Мы стараемся, каб Польскі інстытут адыгрываў важную ролю як месца прадметнага гістарычнага дыялогу і памяці пра супольную культурную спадчыну. Для нас вельмі важна пераадолець стэрэатыпы і перадузятасці, адначасова падтрымліваючы супрацоўніцтва польскай і беларускай грамадзянскай супольнасці, дзякуючы якой гэта становіцца магчымым. Свае прапановы мы адрасуем шматлікім інтэлектуальным, навуковым і творчым асяродкам, а яны, праяўляючы зацікаўленасць сувязямі з Польшчай, яе культурай, гісторыяй і сучаснасцю, выяўляюць значны патэнцыял для падтрымкі нашых намаганняў. З гэтага вынікае прысутнасць вядомых выканаўцаў і калектываў, што гарантуюць высокі мастацкі ўзровень, удзел выбітных навуковых аўтарытэтаў і прадстаўнікоў польскай грамадзянскай супольнасці, вядомых сваёй дзейнасцю на карысць збліжэння і польска-беларускага дыялогу.
Мы не забываемся і пра маладое пакаленне. Інтэнсіфікацыя вывучэння польскай мовы, стыпендыяльных праграм і вучэбна-азнаямляльных візітаў з’яўляецца найлепшым прыкладам гэтага. Памятаем таксама і пра нашых землякоў, што жывуць у Беларусі, для якіх сустрэча з польскай культурай або мовай вельмі часта адбываецца з вялікім хваляваннем.
Дарагія сябры!
Польшча з’яўляецца вашай суседкай — да яе рукой падаць, яна блізкая ў моўным і культурным плане, зацікаўленая ў трывалых сувязях з Беларуссю, і з гэтай прычыны таксама важна падтрымліваць і развіваць тое, што ўдалося зрабіць Польскаму інстытуту, ствараючы свой брэнд. Мы не змаглі б дасягнуць гэтага без намаганняў і рашучасці маіх папярэднікаў, каляжанак і калег, дыпламатаў, супрацоўнікаў і партнёраў польскіх і беларускіх.
Ці справімся мы з гэтымі задачамі, уваходзячы ў новае 25-годдзе? Верым, што так. Наш досвед дае надзею на чарговыя плённыя гады супрацоўніцтва.
Адзін з выбітных польскіх творцаў Станіслаў Выспяньскі ў сваёй п’есе «Вызваленне» выказаў думку, якая ў поўнай меры адлюстроўвае наша стаўленне і пачуццё абавязку ў нашай штодзённай сумеснай працы: «Мы мусім зрабіць штосьці, што залежала б ад нас, пагатоў адбываецца так шмат, што ні ад каго не залежыць».
Сцісла з належнай пашанай складана акрэсліць усіх, дзякуючы каму цягам 25 гадоў дзейнасць інстытута была магчымай, але без высокіх слоў і пафасу мы хочам проста сказаць: «Дзякуй!»
Цэзары Карпіньскі, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску