Пані дырэктарка, неяк вы сказалі, што стварыць тэатр «Палонія» вам дапамагла злосць. Як доўга вы злавалі? Ці мелі час выпрацаваць канцэпцыю, кірунак, ідэю? Альбо раззлаваліся ды ўсё вырашылі знянацку?
— Гэта было спантанна. Спачатку адзінаццаць гадоў я працавала ў тэатры «Атэнэум», потым — у тэатры Powszechny. Гэта вялікія дзяржаўныя тэатры... з вельмі закасцянелай, састарэлай структурай — адміністрацыйнай, арганізацыйнай і фінансавай. Пасоўвацца ў такой структуры было немагчыма. Нягледзячы на тое, што я мела выключнае становішча, мастацкія рады тэатраў упікалі мне тым, каго, у каго і дзе я іграю. Зашмат было нейкіх дзіўных абсурдных праяў. Спектаклі з маім удзелам давалі тэатру пастаянны прыбытак, аднак памянёная структура была мной незадаволена. Аднаго цудоўнага дня і шэрагу прэтэнзій тэатральнага калектыву хапіла, каб я з яго пайшла. А паколькі ў краіне змянілася сітуацыя і можна было распачаць уласную справу, пасля гадавога перапынку (я тады займалася рэжысурай) я вырашыла, што знайду сабе якую-небудзь сцэну, бо дужа па ёй сумавала. У Варшаве на той час (2004 год. — рэд.) не было памяшкання, каб арандаваць, затое можна было купіць стары кінатэатр: паколькі збудавалі вялікія мультыплексы альбо далучалі залы да гандлёвых комплексаў, старыя невялікія кінатэатры аказаліся нікому не патрэбнымі. Іх прапанавалі аж дванаццаць! Я спынілася на «Палоніі», бо яна была найтаннейшая. Давялося выкласці ўсе заробленыя і назапашаныя грошы — і мой муж, не вагаючыся, сказаў «так», а ён быў выбітным кінааператарам і часам няблага зарабляў за мяжой (Эдвард Класіньскі. — рэд.). «Палонію» пагадзіліся даць у растэрміноўку. Пасля пагаднення мы мусілі прадаць дом у Варшаве і ўсе грошы аддаць за памяшканне. На рэшту пасля першага ўнёску распачалі рамонт, бо стан будынка быў жудасны: вільгаць, смурод, абабітыя сцены... Муж адмовіўся ад здымкаў дзвюх карцін у Амерыцы і сам удзельнічаў у перабудове. Праз паўгода я вызначылася з тым, што маё прадпрыемства не разлічана на прыбытак. Усё, што мы заробім, будзе выдаткоўвацца на новыя пастаноўкі. Я не засноўваю фірму з абмежаванай адказнасцю, але ствараю фонд. Паколькі я мяркую іграць класіку — я буду партнёрам для Міністэрства культуры і зраблю яму паслугу ў справе папулярызацыі тэатральнага мастацтва.
Якой вы задумалі і зрабілі «Палонію»?
— «Палонія» была створана як літаратурны тэатр (драматычны і заснаваны на добрай літаратуры. — рэд.), дзе ў цэнтры ўвагі — грамадскія праблемы. Мы таксама пачалі ўвасабляць дзіцячую класіку, а потым спраўдзілі маю ідэю — адначасова залучаць на спектаклі тых, хто не мае грошай на квіток. У нас вельмі шмат такіх людзей. Знаходзяцца тыя, што скарыстоўваюць кожную нагоду, бо мы граем увесь ліпень і жнівень (не можам дазволіць сабе вакацыі). Адначасова ў глядзельні збіраецца каля 400 чалавек. Апошнім часам граем 900 разоў на год. Фактычна маем шэсць сцэн (разам з тэатрам «Ох» у іншым раёне Варшавы), а летась мелі 127 пастановак на выездзе. Каб існаваць, «Палонія» мусіць зарабляць штомесяц мільён злотых. Пэўна, няма такога тэатра ўвогуле на свеце. Мы напраўду зрабіліся партнёрам для Міністэрства культуры: у нас перыядычна працуе 450 артыстаў з усёй Польшчы, на 98% мы самі сябе ўтрымліваем і ставім спектаклі на заробленыя грошы. Тэатр не мае вялікай дапамогі. Менавіта таму мы мусім вельмі шмат іграць, а я — асабліва зважаць на тое, каб творы сябе акуплялі. Вядома, маем у рэпертуары Іанэска ды Шэкспіра, звяртаемся да камедый, якія даюць зарабіць на складаныя рэчы.
У вашым рэпертуары таксама — Ружэвіч, Вальчак, Фрэдра, Лазаровіч, Запольская. Вы мэтанакіравана падтрымліваеце нацыянальную драматургію?
— Вядома, бо гэта маё захапленне. Але перадусім я — артыстка. Сорак пяць гадоў іграю без перапынку. Штогод — да трохсот спектакляў. І я ніколі не іграла таго, чаго не хацела б іграць. Я ніколі не казала з экрана таго, пад чым бы потым не падпісалася. Вядома, мне даводзілася іграць, напрыклад, ролю маці-алкагалічкі — дык гэта прафесійнае акцёрскае пераўвасабленне. Існуе цэлая галіна польскага сацыяльна-палітычнага кіно, выступленне ў ім заўжды асацыявалася з грамадскай пазіцыяй ягоных стваральнікаў. Паколькі я пачынала з Анджэем Вайдам (у 1977 годзе фільм «Чалавек з мармуру»; у 1981-м — «Чалавек з жалеза». — рэд.), я назаўжды звязаная з людзьмі свабоднымі і ніколі не працавала з рэжысёрамі з іншага боку барыкады, ды яны мне і не прапаноўвалі. Калісьці польскія артысты былі падзелены дужа выразна: тыя, хто працаваў з пэўнымі рэжысёрамі, ніколі не працаваў з іншымі, лаяльнымі да рэжыму. У той самы час было некалькі персанажаў, якіх бы я з радасцю ўвасобіла, але Анджэй Вайда не хацеў, каб я гэта рабіла, — найважнейшымі для яго былі вобразы, ужо створаныя мною, і тое, што менавіта з імі я асацыявалася ў гледачоў. І толькі праз дзесяць гадоў дазволіў, маўляў, цяпер можна быць толькі артысткай. Гэта досыць складана, бо было звязана з сітуацыяй у медыя. Я сябрую са шмат якімі артыстамі, рэжысёрамі, сцэнографамі. Прыкладам, спектаклі паводле Тадэвуша Ружэвіча, якога я абагаўляю, — сапраўдны падарунак для Ежы Штура. Той пісаў дыпломную работу па ягонай творчасці, сябраваў з ім і быў ідэальным выканаўцам роляў ягоных п’ес. Так што ўсе мае выбары ды рашэнні заснаваныя на тым, што адбываецца навокал і як бы само просіцца на сцэну. «32 знепрытомненні» Антона Чэхава я прыдумала, каб адзначыць саракагоддзе творчай дзейнасці Ежы Штура. Ён спачатку спытаўся, што б я хацела, каб ён сыграў. А я ведаю, што 12 гадоў ён быў рэктарам Вышэйшай акцёрскай школы ў Кракаве, дваццаць гадоў — рэжысёрам, які вучыў студэнтаў, увасабляючы «Мядзведзя» або «Юбілей». А раз такая справа, сказала я тады, дык сыграй зараз сам тое, чаму вучыш! Гэта значыць — акцёрскі лемантар. Вось такім чынам прыдумваюцца і з’яўляюцца нашы пастаноўкі.
Калі ў 2005 годзе ўтвараўся тэатр, ці раіліся вы з тэатразнаўцамі, крытыкамі, калегамі?
— Не. Я выйшла, як той казаў, з-пад двух дырэктараў — тэатра Powszechny і тэатра «Атэнэум». Гэта былі выбітныя дырэктары. І я вяду свае справы, памятаючы пра іх, хіба не маю тых датацый, што яны мелі. Бачыце, я пайшла з тэатра Powszechny са сваёй публікай. Я была ўпэўненая, што гэтыя людзі будуць прыходзіць у «Палонію», бо ведала адну рэч: перадусім глядзельня складаецца з кабет. І меркавала, што пачну ствараць тэатр менавіта для іх. На іх таксама была скіравана першая рэкламная кампанія «Палоніі» — тэатр для жанчын і пра жанчын, які ствараюць жанчыны. Потым гэта змянілася, але першым часам моцна нас падтрымала. Мы пачалі засвойваць малую сцэну, назвалі яе «Фіялетавыя панчохі» — так называўся жаночы рух у Францыі — і гэта таксама вельмі дапамагло тэатру.
Гэтаксама вы ставіце для дзяцей — самай складанай публікі...
— На дзецях зарабіць немагчыма. Квіток не можа каштаваць больш за 30 злотых (на вуліцы мы іграем бясплатна), але дзеці — наша будучая публіка. Яны асвойталіся з намі, прызвычаіліся да нас хадзіць. Я магла б апавесці тысячу показак пра тое, што перажыла з гэтымі дзецьмі. Стаяла пры галоўным уваходзе з сурвэткаю і казала: «Плюй сюды сваю жуйку». Напісала заклік да дзяцей і тлумачыла, як трэба паводзіць сябе ў тэатры, — артысты чыталі яго перад спектаклем. Забараняла піць, есці, здымаць на тэлефон. Але з цягам часу яны падпарадкаваліся правілам. Аднаго разу мы нават запрасілі са Шчэціна бэбі-тэатр — і гэтая спроба сталася вельмі ўдалай, мяркую абавязкова працягваць. Мой тэатр не мае літаратурнага кіраўніка, я сама ўсё чытаю і як мастацкі кіраўнік вырашаю, што ж мы будзем прапаноўваць надалей. Аднак самая важная, амбіцыйная думка — як зрабіць, каб наш тэатр стваралі лепшыя і каб ён патрапіў заставацца на самафінасаванні. Пятнаццаць гадоў гэта ўдавалася...
Як шырока вы займаецеся грамадскай дзейнасцю?
— Прыкладам, мы пачалі наведвацца ў медычныя ўстановы, дзе лекавалі дзяцей (яны знаходзіліся там гадамі і нават у школу хадзілі тамсама), — з чытаннем казак, вершаў, паказам невялікіх спектакляў. Рабілі гэта рэгулярна цягам пяці гадоў. На чарзе былі псіхіятрычныя бальніцы, дзіцячыя дамы і ўстановы для людзей шаноўнага веку... Як толькі бачым, што зала не да канца прададзеная, прапаноўваем месцы людзям, якія пра тэатр не маглі нават падумаць. Гэтаксама як для Міністэрства культуры, мы зрабіліся партнёрам і для Варшавы — праз два гады я заснавала летні тэатр, мы бясплатна гралі на плошчы Канстытуцыі. За пятнаццаць гадоў вулічныя спектаклі атрымалі дзесяць узнагарод.
Ці адчувае «Палонія» канкурэнцыю з боку іншых прыватных тэатраў?
— І так, і не. Статусы і формы ў тэатраў розныя. Мы — існы рэпертуарны тэатр. Рэжысёры ўвесь час мяняюцца, маем пастаноўкі і традыцыйныя, і авангардныя. З нашага фонду ніхто не мае права браць на свае патрэбы — усе прыбыткі прызначаны толькі на дзейнасць тэатра. Людзі сочаць за намі, увесь час вяртаюцца, і мы мусім нейкім чынам іх адукоўваць. Я заўважыла: часцей за ўсё наша публіка нават не глядзіць, на што ідзе! Яна проста ідзе да нас. І мой клопат — каб яна ніколі не пайшла ад нас ні з чым.
Як змянілася ваша жыццё, калі вы зрабіліся гаспадыняй свайго тэатра?
— Перадусім я больш не зорка. Таму што ў дзяржаўным тэатры я была менавіта ёю з усімі адпаведнымі выгодамі. А цяпер я мушу думаць пра дзяцей сваіх актрыс ды пра іх разводы, хваробы, добрае самаадчуванне, і калі хтосьці хварэе, я сама выходжу замяняць. Раблю тое, што карысна для фундацыі, а не асабіста для мяне. Аднаго разу я сыграла за хворую артыстку, а потым выходзіла ў гэтай ролі шэсцьдзесят разоў. Бо так трэба было.
Колькі ў сярэднім жыве спектакль?
— «Шырлі Валантайн» Вілі Расэла — дваццаць сем гадоў, я сыграла яго каля тысячы разоў. Гэты спектакль літаральна карміў Тэатр Powszechny і калі я яго выкупіла ды пачала выконваць у сябе, дык ужо пэўна ведала: з ім мы бедаваць не будзем. На пачатку штодня я грала яго на малой сцэне і зарабіла на рамонт. У кожнай сваёй ролі я выходжу каля двухсот разоў. Цяпер маю дзесяць роляў, але дзвюх мушу пазбыцца, бо хачу стварыць дзве новыя. Ёсць у мяне і ролі асаблівыя, папросту запатрабаваныя глядзельняй — прыкладам, увасобіла такую спраўную гамафобку, маці гея, і высветлілася, што гэты спектакль вельмі папулярны, бо надзвычай актуальны.
Трэба было спраўдзіцца ў кіно, каб стварыць такі запатрабаваны тэатр?
— Я ніколі не сыходзіла з тэатра, нават месяца не прасіла на кіназдымкі! Грала паралельна. На «Чалавека з мармуру» ехала пасля спектакля з Варшавы ў Гданьск, у дзве гадзіны ночы прыязджала, у шэсць пачыналася здымка, апоўдні ўжо выязджала ў тэатр. І такім чынам я адпрацавала бальшыню сваіх кінароляў. Хіба калі здымалася за мяжой, тэатральныя ролі мусілі мяне чакаць.
Як вы трываеце спалучэнне выканання на сцэне і кіравання сцэнай?
— Штодня я іграю адзін ці два спектаклі, не больш!.. (Смяецца.) У мяне няма іншага жыцця. Мае дзеці дарослыя. Мой муж адышоў. Мая маці памерла чатыры месяцы таму. Я не маю больш ніякіх абавязацельстваў. На сцэне пачуваюся лепей, чым у жыцці, і маю на ёй куды менш праблем у параўнанні з вуліцай. Мяне не цікавіць нічога, акрамя працы. Яна — мая шчырая радасць. А калі штогод выязджаю на вакацыі, дык чытаю там каля пяцідзесяці п’ес, каб запланаваць наступныя сезоны. І найвялікшым сваім поспехам лічу тое, што, калі б дзяржава цалкам адмовілася нам дапамагаць, мы б не кінулі іграць і ставіць.