да лялькі. Але бачым таксама імкненне абысціся без традыцыйных лялек, ствараць спектакль з дапамогай пёркаў, паперы, анучак, вяровачак, геаметрычных фігур. Прасцей за ўсё растлумачыць гэта моднай сёння інсталяцыяй, так бы мовіць, стварэннем мастацка-сэнсавай прасторы з прадметаў утылітарнага прызначэння. У мастацтве першапачаткова закладзена жаданне ствараць іншую мову, адрозную ад ужо вядомай.Увядзенне элементаў кінетычнага мастацтва патрабавала з’яўлення новага тыпу творцаў. У пэўнай меры гэта мастак-інжынер, які можа ілюстраваць слова з дапамогай механічных прыстасаванняў, оптыкі, матораў і іншага... Спектакль «Фаўст у кубе» здаецца менавіта такім, насуперак Гётэ пазбаўленым Боскага пачатку. Усё ў ім -- стварэнне рук чалавечых з дроцікаў, палачак, лямпачак, шрубак, нітачак. Але гэта толькі здаецца, бо магія пранізвае і створанае рукамі, і наўмысна прыземленае.Звычайныя прадметы і механізмы, змешчаныя ў зону павышанай увагі. З мэтай выяўлення глыбіннай сутнасці рэчаў. Калі гаворка заходзіць пра Маргарыту, лялькі ўсіх нацыянальнасцей лунаюць перад намі на вяроўцы, як бялізна з прышчэпкамі. Экран тэлевізара трансліруе гаворачую галаву героя і цені лялек. Прадметы візуальнага свету нечакана становяцца цьмянымі адбіткамі і прадуктам аўдыявізуальнай тэхнікі.Міметычны прынцып тлумачыць нерэальнасць таго, што адбываецца з Фаустам, ягоную чарадзейную сувязь з Мефістофелем. І ў той жа час існуе акрэсленая мяжа чалавечага часу на зямлі -- ад нараджэння да смерці. У старажытных рэлігіях спроба занадта глыбока спазнаць свет, вырвацца за межы дасягальнага -- вялікі грэх. Ён караўся смерцю. У гэтым мастацкім полі існуе і спектакль піцерскіх акцёраў «Фаўст у кубе». Яго стваральнік -- Рускі інжынерны тэатр «АХЕ» разам са сваім лідэрам Максімам Ісаевым -- усё ж абапіраецца на традыцыі тэатра лялек.Гэткім жа «тэатрам прадметаў» паказаў сябе чэшскі Тэатр «Крэпска» -- з той толькі розніцай, што ў іх гульня з прадметамі даведзена да зайздроснай мастацкай дасканаласці. Апрача прадметаў і лялек, у спазнанні свету чэшскія акцёры шчодра выкарыстоўваюць сваё цела. У гэтай выразнай пластычнай мове кожны знаходзіць сваю расшыфроўку. Так адбываецца і ў цудоўным аўтарскім спектаклі «Самая маленькая жанчына на зямлі». Поруч з неадухоўленымі прадметамі і механізмамі, павялічанай да гулівераўскіх памераў чалавечай фігурай адбываецца захапляючае жыццё лялек. Жаночая лялечная фігурка цягам спектакля становіцца ўсё меншай і меншай, пакуль не змяшчаецца на далоні. Пры гэтым яна не страчвае прыкмет канкрэтнага чалавека.Думаецца, што ў развіцці лялечнага тэатра гэты шлях на сённяшні дзень самы наватарскі і перспектыўны. Такі тэатр існуе за кошт ігры драматычнага акцёра, за кошт музыкі, якая сваім настроем замяняе тэкст, за кошт дакладна вывераных аўтарскіх імправізацый на зададзеную тэму.Чалавечае цела -- сапраўды сінтэтычны механізм. У межах невялікай прасторы лялечнага тэатра асабліва бачныя ягоныя магчымасці, і не выкарыстаць іх проста грэх. Там, дзе глядач і акцёр знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі, патрабуецца насамрэч рэдкая лялечная тэхніка, без непрадуманых жэстаў, размахаў і выпадковасцей.Менш наватарскі, больш традыцыйны спектакль Вільнюскага тэатра «Леле» «Эгле -- каралева вужоў», але ён, лічу, рухаецца ў тым жа напрамку. У аснове спектакля -- народная легенда, але тут таксама не патрэбныя словы. Рэжысёр і сцэнограф Віталіюс Мазурас абапіраецца абсалютна на ўсе складнікі тэатра лялек. Гэта -- акцёр «у жывым плане», арыгінальная выразная музыка (Фаўстаса Латэнаса), пластыка (Сігіты Мікалаўскайтэ), мноства ажываючых прадметаў, лялькі розных сістэм… І, нарэшце, касмічнае хараство сцэнаграфічнага афармлення, якое па-сапраўднаму зачароўвае.Самыя эксперыментальныя работы сучаснага тэатра лялек немагчыма пераказаць словамі. Жывы, прыгожы, разумны метафарычны тэатр не заўсёды зразумелы. Ёсць адчуванне, што новае стагоддзе нясе ў сабе новую сілу, энергію і яснасць. Цяпер -- час крайнасцей. Зразумела, чаму кожны мастак шукае прарыў да новых перспектыў. Ніхто не можа з упэўненасцю сказаць, у якім вымярэнні будзе існаваць тэатр лялек заўтрашняга дня.Важна тое, што V Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек паказаў практычна ўсе існуючыя сёння накірункі развіцця гэтага віду тэатра. Усе сістэмы лялек былі прадстаўлены. А таксама клаунада, цыркавыя фокусы, цуды піратэхнікі. Высокі ўзровень псіхалагічнага мастацтва, калі без слоў актрысай сыграны лёс гераіні Тэнесі Уільямса са «Шклянога звярынца». Былі спектаклі, у якіх пагарджалі традыцыйным кантактам з глядзельнай залай, такім неабходным тэатру для дзяцей.Дарослая накіраванасць паказаных спектакляў была ў цэнтры ўвагі шматлікіх дыскусій за кубачкам кавы і нідзе не факусіравалася, бо сустрэчы лялечнікаў штовечар суправаджаліся музычнымі імправізацыямі. У спрэчках і сутычках не магла нарадзіцца ісціна. Кожны заставаўся пры сваім меркаванні. Але паводле агульных уражанняў у неафіцыйныя лідэры выйшлі наступныя спектаклі: «Самая маленькая жанчына на зямлі», «Эгле -- каралева вужоў», «Фаўст у кубе», «Пер Гюнт», «Паэма без слоў». Дый увесь вялізны дыяпазон паказаных работ -- ад няўмелых перформансаў да глыбінных метафізічных вопытаў -- аказаўся цяпер не вельмі важным. Фестываль сведчыць пра больш істотнае -- пра тое, што тэатр можа быць месцам групавой тэрапіі, куды людзі ходзяць лячыць душу. 

Таццяна Арлова