У ДЗЯЦІНСТВЕ ВАЛЯНЦІН ПРАЛАТ ПАСВІЎ КАРОЎ ПАД РАДАШКОВІЧАМІ, СПЯВАЮЧЫ НАРОДНЫЯ ПЕСНІ, ПАЧУТЫЯ АД БАЦЬКІ. А СЁННЯ ЁН АДЗІН З САМЫХ ЗАМОЖНЫХ БЕЛАРУСАЎ ПРАГІ, ПАСПЯХОВЫ СПЯВАК, ЗДОЛЕЎ ПАБУДАВАЦЬ АШАЛАМЛЯЛЬНУЮ МІЖНАРОДНУЮ КАР’ЕРУ (ЧЭХІЯ, АЎСТРЫЯ, ГЕРМАНІЯ, ШВЕЙЦАРЫЯ, ДАНІЯ, КАНАДА, ЗША, ІЗРАІЛЬ, ЯПОНІЯ, ГАНКОНГ). ВАЛЯНЦІН ПРАЦАВАЎ З ЛЕПШЫМІ ОПЕРНЫМІ ДЫРЫЖОРАМІ І РЭЖЫСЁРАМІ СУЧАСНАСЦІ, СЯРОД ЯГО СЯБРОЎ — ЗОРКІ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВЕЛІЧЫНІ, ЁН СПЯВАЎ ПЕРАД КАРАЛЯМІ І ІМПЕРАТАРАМІ. ШКАДА, ШТО ВАЛЯНЦІНА ЗУСІМ НЕ ВЕДАЮЦЬ НА РАДЗІМЕ.
Валянцін Пралат — незвычайны спявак. Вельмі сціплы. У яго няма хатняга архіва. Мноства прэсы ў суперлатывах, мноства ўзнагарод і рэгалій — нічога не збірае. Ён ведае сабе цану, увесь гонар за сябе — унутры яго. У яго дома няма нумара Le Figaro, дзе фота спевака было змешчана на першай паласе. Ён не павесіў у чырвоным куце бенефісную афішу, якой яшчэ паўтара года таму была завешана ўся Прага. Ён не дае інтэрв’ю, а сустрэўшы яго на вуліцы, ніколі не падумаеце, што перад вамі артыст і прафесар Пражскай кансерваторыі, — Валянцін імкнецца быць «простым чалавекам». Ён такі й ёсць — шчыры, справядлівы, спагадлівы.
Пралату споўнілася шэсцьдзесят, але свежасць яго голасу ўражвае. Дасць фору і маладым. Ён працівіцца, але ўсё яшчэ спявае Ленскага і Фаўста — няма каму, выручае. Кажа, яшчэ можа схавацца за грымам. Яно і так — перад намі абсалютна малады чалавек. Нядаўна яму патэлефанавалі са славацкіх Кошыцаў: «Выручайце, Валянцін, усе пахварэлі, трэба спяваць Гофмана». — «Я не магу, мне ўжо 60 гадоў». — «Праўда?» І Валянцін выручае, спявае адну з самых складаных партый для тэнара ў «Казках Гофмана» Афенбаха.
Пралат мімікрыраваў пад чэха. Valentin Prolat — ну і здагадайся, што не чэх. Ён праспяваў усю чэшскую класіку. Дырыжоры прыводзілі яго ў прыклад як замежніка, які ідэальна спявае па-чэшску. Майстар — вы зможаце разабраць кожнае слова, прамоўленае і праспяванае ім па-французску, па-нямецку ды іншых мовах. У размове са мной спадар Валянцін гаварыў на цудоўнай беларуска-чэшскай трасянцы. Менавіта, беларуска-чэшскай. Кажа, што толькі на радзіме, толькі з мамай яму ўдаецца не ўстаўляць чэшскіх словаў і гаварыць менавіта на матчынай мове.
Валянцін штодня аглядае беларускія медыя. Кажа, шчыра баліць душа за Беларусь. Ён штогод прыязджае на радзіму, дзе праводзіць адпачынак са старэнькай маці. У Валянціна вельмі артыстычная сям’я — сястра Глафіра таксама спявачка, мае сваю прыватную музычную школу ў Мадрыдзе. Яго ахоплівае гонар, калі ён, унук вясковага краўца, бачыць у цэнтры Мадрыда шыльду са сваім прозвішчам на будынку школы. Сястра Святлана — драматычная артыстка, працуе ў Гродзенскім тэатры. Сын скончыў кансерваторыю як піяніст. Пляменнікі ды іншыя родзічы таксама прафесійна прыгарнуліся да розных мастацтваў.
Вытанчаны, далікатны еўрапеец, Валянцін Пралат і сапраўды выдатны спявак. Некалі ў Празе жыў адзін з найлепшых беларускіх спевакоў, таксама беларус да мозга касцей — па свядомасці, манерах, рэпертуары — Міхал Забэйда-Суміцкі. У іх і галасы падобныя. І Валянцін Пралат — лірычны тэнар, з добрымі спінтавымі магчымасцямі. Абодва валодаюць выключнай музычнасцю і дасканалай тэхнікай, а таксама вялікай унутранай беларускасцю. Толькі Забэйда выступаў у Празе ўжо як камерны спявак, пакінуўшы за спінай опернае мінулае. А Пралат скарыў усіх перш за ўсё як оперны выканаўца.
У адзін з вечароў Валянцін дэманстраваў палкую жарсць у Нацыянальным тэатры Чэхіі. Яго Хазэ ў заключнай сцэне прыгожа забівае Кармэн (Яна Сікорава, салодкагалосае мецца), а забіўшы, кідае-кладзе яе мажное цела на студню, з якой цурчыць вада. А ў наступны дзень — мы дамовіліся праз мэйл за месяц — без дадатковых нагадванняў, без усякай сувязі, пунктуальна прыходзіць на сустрэчу ў кавярні якраз насупраць Нацыянальнага тэатра, дзе ён добрасумленна працуе трыццаць гадоў. Тут і ва ўсіх тэатрах Чэхіі. І свету. Мы сустрэліся з іншай нагоды, але я пераканаў яго, што варта адкрыцца, каб яго прозвішча наогул гуглілася па-беларуску. Валянцін такую аргументацыю з лёгкасцю прыняў. Вось вытрымкі з нашае гутаркі.
Пра чэшскі выбар
— Заканчваў кансерваторыю я ў Пецярбургу. І там ужо спяваў у тэатры кансерваторыі, адначасова ў Малым оперным тэатры — у мяне было некалькі сур’ёзных партый. Хацеў спяваць на радзіме. Прыехаў праслухацца ў Мінск, у тэатр. Праспяваў спектакль, «Травіяту», прычым добра праспяваў. 1988 год. Дырыжор Яраслаў Вашчак хацеў мяне ўзяць, але нейкія інтрыгі не дазволілі. Дамовіліся на наступны спектакль, я ўжо купіў квіток на цягнік. Тэлефаную: «На жаль, не можам вас прыняць». Так мая беларуская гісторыя скончылася.
Ніколі ў сваім жыцці не меў ніякага блату. Ні там, ні тут, у Чэхіі. Проста працаваў. Запрасілі сюды. За кароткі час далі грамадзянства. Прызналі. Тут я праспяваў усё. Усё, што хацеў. Усю чэшскую музыку. Усю — Дворжак, Сметана, Яначак, Марціну. «Русалку» Дворжака спяваў па ўсім свеце, нават у Японіі. Чужынец спяваў чэшскую музыку.
Пра нямецкую мову
— Не верылі, што не немец, калі там спяваў. Пыталіся тады, дзе вучыў нямецкую. Кажу: «У школе». — «У вас у школе выкладалі нямецкую мову, ды яшчэ так добра?» — «Так, — кажу, — у нашай вёсцы».
Пра вакальную форму і сакрэты майстэрства
— Я адчуваю сябе вакальна лепей, чым перад пачаткам кар’еры. Сорак год на сцэне. Нішто так не дапамагае спеваку, як вопыт. Талент — добра, школа — яшчэ лепш. Але сцэнічны, прафесійны вопыт робіць сваю справу. У мяне шмат на што паўплывала генетыка. Бацька быў вельмі музычны чалавек, спяваў да смерці, меў нейкі прыродны дар. Вялікі голас меў. Граў на інструментах. Ад яго я ўсё пераняў. Спяваю з маленства. Кароў пасвіў — спяваў. Беларускія песні. Беларуская прырода натхніла моцна. Вельмі моцна. Я такі летуценнік беларускі... Сымон-музыка.
Спявак мусіць быць асобай, самім сабой. Мусіць унутрана быць інтэлектуалам. Кожны спявак мае ўласны, непаўторны голас — тэмбр, тэхніку. Але толькі асоба робіцца артыстам. Нябожчык Хварастоўскі, мой таварыш (мы пазнаёміліся яшчэ за Саветамі на конкурсе Глінкі), казаў: «Няма фабрыкі спевакоў».
Дэль Монака пісаў: «Голас я маю. А фізікі не хапае». Так і ў мяне было нейкі час. Цела мусіць быць здаровым. Спявак мусіць быць фізічна моцным. На жаль, праз усё жыццё пакутую на мігрэні. Спектакль, трэба спяваць, а тут... Неяк даю рады. Тэхніка, школа. Плюс выкладаю, заўжды паказваю студэнтам. Заўсёды ў форме.
Пра беларушчыну і боль
— Я хлопчык з беларускай вёскі. Вучыўся ў беларускай школе. Доўгі час размаўляў толькі па-беларуску, не ўмеў іначай. Вырас у купалаўскіх мясцінах, на Маладзечаншчыне. Я беларус да мозга касцей. Сэрца баліць па Беларусі. Прыязджаю на беларускую мяжу — і ўжо пачынае балець. З дзяцінства ездзіў верхам. Любіў коней. Цяпер маю толькі сабак. У дзяцінстве ўтрох, нават дзецьмі, садзіліся на каня.
Пра бальшавікоў і заходнебеларушчыну
— Бальшавізм — страшная рэч. Усіх маіх дзядоў рэпрэсавалі. Аднаго дзеда на сем гадоў саслалі, вярнуўся пасля вайны. А другога, што быў краўцом, шыў адзежу, ён быў кульгавы, яго на вайну не ўзялі, — на тры гады забралі, там атрымаў туберкулёз. Расказаў нейкі анекдот пра Сталіна.
Памятаю гэтыя калгасы. Маці мая працавала — катаржная праца. Працавала да сямідзесяці гадоў, пакуль ушчэнт тая гаспадарка не развалілася. Палола нешта, нейкую кукурузу, нешта прымітыўнае. Палі — насілі, касілі. І сам памятаю — жаў снапом малы ў калгасе. Дык мая маці дастала самую малую пенсію. А побач жонкі брыгадзіраў, якія нікуды не хадзілі, атрымалі самую вялікую пенсію ў вёсцы. Такая сістэма была. Бальшавізм нават у Чэхіі жывы, дык тут ён быў кароткі час, а ў нас — больш за 70 гадоў! Што і казаць...
Пра Чэхію
— Гэтая рэспубліка, нягледзячы ні на што, а я ўвесь свет аб’ехаў, — адна з найлепшых. Тут спакойна. Так, чэхі неслабыя ксенафобы. І на сабе адчуваю. Я дасюль не свой. Хоць і мову выдатна засвоіў, а ўсё роўна я ведаю, як мяне ўспрымаюць. Ментальна чэхі падобныя да беларусаў. Таксама ўвесь час былі пад прыгнётам. Так і Беларусь — паглядзіце, як было ў часы Вялікага Княства Літоўскага і як потым. Хоць у чэхаў крыху лепшая гісторыя. Расійская імперыя ўсё ж не Габсбургі. Аднак часам думаю, што за царом расійскім было лепш, чым за бальшавікамі.
Пра сям’ю
— Жонка мая піяністка. Працавала ў Беларусі канцэртмайстрам у музычным вучылішчы. Сын скончыў кансерваторыю ў Празе як піяніст, але не пайшоў гэтай дарогай, хоць і музычны чалавек. Ён мае свой бізнэс — рэстараны.
Наконт працы
— Мне ўжо досыць. Буду спяваць, але трэба паступова сыходзіць. Пра матэрыяльнае я ніколі не думаў. Проста рэпетаваў, выходзіў на сцэну. Цяпер маю кватэры ў Празе і дом недалёка ад сталіцы. Лес блізка. Люблю фізічна працаваць, гэта лепшае. Працую ў сваім садзе — даглядаю яго, сяку, палю, абрабляю. Між іншым, сярод маіх вучняў у кансерваторыі ажно тры беларусы.
Сяргей Русецкі