«Прымітывы» створаны ў рэчышчы дакументальнага тэатра (аўтар тэксту — Аляксей Андрэеў, рэжысёр — Аляксандр Марчанка). Дзённікі аднавяскоўца Алены Кіш Рыгора Гардзея, якія зачытвае артыст Алесь Малчанаў, нататкі з газет пачатку 1930-х, аўдыязапісы аповедаў і разваг пра мастачку і яе творчасць, відэакадры з вандроўкі пастановачнай групы па месцах, звязаных з жыццём Кіш, разам з музычным і шумавым афармленнем (Дзмітрый Лук’янчык), дастаткова сціплым прадметным шэрагам (сцэнаграфія — Ганна Балаш) фармуюць складаную структуру пастаноўкі, дзе спалучаюцца розныя гістарычныя часы, сучаснасць, рэчаіснасць і прастора памяці.
Жывой, існай Алены Кіш у «Прымітывах» нібыта й няма. Яна існуе ў спектаклі апасродкавана: у сухім энцыклапедычным тэксце, які, быццам на кніжныя старонкі, праецыруецца на белыя шафкі, што нагадваюць мэблю з картатэкі ці бібліятэкі, ва ўспамінах (ці іх адсутнасці), ацэнцы і асэнсаванні свайго мастацтва, у паралелі з часам, калі яна жыла. Брак фактаў (шуфляды белых шафак памяці застаюцца сіратліва пустымі, колькі ні шукае па іх Алесь Малчанаў) ператварае Кіш ледзь не ў гераіню фальклору, такую самую, як і істоты з яе маляванак. Нездарма ж пачынаюцца і заканчваюцца «Прымітывы» практычна казачнымі інтанацыямі. Але ад пачатку паўстае і пастаянна адчуваецца ў спектаклі няўлоўная, нязмушаная прысутнасць мастачкі.
Хоць ні вобраз, ні работы Алены Кіш у пастаноўцы непасрэдна не візуалізуюцца, у прадметным шэрагу можна ўбачыць адсылкі да яе творчасці. Яркія, лакальныя плямы тканін асацыятыўна перагукаюцца з фарбамі дываноў мастачкі, а пальмы з бутэлек выклікаюць у памяці яе райскія сады. Гэтыя самыя аб’екты ў кантэксце спектакля, дзе прыватнае (жыццё Алены Кіш) з’яўляецца падставай для абагульненняў (даследаванне асобы мастака, чалавека, чужога свайму асяроддзю і часу), набываюць і іншыя канатацыі. Чырвоная тканіна робіцца сімвалам пралетарскай дзяржавы, а пластыкавыя пальмачкі прымушаюць задумацца пра мяжу паміж мастацтвам і не-мастацтвам, за якой «прымітывы» самавукаў ператвараюцца ў аб’екты, вартыя сусветных энцыклапедый. Толькі дзе ж яна пралягае?..
Разгортваючы шэраг пытанняў і тэм, стваральнікі спектакля, як падаецца, усё ж зашмат увагі надаюць часу, у якім жыла Алена Кіш. «Дух» 1930-х цудоўна перададзены праз дзённікі Гардзея, а вось артыкулы мясцовых газет крыху перагружаюць пастаноўку, ствараючы ўражанне фарсіраванасці тэмы «мастак і эпоха». Затое аўтары «Прымітываў» не ціснуць на глядзельню трагізмам жыцця творцы. Адно што анучка, у якой пазнаецца, праўда, фабрычнага ўзору насценны дыванок, адсылае да смутнага лёсу яе спадчыны. Як і сама Кіш, тая існуе ў нейкай міфалагічнай прасторы: быццам яна ёсць і пра яе ведаюць, але хто і калі бачыў тыя маляванкі жыўцом?..
«Прымітывы», безумоўна, не масавы прадукт асветніцкага характару. Хутчэй гэта прастора для рэфлексіі на шэраг важных тэм, пастаноўкі зусім не трывіяльных пытанняў і сумеснага пошуку адказу на іх. Думаецца, што ў гэтым каштоўнасць спектакля. А глядач, нават і зусім не знаёмы з імем «беларускай Пірасмані», ужо пэўна здолее знайсці і выявы яе дываноў, і літаратуру пра яе. Кацярына Яроміна