Формула праекта — дзве падзеі, два аўтара ў кожнай. Першая частка «2х2» была паказаная ў маі ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Куратарка і аўтарка праекта Алена Пратасевіч прадставіла серыю работ Рыты Новікавай «Aqua», якая ў далейшым экспанавалася ў павільёне галерэі ZNYATA на «Восеньскім салоне Белгазпрамбанка». Рыта вывучае прысутнасць элемента «вада», неабходнага і дастатковага, у штодзённым жыцці чалавека.
У пары з праектам «Aqua» быў прадстаўлены праект-тыпалогія Алены Ярашэвіч «Проста людзі». Серыя партрэтаў, знятая на працягу некалькіх гадоў, канструюе вобразы жыхароў вёсак і маленькіх гарадоў Беларусі. Героі знаходзяцца ў звыклым асяроддзі, але знарочысты элемент, уведзены аўтаркай, — фонавае чорнае палатно, стварае амаль тэатральную мізансцэну для партрэтаў.
Другая, восеньская частка «2х2» — сумесная выстава праектаў Андрэя Новікава і Марыі Карнеенка, аб’яднаных агульнай тэмай працы з памяццю. Куратары Алена Пратасевіч і Уладзімір Парфянок, што самі захоплена працуюць з архівамі як мастакі, злучылі ў адной прасторы два праекты, адзін з якіх пабудаваны на ўжо існуючым сямейным архіве, а другі па сутнасці з’яўляецца пачаткам новага сучаснага архіва.
Праект Андрэя Новікава «Манаграма» — гэта спроба вярнуцца ў мінулае і ўпісаць сябе ў сямейную задакументаваную гісторыю. Андрэй пачаў працаваць з архівам бацькі не так даўно, аднак большасці здымкаў ужо больш за трыццаць гадоў. У той час сям’я Андрэя жыла ў невялікім расійскім гарадку, і бацька быў адным з некалькіх аматараў, якія мелі свой фотаапарат. Гэта зрабіла яго пастаянным хранікёрам усіх значных падзей: ён здымаў вяселлі, пахаванні, спартыўныя святы, юбілеі супрацоўнікаў, праяўляў плёнкі і друкаваў фотаздымкі ў імправізаванай студыі ў сябе дома. На здымках — суседзі, калегі, сябры, знаёмыя, але, як ні дзіўна, на іх няма Андрэя. Гэта кажа нам пра тое, што фатаграфія для аўтара выконвала выключна ўтылітарную функцыю, абмяжоўваючы змест здымкаў фіксаваннем фармальных падзей, а іх танальнасць — рэпартажна-нейтральная.
Аднак для Андрэя падзеі таго часу эмацыйна афарбаваныя, гэта яго дзяцінства, і яго памяць спрачаецца з памяццю дакументальнай. Ён вяртаецца ў родны горад і праз серыю аўтапартрэтаў і калажаў узнаўляе фатаграфіі з бацькоўскага архіва, змяшчаючы сябе ў кампазіцыю. Імкненне ўпісаць сябе ў фатаграфічную памяць сям’і блізкае і зразумелае. Але, як і любая спроба перапісаць гісторыю, асуджана на няўдачу — вярнуцца ў мінулае немагчыма, і відавочная неабмежаванасць прысутнасці вобраза аўтара ў здымках пацвярджае гэты тэзіс.
Андрэй абраў актуальную форму для прэзентацыі праекта: раздрукаваныя выявы ўяўляюць з сябе імгненны здымак экрана камп’ютара, на якім адкрыты адсканаваныя архіўныя фотакарткі бацькі і яго ўласныя, адзнятыя наноў. Такая форма падачы прыўносіць адчуванне няскончанасці, «work-in-progress» — праект, як і стаўленне аўтара да ўспамінаў дзяцінства, усё яшчэ ў працэсе пастаянных зменаў.
Праект Марыі Карнеенка «На разломе часу» таксама гуляе з успамінамі дзяцінства, але гэтым разам тое хутчэй спроба надаць ім матэрыяльнае існаванне. Пяць пакаленняў сям’і вырасла на дачы, і цяпер кожнае лета там праводзіць дачка Марыі.
Транслюючы праз яе ўласныя карціны мінулага, аўтарка выклікае з нябыту вобразы, якімі было напоўнена яе дачнае дзяцінства: містычныя шаравыя маланкі, дачныя легенды, зарослае чаротам возера — любы можа прачытаць гэты код, гэта базавая «прашыўка» кожнага дзіцяці з пакалення аўтаркі. Мінулае ў сучаснасці — такое спражэнне часоў выбірае аўтар для стварэння своеасаблівай спадчыны, архіва ўспамінаў, які можа стаць часткай сямейнай гісторыі.
Алена Сямёнава