Трагікамедыю жаночых прызнанняў паводле амерыканскай артысткі і пісьменніцы Лоры Шэйн Канінгем стварае рэжысёрка Валянціна Еранькова (персанажы п’есы «Дзявочнік» вылучаюцца з рамана «Прыўкрасныя целы», абодва творы перакладала Ганна Шульгат і пастаноўшчыкі відавочна карысталіся абодвума тэкстамі; прынамсі пераклад Сяргея Таска апускае залішне вольныя інтымныя падрабязнасці). Вартасць спектакля Валянціны Ераньковай у тым, як выштукаваны вобразы на сцэне — актрысы патрапляюць не толькі расцвяліць глядацкую ўразлівасць, але і змусіць глядзельню да атаесамлення («выкапаная стрыечная пляменніца», «рыхтык мужава начальніца»), выклікаць жаданне заглыбіцца ва ўласныя жыццёвыя мітрэнгі, вызначыцца з нягегласцямі, парахавацца са звыродлівасцямі... «І, вядома ж, у спектаклі маюцца мужчыны — бо ўсе жаночыя праблемы ў канчатковым выніку зводзяцца да іх!» — бадзёрыць анатацыя «Дзявочніка». Напраўду маюцца, бо «вельмі прыкра, калі ў эфіры пачынаюць звінець ды звягаць толькі жаночыя галасы». Маладыя музыкі, чыю студыю мастачка Ала Сарокіна асталёўвае ў адным доме з галоўнай гераіняй, кожны на свой капыл (праз аранжыроўкі і транспанаванне для розных галасоў, — тут парупіўся кампазітар Аляксей Еранькоў), дасціпна і пераканальна паўтараюць адну і тую самую песню, міжволі супрацьпастаўляючы яе аповедам кабет — стракатым, размаітым, але ўсё пра адно, пра адных... А спалучэнне сольных прызнанняў з жаночымі вакальнымі нумарамі (яны колькі разоў ставяць эфектныя кропкі пры канцы самых напружаных сцэн), так бы мовіць, сведчыць або падкрэслівае градус, пафас, шчырасць (патрэбнае — дадаць) выступаў-прызнанняў. «Вы ўсе жывяце ўхаластую і я вас шчыра шкадую...» — мовіць сяброўкам самая правільная, а чаму? А таму што ніхто з іх у свае «далёка за трыццаць» не збіраецца пабрацца шлюбам. Кахае, дрэнчыцца, пакутуе, але... Бяда, бяда!
Умоўна галоўная гераіня Джэсі (менавіта яе жытло абранае для сустрэчы, яна корміць ды выслухвае ўсю плойму ) таксама самотная. Але гэты факт Валянціна Еранькова і артыстка Вераніка Пляшкевіч асэнсоўваюць не як паразу, а як адзнаку моцнага характару, не як расплату за недасканаласць, а як рэдкую ўзнагароду самога жыцця за самадастатковасць! Джэсі задаволеная жыццём, прафесіяй, асяроддзем, таму ўраўнаважана-спакойная і не мае патрэбы адпавядаць чыімсьці вымогам ці ўяўленням пра так званае жаночае шчасце; Вераніка Пляшкевіч не першы раз падпарадкуе ролю свайму разуменню і цаляе ў самы яблычак. Кабеты відавочна пра такое не задумваюцца, але незалежная дасціпная Джэсі непазбежна ўплывае на лёс кожнай сцэнічнай сяброўкі: і грубаватай эксцэнтрычнай Ніны (Аляксандра Камісарава), і мадэльнай Лісбет (Іна Савянкова), якая па ходзе дзеі мроіць за сябе ды за свайго хлопца, і Марты (Кацярына Шатрова), закамплексаванай праз уласную заможнасць і таму аднастайнай у інтанацыях ды паводзінах, і вытанчанай, крыўдлівай, смешнай Клэр (Алена Стацэнка), а неабачлівая, цяжарная Сью Кэрал праз выкананне Вольгі Здзярскай робіцца адным з самых абаяльных персанажаў «Дзявочніка». Нягледзячы на тое што паплечніцы разрываюцца паміж рэальнасцю і нейкім усярэдненым «так трэба»/«так ва ўсіх» (іх улюбёныя размовы — пра мужчын, каханых, суджэнцаў), кожная па-свойму трывае і змагаецца з залежнасцю (хто асэнсавана, хто падсвядома) ад мужчынскай неабавязковасці, няўвагі, абыякавасці; кожная паступова і нават балюча высноўвае ці ўсведамляе: не мусіць, не вінная, не абавязаная толькі таму, што нарадзілася жанчынай. Вось толькі без мужчыны... хоць якога... нязвыкла.