Будаваліся сядзібы заўсёды з любоўю і надзеяй, што менавіта тут будуць жыць дзеці, унукі, праўнукі... Некаторым з іх было наканавана стаць самымі сапраўднымі радавымі гнёздамі са шматвяковай гісторыяй, іншым — домам толькі для аднаго пакалення сям’і.
Прадстаўнікі вядомых шляхецкіх родаў Беларусі — Ваньковічы, Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Храптовічы, Чапскія — пакінулі пасля сябе ўнікальную спадчыну, былі збіральнікамі архіўных калекцый і карцінных галерэй, найбагацейшых бібліятэк.
Асаблівае месца ў гісторыі займае шляхецкі род Ваньковічаў. Прадстаўнікі ро-ду далі краіне і свету каля 200 выбітных імён. Гэта былі не толькі дзяржаўныя служачыя, але і актыўныя грамадска-палітычныя дзеячы, дзеячы культуры і мастацтва, ваенныя, святары. Імёны выдатнага мастака Валенція Ваньковіча (1800—1842), а таксама пісьменніка і журналіста Мельхіёра Ваньковіча (1892—1974), у гонар якога названая Вышэйшая школа журналістыкі ў Варшаве, прынеслі роду сусветную вядомасць.
Ваньковічы ўнеслі значны ўклад і ў развіццё беларускай архітэктуры. Створаныя імі на тэрыторыі сучаснай Беларусі будынкі, для ўзвядзення якіх запрашаліся таленавітыя і вядомыя дойліды, з’яўляюцца помнікамі сядзібнай, ландшафтнай культуры і архітэктуры.
Сярод іх — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя», што знаходзіцца ў Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 33а. Ініцыятыва адкрыцця музея-сядзібы ў гарадской мяжы належала Юрыю Карачуну і Ірыне Паньшынай. Пасля працяглай рэканструкцыі залы музея адкрыліся для наведвальнікаў 25 мая 2000 года. Урачыстая падзея была прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча.
У аўтараў праекта была мэта адрадзіць сядзібу, зрабіць яе, як і ў XIX стагоддзі, цэнтрам музычнага і культурнага жыцця, якой яна была пры жыцці Эдварда Ваньковіча. У той час у сядзібе гасцявалі многія прадстаўнікі мінскай дваранскай інтэлігенцыі, збіраліся мастакі, музыканты. Дом Эдварда Ваньковіча наведваў яго блізкі сваяк кампазітар Станіслаў Манюшка. Тут часта гасцяваў пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Ваньковічы жылі ў сядзібе да 1920 года. Апошнім яе ўладальнікам быў унук Эдварда Пётр Ваньковіч, які эміграваў у Польшчу, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць. У 1920-я ўсе будынкі сядзібы прыстасавалі пад камунальныя кватэры.
Будынкі ўтвараюць замкнёны парадны двор. Акрамя аднапавярховага панскага дома з мансардай і 8-калонным порцікам, у якім размяшчаецца музейная экспазіцыя, у комплекс уваходзяць і гаспадарчыя флігелі. Так, вялікая выцягнутая сядзіба — былая стайня і карэтная Ваньковічаў, флігель з порцікам на 4 калоны, дзе на першым паверсе знаходзілася кухня, а на другім — кватэра кіраўніка, флігель злева за домам — шкляная зімовая ацяпляльная аранжарэя. Цяпер на яе падмурку стаіць цагляны будынак.
Раней сядзібу акружаў сад, а пад’язная алея да дома была абсаджана пірамідальнымі таполямі. Вялізны стары вяз у цэнтры музейнага двара — сведка многіх гістарычных падзей, што захаваўся да нашых дзён. Дэндролагі вызначылі ўзрост дрэва — яму больш за 100 гадоў. З 2010-га двор сядзібы ўпрыгожвае скульптурная кампазіцыя «Раніца мастака» работы Уладзіміра Слабодчыкава, які ўвекавечыў вобраз мастака-рамантыка Валенція Ваньковіча.
Паколькі сапраўднае абсталяванне дома Ваньковічаў не захавалася, прадстаўленыя ў музеі экспанаты — мэбля, люстры, дываны, гадзіннік, створаныя ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя, перададзены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
У мемарыяльных залах экспануюцца копіі архіўных дакументаў пра Валенція Ваньковіча, яго род, фатаграфіі, каляровыя рэпрадукцыі і жывапісныя копіі партрэтаў пэндзля мастака з калекцый Нацыянальнага музея ў Варшаве, Літоўскага мастацкага музея і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (напрыклад, копія «Аўтапартрэта» Валенція Ваньковіча, каля 1840 года, выкананая польскім мастаком Рышардам Прымке ў 1990-м).
Аднак сапраўдная каштоўнасць музейнай экспазіцыі — у прадстаўленых арыгінальных жывапісных творах мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Валенція Ваньковіча. Партрэты «Аляксандр Манюшка» (1816) Яна Рустэма, «Марыя Міцкевіч» (1856) Тадэвуша Гарэцкага, «Зінаіда Дзівава» (1841) Ксаверыя Канеўскага; нацюрморты Івана Хруцкага (1830-я), карціны «Вербніца» (1847) Кануція Русецкага і «Павел I вызваляе Тадэвуша Касцюшку з турмы» (1824) Яна Дамеля, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кніжная ша-фа, люстра і мармуровыя гадзіннікі ХVIII — пачатку ХIХ ст.
Адноўлена першапачатковая калідорна-анфіладная сістэма будынка і інтэр’еры некаторых памяшканняў у стылі ампір. Грунтуючыся на выяўленчым і літаратурным матэрыяле, атрымалася ўзнавіць абсталяванне кабінета, параднай гасцёўні, «чайнага» пакоя.
Напрыклад, у гасцёўні ўсе прадметы — творы мастацтва: наборнага дрэва камода і авальны столік, лямпа ХIХ стагоддзя, алебастравыя скульптуры «Дантэ Аліг’еры» працы італьянскага майстра пачатку ХIХ стагоддзя і «Амур і Псіхея» — свабодная рэпліка французскага скульптара сярэдзіны ХIХ стагоддзя са знакамітага твора Антоніа Кановы. Гэтая скульптурная група мае непасрэднае дачыненне да дома Ваньковічаў, бо была знойдзена ў зямлі на тэрыторыі сядзібы.
У астатніх пакоях панскага дома дэманструюцца разьбяная мэбля з каштоўных парод дрэва, крыштальныя люстры і кандэлябры, творы з фарфору, мармуровая скульптура і сядзібныя партрэты XVIII — першай паловы XIX стагоддзя. Прадметы, якія склалі музейную экспазіцыю, былі закуплены ў Санкт-Пецярбургу ў 1980—1990-х.
Партрэтная галерэя, хоць і не адносіцца непасрэдна да сям’і Ваньковічаў, уключае 20 сядзібных партрэтаў. Прадстаўнікі розных слаёў шляхты, ад магнатаў да дробнапамеснікаў, іх жонкі і дзеці назаўжды застылі на гэтых палотнах. Партрэты лагічна ўбудаваны ў канцэпцыю музея і істотна дапаўняюць уяўленне пра касцюм, прычоскі, побыт канца ХVIII — першай паловы ХIХ ст.
Сёння музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя» працягвае культурныя традыцыі шляхецкай сядзібы. Тут праходзяць выставы, вечары старадаўняй, камернай, духоўнай музыкі, гучаць рамансы. Ладзяцца выступленні калектываў класічнай музыкі, прэзентацыі і канферэнцыі, творчыя сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі.
Мерапрыемствы ў музеі Ваньковічаў уяўляюць з сябе «свецкія вечары» для невялікага кола гасцей, з танцамі, салоннымі гульнямі, дэкламацыяй і іншымі забаўкамі, характэрнымі для той эпохі. Правілы этыкету, касцюмы, забавы ўзнаўляюцца на падставе навуковых даследаванняў, літаратурных і выяўленчых крыніц, знойдзеных у бібліятэках, музейных і архіўных зборах.
Канцэрты ў двары сядзібы, сямейная праграма «Калядкі ў Ваньковічаў», мерапрыемства «Чароўная ноч у Ваньковічаў», прымеркаванае да акцыі «Ноч музеяў», «Дзень нараджэння Валенція Ваньковіча» праводзяцца на адкрытым паветры на тэрыторыі сядзібнага комплексу
Дом Ваньковічаў стаў пляцоўкай і для міжнародных праектаў. Найбольш значныя з іх — выстава «Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў», прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара; прэзентацыя серыі зборнікаў «Знакамітыя мінчане XIX—XX стст.»; прэзентацыя кнігі Сяргея Пясецкага «Гляну я ў аконца» з удзелам польскіх і беларускіх даследчыкаў жыцця і творчасці пісьменніка, арганізаваная сумесна з Польскім інстытутам у Мінску. Згадаем і музычна-творчы вечар «Дамейка ў Ваньковічаў», які быў зладжаны ў рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь нашчадкаў Ігната Дамейкі — праўнучкі Пас Дамейка (аўтаркі кнігі «Ігнацы Дамейка: з Мядзведкі — у Сант’яга-дэ-Чылі»), яе дачкі і двух унукаў, адзін з якіх, Джэймс Дамейка, — музыкант.
Новыя камп’ютарныя тэхналогіі пашыраюць магчымасці музея. Віртуальная экскурсія з дакладным выкладам пра размяшчэнне залаў і экспанатаў дазваляе праводзіць заняткі ў розных аўдыторыях па-за сценамі музея. Наведвальнік можа самастойна пазнаёміцца з музеем, яго калекцыямі і родам Ваньковічаў з дапамогай інфармацыйнага кіёска.
Святлана Яцэвіч