Галоўным ініцыятарам Malá inventura (назва перакладаецца як «невялічкі інвентар») з’яўляецца незалежная арганізацыя «Новая сетка», якая з 2004 года падтрымлівае развіццё эксперыментальных тэатральных і перфарматыўных практык. З гэтай мэтай ладзяцца штогадовыя рэзідэнцыі для творцаў і арт-менеджараў, культурны абмен паміж Прагай і Берлінам Pralin, праект «Новая кроў на сцэне», што прэзентуе работы пачаткоўцаў ад тэатра, адукацыйны інтэнсіў «Арт-брама», накіраваны на вывучэнне мажлівасцей сучаснага сцэнічнага абсталявання, сістэматычныя кансультацыі і трэнінгі па пытаннях фінансавання і грантавай палітыкі ў сферы культуры, школа эксперыментальнага тэатра для дзяцей, нарэшце, анлайн-часопіс, на старонках якога публікуюцца матэрыялы, прысвечаныя самым актуальным праблемам перфаматыўных мастацтваў у Чэхіі і свеце.
Фестываль уразіў сваёй маштабнасцю. На працягу дзевяці дзён публіка ўбачыла 62 спектакля на 20-ці (!) незалежных пляцоўках, сярод іх былі музеі, клубы, галерэі, арт-цэнтры, студыі, барочныя і сучасныя тэатральныя збудаванні, эксперыментальныя прасторы. У адпаведнасці з эстэтыкай новага тэатра арганізатары не абмяжоўваюць сябе жанрава-відавымі рамкамі. Digital performance і дакументальны танец, site-specific art і новы цырк, contemporary dance і інтэрдысцыплінарны перформанс, візуальны і фізічны тэатр — спектаклі форуму прадэманстравалі разнастайнасць спосабаў цялеснага самавыяўлення, зрабіўшы галоўную стаўку на эксперыментальнасць і невербальны характар камунікацыі. «Наш фестываль — гэта альтэрнатыва масаваму прадукту. Мы дэманструем шырокай публіцы калектывы, якія эксперыментуюць, адгукаюцца на сацыякультурныя тэндэнцыі сучаснасці, ствараючы на іх аснове ўласную тэатральную эстэтыку», — гаворыць дырэктарка Malá inventura Адрыяна Светлікава.
Насычаная праграма фэсту падзялялася на асноўную і дадатковую, кожная складалася з некалькіх блокаў. Першая ўключала шоукейс чэшскага новага тэатра, платформу эксперыментальных работ маладой творчай генерацыі, прэзентацыю найбольш значных ініцыятыў берлінскай арт-сцэны, адмысловы праект «Пералётныя птушкі», прадстаўлены творчасцю прафесіяналаў, якія не маюць пастаяннай сцэны, дэманстрацыю вынікаў арт-рэзідэнцый, што праводзяцца па ініцыятыве «Новай сеткі». Другая складалася з творчых майстэрняў для дзяцей, семінараў па відэамантажы, дыскусій і абмеркаванняў спектакляў, экскурсій па знакамітых пражскіх арт-пляцоўках, нетворкінг-сесій, маркету праектных ідэй.
Усе паказаныя работы вылучаліся павышанай тэхналагічнасцю, развітай светлавой драматургіяй, зайздросным майстэрствам працы з прадметным асяроддзем і сцэнічным абсталяваннем ва ўсёй яго разнастайнасці. Пры гэтым уражвала не толькі багацце візуальных эфектаў, але і асэнсаванасць іх выкарыстання, уменне з дапамогай знешніх прыёмаў раскрываць вобразна-канцэптуальную сутнасць твора. Гэтая асаблівасць была ўласцівая спектаклям як знаных майстроў, так і пачаткоўцаў. Такому выніку спрыяе шматгадовая праграма адпаведных рэзідэнцый і трэнінгаў, якія з ініцыятывы «Новай сеткі» праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах Чэхіі.
Яшчэ адна асаблівасць чэшскага новага тэатра — гарызантальны, адкрыты характар мастацкай камунікацыі, накіраванай на дэканструкцыю іерархічнай пары глядач/артыст і пераасэнсаванне месца публікі ў перфарматыўнай прасторы. Многім фестывальным спектаклям была ўласцівая адмысловая сацыяльная скіраванасць, інтэрактыўнасць, уключэнне ў агульны эксперымент і перформера, і гледача. Вялікую цікавасць у гэтым плане выклікала аўдыявізуальнае танцавальнае прадстаўленне «Культ занятасці» незалежнага гурта T.I.T.S. (Чэхія-Данія-Нарвегія). У цэнтры ўвагі харэографкі Нелы Карнетавай паўстаў феномен татальнай загружанасці сучаснага чалавека, паўдзельнічаць у даследаванні якога прапаноўвалася гледачам нароўні з артыстамі. Эмацыйнай далучанасці выканаўцы дамагаліся з дапамогай свядомага парушэння канвенцый класічнага тэатра. У процівагу агульнапрынятым нормам тэатральнага этыкету гледачоў тут прасілі не адключаць тэлефоны, не саромецца каментаваць і задаваць пытанні артыстам у агульным чаце і дзяліцца ў сацсетках прамымі эфірамі з месца падзеі. Танцавальныя эпізоды, спевы, імправізаваныя акцёрскія маналогі перамешваліся з інтэрв’юіраваннем публікі. «Што для цябе значыць поспех? Табе падабаецца быць занятым? Як ты спраўляешся са стрэсам? Табе хапае часу на адпачынак?..» — адказы на шматлікія пытанні ператваралі гледачоў з пасіўных назіральнікаў у акцёраў, правакавалі публіку перажываць спектакль з уласным удзелам і ўздзейнічаць на яго хаду.
Скразной тэмай фестывалю зрабілася так званая «памяць цела», асэнсаванне якой не страчвае актуальнасці ў сусветным тэатральным і танцавальным мастацтве ўжо не першае дзесяцігоддзе. Тэатразнаўца Наталля Якубава адзначае, што ў 1990-я — 2000-я ў гуманітарыстыцы адбыўся паварот ад гісторыі да памяці, «ад абстрактнага, аб’ектывісцкага ведання да ведання прачулага інтымна, ведання ўвасобленага». Месцам памяці і інструментам па яе ажыўленні можа стаць усё, што заўгодна, у тым ліку і цела. Сёння ў гэтым напрамку працуюць многія харэографы, сярод іх Рашыд Урамдан, Саша Вальц, Жэром Бэль, Вольга дэ Сота, Марцін Нахбар, Аліўе Дзюбуа і інш. Так, вядомы французскі харэограф венгерскага паходжання Жозэф Надж сцвярджае: «Памяць — адзінае, што для мяне матэрыяльна. Мне цікава тое, з чаго я складаюся. <…> Гэта адзіны спосаб стварыць па-сапраўднаму аўтарскі спектакль». А Аліўе Дзюбуа ў перформансе «Маё цела выходзіць на святло дня» цягам дзвюх гадзін распавядае пра сваё жыццё ў мастацтве, узнаўляючы былыя ролі, сітуацыі, калег, з якімі давялося супрацоўнічаць. Танцоўшчык у падобных пастаноўках перастае абапірацца на літаратурна-драматургічны матэрыял, а стварае імправізацыйны тэкст, чэрпаючы вобразы з уласных успамінаў і назіранняў, якія захоўвае цела і яго кінестэтычная памяць.
Паказальным у гэтым сэнсе стаў спектакль «Давайце танцаваць!» знакамітага чэшскага танцтэатра VerTeDance, створаны ў супрацоўніцтве рэжысёркі Петры Тэйнаравай і выканаўцаў. «Фізічная дакументальная п’еса пра contemporary dance» — такое жанравае азначэнне даюць аўтары сваёй пастаноўцы, змяшчаючы ў яе цэнтр артыстаў і іх (аўта)біяграфічныя гісторыі. Падчас прадстаўлення выканаўцы не пераўвасабляюцца ў іншых персанажаў, а шчыра і адкрыта распавядаюць пра сябе: дзе, калі і як яны сталі танцаваць; што іх цікавіць у мастацтве; пра траўмы і пераадоленне недахопаў; пра тэхнікі, якія засвоілі іх целы. «Я пачала танцаваць, бо гэтага хацела мая маці. Дзякуючы балету маё цела стала дысцыплінаваным, што адбілася і на паўсядзённым жыцці», — распавядае адна з артыстак, дэманструючы ўзорную вываратнасць і дзівосны пад’ём. Аднак спектакль не з’яўляецца лірычнай «споведдзю на тэму»: факты індывідуальнай біяграфіі становяцца нагодай для разваг пра мастацкую спецыфіку сучаснага танца. «У contemporary dance мы не адказваем на пытанне "чаму". Мы пытаем — "што" і "як"», — гаворыць яшчэ адна артыстка.
Танец у спектаклі VerTeDance паўставаў носьбітам пэўнай мастацкай і сацыяльнай інфармацыі, дзейсным спосабам прапрацоўкі «асабістага» і яго цялеснай артыкуляцыі. Падобны падыход пазбаўляе танцавальнае мастацтва герметычнасці ўласных эстэтычных межаў, на што звяртае ўвагу даследчык Андрэ Лепекі: «Сёння мы бачым намаганне па разбурэнні дысцыплінарнай адасобленасці і настойлівае стаўленне да танца як да вобласці пэўных ведаў».
Акрамя фестывалю ў Празе, восенню Malá іnventura ахопіць іншыя рэгіёны. Такая рэгулярная практыка спрыяе дэцэнтралізацыі культурнага жыцця ў Чэхіі. Пагадзіцеся, вельмі карысны і варты пераймання досвед.