У чым выразная адметнасць вашай інстытуцыі, галоўнае адрозненне ад мастацкіх устаноў падобнага кшталту?
— Найперш у тым, што мы трымаем руку на пульсе сучаснасці, пастаянна аналізуем, як мастацтва інтэрпрэтуе грамадскія і культурныя змены. Вызначальным у гісторыі Цэнтра з’яўляецца 1989 год — не толькі як пачатак палітычных перамен у краіне, але і таму, што дырэктарам стаў Войцех Крукоўскі, які нашу інстытуцыю стварыў і задаў кірунак яе дзейнасці. І ад самага пачатку мы сталі працаваць як інтэрдысцыплінарная ўстанова. Сёння, напрыклад, перфарматыўныя мастацтвы мы разглядаем крыху іначай, чым Войцех Крукоўскі ў 1990-х, хутчэй як трансдысцыплінарную праграму, але мы па-ранейшаму адзіная ў Польшчы інстытуцыя, настолькі шырока адкрытая для розных медыя.
Як вы будуеце выставачную праграму, ці маеце сваё кола мастакоў, інстытуцый, куратараў, на якіх абапіраецеся?
— У Цэнтры працуе каманда куратараў, фенаменальных адмыслоўцаў з розных сфер — перфарматыўных і візуальных мастацтваў, грамадскіх праектаў і рэзідэнцый. Дамінанты, апошнім часам найбольш важныя для нас у выставачнай дзейнасці, — ужо згаданае мной «трыманне рукі на пульсе сучаснасці», бо мы займаемся мастацтвам, якое нараджаецца на нашых вачах; адсочванне культурных перамен; выхад за межы еўрапейска-амерыканскага фармату, таму што сёння інтэлектуальная прадукцыя не вытвараецца ў адным цэнтры. З іншага боку, мы разумеем: маем дачыненні з канцом глабальнага мастацтва, таму цяпер у Замку адбываюцца дзве выставы ў рамках праекта «Пластычнасць планеты». Мы сёння знаходзімся ўжо ў іншым месцы, чым пяць гадоў таму, бо крытыка неалібералізму ці капіталізму ў яго глабальным маштабе ўжо не такая актуальная на фоне ўзрастання нацыяналізму. Гэта з’ява, якая стане прадметам вывучэння. Да таго ж планеце пагражае экалагічны крызіс, гэта таксама тэма нашай сённяшняй выставы. Мы пераходзім ад глабалізму ад планетарызму.
Другая частка праграмы звязана з трансдысцыплінарнасцю, перфарматыўнасцю. Гэта не толькі перформансы ці спалучэнне танца і тэатра з візуальнымі мастацтвамі, але і эксперыменты з новым фарматам выстаў, калі харэографы ці перформеры сваю выканальніцкую практыку рэалізуюць у галерэях.
І трэцяя сфера — падтрымка маладых мастакоў. Мы маем вялікую праграму рэзідэнцый. Сапраўды дзейсную, бо мы прапануем творцам з розных краін прафесіянальную дапамогу ў іх пошуках і эксперыментах. Кар’еры некаторых з іх пачынаюць хутка развівацца.
У вас ёсць абавязковы працэнт прэзентацыі польскага мастацтва ці гэта не мае ніякага значэння ў вашым планаванні?
— Мы інстытуцыя міжнародная, таму ў межах адной выставы могуць сустракацца творцы з розных краін. Мастацтва не ведае межаў, у гэтым прыгажосць і сіла візуальнай мовы, яна акрэслівае своеасаблівую плоскасць, там і адбываецца паразуменне па-над рознымі культурнымі кодамі. Гэта мова, якая можа разнастайныя досведы перапрацаваць, ператлумачыць у нешта іншае. Але, відавочна, мы не можам ігнараваць той факт, што знаходзімся ў Польшчы, у Варшаве, у вельмі канкрэтным месцы горада. Лакальная спецыфіка нас таксама цікавіць. Па-першае, мы лічым сваім абавязкам падтрымліваць мясцовых мастакоў, але гэта толькі частка нашай працы. Напрыклад, два гады таму ў нас праходзіў вялікі праект пад назвай «Późna polskość»: мы даследавалі, якім чынам кшталтавалася польская ідэнтычнасць пасля 1989 года. Летась разам з Цэнтрам сучаснага мастацтва ў Вільні арганізавалі праект «Waiting for Another Coming». Першая яго частка рэалізавалася ў Літве, другая — у Польшчы. Мы запрасілі куратараў з абедзвюх інстытуцый, а таксама польскіх і літоўскіх аўтараў, якія працавалі разам. У праекце ўздымаліся пытанні пра лакальную спецыфіку нашых краін. Мы маем агульнае мінулае, але ці ў стане мы вызначыць, акрэсліць праз мову мастацтва тое, што нас лучыць сёння, ці магчыма агульная будучыня перад намі — дзвюма краінамі, якія існуюць на маргінэзе еўрапейскай уніі і змагаюцца з падобнымі праблемамі?
Назіраю за вашымі праектамі і бачу, што вы правяраеце межы мастацтва на трываласць. Дзе для вас — у працы вашай інстытуцыі — палягаюць гэтыя межы?
— Так, наш Цэнтр, магчыма, больш, чым іншыя ўстановы, мае місіянерскі абавязак даследавання гэтых межаў і іх пастаяннае пашырэнне. У гэтай справе вельмі дапамагае наш часопіс Obieg, які суправаджае інстытуцыю ад самага пачатку. Сёння гэта міжнародны, двухмоўны (польска-англійскі) інтэрнэтны квартальнік. На яго старонках спрабуем акрэсліць актуальныя з’явы ў мастацтве, у найноўшай гуманістыцы, якую яно абумоўлівае, каб усё гэта рэалізаваць і падтрымаць.
Ці можаце згадаць самы характэрны праект, калі межы мастацтва былі гранічна няпэўнымі?
— Куратарка Яна Зяліньска тры гады таму падрыхтавала міжнародны конкурс, у якім паставіла задачу для візуальных мастакоў: напісаць аповесць. Мы атрымалі больш за 200 заявак з Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы. Выйграў мастак італьянскага паходжання Алекс Чачэці, які жыве ў Парыжы і рэалізуе праекты па ўсім свеце, галоўным чынам — перформансы. Ён прапанаваў напісаць крымінальную аповесць пра ўласную смерць. Нібы ён памёр, а яго цела дэфрагментавалі і раскідалі часткі паміж Лос-Анжэлесам і Варшавай. Але прыладай для напісання той аповесці, ці, дакладней, асновай яе структуры павінна была стаць серыя інтэрактыўных перформансаў, у іх Алекс залучаў іншых удзельнікаў. Не было зразумела, якая з гэтых дзеяў будзе матэрыялам для наступнага раздзела аповесці. А апошнюю главу ён напісаў на аснове перфарматыўнай выставы, што адбылася ў Замку Уяздоўскім. Там былі аб’екты, ладзіліся перформансы, у адной з залаў можна было павячэраць, скарыстаўшы меню, якое склаў мастак на аснове літаратуры. Гэта ўсё і было тэставаннем таго, што мы называем выставай, радыкальным сціраннем усіх межаў паміж жыццём, літаратурай і мастацтвам. Урэшце творца, сабраўшы гэты досвед, напісаў кнігу, мы яе выдалі. Увесь працэс заняў два гады. Гэта адзін з многіх радыкальных прыкладаў таго, якім чынам мы вывучаем і спрабуем пашырыць межы мастацтва, акрэсліваем дэфініцыі выставы, літаратуры, перформансу.
Якія формы камунікацыі з гледачом вы развіваеце?
— Тры гады таму мы стварылі адукацыйны аддзел, там працуюць выдатныя спецыялісты, яны трактуюць функцыі адукацыі вельмі шырока. Нават уваход гледача ў цэнтр, спатканне з асобай, што прадае квіткі, — усё гэта павінна стаць для яго досведам, які заахвоціць да далейшага кантакту з нашай інстытуцыяй. Супрацоўнікі аддзела рыхтуюць інтэрактыўныя карты для розных груп гледачоў, шукаюць, як найлепей арганізаваць рух па выставе. Таксама мы ладзім заняткі для бацькоў з дзецьмі ва ўзросце ад 0 да 2 гадоў, бо разумеем, што мастацтва — істотная частка навакольнай рэчаіснасці, таму дзіця павінна кантактаваць з ім ад самага малога ўзросту. Пры гэтым працуем і з бацькамі, спрыяем развіццю іх крэатыўнасці. Праводзяцца заняткі для розных узроставых груп — для моладзі, для людзей старэйшага веку, яны маюць больш часу і вельмі ахвотна да нас прыходзяць. Аддзел адукацыі таксама робіць выставы: цяпер, напрыклад, адбываецца праект «Дакраніся да мастацтва», прызначаны і для дзяцей, і для дарослых. Праца, накіраваная на сутворчасць з гледачом, пастаянна пашыраецца. Нас летась наведалі дзвесце тысяч чалавек, што нас вельмі радуе, бо мы сапраўды з’яўляемся інстытуцыяй для ўсіх.
Ці бачыце вы ўплыў сваёй дзейнасці?
— Я мяркую, што мастацтва мае доўгатэрміновае ўздзеянне, і мы ніколі не ведаем, якім чынам яно змяняе мысленне ці нават жыццё, але канкрэтныя прыклады ўсё ж магу прывесці. Я шэсць год працавала ў Музеі мастацтва ў Лодзі, дзе мы бралі групы дзяцей беспрацоўных бацькоў ці дзяўчат з папраўчай калоніі. І было неверагодна назіраць, як мастацтва змяняла іх, спрыяла далейшаму жыццёваму выбару — напрыклад, жаданню працягваць вучобу ці заняцца нейкай крэатыўнай дзейнасцю. Я перакананая, што тое ж самае адбываецца і тут.
Мяркую, людзі патрабуюць мастацтва не толькі ў якасці дэкарацыі ці забавы, але каб яно адкрывала іншыя, недасяжныя датуль аспекты жыцця — у гэтым наша цудоўная прэферэнцыя. З года ў год мы назіраем, як да нас прыходзіць усё больш гледачоў, часам даволі нечаканых, і гэта не толькі наведнікі вернісажаў.