Ён скончыў вучэльню па класе фартэпіяна ў Якава Жыва, той быў запрошаны ў Мінск пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі. Узровень падрыхтоўкі студэнтаў у тэхнікуме быў вельмі высокі. Так, напрыклад, Бергер падчас вучобы там выканаў 2-гі фартэпіянны канцэрт Рахманінава, аркестрам дырыжыраваў вядомы маэстра Ілля Гітгарц.
Першы выпуск тэхнікума адбыўся ў 1928 годзе, яго скончылі дваццаць музыкантаў. Міхаіл Бергер лічыўся адным з самых яркіх піяністаў. У яго выпускной праграме аказаліся такія складаныя творы, як саната Бетховена «Аўрора», Дванаццатая венгерская рапсодыя Ліста, эцюды Шапэна і Ліста. Адразу пасля заканчэння Мінскага музычнага тэхнікума Бергер паступіў у Ленінградскую кансерваторыю, дзе спачатку вучыўся ў прафесара Вольгі Калантаравай, а потым у вядомага піяніста і педагога Леаніда Нікалаева. Ужо на другім курсе кансерваторыі Міхаілу Бергеру прапанавалі даць сольны канцэрт у Ленінградскай філармоніі! Там жа, у Ленінградзе, ён пачаў займацца педагагічнай дзейнасцю — выкладаў у музычнай вучэльні імя Рымскага-Корсакава. Пасля заканчэння аспірантуры яму прапанавалі альбо застацца ў Ленінградзе, альбо ўзяць на сябе ролю загадчыка музычнай часткай у Беларускай кансерваторыі. І ён абраў родны Мінск. З 1937 па 1941 гады Міхаіл Аркадзевіч быў дырэктарам кансерваторыі, а з 1944 па 1963 з’яўляўся загадчыкам кафедры спецыяльнага фартэпіяна. Ужо першыя ягоныя вучні ўспрымаліся як яркія піяністы.
***
Сярод іх Ігар Палівода-старэйшы, які пазней стаў вядомым піяністам і педагогам, у розны час займаў пасады мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дырэктара Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. У 1997-м я запісаў ягоныя ўспаміны пра паважанага прафесара.
— Мне споўнілася 11 гадоў, калі прыйшоў паступаць у Мінскае музычнае вучылішча (тады яно называлася Музычным тэхнікумам). Там мяне сустрэў Міхаіл Аркадзевіч — ён толькі прыехаў з Ленінграда пасля аспірантуры і з’яўляўся загадчыкам вучэбнай часткі тэхнікума. Залічылі на першы курс, і я займаўся ў Бергера чатыры гады. Пасля перайшоў у Белдзяржкансерваторыю, дзе вучыўся ў яго ж па спецыяльным фартэпіяна. Дарэчы, займаўся разам з вядомым Уладзімірам Алоўнікавым, які пазней перайшоў на аддзяленне кампазіцыі.
Да вайны я скончыў два курсы кансерваторыі. Калі пачалася вайна, звыклае жыццё парушылася, і далей мая вучоба працягвалася ў танкавым вучылішчы. Потым былі фронт, раненне, шпіталь. І толькі ў 1950 годзе вярнуўся ў Мінск, калі адчуў сябе фізічна трывалым.
Першы чалавек, якога ўбачыў у кансерваторыі на плошчы Свабоды (у тым жа будынку знаходзілася і музычная школа-дзесяцігодка), быў Бергер. Ён мяне ўгаварыў: «Давай працягнем!» Я сумняваўся, паколькі ўвесь гэты час на фартэпіяна не іграў, але рызыкнуў.
Мяне аформілі на трэці курс — рэктарам кансерваторыі тады быў Анатоль Васільевіч Багатыроў, я стаў займацца, справа пайшла. У 1953-м скончыў кансерваторыю, пасля чаго паехаў у Ленінград, паступіў у аспірантуру, завяршыў навучанне там у 1957-м і вярнуўся ў Мінск. Выкладаў у кансерваторыі, школе-дзесяцігодцы, у мяне былі цудоўныя вучні, якія мяне памятаюць, і я іх памятаю і люблю. Потым працаваў мастацкім кіраўніком філармоніі, выступаў як канцэртмайстар, шмат усякага было ў маёй біяграфіі...
Раскажыце больш падрабязна пра Бергера-чалавека...
— Для фартэпіяннага мастацтва Беларусі ён зрабіў шмат: выхаваў нямала добрых вучняў, напісаў шэраг твораў для фартэпіяна. Чалавек ён быў добры, высакародны, энергічны, пэўны час з’яўляўся дырэктарам кансерваторыі, калі яна размяшчалася на вуліцы Кірава.
Гэты чарнявы, усмешлівы, маладжавы музыкант імчаў па лесвіцах зверху ўніз — як быццам храматычныя гамы 32-мі нотамі іграў, толькі нагамі паспяваў перабіраць. Многія імкнуліся спарадзіраваць яго, але не ва ўсіх атрымлівалася, тут трэба мець тэхніку высокага класа.
Калі Міхаіл Аркадзевіч быў дырэктарам кансерваторыі, дык імкнуўся падтрымліваць студэнтаў. Ён быў мяккі чалавек, хоць часы тыя нялёгкія. Адзін час увялі плату за навучанне, стыпендыі паздымалі, студэнтам цяжка. Ён дапамагаў, каму мог. Ягонае стаўленне да мяне было бацькоўскае. Пасля вайны сустрэліся як родныя, хоць з 1945 па 1950 гады нам не ўдавалася звязацца.
Цяпер пра педагагічныя прынцыпы Міхаіла Бергера. Не скажу, што ўспрымаў гэтыя метады безумоўна, я імкнуўся іх прымяраць і прыстасаваць да сябе. Напрыклад, што тычыцца тэхнікі піяніста, пастаноўкі рук — бо можна іграць па-рознаму, галоўнае, каб інструмент добра гучаў. Ведаю піяністаў, якія іграюць прамымі пальцамі, у іх нізкая пастаноўка рукі, як, напрыклад, у Глена Гульда. Калі ўбачыў яго, то быў здзіўлены, што можна так іграць. Уладзімір Горавіц — цудоўны выканаўца, аднак іграе гэтаксама.
Рука ў Міхаіла Аркадзевіча была сухаватая, «зацягнутая». Тыя, хто разумеў яго і не капіяваў, а спрабаваў прыйсці да адметнага выніку самастойна, мелі рацыю. Напрыклад, Людміла Шаламенцава, якая мае годных вучняў. Пасля вайны Міхаіл Аркадзевіч працаваў скрупулёзна, самааддана, дамагаўся ад вучня максімальнага выніку, патрабаваў найбольш поўнага раскрыцця вобраза. Шляхі да вырашэння пастаўленых задач аказваліся рознымі. Камусьці гэта ўдавалася больш, камусьці менш. Займаўся ён своеасабліва.
Хто запомніўся вам з даваенных вучняў Бергера?
— Вучні, з якімі былі звязаны самыя большыя надзеі, або загінулі, або згубіліся. Уладзімір Алоўнікаў цікава іграў, потым адышоў ад піяністычнага выканальніцтва, заняўся кампазіцыяй. Наогул у кансерваторыі атмасфера аказвалася напружанай у добрым сэнсе. Творчае жыццё тады было інтэнсіўным.
Міхаіл Аркадзевіч не толькі выкладаў, але і быў канцэртуючым піяністам — раскажыце пра яго выканальніцкія асаблівасці.
— Больш за ўсё мне запомнілася яго выступленне з Першым канцэртам Чайкоўскага для фартэпіяна з аркестрам у філармоніі — у той час яна знаходзілася там, дзе цяпер кінатэатр «Перамога». Памяшканне называлася «Клуб Сталіна», там ладзіліся філарманічныя канцэрты. Наогул актыўнай канцэртнай дзейнасці Бергер не вёў, але добра акампанаваў у класных канцэртах. Адчувалася, што гэта музыкант салідны, цікавы і самастойны.
***
Мабыць, найбольш яркі плён школа Міхаіла Бергера выявіла ў асобе ягонай вучаніцы, прафесара Людмілы Шаламенцавай*. Менавіта яе выхаванцы — Юрый Бліноў** і Андрэй Паначэўны — ажыццявілі, так бы мовіць, міжнародны прарыў у прызнанні нашай сістэмы музычнага выхавання. Вось што распавяла Людміла Сяргееўна пра свайго педагога ў 1997 годзе:
— Я прыйшла да Міхаіла Аркадзьевіча рана па тагачасных мерках — у 10 гадоў, перад тым год займалася ў музычнай школе ў Сульскай. Яна за руку прывяла мяне да Бергера, які быў значнай фігурай і выклікаў у мяне трапятанне і хваляванне. Я ўбачыла ў класе за раялем вельмі прыгожага чалавека, ён прыняў мяне як быццам у бацькоўскія рукі. Гэты чалавек на ўсё жыццё стаў для мяне ўзорам і прыкладам. Як педагог ён быў для мяне больш важным, чым бацькі. Міхаіл Аркадзьевіч суправаджаў мяне з дзяцінства, і да гэтага часу ўсё, што раблю, я раблю, нібы даючы яму справаздачу. Кожны раз хачу пакланіцца яму, сказаць «дзякуй». Лішні раз спытаць: ці так я раблю, ці ўсё ў мяне атрымліваецца?
Выдатны піяніст, ансамбліст, кампазітар, ён умеў заставацца педагогам, і гэта адчувалася на кожным уроку. Ён не толькі вучыў, але выхоўваў, адчувалася, што мы для яго штосьці значылі, што перад табой педагог, які цябе любіць, дапамагае жыць на гэтым свеце... Прыкладам для нас з’яўлялася і тое, як ён ставіўся да сваіх педагогаў, якую любоў, павагу адчуваў да Калантаравай і Нікалаева — гэта тыя велічыні, якія выклікалі ў нас трапятанне — так захоплена і з такой павагай Міхаіл Аркадзевіч распавядаў пра іх. У гэтым выяўлялася яго асаблівая педагагічная дэмакратычнасць, калі нам, зусім юным, ён сур’ёзна распавядаў пра такіх значных музыкантаў, якія здаваліся недасягальнымі велічынямі.
Успомніце свае першыя крокі ў класе Бергера. Як ён працаваў з дзецьмі?
— Я прыйшла ў 4-ы клас, калі арганізавалася Спецыяльная музычная школа-дзесяцігодка. Усяго існавала восем класаў. Агульная колькасць заняткаў аказвалася меншай, чым цяпер. Узровень, які адразу ўсталяваў Бергер, і цяпер для мяне як для педагога з’яўляецца эталонам. Увесь час — праз пераадоленне цяжкасцяў (у мяне былі перапынкі ў занятках), з вяршыні на вяршыню. У 4-м класе ён «пасадзіў» мяне на эцюды, потым былі Гайдн, Моцарт, у 6-м класе — Шапэн з яго малымі формамі, але і няпростым «Экспромтам-фантазіяй». У 7-м класе іграла Грыга, у 8-м — канцэрт Рахманінава, заканчвала школу Першым канцэртам Чайкоўскага.
Міхаіл Аркадзевіч вучыў смела, ярка. Ён меў не надта моцнае здароўе, але мы ніколі не адчувалі, што займаемся ў педагога, які можа быць стомленым. Ён быў вельмі патрабавальны да сябе, і нам даводзілася цягнуцца за ім. Педагог выхоўваў патрабавальнасць, пачуццё абавязку і падзякі. Усё яго жыццё — служэнне выканальніцтву, музыцы, вучням.
З намі ён быў артыстам, гэта таксама яго асаблівасць. Мы ведалі, што ў юнацтве, каб зарабіць грошы на вучобу, ён працаваў тапёрам, агучваў фільмы, і памятаю, як выдатна ён іграў полькі, вальсы, калі мы бывалі ў яго на дні нараджэння. Міхаіл Аркадзевіч іграў, а мы танцавалі. Ён выконваў іх гэтак жа ярка, як Ліста ці Шапэна.
А на вас не ціснуў аўтарытэт Бергера, вы не адчувалі яго дыктату?
— Лічу, што педагог у нечым павінен быць дыктатарам, не павінен ламаць вучня, але ў той жа час ён мусіць навязваць свой метад. Класіка ў працэсе навучання лічылася абавязковай, і за гэта я бясконца ўдзячная Міхаілу Аркадзевічу. Яго веданне класікі было сапраўды грунтоўным, яго вучні атрымлівалі гарманічнае развіццё: дакладныя штрыхі, ясная інтанацыя, педалізацыя, пэўнасць ва ўсім. Калі я прынесла падрыхтаваныя творы Шумана і паказала яму, ён паслухаў і сказаў: «Я іграў бы гэта па-іншаму, але ты мяне пераконваеш». Такі давер настаўніка — вялікі падарунак, педагог дазваляў табе выказацца. На мяне ён не ціснуў.
Ці хадзілі вы на ўрокі да іншых педагогаў?
— Працэс навучання — гэта не толькі паходы ў іншыя класы, гэта слуханне музыкі і розных выканаўцаў. Калі слухала вучняў з іншых класаў, я таксама штосьці назапашвала. Нам пашанцавала, што ў той час выкладалі «Міша, Грыша, Ірыша» — так любоўна мы называлі вядомы саюз масцітых музыкантаў (Міхаіл Бергер, Рыгор Шаршэўскі, Ірына Цвятаева). Мы адчувалі іх душой і маглі смела кантактаваць з гэтымі педагогамі.
Калі я павінна была выступаць у Маскве на Фестывалі моладзі і студэнтаў (гэта быў першы наш выезд), Міхаіл Аркадзевіч паклікаў Шаршэўскага і сказаў: «Пазаймайся з Людай», — і той сапраўды шмат разоў займаўся са мной. У Ірыны Цвятаевай я навучалася ў канцэртмайстарскім класе. Такім чынам сяброўства Мішы, Грышы і Ірышы дапамагла і мне, і іншым вучням. Мы ведалі, што ёсць саюз значных для нас музыкантаў, на якіх можна раўняцца.
На фарміраванне піяніста ўплываюць тры складнікі: настаўнік, сам вучань і ягоныя бацькі. Як вашы бацькі ўспрымалі Міхаіла Аркадзевіча?
— У іх было паважлівае стаўленне да педагога. Усё, што ён лічыў патрэбным, бацькі ўспрымалі як закон. Яны не з’яўляліся музыкантамі, але мама была на дзіва таленавітым чалавекам, спявачкай яркага, прыроднага таленту. У нас не ўзнікала праблем. Як педагог я сама маю справу і з дзецьмі, і з бацькамі. Разумею, што ў наш час цяжка гадаваць дзяцей і асабліва вучыць музыцы, але хацелася б, каб бацькі больш прыслухоўваліся да педагога.
Міхаіл Аркадзевіч, акрамя педагогікі, займаўся і кампазіцыяй...
— Сваіх, арыгінальных твораў у яго было няшмат, пераважалі варыяцыі, п’есы для фартэпіяна, адрасаваныя навучэнцам вучылішча. Падчас майго навучання педагог давяраў мне іграць свае п’есы ў Саюзе кампазітараў, мы нават ездзілі ў Ленінград на абменныя канцэрты. Ён хацеў, каб я парадавала ленінградскую публіку яго сачыненнямі. У 1957 годзе я вучылася на першым курсе, і такія вандроўкі ўспрымаліся як шчасце.
Праз шмат гадоў я павезла свайго студэнта Юрыя Блінова на Міжнародны конкурс імя Пракоф’ева, які праходзіў у той самай зале. У гэтым мне бачылася пераемнасць. Нам вельмі хацелася, каб мой выхаванец зрабіў уражанне. Бо мяне ў свой час моцна ўразілі і гэтая зала, і публіка, што цудоўна нас сустракала. І Юра тады перамог на конкурсе, не падвёў школу Бергера. Пасля яго выступлення вядомы амерыканскі піяніст Данііл Полак сказаў пра нараджэнне яскравай беларускай фартэпіяннай школы, якая тады мала каму вядомая за межамі рэспублікі.
Многія мае студэнты праз мяне ўспрынялі традыцыі Міхаіла Бергера. Калі маладыя беларускія піяністы выйшлі на міжнародную арэну і нашы хлопцы паспяхова выступілі на розных конкурсах, то зразумелі, што ў нас былі выдатныя педагогі, якія добра вучылі, і нам ёсць што сказаць, што мы іграем не горш, а часам і лепш за іншых. І ў будучыні, калі нават адзін з нашых хлопцаў выйдзе на сур’ёзную сцэну, то на гэта не шкада сіл і сродкаў, якія ты выдаткаваў дзеля музыкі. Намі рухае бязмежная любоў да яе, мы часам забываем пра сваіх дзяцей, важней становяцца сесія, вучні, студэнты... Увогуле гэта страшная прафесія, яна забірае цябе цалкам, але і дае вельмі шмат...
***
Нездарма беларускіх музыкантаў запрашаюць выкладаць у многія краіны свету. У Кітаі некалькі гадоў плённа працаваў вучань Міхаіла Бергера, а зараз і сам прафесар Леанід Юшкевіч. Гутарка з ім запісаная ў 1997 годзе:
— Мне пашанцавала, паколькі ў Бергера я вучыўся з 1947-га — 10 гадоў школы і 5 гадоў кансерваторыі — паўтара дзесяцігоддзя бесперапынных заняткаў у любімага педагога. Не шкадуючы сіл, ён аддаваў сябе музыцы, шмат працаваў з усімі вучнямі. Цяпер займаюцца па 45 хвілін. А я ўспамінаю яго ўрокі па 2-3 акадэмічныя гадзіны, што азначае 4-5 педагагічных урокаў. Міхаіл Аркадзевіч хваляваўся і непакоіўся, калі мы ігралі на канцэртах, а выступалі мы шмат. У мяне першы канцэрт адбыўся, калі я вучыўся ў 2-м ці 3-м класе. Ён часта выпускаў нас на сцэну.
Хачу адзначыць яго дбайнасць. Ён уважліва працаваў над штрыхамі, тэкстам, аплікатурай. Кожнаму выбіраў шмат варыянтаў — каму што больш зручна. Мы, педагогі, ведаем, колькі часу трэба выдаткаваць, каб выбраць правільную аплікатуру. Даваў шмат тэхнічных навыкаў студэнтам: кожны, пачынаючы са школы, асвойваў дзясяткі тры-чатыры эцюдаў на ўсе віды тэхнікі. Працаваў над творамі розных стыляў.
Ён больш размаўляў на занятках ці паказваў на інструменце?
— Паказ на раялі звычайна быў эмацыйны, часам нават занадта. Ён патрабаваў, каб вучань прыносіў твор у завершаным выглядзе, выконваў волю аўтара, але каб адчувалася і ўласнае стаўленне. Уласны падыход ён вельмі шанаваў, любіў, каб вучань займаўся творчасцю.
Міхаіл Аркадзевіч шмат увагі звяртаў на прыгажосць гуку. Лічу, што дасягненні мае і маіх вучняў — шмат у чым заслуга прафесара. Ён працаваў над формай, стылем, любіў рамантычную музыку. Са мной прайшоў санаты Шапэна, канцэрты Шапэна, Першы і Другі канцэрты Рахманінава, Венгерскія і Іспанскія рапсодыі Ліста.
Ці чулі вы, як ён сам іграў? Што ўласціва канцэртнаму стылю Бергера?
— Сольных канцэртаў не памятаю, але афішы, якія віселі ў яго дома, сведчылі пра ягоную выканаўчую дзейнасць у Беларусі і ў Ленінградзе. Бачыў яго як канцэртмайстра ў раннія школьныя гады, Міхаіл Аркадзевіч вылучаўся на канцэртах музычнасцю, прыемным тушэ, дакладнасцю штрыхоў.
Якія рысы характару вашага педагога асабліва запомніліся?
— Незвычайны клопат пра сваіх вучняў. Такі факт: калі хто-небудзь з нас прыходзіў на ўрок, ён заўсёды цікавіўся, ці не галодны вучань. Ведаючы матэрыяльны стан некаторых навучэнцаў, ён пытаўся ў канцы ўрока: «Можа, табе пазычыць грошай на ежу?» Гэта былі не проста словы — ён сапраўды шмат каму дапамагаў.
Але Міхаіл Аркадзевіч быў нецярпімы, калі ён казаў вучню раз, два — і той рабіў тыя самыя памылкі, што і на папярэднім уроку. Тады выкладчык мог нават шпурнуць у яго ноты, пасля чаго вучань адразу ўсё разумеў. Гэта было жорсткае пакаранне, педагог карыстаўся ім рэдка і толькі ў адносінах да нядбайных вучняў. І гэты ўрок запомніўся на ўсё жыццё.
Мы часта збіраліся ў класе Міхаіла Аркадзьевіча падчас падрыхтоўкі да канцэртаў і конкурсаў. Шмат народу, вучні, прыезджыя, завочнікі — гэта былі своеасаблівыя міні-канцэрты перад публікай. Таму што важна: піяніст павінен быць у форме, умець публічна выканаць закончаны твор.
Часам ён запрашаў нас дадому, калі здараліся дні нараджэння, юбілеі, святы, таму мы ўспрымалі сябе як частку ягонай сям’і. Памятаю, адпачывалі разам з ім у Беларусі на рацэ Нёман. Ён любіў лавіць рыбу. Гэта ля вёскі Мікалаеўшчына, у тых мясцінах, дзе нарадзіўся Якуб Колас, мы там адпачывалі сем’ямі. Ён мог злавіць ці не злавіць рыбу, але з вялікім задавальненнем сядзеў на беразе ракі, разглядаў выдатныя месцы, якія апяваў паэт. Дубы, бязмежныя палі, буслы — месца вельмі ціхае, што неабходна ў нашай прафесіі. Маючы музычную прафесію, вельмі важна слухаць цішыню, чуць спеў птушак, подых ветрыку, шолах лісця, і гэта яго захапляла.
Паколькі вы маеце вопыт выкладання за мяжой, дык можаце параўнаць розныя школы...
— Лічу, што наша піяністычная школа адрозніваецца ад кітайскай у лепшы бок. Еўрапейская, руская, беларуская школы мацнейшыя. Падчас працы ў Кітаі дапамагалі прынцыпы Міхаіла Бергера, як і прынцыпы іншага майго выкладчыка, Паўла Серабракова. Бо Бергер і Серабракоў вучыліся ў Ленінградзе ў аднаго і таго ж педагога — Нікалаева. Я карыстаўся іх вопытам і напрацоўкамі і, магчыма, таму здолеў як педагог дасягнуць сур’ёзных вынікаў. Мой выхаванец атрымаў 1-е месца на Усекітайскім конкурсе. Там у кансерваторыі ў мяне навучалася шмат педагогаў, яны пераймалі наш вопыт. Я лічу, што яны выраслі. Кожны з іх сыграў сольны канцэрт. Для іх гэта было вялікім дасягненнем. Шэраг маіх выхаванцаў працуюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Хацелася б, каб тыя выдатныя якасці, уласцівыя такім педагогам-асобам, як Міхаіл Бергер, Ірына Цвятаева, Рыгор Шаршэўскі, успрыняло маладое пакаленне музыкантаў, якое б з любоўю і павагай працягвала справу пачынальнікаў беларускай фартэпіяннай школы
Ірына Мільто,
Аляксандр Мільто