Дызайнеры працуюць разам яшчэ з трэцяга курса. Спачатку — у кампаніі FajnoDesign, а цяпер — у дызайн-бюро пад уласнымі прозвішчамі. «Мы па-ранейшаму распрацоўваем рэчы для "Файна", але пакінулі маркетынг і вытворчасць для прафесіяналаў і засяродзіліся на творчасці», — тлумачаць дызайнеры. Таксама Царук і Ахмадава з’яўляюцца арт-дырэктарамі яшчэ аднаго брэсцкага бюро — Booont.Design.
Сфера творчых інтарэсаў: прадметны дызайн, дызайн інтэр’ераў, 3D-візуалізацыя.
Ключавое слова ў іх працы — дуэт. Паводле саміх Марыны і Ігара, яны нічога не маніфестуюць, але ў тандэма Tsaruk&Ahmadova ёсць свая ідэалогія і звышмэта — разбурэнне стэрэатыпаў і прышчэпка добрага густу для замоўцаў: «Мы заўсёды ў пошуку партнёраў, гатовых да рызыкі, якія здольныя аддаць грамадскую прастору пад дызайн-эксперымент».
Космас, Санта Муэртэ, звяры і птушкі, старыя казкі, фантастычныя істоты пераплаўляюцца ў гуллівыя аб’екты з дрэва, шкла, фанеры і льну. Чыстыя лініі, лаканічныя формы — і гісторыі, якія паўстаюць за прадметамі мэблі і інтэр’еру. Гісторыі, што дазваляюць перажыць незвычайны культурны вопыт. Дызайнерам важна перадаць настрой аб’екта, выбудаваць сувязь з гледачом на ўзроўні розных пачуццяў і атрымаць эмацыйны водгук.
Мы падобныя ў сваім разуменні прыгажосці і з паўслова разумеем адно аднаго. Нельга сказаць, што зусім не спрачаемся, супярэчнасці ўзнікаюць, вядома, але ў тым і сэнс. У дызайнера-адзіночкі ёсць небяспека зацыкліцца выключна на ўласным бачанні, на сваім «я». Мы не ставім сабе абмежаванняў і нічога не маніфестуем. Экспрэсіўныя, адкрытыя свету, мы заўсёды ў пошуку і глядзім ва ўсе бакі. Натхненне само нас знаходзіць. Нават у сне. Кадры кінастужак, архітэктурны элемент на фасадзе, дызайн-канцэпты іншых аўтараў... Мы не заганяем сябе ў рамкі і слоганы. Галоўнае — каб у абодвух гарэлі вочы і мы атрымлівалі задавальненне ад складанасцей, ад магчымасці абдумаць, абмеркаваць, асэнсаваць.
У нас шмат «нераскручаных» напрацовак, а ёсць праекты, якія «ўспыхваюць» і рэалізуюцца хутка. Апошні такі праект — інтэр’ер бюро Booont.Design. Мы напоўнілі прастору офіса нашымі прадметамі, выкарысталі канцэпцыю «Invisible Animals» («Нябачныя звяры»). Гэта шафы, на фасадах якіх у залежнасці ад пункту гледжання з’яўляецца альбо знікае анімалістычны рэльеф.
Нас цікавіць тэма калекцыйнага дызайну — прац, што ствараюцца вельмі малым тыражом, літаральна ў двух-трох экзэмплярах, і выстаўляюцца потым у галерэях, набываюцца прыватнымі калекцыянерамі. Хацелася б паэксперыментаваць, зрабіць у Брэсце якія-небудзь арт-аб’екты. Прагу да мастацтва наталяем у эксперыментах з прэзентацыямі рэчаў у фотасэтах. Напрыклад, для крэсла «Wilds Chair» перапрацавалі кампазіцыю «Сняданак галандскай дзяўчыны» Жана Эцьена Ліятара. Сучасны прадмет у інтэр’ерах мінулага грае зусім па-іншаму. Тут і гульня, і інтэрпрэтацыя, і атмасфера.
Для нас важна, што ў кожнага аб’екта ёсць свая біяграфія, уласнае жыццё. Штуршком для гэтага робіцца назва, вакол якой можа будавацца цэлая гісторыя. Калі мы рыхтавалі прэзентацыю лямпы-птушкі для інвест-уікэнду, трэба было вызначыцца з назвай. І першае, што Марына напісала падчас брэйнстормінгу, — «Marina’s Birds». І справа тут не толькі ў дзявочым імені. Марына — гэта і марскі пейзаж, і адценне сіняга колеру. Мноства трактовак заўсёды стварае дадатковую інтрыгу. Людзі мысляць гісторыямі. І трэба называць аб’екты так, каб гэта чапляла і запаміналася. Нецікава ствараць базавыя рэчы, рэчы без аблічча, аднолькавыя і халодныя, як кітайскія палачкі для ежы.
Мы не людзі тэксту, але самі складаем апісанні праектаў на сваім сайце, шмат над імі працуем, каб выглядала прафесійна і годна. Вельмі хочацца дакладна перадаць атмасферу, каб у людзей застаўся посмак і ім захацелася разглядзець аб’ект падрабязна, падумаць пра яго.
На сайце прадстаўлены як рэалізаваныя праекты (напрыклад, рагатае крэсла «Branch Chair», серыя касмічных бетонных свяцільняў «Arrival» альбо гадзіннік «Вакол Месяца за 60 хвілін»), так і канцэпты («Wilds Chair», лямпа-вейка). Канцэпты публікуюцца ў спецыялізаваных выданнях сусветнага ўзроўню, кшталту «Elle Decoration», і гэта дапамагае ў прасоўванні ўласнага брэнда. Ствараць іх вельмі важна, бо мы не ведаем, як заўтра зменіцца вытворчасць, якія тэхналагічныя рэвалюцыі адбудуцца. Мы спакойна ставімся да таго, што нашы аб’екты пакуль не вырабляюць масава, бо нават на прыкладзе лямпы-птушкі ведаем: няма нічога немагчымага.
Заўвагі ад айчынных вытворцаў — асобная тэма. Хтосьці кажа пра «занадта яркую эстэтыку», але рабіць саступкі і змяняць дызайн не варыянт. Мы будзем толькі рады, калі да нас звернецца буйны беларускі вытворца з прапановай распрацаваць круты дызайн-канцэпт. На жаль, пакуль што прадпрыемствы не вераць у мясцовы дызайн. У іх ужо адладжаны працэс, ёсць гарантаваныя продажы, і браць у вытворчасць нейкую сумнеўную куру (так ласкава абазваў «Marina’s Birds» адзін з дырэктараў мэблевай фабрыкі) ім не хочацца. А для поспеху трэба, каб кіраўнік прадпрыемства верыў у такі праект, гарэў ім, ведаў сусветныя трэнды і тэндэнцыі.
Такім трэндам з’яўляюцца пільны позірк на мясцовы каларыт, інспірацыя традыцыйнымі рамёствамі ды іх інтэграцыя ў сучасную вытворчасць. Прыклад таго, як інтэрпрэтаваць нацыянальную культуру ў дызайне, інтэграваць нацыянальны стыль у моду, паказаць культурную спадчыну свету, — хусткі, інспіраваныя маляванкамі Алены Кіш (Марына Ахмадава распрацоўвала малюнкі, якія друкуюцца на знакамітых шаўковых хустках Muraška Adziennie. — рэд.).
Яшчэ адзін трэнд — простасць, лаканічнасць, нават пурызм. Чым менш дэкору, тым лепш. І чым менш рэчаў, тым лепш. Усе задумваюцца пра спажыванне, пра тое, колькі месца мы займаем у гэтым свеце. Да гэтага трэнду адносіцца і стварэнне гендарна-нейтральных рэчаў. Навошта існуе градацыя «для хлопчыкаў блакітнае, для дзяўчынак ружовае»? Можна зрабіць усё бэжавым ці чорным, каб гуляцца маглі абодва...
Адзін з галоўных глабальных трэндаў — этыка і экалогія, устойлівы дызайн. У вытворчасці выкарыстоўваюць перапрацаваны пластык (нават у дзіцячай мэблі), шкло і незвычайныя матэрыялы — водарасці, соль, грыбы... Керамічныя вырабы друкуюць на 3D-прынтары. Вядома, ёсць пэўныя праблемы: напрыклад, не ведаюць пакуль, што рабіць з пахам перапрацаванага пластыку, а яшчэ ён не вельмі прыемны навобмацак.
Лакальная вытворчасць з тутэйшых прадуктаў — у экатрэндзе. FajnoDesign імкнецца прытрымлівацца канцэпцыі produce locally, то-бок выкарыстоўваць мясцовыя матэрыялы. Але зрабіць беларускі дызайн прадуктам масавай вытворчасці складана. Як і стварыць годны інтэр’ер кватэры цалкам з беларускіх прадуктаў. Так, мы выкарыстоўваем дрэва мясцовых парод, крышталь, які робяць на Нёманскім заводзе, але з класнымі шпалерамі, фарбай сітуацыя не лепшая. Калі б у нас з’явілася перапрацоўка смецця сусветнага ўзроўню, нам бы вельмі хацелася паэксперыментаваць з тым жа пластыкам. Але адначасова нашы прадметы — даўгавечныя, не «фастфудныя», і ў тым таксама клопат пра экалогію.