Жывапіс, што пахне бэзам

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў адзначае юбілей народнага мастака Беларусі Мая Данцыга, які вось ужо пяцьдзесят гадоў працуе ў гэтай навучальнай установе, з іх каля дзесяці ў якасці загадчыка кафедры жывапісу.

Яркія, экспрэсіўныя, велізарныя (а мастак заўжды меў прыхільнасць да вялікіх памераў), амаль манументальныя жывапісныя кампазіцыі, імпазантныя партрэты, перспектывы мінскіх плошчаў Мая Данцыга, рэпартажы з новабудоўляў, створаныя шмат гадоў таму, і сёння выклікаюць цікавасць не толькі ў даследчыкаў мастацтва, але і ў сучаснага, да ўсяго звыклага гледача. Май Вольфавіч прыйшоў у мастацтва ў час росквіту «суровага стылю». Ён не здрадзіў яму і ў часы афіцыйнага прызнання, і тады, калі новае пакаленне мастакоў — пакаленне 1980-х — спрабавала адысці ад пластыкі і выяўленчай мовы папярэднікаў. Май Данцыг быў і застаўся рамантыкам у жывапісе.

Данцыг з эцюднікам абышоў увесь Мінск, малюючы родны горад у розныя гады. Пісаў з дахаў дамоў, з балконаў, з расчыненых вокнаў. Пісаў новыя мікрараёны, старадаўнія закуткі. Многія мастакі прызнаюцца, што пасля Данцыга сказаць што-небудзь новае пра Мінск на мове жывапісу вельмі цяжка. Яго карціны сталі сапраўднай візітоўкай беларускай сталіцы.

«Мой рэалізм — не рэалізм перасоўнікаў. Я вучыўся ў фавістаў, экспрэсіяністаў... Рэалізм не павінен успрымацца адназначна. З-за гэтага, калі мы прыехалі ў Мінск, нас сустрэлі ў штыкі, відаць, мы здаваліся вялікімі рэвалюцыянерамі на фоне кансерватыўнага і правінцыйнага ў работах мясцовых творцаў. Некаторыя работы не прымаліся выстаўкамамі. Напрыклад, так здарылася з маёй карцінай, дзе сосны над акопамі з калючым дротам плачуць з насечак смалой, быццам крывёй».

Ёсць яшчэ адна тэма ў творчасці мастака, дзе ён сказаў сваё асабістае важкае слова, — тэма вайны. У творах Данцыга яна адлюстравалася ярка, выразна, натхнёна. І нягледзячы на тое, што вайна — гэта заўсёды гора, смерць, насілле, жорсткасць, яго работы прасякнуты жыццесцвярджальным пачаткам, невынішчальнай прагай жыцця.

Сённяшні Май Данцыг па сутнасці свайго характару так і застаўся прадстаўніком «суровага стылю», трыбунам і публіцыстам, які ў творчасці сумяшчае ідэалы і рэальнасць. Яму цесна і няўтульна ў «малых» формах. Па словах мастака, «карцінкі для кватэр і офісаў — зусім не ганебна. Але для мяне вялікае палатно — арганічная неабходнасць, частка мастацкага вобраза».

У наш час важна адкрываць новае ў творчасці чалавека, якога ведае ўсё мастацкае асяроддзе. Сяргей Каткоў выправіў у свет вялікага мастацтва многіх вядомых творцаў. У яго студыі вучыліся Зоя Літвінава, Уладзімір Стальмашонак, Барыс Забораў, Уладзімір Тоўсцік, Сяргей Кірушчанка, Раман Заслонаў, Вольга Сазыкіна. У Полацкай мастацкай галерэі адбылася выстава Сяргея Каткова, дзе былі прадстаўлены 34 жывапісныя і графічныя работы мастака, знойдзеныя ў 2006 годзе пры рамонце дома, які быў ім пабудаваны па ўласным праекце. У большасці яны без назваў, часам маюць эцюдны характар. Вельмі шчырыя, яны адкрываюць новыя грані ў асобе мастака, дазваляюць па-новаму прачытаць гісторыю яго жыцця. «Праз пранікнёнасць каларыту з ноткамі любові і дабрыні да людзей мастак распавядае аб простых чалавечых радасцях, аб сузіранні роднай прыроды. Для яго паэзія штодзённага жыцця стала адзінай тэмай. Ён адлюстроўваў яе ў жывапісе, пастэлях, малюнках. Лірычнае шматгалоссе падрабязнасцей прысутнічае ў яго дэкаратыўных нацюрмортах, паўднёвых пейзажах, каларыстычных начных кампазіцыях», — зазначае загадчык галерэі Ларыса Лысенка.

У галерэі «ЛаСандр-арт» свае новыя творы паказалі Канстанцін Селіханаў і Таццяна Радзівілка. Творчая сямейная пара паспяхова працуе ў розных відах мастацтва. Аднак аб’яднаныя яны не толькі ўзаемаразуменнем у жыцці, агульнасцю поглядаў, канцэптуальнасцю мыслення. У сваіх творах абое эксперыментуюць з прасторай (гэта адзнака і жывапісных, і скульптурных работ), выкарыстоўваюць магчымасці яе трансфармацыі, абстрагуюцца ад рэальнасці, каб дасягнуць найвышэйшай ступені выразнасці аўтарскай думкі.

Наталля ШАРАНГОВІЧ