«Славянский базар»
Апошні раз наведаў яго пасля перапынку ў некалькі гадоў у 2010-м. Даўно мінуў час, калі я пісаў пра гэты фестываль, калі нават рэдагаваў фестывальную газету. Сёлета, чытаючы допісы калег з Віцебска, міжволі падумаў: а ці змяняецца «Славянский базар», у які бок эвалюцыянуе, што там новага, сучаснага? Мяркуючы з прачытанага, магу, на жаль, засведчыць: заўважных, моцных крокаў у развіцці не адбываецца. З года ў год фэст збольшага паўтарае сам сябе, нягледзячы на выказванні з боку арганізатараў, што ён — ці не найлепшы, найбуйнейшы ва ўсёй Еўропе. Дазволю сабе запярэчыць.
Тая форма правядзення фестывалю, абраная на самым пачатку ягонага існавання, для свайго часу была, магчыма, не тое каб ідэальнай, але цалкам прымальнай. Ды чым далей, тым больш яна, вобразна кажучы, касцянела. Аж да таго, што ў самым канцы 1990-х пачуў ад балгарскага калегі Нікалая Тэкеліева ці не прарочыя словы. Ён сказаў, што гэта быў ягоны апошні візіт у Віцебск на фестываль, на якім нічога новага не з’яўляецца. Што й пацвердзіла сёлетняе выказванне аднаго з кіраўнікоў «...Базара», які прызнаўся, што спіс запрошаных выступоўцаў складаецца з улікам таго, каб максімальна задаволіць густы публікі. Вось дзе і прыхаваная разгадка, чаму ў Віцебск збольшага прыязджаюць адны і тыя ж артысты, чые імёны былі на слыху яшчэ на пачатку 1990-х. Менавіта на іх выступленні і раскупляюцца квіткі, бо рэнтабельнасць фэсту стаіць на першым плане, махнуўшы рукой на мастацкі ўзровень ды адкрыцці новых імёнаў. Падумалася: а калі б на «Славянский базар» прыехаў, скажам, які Стынг — ці быў бы ў амфітэатры аншлаг? Сумняваюся. А вось Газманаў ці Ратару касу зробяць, хоць у параўнанні з тым жа Стынгам яны выглядаюць, прабачце, ніяк.
Затое чым б’е рэкорды віцебскі фестываль, дык гэта колькасцю тых, хто выходзіць на сцэну. Тут сапраўды — найбуйнейшы фэст Еўропы! І нічога, што большасць запрошаных прыязджаюць, каб выканаць усяго дзве-тры песні. Затое які маштаб, які размах!
Другі надзвычай пройгрышны момант звязаны з панаваннем у Віцебску фанаграм. Уявіць сабе такое на якім-небудзь фестывалі ў Еўропе проста немагчыма. Дый нават у Беларусі «Славянский базар» у фанаграмнай спецыялізацыі стаіць ці не асобна (не бяру пад увагу «святы музыкі» раённых маштабаў). Вось на пачатку жніўня прагучаў на ўвесь голас чарговы «Рок за Бобров». Ці можна на гэтым фестывалі ўявіць фанаграму? Дык чаму віцебскі фэст займаецца падманам? Ах, так: гэта ж максімальна задавальняе густы публікі, якая кідаецца з букетамі на сцэну ў знак падзякі за тое, што яе надурылі. З тым жа поспехам можна шанаваць кветкамі і хатні магнітафон.
На першым Усесаюзным фестывалі польскай песні ў тым жа Віцебску гутарыў з польскімі гукарэжысёрамі: яны былі ўражаныя колькасцю савецкіх выканаўцаў, якія дэманстравалі ўласны ўзровень з дапамогай «фанеры». Польскія адмыслоўцы ад гуку распавялі, што ўжо ў 1988-м на зборных канцэртах ім патрабавалася не больш за хвіліну, каб зрабіць на сцэне неабходныя пераключэнні. Але тады быў аналагавы гук, не існавала гукарэжысёрскіх пультаў з камп’ютарнай памяццю. Што замінае сёння працаваць прафесійна? Тэлебачанне, якому патрэбны чысценькі гук? Ці элементарная чалавечая лянота? Тым не менш разгул фанаграмы на «Славянском базаре» — гэта дыскрэдытацыя як самога фестывалю, так і ўзроўню мноства ягоных «зорак». Магу толькі ўявіць, як бы адрэагаваў на прапанову выступіць пад фанаграму 76-гадовы Мік Джагер. Некалі прачытаў: за выступ пад фанаграму трэба плаціць грашыма з ксеракса...
Важкая гадавіна «Вудстаку»
15—18жніўня 1969 года на тэрыторыі адной з ферм у штаце Нью-Ёрк адбыўся рок-фестываль, які сабраў на паляне больш за паўмільёна публікі. Ён лічыцца найбольш грандыёзнай музычнай падзеяй ХХ стагоддзя, а знятую падчас канцэртаў Майклам Уэдлі дакументальную стужку «Вудстак. Тры дні міру і музыкі» назвалі лепшым кінапартрэтам пакалення хіпі — «дзяцей кветак» — і двума гадамі пазней уганаравалі «Оскарам».
Недзе ў 1977-м у мяне атрымалася патрапіць на прагляд гэтага фільма. Ён зрабіў надзвычайнае ўражанне. Яшчэ б! У глухі савецкі час цягам звыш трох гадзін бачыць на экране жывымі музыкаў, якіх у лепшым выпадку бачыў толькі на фотаздымках, чуць у іх выкананні музыку, што засведчыла па сутнасці нараджэнне новага напрамку сусветнай музычнай культуры, было не абы-якой па моцы ўздзеяння падзеяй.
Паўстагоддзя мінула з тых часоў. Назва фэсту неаднаразова гучала і пазней: так называліся фестывалі і ў ЗША, і ў Польшчы. Мінула мода на хіпі, вельмі істотна змянілася і сама рок-музыка, ды той фэст назаўсёды запісаны ў архівы. Што да згаданага вышэй фільма, дык у якасці асістэнта рэжысёра выступ Джымі Хендрыкса здымаў тады пачатковец Марцін Скарсэзэ, а агульны метраж зробленага матэрыялу склаў 120 міль кінастужкі! Але, на вялікі жаль, адзначыць паўвекавую гадавіну падзеі падобным па размаху фэстам з розных прычын сёлета так і не атрымалася. Засталося толькі нагадаць, што беларускі «Вудстак» адбыўся амаль на паўтара года раней у сценах радыётэхнічнага інстытута...