• Нашумелы «Пастулат» ды іншыя размінкі дызайнераў
Пра ўплыў на рынак, на грамадства пытанне не ставілася. Маштабныя праекты — размінка для дызайнераў, спроба ўцягнуць іх у творчае жыццё, не звязанае з заказамі, нагода праявіць фантазію. Адначасова гэта сродак PR і рэкламы, таму што многія ўдзельнікі прыносяць не толькі арт-аб’екты, але і прадметы, якія могуць знайсці свайго пакупніка. Падзея становіцца пляцоўкай для прэзентацыі новых распрацовак, для іх прамоцыі ці хаця б фіксацыі. Для таго каб увайсці ў Саюз мастакоў, трэба ўзяць удзел у 10 выставах, і для членаў нашага саюза гэта таксама важна.
Нам цікава, што праект сінтэтычны. Крэсла прадстаўлена і як прадмет дызайну, і як арт-аб’ект, і як вобраз у іншых відах мастацтва, нават у паэзіі, тэатры (тэатр «Мусташ») і музыцы (гурт «Нагуаль»). Сустрэчы, абмеркаванні, прэзентацыі зрабілі «Пастулат» камунікацыйным. Апошні год яго паглядзелі каля 10 000 чалавек, і гэта самая шырокая публіка, для якой наведванне выставы мела эмацыянальны водгук. З улікам шматлікіх публікацый і перапостаў у сацсетках атрымліваецца, што падзея займела шырокі рэзананс.
Цікавасць і да чацвёртага «Пастулата» як доўгайгральнага праекта не астыла, а ў будучыні можна спрабаваць альбо пашыраць тэматыку, альбо, наадварот, звужаць задачу. Напрыклад, прысвячэннем якой-небудзь падзеі, тэме ці асобе, УНОВИСу або матэрыялу — скажам, крэсла з пяску або экакрэсла. А калі ёсць агульная мэта, ёсць шанец павялічваць кола ўдзельнікаў, далучаць новых людзей. Дзякуючы гэтаму праекту да нас прыйшлі вельмі годныя архітэктары, дызайнеры, мастакі.
Тое ж самае адносіцца да «Ліхтарту», толькі там праца са святлом у прыкладным і філасофскім аспектах. Праз гэтыя праекты — выразныя, разнастайныя, крыху хуліганскія — мы сталі жаданымі гасцямі і на іншых пляцоўках.
Мы ўмеем хутка збіраць экспазіцыю практычна на любую тэму, няхай гэта будуць швейныя машыны, савецкі побыт, плакаты, мэбля, інструменты — усё гэта, па-за ўсялякімі сумневамі, матэрыяльная культура розных эпох і стыляў, і дызайн — яе неад’емная частка.
Таму ў музеях нашы выставы праходзяць з аншлагам («Няскончаная п’еса для механічнага шыла», «Back in BSSR», «Лятучая, гаручая, празрыстая» ў Мінску, «Простыя рэчы» ў Нясвіжы). Дазваляючы сабе больш свабоды і смеласці, мы ствараем экспазіцыі не падобнымі да класічных музейных. Глядач хоча інтэрактыўнасці, таму цяпер такі папулярны фармат экспазіцыі «адкрытых фондаў», каб можна было нешта ўзяць у рукі, пакратаць, паспрабаваць, як працуе. Мы заўсёды маем на ўвазе гэты амаль кірмашовы падыход, які нагадвае блышыныя рынкі.
• Перафарматаваць нельга пакінуць
Сёлета пройдуць з’езды адразу ў трох творчых саюзах, якія актыўна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным і блізкія па родзе дзейнасці — мастакоў, архітэктараў і дызайнераў. Падобныя і праблемы. Мы спадкаемцы той бальшавіцка-сталінскай мадэлі творчага саюза, што была інструментам падаўлення іншадумства, размеркавальнікам званняў, ільгот і заказаў. Можна адзначыць і годныя вынікі дзейнасці, але прыйшоў час трансфармацыі. Няма ўжо той кармушкі з кватэрамі, гаражамі і машынамі, а заказаў на ўсіх не хапае (гэта, хутчэй, функцыя прафсаюзаў). Сябры арганізацыі хочуць увагі і ў старасці часта становяцца крыўдлівымі, капрызнымі, аднак пры гэтым не хочуць плаціць унёскі, а тым больш праяўляць грамадскую актыўнасць.
Мы нічога не можам ім даць, але заслужаным майстрам трэба дапамагаць. Усё гэта вельмі складана. Больш уласнасці ёсць у Саюза мастакоў, ён яшчэ можа неяк выходзіць са становішча, даючы льготы ў аплаце майстэрняў для народных і заслужаных, аказваючы іншую дапамогу. Акрамя таго, у СМ ёсць свае прадпрыемствы, і яны часам атрымліваюць буйныя дзяржзаказы на знакавыя аб’екты. Саюз архітэктараў мае пэўныя рычагі ўплыву, бо яго сябры працуюць на адказных пасадах у міністэрствах, у праектных інстытутах, гэта свайго роду інфраструктура СА. У нас гэтага няма, хіба што некалькі профільных кафедраў у ВНУ.
У той жа час існуе Канфедэрацыя творчых саюзаў, якая аб’ядноўвае і нас усіх, і яшчэ музыкаў, фатографаў, тэатральных і кінадзеячаў, крытыкаў, народных майстроў. Можа, яна магла б узяць на сябе выкананне адзіных адміністрацыйных функцый: юрыдычную службу, бухгалтэрыю, гаспадарчыя пытанні, нешта яшчэ. Так, ва ўсіх ёсць свае нюансы ў працы, свая спецыфіка, але такая аптымізацыя магла б даць адчувальную эканомію рэсурсаў, бо ўтрымліваць у кожнай грамадскай арганізацыі юрыста і бухгалтара — няпроста.
• Пра вынікі і перспектывы
Акрамя біенальных выставачных праектаў — «Пастулата», «Ліхтарта», — для Саюза не менш важныя і іншыя стратэгічныя напрамкі: выдавецкая і даследчая праца, сайты праектаў Саюза, у перспектыве — будучая прэмія за лепшы дызайн.
Усе кнігі па дызайне, якія мы выпускалі, заўсёды былі падзеяй для супольнасці і новым словам у кніжным дызайне (усе нашы выданні адзначаны ўзнагародамі Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі»): Даведнік «ГА БСД. 1999», «Хто ёсць хто. Дызайн унутры і звонку» (2009), «Знак. Лагатып. 2000—2009», «Пастулат» (2012). З 2002 па 2007 мы выпусцілі 18 альманахаў «Pro Design». Публікавацца ў ім было прэстыжна, але папяровыя перыядычныя выданні, на жаль, доўга не жывуць, і нават сусветна вядомыя часопісы па дызайне (Domus, Form, Graphis) маюць сур’ёзныя цяжкасці.
Магчыма, аб’ёмная кніга выглядае больш пераканаўча: пра каталог «Тутэйшы дызайн» вядомы філосаф Уладзімір Мацкевіч казаў мне, маўляў, толькі наша кніга ўпэўніла яго, што беларускі дызайн усё ж існуе.
Лёша Андрэеў ужо 23 гады выдае «Маналог», і мы таксама маглі б рабіць «Pro Design» кожны год — у нас ёсць што расказаць і паказаць чытачу пра беларускіх fashion-дызайнераў, высока тэхналагічныя дызайнерскія стартапы, пра прыватную архітэктуру, інтэр’еры, выставы, пра плакаты і графічны дызайн, адукацыю і г.д.
• Пункт адліку
24 гады таму я пачынаў з нуля і прыкладна год не разумеў, куды рухацца. Але з’явіліся паплечнікі, і вось мы ўжо сталі думаць пра перспектывы. За чатыры гады Саюз з 80-ці чалавек вырас да 300. Выпусцілі даведнік, дзе кожны член саюза быў прадстаўлены персанальнай старонкай. Сёння нас — 600. Хтосьці выходзіць з Саюза, аднак прыходзяць і новыя члены — перспектыўная моладзь і вядомыя дызайнеры: Надзея Макеева, Юлія Мамедава, Анастасія Несцярэнка, Міця Післяк, Сяргей Сялецкі, Андрусь Макоўскі і Аляксей Караблёў з дызайн-бюро «Зробім», Ігар Царук і Марына Ахмедава са студыі «Fajno Design», Адам Глобус, Зміцер Рагозін, Сяргей Пукст, Эліна Шындлер, Аляксандр Шыпілаў.
Няма, на жаль, Міхала Анемпадыстава: ён практычна распрацаваў канцэпцыю і палажэнне аб Нацыянальнай прэміі за лепшы дызайн года. Такія прэміі ёсць у нашых суседзяў — у Літве, Латвіі, Эстоніі. З дапамогай гэтага конкурсу можна было б разгайдаць і нашых дызайнераў, і вытворцаў, і публіку. У Беларусі рэалізуюцца годныя дызайнерскія праекты ў розных сферах, нашых аўтараў адзначаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах. Настаў час заявіць пра нашы рэальныя дасягненні. Гэта быў бы і PR, і слава, і інфанагода. Таму што запыт у грамадстве, у бізнэсе, у маладога пакалення ёсць, і трэба навучыцца з ім працаваць. Ну і ёсць акадэмічная школа, падрыхтаваныя ў нас дызайнерскія кадры канкурэнтныя і запатрабаваныя і за межамі нашай краіны.
На будучым з’ездзе пройдуць выбары Старшыні і кіруючай Рады. Я гатовы перадаць стырно ўлады новаму чалавеку, мо і збоку. На апошнім пашыраным Савеце мы вырашылі правесці адкрыты конкурс кандыдатаў, пазначыць патрабаванні да іх. Прыйдзе новы чалавек — магчыма, арт-менеджар з вопытам работы ў культурных праектах. Па вобразным выразе Уладзіміра Голубева, Саюз дызайнераў — гэта не кайданы, а крылы для развіцця, асобаснага росту, творчай кар’еры. Магчыма, як і я, ён пачне з нуля. Або яму так здасца і ён вырашыць, што ўсё павінна быць па-іншаму. Але калі падводзіць вынікі і развіваць Саюз далей, я захаваў бы вялікія праекты: цяпер гэта «Пастулат» і «Ліхтарт». Прадоўжыў бы працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі: у нас сабраны багаты кантэнт, які можна манетызаваць, яго можна разгортваць даследчыкам, тым, хто займаецца адукацыяй, а ў будучыні зоймецца гісторыяй дызайну, музейнымі калекцыямі. Трэба абавязкова рэалізаваць ідэю прэміі за лепшы дызайн года і выпускаць штогадовы альманах. Усе гэтыя праекты ўзаемазвязаныя і будуць працаваць адзін на аднаго і на агульную мэту — развіццё культурнай ідэнтычнасці.
• Вучыцца — значыць змяняцца самому
У мяне было шмат настаўнікаў. Першым быў нават не бацька: калі я на лета ездзіў да бабулі, па суседстве жыў малады чалавек з паказальным прозвішчам Заруба. Ён быў «здольны», майстравіты. І я ўвесь час сачыў, як ён цяслярнічае, якой прыладай карыстаецца, запамінаў незнаёмыя назвы — стамеска, долата, кіянка, шрубцынга. Ён зрабіў мне драўляны цацачны аўтамат — нямецкі «шмайсер» — з галіны, прама з куста, адпілаваўшы непатрэбнае. Яшчэ ў кары гэта было мала падобна да зброі, але калі ён даў мне кавалак шкла і паказаў, як яго ацыкляваць, — брутальны, цяжкі, гладкі аўтамат стаў як сапраўдны! Мне было гады чатыры, і цікавасць майстраваць у мяне паўстала ўжо тады.
Калі я пасталеў, вядома, бацька стаў маім настаўнікам.
Мы жылі ва ўласным доме, дзе бацька ўсё рабіў сваімі рукамі — рамонт, водаправод, электрыку, мы пілавалі і калолі дровы, будавалі адрыны, і я з задавальненнем дапамагаў яму і ў працы ў Мінскім мастацкім камбінаце. Там я прапрацаваў год — пасля школы, перад інстытутам, у брыгадзе бацькі, асвоіўшы чаканку, электра- і газазварку, пайку каляровых металаў, навучыўся працаваць на фрэзерным і такарным станках і ў цэлым спазнаў нормы і дух унутрыцэхавага мастакоўскага братэрства.
Бацькавы праекты заўсёды мелі рысы больш дызайну, чым ДПМ. Яго ўнікальнае пачуццё матэрыялу, формы, архітэктонікі дазвалялі яму ствараць выдатныя люстры, каміны, дэкаратыўныя рашоткі. Ён быў вельмі вынаходлівы і крэатыўны. Тады для санаторыя «Сосны» на Нарачы ён прыдумаў люстру з каньячных чарак. Пры адламванні ножак у колбе чаркі ўтварыліся адтуліны, праз якія яны нанізваліся на стрыжні і шматшэрагавымі ярусамі замацоўваліся ў вялікім медным корабе. Трывіяльнае недарагое шкло за кошт уласнай крывізны і шматразовага адлюстравання стварала непаўторную гульню святла і ілюзію чыстай слязы крышталя. Ён спраектаваў і вырабіў 13-метровую люстру для Сочы, дзе трэба было прадумаць і канструкцыю, і транспарціроўку, і мантаж, і далейшае абслугоўванне. Светлавая інсталяцыя складалася з некалькіх тысяч дэталяў. Я засвойваў веды і навыкі ад таты, без якіх не змог бы займацца і ўласнымі праектамі. І вядома, у інстытуце бацька часта падказваў мне дасціпныя рашэнні, дапамагаў з курсавымі работамі. Мой дыплом — джынсавы аўтамабіль — мы заканчвалі камандай у апошнюю ноч перад абаронай і раніцай сваім ходам прыехалі на ДЭК. Абарона дыплома, што называецца — з колаў, праходзіла на ганку лабараторнага корпуса БДТМІ.
Несправядліва было б не ўспомніць Васіля Сумарава, да якога я хадзіў у студыю ў школьныя гады. Першыя ўрокі малюнка, жывапісу, лінагравюры і разьбы па дрэве, дух творчасці, якім ён зараджаў нас на ўсё наступнае жыццё...
І вядома, БДТМІ. У нас была вельмі моцная кафедра, і я з удзячнасцю ўспамінаю Леніну Міронаву, што патрабавала перфекцыянізму і асэнсавання задання. Мы легальна практыкавалі абстрактнае мастацтва, поп- і оп-арт, дадаізм і іншыя «ізмы», за якія з воўчым квітком «ідэалагічна няўстойлівы» выключалі студэнтаў з мастацкага факультэта.
Леў Талбузін даў мне вельмі важныя ўрокі працы з матэрыялам, формай. Павел Семчанка прывіў любоў да шрыфтоў. Я нават распрацаваў на падставе скарынінскай Бібліі і аблічбаваў свой уласны шрыфт, які выкарыстоўваў у айдэнтыцы адной навучальнай установы.
У інстытуце тады выкладалі сапраўдныя інтэлектуалы, настаўнікі, чый аўтарытэт быў беспярэчны: Ігар Герасіменка, Алег Чарнышоў, Анатоль Занеўскі, Міхась Раманюк. Ламаючы стэрэатыпы адукацыі, яны апярэджвалі час. Іх досціп, іранічнасць, стаўленне да нас як да будучых калег зараджалі нас крэатыўнасцю і натхнялі на творчасць.
Я і зараз не губляю магчымасці навучыцца нечаму новаму — ад калег на сумесных замовах, на пленэрах і семінарах. Напрыклад, на «Арт-Жыжалі» ў Валерыя Калтыгіна. На пленэрах у Польшчы навучыўся апрацоўваць камень.
• Усе мае калекцыі — не выпадковыя
Яны звязаны з маёй прафесіяй. З нажніц (іх цяпер больш за 300) пачалася мая прафесійная кар’ера як дызайнера ў Інстытуце тэхнічнай эстэтыкі, дзе я кіраваў праектам па распрацоўцы вялікага асартыменту нажніц. Па 12-ці з іх я атрымаў пасведчанні на прамысловыя ўзоры. А праект экспанаваўся на выставе савецкага дызайну ў Штутгарце.
Асабліва цікава адкрываць для сябе новыя бакі гэтага інструмента. Нажніцы з 4-ма кольцамі, 18-ю лёзамі, сумешчаныя з абцугамі для адчынення абабітых жалезнай стужкай скрынь, для метранпажа з лінейкай, для тэлеграфных стужак з ролікам для прылепкі, для адразання верхавіны яйка, зваранага ў мяшочак, нажніцы для вінаграду... Цырульныя, кравецкія, слясарныя, для цыгар, для лістоў. А медыцынскія нажніцы — асобная гісторыя.
Крэслы сталі збірацца дзякуючы «Пастулату». У мяне ў калекцыі ёсць крэсла з залы пасяджэнняў Дома ўрада, спадзяюся, што аўтарства Лангбарда. Крэслы Раміля Маскова, Дзімы Салока. Вінтажныя гнутаклееныя крэслы. Крэслы-мініяцюры — гэта дзіцячыя крэслы, многія з якіх — дакладныя копіі іх дарослых братоў.
Бакеліт. У СССР ён называўся карбалітам. Гэта пластмаса-рэактапласт, якая ўжо практычна не выкарыстоўваецца з прычыны неэкалагічнай і шкоднай вытворчасці. А раней з яе вырабляліся тэлефоны, настольныя лямпы, прыборы, прыёмнікі і радыёкропкі. Матэрыял з велізарным асартыментам і дыяпазонам формаўтварэння: ад цацак да ваенных прылад, ад функцыяналізму да вычварнай дэкаратыўнасці. Ды і па колеры вельмі розны, ад звыклага чорнага і карычневага да белага, жоўтага, бэзавага, зялёнага.
Перад сваім 50-годдзем я аб’явіў сябрам, што пачынаю збіраць эмаляваны посуд і ў падарунак да юбілею чакаю менавіта яго. Таксама гэта фактура, якая сыходзіць, па ёй можна адсочваць гісторыю штодзённасці, разнастайнасць асартыменту і густавых пераваг. Рэдкі для калекцыянавання прадмет: ледзь эмаль скалолася — на сметнік. І таксама — эмаляваныя шыльды з назвамі вуліц і нумарамі дамоў. Тэхналогія энергаёмістая, на змену прыйшлі нержавейка і тэфлон. Але эмаль падкупляе сваёй натуральнасцю і асаблівым абаяннем незабыўных з дзяцінства формаў пузатых чайнікаў і майдадыраўскіх збаноў.
Калекцыя плаката пачалася з маіх уласных твораў, а сёння, мяркую, стала самай вялікай у Беларусі. У нас ёсць плакаты сусветнага ўзроўню, і думаю, у шэрагу ўсіх відаў мастацтва Беларусі, за выключэннем хіба кніжнай графікі, плакат стаў найбольш яркай з’явай. Самыя вядомыя дызайнеры, нашы зоркі, — Цэслер і Войчанка. З 1980-х мы займалі першыя месцы ў міжнародных конкурсах. Напрыклад, на конкурсе ў Таяма (Японія) быў вельмі жорсткі адбор: з СССР удзельнічалі каля 120 дызайнераў, у кароткі спіс увайшлі толькі 16 плакатаў, з якіх 9 былі ад нашых аўтараў. Руслан Найдзен, Канстанцін Хацяноўскі, Алена Кітаева, Саша Наважылаў і я ў суаўтарстве з Таццянай Гардашнікавай. Больш за 200 плакатаў беларускіх аўтараў захоўваюцца ў сусветных музейных калекцыях. Гэта Музей Смітсанаўскага інстытута, Музей плакатаў у Вілануве (Польшча), Мараўская галерэя ў Брно (Чэхія), музей плаката ў Лахці (Фінляндыя), дызайн-цэнтр у Таяма і ў Осака (Японія), Дзяржаўны музей палітычнай гісторыі Расіі (Санкт-Пецярбург) і нават Луўр. Разам з тым у апошнім выданні «Гісторыі беларускага мастацтва» аб плакатах не сказана ні слова. Таму мы стварылі ўнікальны сайт plakat.unid.by, дзе сабрана больш за 3000 плакатаў, праводзім выставы і рыхтуем вялікае выданне.
• Пра новыя музеі і кантэкст ідэнтычнасці
Вядомы факт, што Беларусі не хапае музеяў, галерэй. Сёння ў Мінску ўзбуйняюцца існуючыя музеі, якія, на мой погляд, не маюць тых фондаў, што сталі б прынадай для пераборлівага турыста, у адрозненне ад Эрмітажа, Луўра або Прада. А вось сабраць калекцыю артэфактаў савецкага часу і зрабіць самы буйны музей менавіта ў Менску — горадзе сонца, запаведніку сталінскага ампіру, — цалкам рэальна.
Падобную выставу, «Back in BSSR», мы ладзілі ў музеі горада і сабралі экспазіцыю літаральна за два тыдні. Людзі з задавальненнем аддадуць дарагія ім рэчы для музейнага захоўвання. Трэба сур’ёзная канцэпцыя, каб, з аднаго боку, не падыгрываць імперскай настальгіі, а з другога — не канцэнтравацца на негатыўных канатацыях. Былі дасягненні ў краіны, былі героі, былі трагедыі — гэты музей быў бы вельмі патрэбны і беларусам, і ўсяму свету. Там можна арганізаваць экспазіцыйныя раздзелы, прысвечаныя дэфіцыту, прадставіць прадметы са знакам якасці, самвыдат, забароненае ў Саюзе прадпрымальніцтва, тэму рэпрэсій, дысідэнцтва. Мая калекцыя плаката, фонды Саюза мастакоў з лепшымі ўзорамі махровага сацрэалізму маглі б стаць асновай музея. Прычым увесь ён можа быць сфармаваны на прыватных калекцыях, перададзеных на дэпазітарнае захоўванне. У нас няма музея тэхнікі, хоць Беларусь усё апошняе стагоддзе была індустрыяльнай краінай. Няма музея дызайну, лепшыя ўзоры беларускага дызайну сыходзяць разам са старэйшымі пакаленнямі. Сёе-тое нам удалося сабраць у Саюзе, але прыйдуць новыя людзі — і ніхто не гарантуе, што ў іх разуменні гэта не будзе халусцем. Трэба было б камусьці перадаць...
Пра музей дызайну варта казаць і ў кантэксце нашай культурнай ідэнтычнасці. Бо ідэнтычнасць узнікае тады, калі ўзнікае інавацыя, якая не мае аналагаў у свеце. І калі людзі даведаюцца, што гэта зроблена менавіта ў Беларусі, яны суадносяць гэта ў цэлым з дасягненнямі краіны. Наконт традыцыйнай культуры, дык яна вельмі размытая — блізкія рэчы ёсць у Літве, Польшчы, Расіі. Этнакультура можа служыць для інспірацыі пры стварэнні чагосьці новага. Але пра ідэнтычнасць у наш час можна казаць, толькі прапаноўваючы гэта новае. Вось тут і патрэбны музей, і нам ёсць што паказаць.