Такія азначэнні змяшчаюць мастацтва аўтараў з парушэннямі псіхічнага здароўя на перыферыю прафесійнага поля, у канцэптуальную і фізічную рэзервацыю: выстаўляцца ў бібліятэчных галерэях, холах кінатэатраў або ўласна на сценах аддзяленняў дамоў-інтэрнатаў і бальніц.
Мэта выставы была ў тым, каб даследаваць гісторыю і сучаснасць гэтай плыні ў Беларусі, а таксама шляхам экспанавання і апісання ўключыць аўтараў у дыскурс сучаснага мастацтва.
Выстава «Бязмежнікі» (куратаркі Ганна Карпенка і Сафія Садоўская) атрымалася асіметрычнай рыфмай да праекта «Zbor», які праходзіў таксама ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у кастрычніку-лістападзе 2018 года. У яго рамках былі сабраныя і прадстаўлены самыя значныя імёны апошніх трыццаці гадоў. «Бязмежнікі» — гэта спроба паглядзець на адваротны бок такога адбору.
Хто аказваецца за межамі і якія прычыны выключэння? Гэтая выстава — спроба (пры дапамозе куратарскага выбару) дастаць работы мастакоў з іх сацыяльных рэзервацый. Паказаць тых, хто не быў і ніколі не будзе ў прафесійным саюзе і наўрад ці зможа паехаць на рэзідэнцыю ў Берлін або Нью-Ёрк, але ўсё роўна стварае мастацтва ў сістэме, што сама па сабе складаецца з межаў і абмежаванняў.
Адным з найважнейшых адкрыццяў выставы стала дэманстрацыя калекцыі доктара-псіхіятра Віктара Круглянскага, якая можа выступаць гістарычнай метафарай да праблемы выдзялення і фармавання межаў мастацкага поля. Папкі, паказаныя яго сынам, утрымлівалі малюнкі як прафесійных творцаў, так і яго пацыентаў, адны працы былі падпісаныя, іншыя засталіся ананімнымі.
У рамках праекта «Бязмежнікі» былі вылучаныя некалькі аспектаў калекцыі: архіўныя матэрыялы (фатаграфіі і тэксты), ананімныя работы пацыентаў і асобна — выявы трох мастакоў, важных для беларускай культурнай прасторы, якія аказаліся на мяжы прафесійнага мастацкага поля, — Вадзіма Кошкіна, Аляксея Жданава і Генадзя Хацкевіча.
Малюнкі Вадзіма Кошкіна, перакладчыка і сябра Круглянскага, сталіся адкрыццём нашага даследавання, якое папярэднічала выставе. Бо сам Кошкін пры жыцці не выстаўляўся, не лічыў сябе мастаком ці паэтам (а вершы ён таксама пісаў), але малюнкі тушшу былі яго паўсядзённай практыкай і, як адзначае яго дачка Алена Кошкіна, усе яны адлюстроўвалі рэальнасць і жыццё ў простым савецкім спальным раёне. Alter ego мастака — птушка з галавой мужчыны (аўтапартрэт) — сустракаецца на некалькіх работах як вобраз свабоднай істоты, што валодае правам пераадольваць фізічныя, сацыяльныя і дзяржаўныя межы.
Яшчэ адзін аўтар у калекцыі Віктара Круглянскага — Аляксей Жданаў, вядомы паэт, пісьменнік і мастак — прадстаўлены пераважна малюнкамі невялікага фармату, якія працягваюць тэму марсіянскіх лістоў. Гэтыя працы моцна пацярпелі ад часу і ўмоў захоўвання, літаральна распадаюцца на часткі — лепшы спосаб уявіць лёс большасці такіх збораў.
Завяршаюць архіўную экспазіцыю пяць работ Генадзя Хацкевіча з калекцыі Віктара Круглянскага і праца сучаснага мастака Сяргея Гудзіліна з вітражамі, створанымі Хацкевічам у РНПЦ псіхічнага здароўя, а па-простаму — у Навінках. Мінчане ведаюць гэтае месца на карце горада, якое асацыюецца з канкрэтнымі станамі свядомасці, душы і розуму, пагранічнымі і замежнымі.
У адным з пераходаў бальніцы замест вокнаў змешчаны вітражы Генадзя Хацкевіча, мастака, які правёў у Навінках нямала часу (быў змешчаны туды пасля спробы ўкрасці самалёт у 1987 годзе). Яркія шкельцы не збіраюцца ў чытэльныя выявы, гэта абстракцыі, але вельмі канкрэтныя, што фізічна трансфармуюць прастору пранікальнымі святлом і колерам.
«Дапоўненая рэальнасць», якую ствараюць вітражы, абумоўлена не межамі медыцынскай установы, не хваробай і не сацыяльнымі рамкамі, але творчым выхадам і існаваннем звонку, насуперак платам, закрытым дзвярам і строгаму раскладу прыёмаў ежы і абыходам лекараў.
Праз трыццаць гадоў пасля стварэння вітражоў медыямастак Сяргей Гудзілін робіць дакументацыю працы Генадзя Хацкевіча, каб зафіксаваць твор, што руйнуецца з гадамі, і даць магчымасць узаемадзеяння. З закрытага, недаступнага для публікі калідора бальніцы вітражы пераносяцца ў прастору галерэі, тым самым змяняецца кантэкст інтэракцыі гледача і мастацкага твора: тут глядач не пацыент ці лекар, а за сценамі не бальніца. Відэа ўвесь час пераламляецца і скажаецца, дробніцца і пакрываецца дрыготкім тэкстам, не дазваляючы ўспрымаць вітраж наўпрост, а толькі праз «вар’яцкую» оптыку.
Другая частка выставы сабраная з сучасных калекцый Дома-інтэрната №2 г. Мінска, з задакументаванай калекцыі дома-інтэрната №4 г. Мінска і з калекцыі «Збору дэвіянтнага мастацтва» з працамі аўтараў з Дома-інтэрната №3 г. Мінска. Гэтыя калекцыі паказваюць рознае стаўленне да дзейнасці, мэт работы студый, да саміх мастакоў: ад апекі і спробы стварыць умовы для праяўлення кожнага ахвотнага маляваць у арт-тэрапеўтычным ключы да выбарчай, куратарскай працы з асобнымі творцамі.
Завяршае экспазіцыю аб’ект двух мастакоў — Наталлі Ажырэвіч з Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната і Bazinato. Малюнкі Наталлі — бязмежныя па сваёй сутнасці абстракцыі, упісаныя ў максімальна магчымы для мастачкі аркуш фармату А3. Bazinato пераносіць іх у прастору галерэі, руйнуючы абмежаванні аркуша і яго двухмернасць.
Выстава «Бязмежнікі» прапануе розныя спосабы вяртання выключаных —
з тых ці іншых прычын — формаў творчасці ў мастацкі дыскурс. Гэта магчымасць убачыць і апісаць тыя бясконцыя тэрыторыі, якія аказваюцца за межамі прафесійнага фокусу, за межамі звыклага або спасцігальнага. Гэта бязмежныя гісторыі.
Сафія Садоўская