Манюшка пакінуў нам вялікую творчую спадчыну: сапраўдныя шэдэўры ў жанры оперы і балета, аперэты, рамансы, кантаты. І, вядома, песні — на словы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Тамаша Зана. З вялікага масіву гэтых неверагодных каштоўнасцяў было вельмі складана выбраць самыя яскравыя, але менавіта такія і ўвайшлі ў святочны канцэрт, які прайшоў у Вялікім тэатры 16 мая пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і Інстытута Адама Міцкевіча.
У тэатры былі паказаныя сцэны з опер «Страшны двор», «Галька», «Графіня», «Verbum Nobilе». Гледачоў чакала абсалютная прэм’ера — дывертысмент на музыку балета «Аднойчы на пастоі, альбо Трыумф кахання». У канцэрце прынялі ўдзел вядучыя салісты оперы і балета Вялікага тэатра. У ролі юнага Манюшкі на сцэну Вялікага выйшаў навучэнец сталічнага каледжа Кірыл Барташэвіч. Спецыяльна запрошанай госцяй стала выдатная спявачка Івона Хоса, салістка Нацыянальнай оперы ў Варшаве, лаўрэатка міжнародных конкурсаў, уладальніца значных музычных узнагарод (адна з якіх — прэмія «Emmy» — за ўдзел у пастаноўцы ВВС «Халакост»). Рэжысёрам-пастаноўшчыкам дзеі выступіў Міхаіл Панджавідзэ. За дырыжорскім пультам былі тры маэстра: Іван Касцяхін, Алег Лясун і дырыжор з Польшчы Раман Рэваковіч. У якасці навуковага кансультанта праграмы выступіў Віктар Скарабагатаў.
Менавіта Віктара Скарабагатава, нязменнага мастацкага кіраўніка «Беларускай капэлы», многія артысты называюць натхняльнікам, чалавекам, які ў свой час адкрыў для іх свет музыкі Манюшкі. 19 мая ў камернай зале Вялікага ён разам з прафесаркай Ганнай Каржанеўскай прадставіў тэатралізаваную праграму «Манюшка на Радзіме», у ёй прынялі ўдзел спевакі Ірына Кучынская, Вікторыя Красінская, Юрый Гарадзецкі, Ілля Сільчукоў. Пад несканчоныя апладысменты гледачоў амаль у такім жа складзе яны паўтарылі праграму, але ўжо ў Нясвіжы 15 чэрвеня. А напярэдадні, на адкрыцці Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў, у касцёле Божага Цела Скарабагатаў як рэжысёр падрыхтаваў канцэрт «З Ойчам Адвечным», складзены з рэлігійных твораў кампазітара.
Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх. Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, прасякнутая беларускім фальклорам. Пазней кампазітар працаваў у Вільні. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры…
Ягоная постаць дае нам надзейнае пачуццё: у нас былі і ёсць вялікая гісторыя і вялікія творцы. Манюшка — манументальны класік музыкі, які працаваў ва ўсіх жанрах і разгарнуўся ў іх насамрэч феерычна. Але для кожнага з музыкантаў у гэтай велічнай постаці Станіслава Манюшкі ёсць штосьці сваё. Менавіта пра гэта мы і пагутарылі з тымі, хто працаваў над новымі праграмамі, прысвечанымі творцу.
«Нібы кампазітар прадыктаваў лібрэта…»
— 86-ы тэатральны сезон у першую чаргу запомніцца пастаноўкай дывертысмента на музыку балета «Аднойчы на пастоі, альбо Трыумф кахання», — гаворыць харэографка Аляксандра Ціхамірава. — Прэм’ера адбылася на сцэне тэатра 16 мая ў межах гала-канцэрта, прысвечанага 200-гадоваму юбілею кампазітара. Праз месяц, на заключным канцэрце «Вечароў Вялікага тэатра ў Нясвіжы», мы паўтарылі гэты паказ — і гледачы не хацелі адпускаць любімых артыстаў, якія ўдзельнічалі ў яскравай дзеі.
Я шчаслівая, што адкрыла для сябе музыку Манюшкі, кампазітара, які каранёва звязаны з беларускай зямлёй і якім трэба ганарыцца, а яго творчасць — шанаваць. Беларускую нацыю вызначаюць у тым ліку працы Манюшкі — нароўні са Скарынам, Купалам, Коласам. Дотык да творчасці кожнага мастака — для мяне гэта заўсёды гутарка з майстрам. Вось і з Манюшкам у мяне адбылася менавіта сустрэча — нібы мы сядзелі на беразе Свіслачы і размаўлялі. Я была шчаслівая спасцігаць гэты свет музыкі Манюшкі, пачуць яго неверагодную меладычнасць, адгадваць тыя напевы, якія ён чуў з дзяцінства, калі рос недалёка ад Мінска. Ставіць танец на гэтую музыку было неверагодна прыемна. Яна абсалютна дансантная, лёгкая, пругкая...
Спадзяюся, што гледачы ўбачаць паўнавартасны спектакль «Аднойчы на пастоі...», як мы і задумвалі першапачаткова. Калі рэпертуар тэатра складаецца пераважна з твораў драматычнага гучання, часам хочацца адключыцца ад свету, напоўненага трагізмам, і ўбачыць іншы — наіўны, смешны, камічны. Самыя цяжкія моманты дапамагае перажыць менавіта гумар. Такога святла, здаецца, нам заўжды не хапае. У музыцы Манюшкі прыхавана каласальная энергія, якая захапіла ўсіх: пастаноўшчыкаў, артыстаў, гледачоў. Што ні нумар — хіт! Вельмі хочацца, каб надалей глядач змог ацаніць усю партытуру. Я напісала ўласнае лібрэта на аснове гістарычнага матэрыялу. Паўтаруся: гэта не рэканструкцыя, а спроба пафантазіраваць на гістарычныя тэмы. Таму я захавала імёны галоўных персанажаў і стылістыку камічных спектакляў таго часу. Падчас напісання лібрэта мы супрацоўнічалі з Віктарам Скарабагатавым, а таксама з музыказнаўцам і фагатыстам Аляксеем Фраловым. Было вельмі прыемна, калі яны сказалі: «Быццам сам Манюшка вам на вуха прадыктаваў лібрэта». Гэта быў вялікі камплімент! Безумоўна, ягоная музыка павінна гучаць у тэатры. Не сумняваюся: якая-небудзь з яго опер таксама дачакаецца свайго часу, дый мы ажыццявім пастаноўку балета «Аднойчы на пастоі...» у поўным аб’ёме.
Ад сэрца да сэрца
— Мая першая сустрэча з Манюшкам адбылася ў далёкім дзяцінстве, — згадвае дырыжор Іван Касцяхін. — У сталічнай філармоніі музыказнаўца Анатоль Парэцкі вёў серыю лекцый «Дзіцячыя гады любімых кампазітараў». І нам, ліцэістам, падабалася ўдзельнічаць у гэтым праекце. З маленства я спяваў, а «Залатую рыбку» Манюшкі, калі лекцыя была прысвечана кампазітару, якога ў той час мы вывучалі яшчэ па курсе польскай музыкі, выконваў заўсёды з асаблівым задавальненнем.
Станіслаў Манюшка для мяне ў пэўным сэнсе знакавы кампазітар. У першы год працы ў Вялікім маім дэбютам у тэатры стаў канцэрт «Манюшка на Радзіме», праект Віктара Скарабагатава, які для мяне ў той час быў такой жа легендай, як і сам кампазітар. Рыхтавалі мы праграму ў гонар 185-годдзя Станіслава Манюшкі. І гэта была мая першая сустрэча з яго сімфанічнай і опернай музыкай, у прыватнасці з сімфанічнай паэмай «Байка». Вось з таго часу ён мяне і суправаджае — як сімвал шчырасці і чысціні. Менавіта творы Манюшкі звязаныя ў мяне з паняццем «Белая Русь». У камічных операх яго музыка можа падасца занадта простай «высакалобаму крытыку», але галоўнае, што ў ёй ёсць, — шчырыя пачуцці ад сэрца да сэрца. У выкананні сачыненняў Манюшкі няма за што схавацца. Тут павінна «ўключыцца» душа, неабходна існаваць разам з персанажамі і менавіта ў тых сітуацыях, у якіх яны аказваюцца. У Манюшкі напісана ўсё так таленавіта!.. Ён для мяне нібы лакмусавая паперка: наколькі шчыра ты зможаш яго сыграць і як блізка акажашся да аўтарскай задумы?..
Сёлета на канцэрце ў Вялікім тэатры ў гонар юбілею кампазітара пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі вельмі трапна сказаў: «Манюшка быў сынам Рэчы Паспалітай. Хоць ён яе ўжо не ведаў, але ўсё жыццё насіў у сваім сэрцы». Менавіта таму Станіслаў Манюшка — сімвал дзвюх нацыянальных культур. Ён, на шчасце, не адзіны кампазітар, чые творы павінны гучаць на беларускай сцэне, але Манюшка стаіць ля вытокаў, з якіх узнікла сучасная беларуская музыка.
«Музыка Манюшкі — мая музыка»
— У юныя гады мяне скарылі мазуры Манюшкі, іх неверагодная энергетыка, сіла, фантазія. І складанасць выканання. Да гэтага часу некаторыя аркестры адчуваюць разгубленасць, калі сутыкаюцца з ягонымі творамі. Перадаць яркасць і цэласнасць польскага танца пры тым, што акцэнты ў музыцы пастаянна змяшчаюцца, няпроста, — кажа польскі дырыжор Раман Рэваковіч. — Пазней я закахаўся ва ўверцюры Манюшкі. Яго «Казка» — проста цуд! А потым я пачуў оперу «Галька». Гэта вялікі кампазітар унікальнага таленту. Якая пявучасць і меладычнасць! Шчаслівы, што маю магчымасць дакрануцца да гэтай музыкі.
Кожны выканаўца — свайго роду адвакат. Музыкант, як бярэцца за пэўнае сачыненне, павінен данесці да публікі ўсю прыгажосць гэтага твора. На паперы музыка спіць. І ажывае толькі тады, калі выканаўца датыкаецца да нот сваімі сэрцам і душой. Манюшка — адзін з тых кампазітараў, які, як ніхто, заслугоўвае такіх пачуццяў. На жаль, яго сачыненні можна пачуць не так часта, як яны таго заслугоўваюць. Будзем спадзявацца, што юбілей — 200 гадоў з дня нараджэння кампазітара — дасць штуршок, каб яго музыка часцей гучала ў канцэртных залах свету.
Важна і тое, што асоба кампазітара аб’ядноўвае дзве краіны — Беларусь і Польшчу. Прыгажосць тварэнняў Манюшкі — у спеўнасці, у гармоніі мелодыкі і рытму, яна прасякнутая фальклорам як беларускім, так і польскім. Гэта спалучэнне ўнікальных музычных якасцяў і глыбіннага сэнсу.
«Ёнтак мяне палюбіў, а гледачы палюбілі майго Ёнтака»
— Ад снежня мінулага года мяне ўвесь час суправаджае музыка Манюшкі. У маім рэпертуары з’явіліся новыя творы кампазітара, напрыклад з «Хатняга спеўніка», я падрыхтаваў ролю Ёнтака з «Галькі», запісаў партыю Ідамора з оперы «Парыя». Прыкладаю ўсе намаганні, каб гэта музыка «клалася» на мой голас. Спадзяюся, атрымліваецца прыгожа, — усміхаецца тэнар Юрый Гарадзецкі. — Летам 2018-га да штогадовага фестывалю ва Вроцлаве, прысвечанаму Станіславу Манюшку, музыказнаўца Святлена Немагай падрыхтавала праграму духоўнай музыкі кампазітара і запрасіла мяне яе выканаць. Я з задавальненнем пагадзіўся. Пасля выступу паклікалі прыняць удзел і ў гала-канцэрце. А потым арганізатары прапанавалі падумаць над яшчэ адной ідэяй — праспяваць Ёнтака ў пастаноўцы «Галькі» на сцэне Вроцлаўскай оперы. Але я доўга не думаў — пагадзіўся адразу. Склалася ўсё вельмі ўдала: Ёнтак мяне палюбіў, а гледачы палюбілі майго Ёнтака. У апошніх чатырох спектаклях у Вроцлаве тую партыю спяваў я. У тым ліку ў пачатку траўня, калі музычны свет адзначаў 200-годдзе з дня нараджэння Манюшкі. Напэўна, пашанцавала...
«Гэта частка майго ДНК»
— Менавіта з імем Манюшкі звязаны пачатак майго творчага лёсу як акадэмічнага спевака, — прызнаўся Ілля Сільчукоў. — У 1999-м я ўпершыню ўдзельнічаў у конкурсе «Убельская ластаўка». У той год «вылецеў» адразу пасля першага тура. Праз год я вяртаўся з гэтага конкурсу, узяўшы Першую прэмію «Ластаўкі». Зразумеў, што ў мяне атрымліваецца, — і працягнуў займацца вакалам прафесійна.
З тых часоў з музыкай Манюшкі і не расстаюся. А 2019 год аказаўся вельмі насычаным: мы зрабілі шмат праграм з Аляксеем Фраловым, прэзентавалі сачыненні з «Хатняга спеўніка» ў Гомелі і ў Мінску, прадставілі канцэрт у філармоніі, разам з Віктарам Скарабагатавым падрыхтавалі праграму «Манюшка на Радзіме». Калі пачынаеш працаваць з творамі кампазітара, здаецца, яны зусім не зручныя для выканання. Але паступова яго музыка становіцца нібы часцінкай твайго ДНК. Яна выдатная — шчымлівая, дзесьці наіўная і непасрэдная, але галоўнае — чапляе і знаходзіць водгалас унутры мяне, у маім сэрцы.
«Глыбіня, якая скарае…»
— У 2013-м я паехала на конкурс вакалістаў імя Манюшкі ў Вялікі тэатр Варшавы. Не чакала, што атрымаю ад удзелу велізарнае задавальненне і шмат уражанняў. Можна сказаць, упершыню пачула столькі твораў кампазітара, пазнаёмілася з яго музыкай, — кажа Ірына Кучынская. — Пасля, дзякуючы Віктару Скарабагатаву, я закахалася ў камерны рэпертуар Станіслава Манюшкі. Мне падабаецца простасць і даходлівасць гэтай музыкі. Тут паміж спеваком і слухачом няма ніякай дыстанцыі. Гэтыя песні можна выконваць у канцэртных залах гэтак жа, як і дома. Таму што ў ёй шмат народнага. У праграме «Манюшка на Радзіме» я спяваю «Ах, далёка замуж аддала матуля...», і лёгка ўявіць, як гэтую песню пяюць падчас застолля на два галасы. Гэта наша музыка — у ёй столькі роднага, беларускага! Яна пявучая, меладычная — ліецца нібы з тваёй душы. Асабліва гэта заўважаеш у павольных сачыненнях.
Асобна ў яго спадчыне для мяне стаіць рэлігійная музыка. Яна дзівосная! Колькі ні спявала, кожны твор адкрываецца па-новаму. І параўнаць Манюшку з кімсьці не магу. А як ён карыстаецца музычнымі гармоніямі ў операх! Яны так нечакана мяняюцца, што сумняваешся: гэта сапраўды напісалі ў пачатку XIX стагоддзя?..
Для мяне Манюшка — кампазітар з некалькімі абліччамі. У оперы ён адзін, у камернай музыцы — зусім іншы. Паслухайце яго нечаканы «Цыганскі раманс» на рускай мове ці гарэзлівую песню Зосі. А ў рэпертуары Юрыя Гарадзецкага ёсць надзвычайная кампазіцыя «Domine», рэлігійны твор, глыбіня якога захоплівае цябе цалкам — і ты скораны гэтай музыкай, хочаш яе слухаць і слухаць... У Манюшкі велізарная колькасць рамансаў і песень. Мы ў сваіх праграмах выконваем толькі невялікую частку.
Мне хочацца, каб гэтую музыку слухалі, а людзі ведалі, што ёсць кампазітар, якім варта ганарыцца.
Алена Балабановіч