У тыя дваццаць гадоў, што ён кіраваў установай, адбылося шмат важных падзей: музей ператварыўся ў буйны комплекс з філіяламі. Гэта Мазырская раённая карцінная галерэя ў вёсцы Гурыны (1978), Музей народнага мастацтва ў Раўбічах (1979), Музей Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (1982), архітэктурны комплекс XVI—XVIII стагоддзяў у Гальшанах (1989), Палацава-паркавы комплекс XV—XX стагоддзяў у Міры (1992). У 1984 годзе на баланс музея быў перададзены дом №33 па вуліцы Інтэрнацыянальнай горада Мінска — помнік архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя, дзе меркавалася стварыць дом-музей мастака Ваньковіча. Будынак быў амаль цалкам разбураны. Пачалася яго доўгая рэстаўрацыя, што скончылася ў 2000 годзе. Пры Карачуне калекцыя музея расла, ён падтрымліваў навукова-даследчую і выставачную дзейнасць, удзельнічаў у стварэнні музейных альбомаў.
У 1970—1980-я музей працягваў жыць насычаным жыццём. Так, у 1970 годзе ў Савецкім Саюзе шырока адзначалася стагоддзе з дня нараджэння Леніна. Мастацкі музей быў узнагароджаны дыпломам 2-й ступені Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў мастацтваў за ўдзел ва Усесаюзным аглядзе працы музеяў, арганізаваным у адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння Леніна. У залах экспанавалася рэспубліканская выстава «Мастакі Беларусі — У.І. Леніну». Больш за 220 аўтараў прадставілі каля 550 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, плаката, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх — жывапісныя палотны Міхаіла Савіцкага «Аднадушнасць», Анатоля Шыбнёва «Кастрычніцкія дні», Віталя Цвіркі «Каложа», скульптурныя кампазіцыі Аляксея Глебава «Сустрэча У.І. Леніна на Фінляндскім вакзале», «Першая конная», Сяргея Вакара «Партрэт Максіма Багдановіча», графічныя серыі Арлена Кашкурэвіча «Партызаны», Пятра Дурчына «Па ленінскіх месцах», дэкаратыўная пласціна Тараса Паражняка «У.І. Ленін».
Навуковыя супрацоўнікі сярэдняга пакалення — Аліса Наркевіч, Таісія Карповіч, Валянціна Чуркіна, Ларыса Белікава — падрыхтавалі лекцыю «Вобраз У.І. Леніна ў выяўленчым мастацтве». Лекцыя карысталася вялікім попытам, яе чыталі ў лекторыі музея, школах, розных установах.
Калектыў музея сфарміраваў камплекты перасоўных выстаў, якія экспанаваліся ў розных населеных пунктах Беларусі. У тым ліку яны накіроўваліся ў вагон-клуб Беларускай чыгункі, іх суправаджалі маладыя супрацоўнікі, што нядаўна прыйшлі на працу ў музей, — Таццяна Рэзнік, Алена Шапашнікава, Наталля Калашнік, Алена Сянькевіч, Марына Шчарбакова. Экспазіцыі ладзіліся ў чыгуначным вагоне, які разам з вагонам-кіназалай пераязджаў з аднаго прыпыначнага пункта ў іншы. Супрацоўнікі праводзілі экскурсіі і чыталі лекцыі непасрэдна ў вагоне-клубе і ў бліжэйшых школах.
На дваццацігадовы перыяд, з 1970-х па 1990-я, прыпадае пік выставачнай дзейнасці мастацкага музея, у тым ліку паказ адметных замежных выстаў. Так, у 1973 годзе мінчане змаглі пазнаёміцца з творамі жывапісу і графікі заходнееўрапейскіх і амерыканскіх мастакоў са збору амерыканскага калекцыянера Арманда Хамера. Акрамя Мінска, яны экспанаваліся ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве. Гэта была першая выстава з прыватных збораў ЗША, якая праходзіла ў Савецкім Саюзе. На ёй былі паказаны творы жывапісу еўрапейскіх мастакоў Рубенса, Рэмбранта, Гоі, Жэрыко, Каро, Рэнуара, Пісаро, Сезана, Гагена, Ван Гога, Мадыльяні, графіка Дзюрэра, Рафаэля, Энгра, Дам’е, Дэга, а таксама працы амерыканскіх майстроў Сарджэнта, Ікінса і іншыя.
Крыху пазней у музеі экспанаваліся выставы з іншых збораў ЗША. У 1976 годзе — заходнееўрапейскі і амерыканскі жывапіс з Нацыянальнай карціннай галерэі і іншых калекцый ЗША,
у 1978-м — амерыканскі жывапіс другой паловы XIX—XX стагоддзя з Метраполітэн-музея і іншых збораў ЗША, у 1988-м — выстава «Новыя гарызонты», амерыканскі жывапіс 1840—1910-х са Смітсанаўскага інстытута і Нацыянальнай галерэі мастацтваў ЗША.
У 1975 годзе важнай падзеяй стала выстава «Скарбы Дрэздэнскай галерэі», дзе былі паказаны такія жывапісныя шэдэўры, як «Чатыры сцэны з жыцця Святога Зіновія» Сандра Батычэлі, «Партрэт дачкі» Тыцыяна Вечэліа, «Дзяўчына, якая чытае ліст» Яна Вермеера Дэлфцкага, «Святая Інэса» Хасэ дэ Рыбера.
У 1974 годзе вялікую цікавасць выклікала выстава «Шэдэўры польскага жывапісу XIX — пачатку XX стагоддзя» з музеяў Польшчы. Творы польскіх аўтараў таксама з музеяў Польшчы экспанаваліся ў 1977 годзе на выставе «Польскі партрэт канца XVI — XVIII стагоддзя».
Працы сучасных польскіх мастакоў былі паказаны беларускаму гледачу ў 1971 годзе на выставе «Пейзаж і нацюрморт сучасных польскіх мастакоў» з музеяў і прыватных збораў Польшчы, а таксама ў 1987-м на выставе «Польская кніжная ілюстрацыя для дзяцей і юнацтва» з Цэнтральнага бюро мастацкіх выстаў Польшчы ў Варшаве.
У 1979 годзе Міністэрствам культуры і мастацтваў Польскай Народнай Рэспублікі за заслугі ў прапагандзе польскага мастацтва і культуры Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР прысвоена званне заслужанага перад польскай культурай і ўручаны ўзнагародны знак.
З нямецкім мастацтвам XX стагоддзя беларускага гледача знаёмілі выставы з ГДР: творы Леа Грундзіг з Берлінскай акадэміі мастацтваў (1976), а таксама «Кётэ Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з Дзяржаўнага музея імя Ліндэнау Альтэнбурга (1979).
У 1981 годзе ў нашым музеі экспанавалася выстава «Ліёнскія тканіны XVII—XX стагоддзяў» з музеяў Францыі.
Акрамя замежных, у музеі былі паказаны маштабныя ўсесаюзныя выставы, дзе былі прадстаўлены работы з многіх музеяў Савецкага Саюза. Наш музей таксама выдаваў на гэтыя выставы творы са сваіх фондаў. У 1971 годзе прайшла выстава Мікалая Ге, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння майстра. Да 100-годдзя Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў у 1972 годзе ў музеі можна было ўбачыць «Пейзажны жывапіс перадзвіжнікаў», «Партрэтны жывапіс перадзвіжнікаў», «Жанравы жывапіс перадзвіжнікаў».
У 1975-м — выставу твораў Мікалая Рэрыха, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння. У канцы 1982-га ў нашым музеі з вялікім поспехам прайшла ўсесаюзная выстава твораў Івана Шышкіна да 150-годдзя з дня нараджэння.
У 1977 годзе музей прыняў маштабную выставу «Аўтапартрэт у рускім і савецкім мастацтве» з музеяў і прыватных збораў СССР. Яна ўключала
больш за 350 жывапісных і графічных аўтапартрэтаў мастакоў ад XVIII стагоддзя і да сучаснасці (у тым ліку і з калекцыі нашага музея). Была арганізавана Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй, паказана ў Ленінградзе, Кіеве, а ў Мінску быў канчатковы пункт яе экспанавання.
Безумоўна, музей арганізоўваў выставы і са сваіх фондаў, каб пазнаёміць гледачоў з уласнымі калекцыямі. Гэта былі персанальныя экспазіцыі да юбілейных дат як сучасных беларускіх аўтараў, так і мастакоў мінулых стагоддзяў, тэматычныя выставы. На многіх з іх былі паказаны творы з фондаў нашага музея і з іншых устаноў, прыватных калекцый або з майстэрняў мастакоў.
У 1972-м да 100-годдзя з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі быў зладжаны вялікі паказ з фондаў нашага музея, з музеяў і прыватных збораў СССР. Праз год сабралі работы ў экспазіцыю да 100-годдзя Станіслава Жукоўскага з музеяў і прыватных збораў Польшчы і СССР. У 1982 годзе адбылася выстава з фондаў музея «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна», якая ў наступным годзе экспанавалася ў Каўнасе і Яраслаўлі. Таксама ў 1983-м музей арганізаваў паказ твораў мастака-беларуса Апалінарыя Гараўскага да 150-годдзя з дня нараджэння, дзе экспанаваліся работы з нашых фондаў, Траццякоўскай галерэі, Рускага музея, з музеяў Казахстана, Пензы, Іркуцка. У 1985 годзе ў музеі паказалі працы Івана Хруцкага, да 175-годдзя з дня нараджэння, з фондаў нашага мастацкага музея, музеяў і прыватных збораў СССР, быў выдадзены каталог.
У 1986 годзе праводзіліся Дні культуры Беларусі ў Эстоніі. У музеі было сфарміравана некалькі выстаў адмыслова для замежнай падзеі. Гэта творы Бялыніцкага-Бірулі, жывапіс, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларускіх аўтараў у Таліне; беларускія тканіны і саломапляценне ў Кохтла-Ярве; графіка беларускіх мастакоў на востраве Саарэмаа.
Да святкавання 1000-годдзя прыняцця хрысціянства на Русі ў 1988 годзе ў Кіеве зладзілі выставу «Выяўленчае мастацтва Савецкай Беларусі».
У кастрычніку 1973 года ў Мінску быў адкрыты Палац мастацтва. З фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР была арганізавана рэтраспектыўная экспазіцыя твораў беларускіх мастакоў — з 1944 па 1973 год. Калі раней рэспубліканскія выставы праходзілі ў музейных залах і даводзілася здымаць пастаянную экспазіцыю, то цяпер музей выдаваў свае экспанаты на выставы ў Палац. Навуковыя супрацоўнікі музея працавалі над каталогамі. Але экспанаты трэба было вазіць на аўтамабільным транспарце, а гэта не заўсёды станоўча адбівалася на іх захаванасці. Так што ў рэстаўратараў Мікалая Куйчыка і Уладзіміра Харанекі праца павялічылася.
Калекцыя музея расла: за дваццаць гадоў (1970—1990) яна папоўнілася амаль на дзесяць тысяч экспанатаў. Перш за ўсё гэта творы беларускіх аўтараў другой паловы мінулага стагоддзя, што закупляліся Міністэрствам культуры БССР з рэспубліканскіх і персанальных выстаў, а таксама падораныя мастакамі музею. У дар паступалі і працы ад сваякоў тых мастакоў, якіх ужо не стала. Так, каля 30 жывапісных работ падаравалі
дачка і сын мастака Валянціна Волкава.
Адзін з найбольш значных дароў, якія папоўнілі музейную калекцыю ў пачатку 1970-х, музей атрымаў ад Надзі Хадасевіч-Лежэ. Знакамітая ўраджэнка Беларусі, якая жыла ў Францыі, наведала Мінск і падарыла музею 30 керамічных работ Пікаса і дэкаратыўнае пано свайго мужа Фернана Лежэ. Акрамя гэтага, ёю было перададзена 55 злепкаў з твораў скульптуры Старажытнага Егіпта, Старажытнай Грэцыі, еўрапейскіх майстроў Сярэдніх вякоў і эпохі Адраджэння з майстэрні Луўра. Пазней музею былі падораны 13 графічных аркушаў Фернана Лежэ і 16 работ Надзі Хадасевіч-Лежэ з асабістай калекцыі Алены Аладавай.
Калекцыя рускага жывапісу папоўнілася карцінамі Лявіцкага, Айвазоўскага, Рэпіна, Шышкіна. Акрамя таго, былі набыты жывапісныя работы мастакоў — ураджэнцаў Беларусі: Івана Хруцкага, Апалінарыя і Іпаліта Гараўскіх, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.
Фонды музея павялічваліся і дзякуючы экспедыцыям навуковых супрацоўнікаў па Беларусі. Экспедыцыямі пад кіраўніцтвам Надзеі Высоцкай з супрацоўнікамі Уладзімірам Харанекам, Алегам Ліхтаровічам, Георгіем Ліхтаровічам, Віталём Чарнабрысавым, Аленай Карпенка, Наталляй Сычовай, Наталляй Трыфанавай і іншымі з нядзейных на той час касцёлаў і цэркваў былі вывезены і фактычна выратаваны ад разбурэння абразы і скульптуры, што знаходзіліся ў вельмі цяжкім стане. У 1980 годзе Міністэрствам культуры быў зацверджаны аддзел старажытнабеларускага мастацтва, на які быў ускладзены абавязак выяўлення і рэгістрацыі рухомых помнікаў на тэрыторыі Беларусі.
Экспедыцыі пад кіраўніцтвам Ірыны Паньшынай і Таццяны Сцёпінай з супрацоўнікамі Аленай Сянькевіч, Валянцінай Пісарэнка займаліся пошукамі прадметаў народнага мастацтва. Гэта адзенне, ручнікі, абрусы, дэкаратыўныя тканіны з розных рэгіёнаў Беларусі. Прывезеныя з навуковых экспедыцый прадметы экспанаваліся ў філіяле — Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. У 1983 годзе выстава «Беларускія народныя тканіны» была паказана ў Ленінградзе і Іванаве, у 1984-м — у Каўнасе.
Супрацоўнікі навуковых аддзелаў вывучалі музейныя прадметы, займаліся атрыбуцыяй, працавалі над каталогамі калекцый. Гэты перыяд адзначаны істотнай актывізацыяй выдавецкай дзейнасці музея. У якасці прыкладу можна прывесці альбомы «Дзяржаўны мастацкі музей БССР» (укладальнікі Пётр Герасімовіч, Алена Рэсіна), «Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Збор жывапісу XV—XX стагоддзяў» (укладальнікі Надзея Высоцкая, Таісія Карповіч, Тамара Карандашава, Ірына Паньшына), «Музей беларускага народнага мастацтва» (укладальнік Ірына Паньшына), «Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі» (укладальнік Юрый Карачун).
У 1970—1980-я ў музеі працаваў «Лекторый выхаднога дня», які карыстаўся вялікай папулярнасцю. Для дзіцячай аўдыторыі былі распрацаваны такія лекцыі, як «7 цудаў свету», «Мастацтва Старажытнага Егіпта», «Мастацтва Старажытнай Грэцыі» і іншыя. Для дарослых чыталіся цыклы лекцый па гісторыі заходнееўрапейскага мастацтва, беларускага і рускага мастацтва, а таксама манаграфічныя, напрыклад «Вядучыя майстры выяўленчага мастацтва». Часта жадаючых паслухаць лекцыю было так шмат, што лекцыйная зала не магла змясціць усіх. Тады праз тыдзень гэтую тэму паўтаралі.
У 1980-я ў музеі праходзілі вечары класічнай музыкі, для якіх у вестыбюлі ўладкоўваліся невялікія выставы, блізкія па тэме да выкананых музычных твораў. Часта выступаў Квартэт Саюза кампазітараў БССР.
Музейная калекцыя расла, пашыраўся штат музея. У 1977 годзе ўвялі пасаду вучонага сакратара, на якую была прызначана Надзея Высоцкая, у 1979 годзе яе змяніла Святлана Кітаніна.
З 1975 года змяніўся аддзел уліку і захоўвання. Да гэтага часу за ўсе музейныя экспанаты адказваў галоўны захавальнік Аляксандр Сакалоў. Зараз з’явіліся навуковыя супрацоўнікі — захавальнікі асобных калекцый: захавальнік скульптуры і беларускага жывапісу Аліса Наркевіч, рускага і замежнага жывапісу і графікі, а таксама старажытнабеларускага жывапісу — Алена Шапашнікава, беларускай графікі — Таццяна Акушэвіч, дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва — Таісія Капыльская (праз некалькі гадоў яе змяніла Наталля Калашнік, якая захоўвае частку гэтай калекцыі дагэтуль).
Памяшканні для захоўвання музейных прадметаў ужо не маглі змясціць усе экспанаты. Прыйшлося зачыняць экспазіцыйныя залы першага паверха, дзе выстаўляліся творы беларускіх мастакоў XX стагоддзя, і пераабсталяваць іх пад сховішчы. Экспазіцыя беларускага мастацтва размясцілася на галерэі музея. Акрамя таго, у філіяле «Мазырская карцінная галерэя ў в. Гурыны» была адкрыта пастаянная экспазіцыя беларускага мастацтва 1940—1980-х, якая паказвала асноўныя тэндэнцыі яго развіцця. Там было прадстаўлена 129 твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Да сярэдзіны 1980-х наспела вострая неабходнасць пашырэння экспазіцыйнай прасторы музея. Для вырашэння гэтай праблемы па распараджэнні Савета Міністраў БССР пачалася распрацоўка праекта прыбудовы да Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.
Алена Шапашнікава