У імпрэзе прынялі ўдзел чатыры пары суаўтараў — Ася Якаўлева з Кацярынай Чэкатоўскай, Міляна Чосіч з Аляксеем Макейчыкам (працаваць супольна яны пачалі яшчэ летась), а п’есы «Выхад» Вікторыі Варабей і «Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам» Алёны Іванюшанка прэзентавалі выпускніцы Акадэміі мастацтваў, рэжысёркі Лізавета Машковіч і Яўгенія Давідзенка.
Драматургі Аляксей Макейчык і Алёна Іванюшанка — удзельнікі леташняй драматургічнай лабараторыі, але перадусім іх вылучылі п’есы, аб’яднаныя агульнымі тэмамі складанасцяў жыцця і чалавечай самоты (творы вельмі добра ўбудаваліся ў сучасны сацыякультурны кантэкст). Праз п’есу «Блытаніна» Аляксей Макейчык прадставіў гэта з пэўнай іроніяй: героі Марта і Дзяніс належаць да людзей, якія праз сваю інфантыльнасць не здатныя наладзіць жыццё. Яны наведваюць модныя трэнінгі, выдаткуюць грошы на псіхолагаў, але, тым не менш, працягваюць думаць, што патрапяць дапамагчы камусьці іншаму. Іх жыццё нагадвае самую сапраўдную блытаніну, калі бухгалтар з адукацыі можа ладзіць сеансы псіхатэрапіі не горш за любога спецыяліста, а псіхолаг часам вымагае дапамогі як пацыент. «Блытаніна» была прадстаўлена ў новым для лабараторыі фармаце відэачыткі і трапіла на агульны прагляд у інтэрнэт.
Самота ў творы «Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам» Алёны Іванюшанка агарнула дзвюх кволых жанчын, Алісу і Веру, якія спрабуюць выжыць, не маючы ні дапамогі, ні падтрымкі. Дом, дзе яны мусяць жыць, яшчэ будуецца і мае адно бетонныя сцены ды дзіравы дах, але выглядае сімвалам дабрабыту, а яго так прагнуць персанажы. Тутсама — паралельна — існуе ідэальны, выдуманы свет Алісы, аднак ні насамрэч, ні ў марах кабетам не трапляюцца вартыя мужчыны — моцныя, сапраўдныя. Яны — толькі праекцыя і безыменныя вобразы, а іх дзеянні — правілы і суцэльны гвалт. Між тым гераіні не страчваюць жадання жыць і кахаць, і таму пры ўсёй песімістычнасці Алёна Іванюшанка пакідае надзею на тое, што яны працягнуць пошук сябе ў гэтым свеце.
Матыў надзеі мае і вострасацыяльная п’еса Кацярыны Чэкатоўскай «Апошні сняданак», чые персанажы — кабеты рознага ўзросту, якія маюць мужчын-алкаголікаў. Вобразы слабых мужчын — моцных жанчын і тэма гвалту ў грамадстве перагукаюцца з п’есай Алёны Іванюшанка, але Кацярына Чэкатоўская разважае пра магчымасць шчасця жанчын побач з алкаголікамі. Абедзве тэмы ў сцэнічным чытанні рэжысёрка Ася Якаўлева абвастрае як мацней, даводзіць да гратэску. Артысты-мужчыны ўсцягваюць парыкі і разбіраюць жаночыя ролі, але іх выканаўчая манера не вылучаецца ні напалам, ні жорсткасцю, ні надрывам, так што пітная залежнасць не выглядае чымсьці страшным, роўна як і забойства алкаголіка дзеля выратавання сям’і. Бо гэта ж, маўляў, не пра нас з вамі! Ці пра нас?
Зусім не пра нас — «Выхад» Вікторыі Варабей. Паводле аўтаркі, асноўны ў п’есе — матыў ролевай гульні ў рэальным жыцці. Ідэя напісаць пра людзей, якія загуляліся і пераблыталі ўяўнае з рэальным, магла зрабіцца падставай для актуальнага твора. Але ў тэксце няма выразна выпісаных персанажаў, іх дачыненняў, канфлікту, як і самага галоўнага — гульні. Усе падзеі і сцэны п’есы вельмі схематычныя і відавочныя, як у падлеткавых фанфіках, — на чытцы акцёры саркастычна абыгрывалі «кульмінацыйныя» моманты п’есы, высакамоўна чытаючы тэкст пад драматычную або лірычную музыку. Шмат для каго «Выхад» — накід, эскіз, але не самадастатковы тэкст.
Адразу тры п’есы VII Міжнароднай лабараторыі трапілі ў кароткі спіс яшчэ аднаго драматургічнага фестывалю — WriteBox. Гэта пераканаўчая адзнака таго, што айчынная драматургія развіваецца, а Цэнтр беларускай драматургіі дапамагае яе папулярызаваць.
Лізавета Каліверда