Трансфармацыя сацыякультурнай рэальнасці перыяду перабудовы, распад Савецкага Саюза, здабыццё суверэнітэту Рэспублікай Беларусь у 1991 годзе адзначылі новы этап і ў музейным развіцці. Пры знешніх неспрыяльных абставінах стагнацыі ў эканамічнай і вытворчай сферах, якая пацягнула за сабой скарачэнне бюджэтнага фінансавання, рэзкае скарачэнне колькасці наведвальнікаў (больш чым у два разы: 1989 г. —
216 899, 1992 г. — 86 959), гэты перыяд пазначаны шэрагам станоўчых момантаў, што тычацца зменаў у агульнай канцэпцыі развіцця музейнай справы.
Адна з галоўных ідэй развіцця грамадскай свядомасці гэтага часу — пытанне нацыянальнай культурнай самаідэнтыфікацыі, усвядомленай неабходнасці зразумець сябе ў межах сваёй культуры — стала краевугольным каменем і музейнай работы. Перамены ва ўсіх сферах паставілі перад музеем задачу дэідэалагізацыі, вяртання з забыцця імёнаў мастакоў, з вядомых прычын вынесеных на перыферыю грамадскай увагі, стварэння інтэгральнай карціны беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.
Зварот да нацыянальнай спадчыны выявіўся на розных узроўнях — ад выставачнай дзейнасці, навуковых даследаванняў, асветніцкай работы да рэстаўрацыі і музеефікацыі архітэктурных помнікаў. Гучным акордам у рэалізацыі нацыянальна арыентаванага комплексу ідэй стала пастанова Савета Міністраў ад 30 лістапада 1993 года, згодна з якой музей атрымаў сваю трэцюю назву — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Урачыстае адкрыццё ў 1992 годзе экспазіцыі паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка — помніка, узятага на баланс Дзяржаўнага мастацкага музея БССР яшчэ ў 1987 годзе з ініцыятывы дырэктара музея Юрыя Карачуна, — мела велізарнае сімвалічнае значэнне ў працэсе станаўлення незалежнай дзяржавы. У вежы былі выстаўлены помнікі, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў, рэчы, падораныя парафіянамі, спецыяльна вырабленыя рэканструкцыі зброі, кафля, кераміка і шкло, графіка рэканструкцый фасадаў замка. Экспазіцыя рыхтавалася пад куратарствам загадчыцы старажытнабеларускага аддзела Надзеі Высоцкай, архітэктара Дзмітрыя Бубноўскага, загадчыка аддзела «Мірскі замак» Эдварда Далінскага. У 1995 годзе да знамянальнай даты — 500-гадовага юбілею першай згадкі ў летапісах мястэчка Мір — была адкрыта Цэнтральная, або Уязная, вежа, ярусы якой выкарыстоўваліся як выставачныя памяшканні. Ажыццяўленне сур’ёзных крокаў па рэканструкцыі Мірскага замка садзейнічала таму, што ў 2000 годзе замкавы комплекс быў унесены ў Спіс помнікаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Актыўная рэактуалізацыя забытых і невядомых старонак беларускай культуры і мастацтва адбілася і ў выставачнай дзейнасці музея, у мастацкую прастору ўрываецца магутны струмень вернутай спадчыны — творчасці беларусаў свету. У перыяд 1992—1996 гг. адбыліся персанальныя і калектыўныя выставы мастакоў і мастачак замежжа: Галіны Русак (ЗША), Мікалая Пашкевіча (ЗША), Тамары Стагановіч «Амерыка — мая Амерыка» (ЗША), Яна Кузьміцкага (Швецыя), Галіны Дакальскай (ЗША), Ірэны Рагалевіч-Дутко(ЗША), Надзеі Кудасавай (ЗША), Янкі Славенюка. Павышаная цікавасць да традыцый этнакультуры абумовіла арганізацыю ў 1994 годзе Першай нацыянальнай выставы самабытных народных мастакоў «Мастацтва-INSITUS» пад куратарствам Вольгі Лабачэўскай і Людмілы Вакар.
Далейшы працэс адкрыцця забытых і невядомых старонак беларускай культуры быў звязаны з актуалізацыяй імені вялікага авангардыста, ураджэнца Віцебска Марка Шагала. У 1997 годзе адбылася першая сустрэча беларускага гледача з мастацтвам майстра, калі яго нашчадкі — унучкі Бэла і Мерэт Меер — прапанавалі адзначыць дзень нараджэння майстра (6 ліпеня 1887 года) у Беларусі выставамі яго работ. Услед за выставай «Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949—1985» 1997 года былі зладжаны праекты «Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу» (2000), «Марк Шагал. Пейзажы» (2002), «Марк Шагал і сцэна» (2004). Творы Марка Шагала (15 літаграфій) былі паказаны на выставе «Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарду» з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску ў 2010 годзе. Працягнула традыцыю знаёмства з наробкам вялікага майстра ў сценах Мастацкага ў 2012 годзе выстава «Марк Шагал: жыццё і каханне» з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім). У гэтым жа годзе ў сценах НММ у рамках выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў» адбылося знаёмства гледачоў з мастакамі з беларускімі каранямі, якія перасяліліся ў пачатку ХХ стагоддзя ў Парыж і склалі ядро знакамітай Парыжскай школы, — Хаімам Суціным, Мішэлем Кікоіным, Пінхусам Крэменем, Восіпам Любічам, Сэмам Царфіным і інш. З вялікім поспехам у 2010 годзе прайшла выстава беларускага і французскага жывапісца, графіка і скульптара Барыса Заборава. Такім чынам, гісторыя беларускага мастацтва стала выглядаць значна больш разнастайнай і не такой аднароднай, якой яна падавалася да 1980-х.
Інтэнсіфікацыя выставачнай дзейнасці была звязаная і з прыходам у мастацтва новага пакалення аўтараў. На працягу некалькіх гадоў пад куратарствам загадчыцы аддзела сучаснага беларускага мастацтва Вольгі Каваленка захоўвалася традыцыя дэманстрацыі творчасці маладых таленавітых эксперыментатараў. У рамках выставачных праектаў «На галерэі» гледачы пазнаёміліся з творчасцю Наталлі Залознай, Ігара Цішына, Андрэя Задорына, Руслана Вашкевіча, Аляксандра Вахрамеева, Уладзіміра Цэслера, Сяргея Войчанкі, Юрыя Дарашкевіча і інш.
Важнай задачай у працы музея з’яўлялася арганізацыя і правядзенне міжнародных выставачных праектаў, знаёмства беларусаў і гасцей сталіцы з замежнымі мастакамі. За гэтыя гады ў музеі прайшлі персанальныя выставы Дэвіда Хокні (1994), Макса Эрнста (1998), калектыўныя выставы нямецкіх неаэкспрэсіяністаў Карла Хёрста Хедыке, Ёрга Імендорфа, Хельмута Мідэндорфа, Саламэ, Маркуса Люперца (1994), сучасных французскіх графікаў Андрэ Масона і Раберта Мата (1994), брытанскіх скульптараў (1993). Гэтая традыцыя працягваецца і сёння. За апошнія 10 гадоў у музеі адбыліся выставы такіх яркіх імёнаў сусветнага мастацтва, як Рэмбрант, Франсіска Гоя, Ніко Пірасмані, Пабла Пікаса, Эрнст Барлах, Кётэ Кольвіц, Сальвадор Далі і інш.
Разам са значнымі праектамі калектыў музея працуе і над невялікімі і персанальнымі выставамі беларускіх мастакоў, якія не менш важныя для нас; музей прадстаўляе свае творы на выставах у рэгіянальных музеях, арганізуе ўнікальныя выставы за мяжой. Апошнім часам стратэгія выставачнай дзейнасці сканцэнтравалася і на прэзентацыі нашых найбагацейшых калекцый беларускага, рускага і замежнага мастацтва, асабліва ўлічваючы той факт, што ў пастаяннай экспазіцыі прадстаўлена толькі каля 4% збору. Таму адной з галоўных мэт апошніх гадоў стала стварэнне буйных тэматычных выставачных праектаў, якія дэманструюць нашы фонды і аб’ядноўваюць нашы калекцыі, як напрыклад, у 2016 — «Мастацтва суверэннай Беларусі»; у 2017 — «Горад. Архітэктура. Мы», прысвечаны 950-годдзю Мінска; у 2018 — «RELAX, або 6 практык расслаблення вачыма мастакоў», «Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта», «Equos. Koń. Лошадь»; у 2019 — «Гульні. Игры. Games» (прысвечаны II Еўрапейскім гульням у Мінску) і многія іншыя.
Змены ў музеі закранулі таксама і сферу навукова-асветніцкай работы. Побач з класічнымі формамі (экскурсіі аглядныя і тэматычныя) знаёмства наведвальнікаў з калекцыямі музея з’явіліся інавацыйныя, у іх аснове ляжалі інтэрактыўныя, тэатралізаваныя і забаўляльныя падыходы. Ментарская місія пачала адыходзіць на другі план, саступаючы дарогу місіі партнёрства — уменню весці культурны дыялог, што стварае новую камунікатыўна-пазнавальную супольнасць у музейнай прасторы.
Першым крокам у развіцці музея як камунікацыйнай сістэмы стала стварэнне ў 1991 годзе клуба для дашкольнікаў і іх бацькоў «У госці да Цюбіка» (кіраўніца Вольга Брыгадная). У рабоце студыі з першых дзён яе існавання пачалі выкарыстоўвацца інтэрактыўныя формы працы: гутаркі на тэмы мастацтва ў форме дыялогу, адлюстраванне на паперы ўражанняў адразу пасля абмеркавання, пераўвасабленне ў герояў карцін, тактыльнае вывучэнне помнікаў архітэктуры ў паездках па Беларусі. Назапашаны вопыт неаднаразова прадстаўляўся на рэспубліканскіх і міжнародных семінарах.
З 2006 года ў Нацыянальным мастацкім музеі пачаў працаваць сектар музейнай педагогікі. Пад кіраўніцтвам загадчыцы сектара Надзеі Красуцкай (аўтарка і навуковая кіраўніца) было распрацавана і ўкаранёна больш за 20 музейных камунікатыўных праграм для дзяцей і моладзі, што стала асновай сённяшняй шырокай дзейнасці музея па рабоце з маладымі людзьмі. Праграмы падзяляюцца на культурна-адукацыйныя і забаўляльныя і рэалізуюцца ў разнастайных формах: тэматычных сустрэчах, сямейных імпрэзах, вясельных музейных падарожжах, свецкіх візітах у сядзібу Ваньковічаў. Рэалізацыя гэтых праектаў выявіла каштоўнасць дыялогу ў музейнай прасторы, дазволіла пераставіць акцэнты з вучэбна-інфармацыйных адукацыйных падыходаў на новыя спосабы спасціжэння мастацкай культуры, заснаваныя на суперажыванні, далучэнні, пераадкрыцці, саўдзеле, увасабленні.
У 2005 годзе музей прыняў ініцыятыву Міністэрства культуры і камунікацыі Францыі па правядзенні міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» і першым у краіне запрасіў мінчан і гасцей паўдзельнічаць у арт-эксперыменце, які стаў штогадовай самай папулярнай акцыяй, разлічанай на моладзь.
Жаданне адпавядаць запытам наведвальніка прывяло сёння да ўкаранення ў музейную практыку правядзення святочных калядных і навагодніх мерапрыемстваў, такіх экзатычных форм, як медытацыі ў музеі, прагляды мастацкіх фільмаў з абмеркаваннем, канцэрты, паказы мод, паказы тэатральных пастановак, арт-праекты, якія аб’ядноўваюць розныя віды мастацтва: напрыклад, «Чатыры вымярэнні», музычныя калядныя вечары, майстар-класы, начныя экскурсіі і г.д.
Забаўляльныя формы музейна-педагагічнай работы ахопліваюць шырокі спектр аўдыторыі, у тым ліку і гледачоў з інваліднасцю. Фарміраванне безбар’ернага асяроддзя стала прыярытэтнай задачай музея ў ХХI стагоддзі. Стварэнне пандусаў, актыўнае выкарыстанне ліфтаў, а таксама набыццё новага абсталявання: пад’ёмніка для вазочнікаў, які з’явіўся ў рамках Праграмы Урада Японіі «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў у сферы культуры і спорту», дазволіла рэзка павялічыць наведванне нашага музея людзьмі з інваліднасцю на вазках.
Пачынаючы з 2003 года ў музеі пачалі актыўна рэалізоўвацца інклюзіўныя праекты, накіраваныя на прыцягненне людзей з інваліднасцю ў сферу музея, а менавіта — цыкл заняткаў для дзяцей са слабым слыхам «Крок насустрач» (2003—2005), штогадовыя тактыльныя выставы і інклюзіўныя фэсты, выставы аўтараў з інваліднасцю, аўдыядэскрыпцыя некалькіх карцін для наведвальнікаў са слабым зрокам (2015), відэасурдагід «Карціны, якія ажылі» для людзей са слабым слыхам (2016—2019). У 2017—2019 гадах у музеі і яго філіялах (у тым ліку і Магілёве) былі праведзены чатыры эксперыментальныя міжнародныя Лабараторыі са шведскай грамадскай арганізацыяй «ShareMusic @ PerformigArts», іх мэта — прывабіць маладых людзей з інваліднасцю, дасягнуць «пражывання» твора мастацтва праз музейны перформанс.
Законы рынку, новая сацыяльна-культурная прастора грамадства масавага спажывання абумовілі і з’яўленне ў такой кансерватыўнай установе, як музей, цалкам новых форм дыялогу з гледачом, якія носяць характар прыемнага і забаўляльнага вольнага часу. У музейных залах стала магчымым убачыць вясельныя працэсіі, правесці карпаратыўны банкет, арганізаваць фотасесію або зняць відэакліп. Але сітуацыя сёння такая, што музей павінен і абавязаны зарабляць грошы, мусіць, як майстэрскі канатаходзец, балансаваць на мяжы паміж традыцыйным прадстаўленнем «храма мастацтва» і музеем-забавай, гэткім молам культуры.
Суцяшае тое, што так робіцца ва ўсім свеце. Бо дзякуючы гэтаму напрацоўваюцца кантакты, з’яўляецца спонсарская дапамога і папаўняецца збор. Асабліва важным гэта стала ў апошні час, калі існуючая сістэма фінансавання дзяржаўных музеяў не прадугледжвае выдзялення аб’ёму сродкаў, неабходных для паўнавартаснага папаўнення калекцыі. Важны фактар у гэтай сітуацыі — дары саміх мастакоў і іх сваякоў, дыпламатаў, выдавецтваў, калекцыянераў, перадачы мытнага камітэта і іншых арганізацый.
З 1991 года музей атрымаў у дар больш за 5000 прадметаў, што складае каля 30 % ад агульнай колькасці твораў, якія паступілі ў збор. Сярод найбольш значных былі два абразы «Маці Божай Адзігітрыі» XVIII стагоддзя і «Хрыста Уседзяржыцеля» 1861 года ад жыхара Мінска Леаніда Новака ў 2012 годзе; пейзажа «К вясне» (1943) класіка беларускага пейзажнага жывапісу Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ад Н.А. Кузьміной; двух акватынтаў Марка Шагала ад Белгазпрамбанка; палотнаў Сэма Царфіна з сямейнай калекцыі яго ўнука Іва Дзюлака; дваццаці адной аўталітаграфіі Роберта Геніна ад прыватных калекцыянераў з Санкт-Пецярбурга Аляксея і Марыны Радзівонавых; 290 работ вядомага графіка Анатоля Каплана ад нямецкіх калекцыянераў і сяброў майстра Рудольфа Маера і Анналізы Маер-Мейнчэль; твораў мастакоў Парыжскай школы Мішэля Кікоіна, Восіпа Любіча, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Пінхуса Крэменя ад Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Лазане Андрэя Нажэскіна; твораў Барыса Заборава ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Самы вялікі ўклад у гісторыю музейнай калекцыі тыражнай графікі ажыццявіў у 2011 годзе вядомы друкар Беларускага саюза мастакоў Дзмітрый Малаткоў, які падарыў музею сваю асабістую калекцыю — 887 эстампаў сучасных беларускіх, расійскіх і еўрапейскіх графікаў. Каштоўнымі дарамі сталі і цэлыя манаграфічныя калекцыі, перададзеныя мастакамі Аляксандрам Салаўёвым, Уладзімірам Правідохіным, Аляксандрам Мемусам, Феліксам Гуменам і іншымі.
У працэсе папаўнення калекцыі варта канстатаваць і некаторыя сумныя факты. У прыватнасці, на сённяшні дзень у зборы музея адсутнічаюць шматлікія важныя мастацкія творы класікаў сусветнай велічыні, ураджэнцаў Беларусі (жывапіс Марка Шагала, творы Хаіма Суціна, скульптуры Восіпа Цадкіна), і савецкага перыяду (ніводнай работы народнага мастака СССР Яўсея Майсеенкі), а таксама працы сучасных мастакоў перыяду «другога авангарда», або андэграўнду 1980-х. У калекцыі няма работ Артура Клінава, Віктара Пятрова, Валерыя Мартынчыка, Уладзіміра Акулава, Аляксея Жданава, твораў позняга перыяду творчасці Ізраіля Басава і многіх іншых аб’ектаў. Аказалася, што каласальны пласт айчыннага выяўленчага мастацтва апынуўся выключаным з кантэксту натуральнай канвы яго гісторыі па агульнавядомых гістарычных абставінах, якія гэтаму спрыялі. Вызначэнне пазіцый НММ наконт мастацтва нонканфармізму адбылося са спазненнем прыкладна на трыццаць гадоў. Часткова папоўніць лакуны сёння дапамагаюць самі мастакі-нонканфармісты. Так, за апошнія гады наша калекцыя папоўнілася творамі Віталя Чарнабрысава, Уладзіміра Лапо, Аляксандра Малея, Уладзіміра Адамчыка (Адама Глобуса), Валерыя Песіна, Аляксандра Дасужава, Уладзіміра Цэслера.
Іншай, не менш важнай для Нацыянальнага мастацкага музея праблемай з’яўляецца набыццё работ сучасных, актуальных майстроў. Нягледзячы на тое што ў арт-супольнасці часта гучаць папрокі ў кансерватыўнасці, закрытасці музея для сучаснага мастацтва, мы ўсведамляем, што ў нашы дні важна паказаць не толькі гісторыю мастацтва, але і тэндэнцыі, павароты, плыні сённяшняга дня. Цяпер час збіраць іх працы, паколькі сёння пераход з катэгорыі «сучаснае мастацтва» ў катэгорыю «класіка» ажыццяўляецца вельмі хутка ў параўнанні з іншымі эпохамі. Аднак яшчэ не выпрацавана стратэгія, па якіх крытэрыях закупляць актуальнае мастацтва за дзяржаўныя грошы. Таму фарміраваць дадзеную калекцыю можна па новай добрай традыцыі: мастакі могуць падарыць нам свой твор. У 2018 годзе такі жэст зрабіў Захар Кудзін. Мастакі ўсведамляюць, наколькі важна, каб іх працы былі ў Нацыянальным музеі, паколькі цяпер зразумела, што contemporary art можа цудоўна жыць і на базе вялікіх музеяў. Спадзяемся, што, калі ў наступным годзе пачне сваю працу новы корпус музея па вуліцы Карла Маркса, гэты напрамак будзе развівацца ў поўнай меры. Бо, адказваючы на выклікі часу і запыты сучаснага наведвальніка, вылучэнне пэўнай квоты мастацкай практыкі сённяшняга дня ў класічным музеі стала ўжо нормай у нашых суседзяў.
Неабходна адзначыць, што музей мяняўся і мяняецца на працягу гэтых некалькіх дзесяцігоддзяў не толькі канцэптуальна, але і фізічна. Ёсць пэўная сімвалічнасць, што жыццё музея ў перыяд незалежнасці Беларусі пачалося з узвядзення новага будынка. Да канца 1980-х ужо востра стаяла пытанне аб пашырэнні экспазіцыйных плошчаў, стварэнні прыбудовы да будынка музея. Важнай праблемай стала разрастанне калекцый, з прычыны чаго першы паверх галоўнага корпуса (дзе сёння рэалізуюцца буйныя выставачныя праекты) стаў па сутнасці запаснікам. У 1989 годзе музею быў перададзены будынак па вуліцы Кірава, 25, дзе размясціліся лекторый і навуковыя аддзелы. У 1993 годзе пачалося будаўніцтва новага корпуса музея — прыбудовы да асноўнага будынка. У 1999 годзе для адміністрацыйнай службы быў перададзены будынак па вуліцы Леніна, 22. Чатырохпавярховы корпус прыбудовы, завершаны ў 2006 годзе, дазволіў значна пашырыць пастаянныя экспазіцыі, а таксама выдаліць з экспазіцыйнай залы першага паверха асноўнага корпуса фондасховішчы ў сучасны дэпазітарый. Старажытнабеларускае мастацтва, мастацтва Заходняй Еўропы, мастацтва краін Усходу і беларускае мастацтва XX—XXI стст. размясціліся ў будынку з найноўшымі тэхналогіямі: клімат-кантролем, святлом і г.д.
Праграма па перадачы музею дадатковых будынкаў працягнулася і ў ХХI стагоддзі: у 2010 годзе быў аддадзены будынак па вул. Карла Маркса, 24. І як вынік — музей атрымаў новы архітэктурны пейзаж, які ўжо зараз называюць «Музейным кварталам». Цяпер ідзе актыўнае ўзвядзенне новых будынкаў, у музея з’явяцца дадатковыя выставачныя плошчы і Цэнтр рэстаўрацыі (майстэрні), памяшканні для асветніцкай работы і фоталабараторыі, сувенірная крама, артыстычная кавярня. Усё гэта выдатныя і патрэбныя новаўвядзенні.
Ёсць у нас і паралельны варыянт пашырэння прасторы музея, арыентаваны на іншы тып аўдыторыі — віртуальны, бо вельмі вялікая колькасць наведвальнікаў заходзяць на электронны сайт музея, які ўвесь час папаўняецца інфармацыяй, віртуальнымі экскурсіямі і выставамі і многім іншым. За апошнія гады рэзка ўзрасла колькасць людзей, якія камунікуюць з музеем дзякуючы яго прысутнасці ў Instagram, Facebook, Telegram, Twitter, «Вконтакте», што выводзіць яго дзейнасць у новую прастору.
Сёння музей стаў не толькі выставачнай пляцоўкай, але культурна-адукацыйным, забаўляльным цэнтрам, арыентаваным на розную аўдыторыю, эксперыментальнай лабараторыяй для сумежных дысцыплін — тэатра, дызайну, музыкі і кіно, месцам прафесійнага росту творчай моладзі, папулярызатарам нацыянальнай культуры за мяжой. Ён імкнецца прыцягваць, забаўляць, інфармаваць, быць прыемным, прывабным і модным месцам сустрэчы і ў той жа час захоўваць высокі культурны статус. Аб нарошчванні «абаротаў» за апошні час сведчыць не толькі разнастайнасць дадатковых мерапрыемстваў і паслуг, але і пастаянны рост колькасці наведвальнікаў. Мы разумеем, што музей пачынае адыгрываць усё больш прыкметную сацыяльную ролю, ператвараючыся ў месца прыцягнення вялікіх мас людзей і месца іх эмацыянальнай, эстэтычнай і грамадскай адукацыі. Наша задача сёння складаецца ў падтрымцы разумення музея як комплекснага, міждысцыплінарнага феномену, які, па словах Аляксандра Дорнера, уяўляе з сябе Kraftwerk — свайго роду электрастанцыю, здольную дынамічна рэагаваць на зменлівыя запыты.
Кацярына Ізафатава