У апошнія пяць гадоў нервам і сутнасцю нашага каляднага форуму ўспрымаўся Мінскі міжнародны конкурс вакалістаў. Цікавасць публікі да конкурсу аказвалася велізарнай. У журы з’язджаліся найбуйнейшыя спецыялісты, прадзюсары і оперныя рэжысёры з розных краін свету. Сёлета форум застаўся без гэтай падтрымкі. Яшчэ ў верасні на прэс-канферэнцыі напярэдадні адкрыцця сезона тагачасны генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка заявіў: «У гэтым годзе мы мяняем фармат. Як прынята ва ўсім свеце, конкурс будзем праводзіць раз на два гады. За першыя пяць гадоў, пакуль конкурс быў штогадовым, мы стварылі сабе аўтарытэт, выдатна сябе разрэкламавалі. А далей усё пойдзе па накатанай! Сёлета замест конкурсу адбудзецца грандыёзны гала-канцэрт лаўрэатаў усіх папярэдніх конкурсаў. Гэта будзе неверагоднае відовішча!»
Насамрэч канцэрт «Маладыя галасы сусветнай оперы» сабраў рэкордную колькасць лаўрэатаў нашага конкурсу вакалістаў з 2014 па 2018 год. Не хапіла хіба што амерыканкі Ларэн Мішэль Крыдл, якая летась атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Яе прысутнасць надала б канцэрту яшчэ большы маштаб і нават крыху ажыятажу.
А з тых, хто быў, найярчэйшай зоркай апынулася, да маёй вялікай радасці, лаўрэатка другой прэміі IV Мінскага каляднага конкурсу вакалістаў Марыя Галкіна (Беларусь). Выпускніца Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, любімая вучаніца народнай артысткі СССР Ірыны Багачовай, яна ад Бога адорана рэдкім, насычаным драматычным сапрана.
Калі ў красавіку 2016 года Ірына Багачова прыязджала да нас спяваць Графіню ў «Пікавай даме», яна паставіла ўмову, каб партыю Лізы ў спектаклі выконвала менавіта Марыя Галкіна. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам, але толькі праз паўтара года, пры абвяшчэнні вынікаў конкурсу, кіраўніцтва тэатра публічна запрасіла Марыю Галкіну на працу ў калектыў.
Прайшло два гады. Марыя намінальна фігуруе на сайце Вялікага тэатра Беларусі ў якасці салісткі, але чамусьці не спявае! Некалькі разоў я пыталася пра яе ў кіраўніцтва тэатра, і кожны раз мне тлумачылі, што Марыя усё яшчэ вучыцца ў асістэнтуры-стажыроўцы і вось-вось прыедзе. І вось цяпер афіцыйна абвешчана, што сёлета ў лютым Марыя дэбютуе ў партыі Яраслаўны ў «Князі Ігары». Вельмі чакаем і спадзяемся на яе поспех!
Затое расчаравала леташняя ўладальніца Гран-пры Ксенія Несцярэнка, салістка Маскоўскага тэатра «Новая опера». Раптам аказалася, што ў яе цьмяны, слабы голас і амаль што «піянерскі» вакал. Зрэшты, гэта хутчэй выключэнне. Большасць нашых лаўрэатаў прадэманстравалі ўпэўнены рост, а, напрыклад, Раміз Усманаў зрабіўся па-сапраўднаму выбітным спеваком.
Нягледзячы на тое, што «Маладыя галасы» фармальна не з’яўляліся часткай форуму, гэты яркі і хвалюючы канцэрт выканаў важную задачу: зняў акцэнт з «Князя Ігара».
Увогуле я люблю і музыку Аляксандра Барадзіна, і пастаноўку Галіны Галкоўскай, тым больш гэта самая свежая прэм’ера нашага тэатра. Асабліва люблю Яраслаўну Анастасіі Масквіной, Галіцкага Уладзіміра Пятрова, Уладзіміра Ігаравіча, якога спяваў Юрый Гарадзецкі. Гэтым разам да іх дадаўся цудоўны, магутны князь Ігар, заслужаны артыст Расіі Сяргей Мурзаеў, і яркі Канчак з Арменіі, лаўрэат Гран-пры IV Мінскага міжнароднага каляднага конкурсу вакалістаў Саргіс Бажбеук-Мелікян. Яшчэ адной сенсацыяй вечара павінен быў стаць дэбют Аксаны Волкавай у партыі Канчакоўны. Але з-за хаосу ў аркестры яе каваціна не «стрэліла», і гэта надзвычай крыўдна.
У любым выпадку наш фестываль, тым больш юбілейны, павінен адкрывацца беларускай операй. Не абавязкова сучаснай. У год, калі святкавалася 200-годдзе знакамітага Станіслава Манюшкі, лагічней за ўсё было б адкрыць форум прэм’ерай «Галькі» або «Страшнага двара». У савецкі час гэтыя пастаноўкі ішлі ў нас з велізарным поспехам, у тым ліку паказваліся на гастролях у Маскве. Цяпер чамусьці лічыцца, што яны нерэнтабельныя і публіка на іх не пойдзе.
У выніку замест паўнавартаснай юбілейнай пастаноўкі быў падрыхтаваны канцэрт, які прайшоў усяго адзін раз — у маі 2019 года. У ім з’ядналіся і опера, і балет, але пры жаданні можна было зрабіць з канцэрта па-сапраўднаму яркую застаўку для юбілейнага X Мінскага опернага форуму. Аднак для гэтага трэба ўсведамляць, што нацыянальнае мастацтва ў нашы дні запатрабаванае, важнае і актуальнае. Дарэчы, у Нацыянальным тэатры Украіны таксама не так ідэальна ідуць справы з тамтэйшым рэпертуарам, як гэта ўяўляецца некаторым нашым музыказнаўцам. «Наталка Палтаўка» Мікалая Лысенкі і «Запарожац за Дунаем» Сямёна Гулак-Арцямоўскага — вось, уласна кажучы, і ўсё.
Да нас ўкраінскія сябры прывезлі свайго «Севільскага цырульніка», а ўражанне ён зрабіў даволі дзіўнае. З аднаго боку, выдатныя галасы, асабліва мужчынскія. З іншага — невыразны, слабы аркестр і ў такой жа ступені рэжысура Анатоля Салаўяненкі — малодшага. Футурыстычная сцэнаграфія Андрэя Злобіна і касцюмы Ганны Іпацьевай, якія нібыта прыйшлі са спектакляў Раду Паклітару, выявіліся рамкай для абсалютна традыцыйнага спектакля, што часам існаваў на мяжы добрага густу. У беларускіх пастаноўках узровень усё-такі іншы.
У «Турандот» больш за ўсё ўзрадавалі аркестр (дырыжор Алег Лясун) і хор (мастацкая кіраўніца Ніна Ламановіч). Бездакорнае гучанне, моц, веліч, экстатычнасць — гэта ўсё пра іх. Цікавымі падаліся і прыезджыя салісты, асабліва тэнар Томас Пол — па ўсіх параметрах ідэальны Калаф. З беларускіх выканаўцаў, як заўсёды, найбольшае ўражанне зрабіў Васіль Кавальчук (Цімур).
Што ж тычыцца пастаноўкі Панджавідзэ, то яна перадусім дзівіць сваёй функцыянальнасцю і надзейнасцю. Рэжысёр ведае, што трэба рабіць, каб колцы круціліся. Уласна, ён і сам характарызуе сябе менавіта так: «Я ставіў спектаклі ў Казані, у той жа час у гэтым горадзе апынуўся беларускі дырыжор Вячаслаў Воліч. Ён пабачыў мой спектакль "Каханне паэта", а пастаноўка грунтуецца на машынерыі і відэакантэнце. У той момант гэта здавалася самым актуальным і модным. У той жа час у Мінску ішла рэканструкцыя Опернага тэатра, рэканструкцыя істотна мяняла і пашырала магчымасці сцэны, машынерыі і відэаэфектаў. Як спецыяліста па працы з гэтым усім мяне і запрасілі ў Мінск.
Я паставіў тут "Набука" і такім чынам трапіў у Беларусь». Але майстар ёсць майстар. Вось чаму спектаклі Панджавідзэ трэба захаваць. Важна, каб у рэпертуары тэатра засталіся такія назвы, як «Турандот», «Макбет», «Сельскі гонар», «Тоска», «Аіда». Вельмі шкада, што знікае «Набука».
Яшчэ адзін спектакль у межах форуму — «Лятучая мыш», прэм’ера якой адбылася ў красавіку. «Для "Лятучай мышы" мы не сталі запрашаць салістаў, бо гэта пастаноўка досыць арыгінальная, і ў яе цяжка "ўвайсці", тым больш што спектакль ідзе на рускай мове», — растлумачыў першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка, які сёлета ўзяў на сябе значную долю нагрузкі па арганізацыі і правядзенні форуму.
Сапраўды, гэты спектакль аказаўся нечакана складаным і для тэатра, і для публікі. Яго ніяк не назавеш «лёгкай прагулкай». Тым больш павагі заслугоўвае самаадданасць маладых акцёраў, што без найгрышу і якасна ў вакальным сэнсе іграюць ролі сімпатычных і не заўжды сімпатычных герояў. Асабліва хочацца адзначыць Ірыну Кучынскую, Андрэя Мацюшонка і Дзмітрыя Шабецю. І, вядома, дырыжора Івана Касцяхіна, які і рыхтаваў пастаноўку, а таму за пультам выглядаў больш арганічна, чым італьянскі калега.
І напрыканцы пра самыя яркія падзеі форуму: спектакль «Кармэн» у пастаноўцы Галіны Галкоўскай і гала-канцэрт зорак сусветнай оперы.
Мне вельмі імпануе рэжысура Галкоўскай. Па-першае, таму, што яна эмацыйная, па-другое, таму, што не канфліктуе з музыкай, а, наадварот, жыве з ёй у натуральным адзінстве, і па-трэцяе, ёй стае паветра для арганічнага існавання акцёраў. У творы няма таннага апломбу, хваравітага імкнення ўсё «актуалізаваць» і патрэбы панаваць над музыкай. Затое ёсць дакладная адпаведнасць стылю. Адсюль і надзвычай смелае «хатняе» фламенка ў выкананні хору (рэжысёрка выдатна адчувае: балет у цыганскай таверне будзе глядзецца недарэчна), і маляўнічасць жанравых сцэн, і напружаная гарачыня дуэтаў.
Вядома, свой складнік у поспех гэтага цудоўнага спектакля ўнесла непараўнальная Аксана Волкава і запрошаныя ёю партнёры — Адам Дыгель (ЗША) у партыі Хазэ і Яніс Апейніс (Латвія) у партыі Эскамілья.
Усе яны на наступны дзень цудоўна выступілі ў фінальным гала-канцэрце. Праўда, не ўсе артысты аказаліся раўназначныя па выразнасці і якасці вакалу, але прысутнічалі і выдатныя спевакі і спявачкі.
І ў першую чаргу наша Анастасія Масквіна, якая за апошнія гады ператварылася ў суперзорку. Найлепш атрымліваюцца ў яе арыі «са слязой» — тая ж Адрыяна Лекуўрэр або Яраслаўна (калі вярнуцца да пачатку форуму). Магутны голас, маштабныя пачуцці, пры гэтым тонкасць філіроўкі і незвычайнае багацце фарбаў.
Захапляльна выступілі ўсе нашы салісты — Аксана Волкава, Андрэй Валенцій, Надзея Кучар, Ілля Сільчукоў. Выдатна паказалі сябе дырыжоры абодвух канцэртаў, асабліва Андрэй Галанаў, які сапраўды віртуозна акампанаваў найбольш капрызным выканаўцам.
І вось форум завершаны. Што далей? Відавочна, ён павінен развівацца, але з улікам адной вельмі важнай акалічнасці. Форум выхаваў у Мінску новую публіку. Людзі, прафесійна далёкія ад музыкі, горача захапляюцца операй, баяцца, каб яе не «пасунуў» балет, горача і вельмі прафесійна абмяркоўваюць спектаклі, спевакоў, дырыжораў... Гэта трэба ўсяляк культываваць — новымі пастаноўкамі, назвамі, запрашэннем цікавых спевакоў.
Дык ці варта разгортваць форум у бок элітарнасці, як прапануюць некаторыя музыказнаўцы? Думаю, не. У рэшце рэшт, адно другому не замінае. Калі з’явяцца цікавыя праекты, паралельныя невялікія пляцоўкі для іх заўсёды знойдуцца.
Галоўнае цяпер — захаваць тое, што ёсць, дадаўшы да яго хоць бы крыху свежага і даступнага нацыянальнага мастацтва. З творамі Манюшкі ўжо спазніліся, юбілей прамінуў. Значыць, трэба шукаць іншае, але не менш цікавае.
Юлія Андрэева