З 5 па 15 верасня ў Таронта будзе праходзіць адзін з самых уплывовых фестываляў у свеце кіно. З канадскіх кінафорумаў толькі адзін ён уваходзіць у шэраг фэстаў класа «А». Менавіта ў Таронта вядучыя кінавытворцы і дыстрыб’ютары ладзяць свае амерыканскія прэм’еры, а прадзюсары шукаюць партнёраў для будучых праектаў. Фестываль таксама вядомы тым, што праводзіць незалежную праграмную палітыку і не мае акрэдытацыі ў Міжнароднай асацыяцыі кінапрадзюсараў (FIAPF), бо не мае афіцыйнай конкурснай праграмы ды традыцыйнага прафесійнага журы кінематаграфістаў (за выключэннем журы FIPRESСI). Галоўная праграма кінафэсту ў Таронта — «Гала-прэм’еры».
12 верасня адбудзецца рускамоўная прэм’ера стужкі «Шчыгол». Яна знятая кінематаграфістамі ЗША па аднайменнаму бэстсэлеру амерыканскай пісьменніцы Доны Тарт. Рэжысёрам экранізацыі выступіў Джон Краўлі, перадусім вядомы як суаўтар папулярнага тэлесерыяла «Амерыканскі дэтэктыў».
З 13 па 19 верасня ва Уладзівастоку ў сямнаццаты раз адбудзецца міжнародны кінафестываль «Мерыдыяны Ціхага». Ён прысвечаны кінематографу краін ціхаакіянскага рэгіёна, а таксама прадстаўляе шэраг апошніх міжнародных прэм’ер. За час правядзення кожнага кінафэсту дэманструецца каля 200 фільмаў. Карціны любога жанру, даўжыні і фармату знаходзяць сваё месца ў розных праграмах. У конкурсную праграму ўваходзяць 10 кароткаметражных і 10 поўнаметражных кінастужак, вырабленых у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне сёлета. Кожны год колькасць заяў толькі павялічваецца, але толькі 20 фільмаў будуць адабраны для конкурсу. Па-за конкурсам пададзены навінкі сусветнага і расійскага кіно. Праграма «Панарама» прысвечана самым яркім кінападзеям у Расіі і свеце. Праграма «У фокусе» прадстаўляе шэдэўры кінематографа адной з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна ці аднаго жанру. У розныя гады фэст знаёміў свайго гледача з фільмамі Аўстраліі, Лаоса, КНДР, Расіі, Кітая і Карэі, са шпіёнскімі трылерамі і фільмамі жахаў. Велізарная ўвага надаецца рэтраспектывам выбітных кінарэжысёраў.
З 13 па 21 верасня ў трэцім па памерах венгерскім горадзе Мішкальц пройдзе міжнародны кінафестываль. Jameson Cinefest прапануе стужкі, якія ўжо былі паказаны на буйных форумах, таму гэта добрая нагода паглядзець на вялікім экране лепшае фестывальнае кіно сезона. У праграме каля паўсотні ігравых ды анімацыйных фільмаў.
У межах фэсту пройдзе аднадзённая навуковая канферэнцыя, прысвечаная кінакласіцы, а таксама мноства іншых сустрэч, майстар-класаў на тэму кінаспадчыны майстроў з Цэнтральнай Еўропы.
Дакументальная стужка «Капітал у ХХІ стагоддзі» навазеландскага рэжысёра Джасціна Пэмбертона выходзіць на рускамоўныя экраны 12 верасня. Адным з суаўтараў сцэнарыя з’яўляецца Томас Пікеці — папулярны філосаф-неамарксіст, чыя кніга з такой жа назвай пра сучасныя адносіны ў свеце буйнога капіталу які год знаходзіцца ў топе продажаў кнігарань па ўсім свеце.
19 верасня ў рускамоўны пракат выходзіць новая карціна брытанскага рэжысёра, уладальніка прэміі «Оскар» Дэні Бойла. «Yesterday» распавядае фантастычную гісторыю хлопца, які застаецца адзіным чалавекам на Зямлі, хто помніць песні «Бітлз».
Абсурдысцкая камедыя з элементамі драмы ад амерыканскага рэжысёра, акцёра і спевака Джэймса Франка «Зеравіль» выходзіць у рускамоўны пракат 19 верасня. У стужцы, якая расказвае пра простага хлопца, які вырашыў скарыць Галівуд, апрача самога Франка, здымаліся галівудскія знакамітасці Сэт Роген, Меган Фокс ды Уіл Фарэл.
Пятая частка знакамітай серыі карцін пра ветэрана вайны ў В’етнаме Джона Рэмба выйдзе на экраны ўсяго свету 19 верасня. Галоўную ролю ў фільме «Рэмба: Апошняя кроў», гэтаксама як і ў папярэдніх частках аднаго з феноменаў масавай культуры, сыграў Сільвестр Сталонэ.
Прэзентаваны зімой на фестывалі «Сандэнс» у амерыканскім штаце Юта дакументальны фільм «З любоўю, Антоша» расказвае пра жыццё і кар’еру Антона Ельчына, галівудскага акцёра расійскага паходжання, які пайшоў з жыцця пасля няшчаснага выпадку 19 чэрвеня 2016 года. Рускамоўная версія стужкі выйдзе на вялікі экран 19 верасня.
19 верасня выходзіць карціна адной з лідарак сучаснага расійскага арт-хаўзу Святланы Праскурынай «Нядзеля». Фільм стаў адным з самых заўважных на пачатку гэтага лета на фестывалі «Кінатаўр» у Сочы. У стужцы сыгралі расійскія акцёры Аляксей Вярткоў, Вера Алентава, Уладзімір Ільін, Аляксандра Рабянок.
Новая карціна французскага рэжысёра Арно Дзюплешэна «Рубэ, маё каханне» ўбачыла свет сёлета ў маі ў конкурснай праграме Канскага міжнароднага кінафестывалю. 26 верасня пад назвай «Божа мой!» карціна, у галоўных ролях у якой сыгралі Леа Сейду і Рошдзі Зем, выходзіць на рускамоўныя экраны