І грунтоўная школа майстэрства важкім грузам вісіць у цябе за плячыма. Ці давядзецца пацягнуцца да гэтага плецака на спіне, каб дастаць неабходную прыладу, ці ўвогуле мала што там спатрэбіцца, акрамя самых базавых рэчаў.
Як мастак набывае патрэбны яму інструментарый, у якія бездані пры гэтым сягае, толькі ён і ведае.
Калі першы раз убачыла на выставе працу Аляксандра Бельскага, адразу падумала, што аўтар — студэнт: настолькі адарваным ад мясцовага кантэксту можа быць толькі не ўлучаны ў яго чалавек. Мінскія «Восеньскія салоны» адкрылі запатрабаванасць на мастацтва звонкае ды хвосткае. І на гэтым размаітым тле Бельскага заўважылі, ён атрымаў глядацкую ўвагу. А часопіс «Мастацтва» на вокладцы надрукаваў фрагмент яго твора з персанальнай выставы ў галерэі «Арт-Беларусь». «Місія "Апалон"» — астранаўт ратуе бюст Апалона з месяцовай паверхні. Гульня са словамі, іронія, густоўны сцёб, постмадэрнісцкі падыход — усё ў наяўнасці. Чаму гэтая пазіцыя так вылучаецца з такіх жа постмадэрнісцкіх дэкаратыўных салонаў і што ў гэтай іроніі такое відавочна жывільнае?
Трэба разабрацца…
У творах Аляксандра — амаль газетная актуальнасць, але ў адрозненне ад плакатнага падыходу жывапіс дадае эмоцыі і дэталі. Пасля заканчэння кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай акадэміі Аляксандр Бельскі дзесяць гадоў працаваў у кінатэатры «Піянер», маляваў афішы гуашшу на палатне, пасля двух-трох тыдняў, колькі стужка ў пракаце, гуаш змывалася, а палатно выкарыстоўвалася наноў. Маляваў да фільмаў, якія не глядзеў. Інспірацыі — плакаты, афішы. Атрымлівалася хутка, выразна, пераканальна. Сам мастак расказвае, што амерыканскія блакбастары вельмі на яго паўплывалі, захацелася беларускага «варушняку». Як НЛА каля бібліятэкі. Элементы кіношнай азбукі засталіся ў яго творчасці і цяпер. Гэтыя «піянерскія» гады перафарматавалі яго адукацыйны досвед, ператасавалі літары, змясцілі акцэнты. Афіцыёз, што б ні стаяла за гэтым словам, ён навучыўся пераплаўляць у лёгкі сцёб, у іронію. Дадаліся снегавікі, вобраз з’явіўся вельмі дарэчы.
Іх узнікненне тлумачыць стомленасцю ад чалавечых твараў: калі працаваў шаржыстам дзеля грошай, пальцы апухалі маляваць. А патрэба спраектаваць літаратурныя сюжэты на нейкія аб’екты засталася. Знайшоў замену, замяшчэнне, вылучыўшы базавую функцыю-рысу — крохкасць. Можна, канешне, было выдумаць персанажа, але Аляксандр Бельскі вырашыў увесці зразумелыя для ўсіх правілы гульні. Некалькі сюжэтаў зрабіў вызначальнымі. Адзін з іх даведзены да гранічнага кантрасту — крохкая наканаванасць, што сутыкаецца з брутальнай сілай.
У «Гравітацыі» снегавік расчляняецца і адлятае. У іншай працы пакутуе нібы Святы Себасцьян, працяты стрэламі, а мілыя галубкі ладзяць сваё гняздо на яго скажонай болем галаве. У пачатку засваення гэтага аб’екта Аляксандр Бельскі стварыў алюзію на карціну Караваджа «Нарцыс», дзе эксперыментаваў з эмоцыямі: паспрабаваў зразумець, ці можна, не малюючы чалавека, увасобіць пачуцці персанажа і прымусіць гледача яму суперажываць. Тэхніку старога майстра, яго непаўторную святлаценевую мадэліроўку перадаў праз працэс таяння. Яшчэ адзін твор — па матывах палатна Рэмбранта «Урок анатоміі доктара Тульпа». Адзіны чалавек на гэтым палатне — труп, над якім схіліліся снегавікі. Кожны снегавіковы твар — носьбіт адной чыстай эмоцыі. «Інтэрпрэтацыі гэтай работы існавалі і да мяне, але я не здзекуюся з навуковага таварыства, а транслюю недастатковае разуменне, недавывучанасць чалавечага арганізма», — расказваў мастак.
Ён інтэрпрэтуе сюжэты, заезджаныя да банальнасці, напрыклад прыборка яблыкаў у прычэпы трактароў сіламі імперскіх штурмавікоў. У кожнай работы — сваё вырашэнне, ёсць сур’ёзныя, ёсць сцёб, ёсць тыя, якія без ведання кантэксту не чытаюцца, ёсць самадастатковыя.
Усё гэта выглядае як рэакцыя на непапулярнасць сацыяльных і палітычных тэмаў у нашым жывапісе, на яго фармалізацыю і падмену сімвалізму сурагатнымі аналагамі. Губляючы актуальнасць, вастрыню, творы часта ператвараюцца ў дэкаратыўнае пано, у чым не папракнеш Аляксандра, ён шчыры і адкрыты ў сваім сённяшнім пошуку. Тэму снегавікоў плануе закрыць. Успрымае гэты аб’ект як трэнажор, каб рухацца далей, без шораў, без умоўнасцей, без прывязкі да лакальнага кантэксту. Чаго яшчэ мастак дасягнуў за гэты перыяд?
Удала засвоіў эксперымент на стыку кіношнай стылістыкі, з дапамогай якой творца разразае рэалістычную карціну, каб паглядзець, што хаваецца за яе тканінай. Сартр трактаваў гульню як форму існавання чалавечай свабоды. Гэта супрацьдагматычны тып светаўспрымання. У межах сваёй творчасці Аляксандр Бельскі лёгка разбурае ўсе канструкцыі сур’ёзнага мастацтва сваім мілым неабачлівым жэстам.
Напрыканцы савецкага перыяду існавала своеасаблівая форма андэграўнду — «Міцькі», яны гулялі са злым азартам, знешняе супраціўленне надавала сэнсу і вастрыні іх, здавалася б, бессэнсоўнаму пасылу. Сёння, пасля постмадэрнізму, мала хто звяртае ўвагу на такія жэсты, і цікава, у чым мастак шукае апору ва ўласнай дзейнасці. Думаю, як і ў любой гульні — атрымлівае задавальненне ад працэсу. Ад магчымасці прыдумляць уласныя правілы.
Ужо не ў якасці пратэсту, а каб супрацьстаяць суму ўсёпаглынальнай энтрапіі.