Некаторым з удзельнікаў-выканаўцаў цягам шасці гадоў запар (аж па тры разы!) выпала паўдзельнічаць у спектаклях «Крокаў». Сэнс гэтага ўдзелу палягаў у тым, каб крок па кроку прасачыць, як дзеці вучацца абыходзіцца са сваім уяўленнем, як прыструньваюць або разнявольваюць цела, каб узлунаў дух, — выпрабоўваюць сябе мастацтвам гульні і самастойнасцю. І, натуральна, як іх навучаюць дарослыя: прапільнаваць змены ў методыках і педагагічных падыходах да навучання драматычнаму мастацтву, не прапусціць ды засвоіць тое, што спрацоўвае найлепш, не пагрэбаваць нечаканым, непадобным, непрынятым. Пра гэта сведчыў амаль кожны з дзесяці спектакляў сёлетняга фэсту.
Прыкладам, удзельнікі тэатральнай студыі АТД школы мастацтваў са Ж’яра-над-Гронам (Славакія) у спектаклі «Смутак па Джону Ленану» не ўразілі відавочнымі прыкметамі драматычнай налаўчонасці, не самым упэўненым чынам разважалі і падтрымлівалі дыялогі, але стаўленне рэжысёра-педагога Петэра Луптоўскага аніяк не ўціснула дзіцячую натуральнасць, падкрэсліла і выявіла яе праз фізічныя дзеянні і пластыку. Ён паклікаў дзяцей у эпоху маладосці іх дзядоў і бабцяў, згуртаваў простымі сцэнічнымі задачамі і так захапіў, што аповед пра Джона Ленана, якога адшукала куля, студыйцы фактычна прыдумалі самі. Асэнсавалі маштаб музыканта. Пазначылі час ягонай папулярнасці касцюмамі і моднымі знакавымі дадаткамі (кшталту аранжавых акуляраў). Непрыхаванай шчырасцю здолелі схіліць глядзельню да цікаўнасці, а потым і да зацікаўленасці.
Драматычная гісторыя з Беластока «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» паводле Ханса Крысціяна Андэрсена аматарскага тэатра «Bel Etage» уразіла тым, як творча і прыгожа спалучыліся на сцэне педагагічныя і рэжысёрскія вымогі. Дзявочы гурт мясіў цеста і апавядаў вядомую гісторыю праз дыялогі, час-почас ілюструючы пэўнымі дзеяннямі; пры гэтым будучы хлеб пазначалі ручнікі, сталы ператвараліся ў плот, а дзяўчаткі сталелі на вачах, асэнсоўваючы ўчынак сяброўкі.
Супрацьлеглы прыклад — пастаноўка тэатра-студыі «Дзверы» (Масква) «Вялікая тата з футра» паводле Ксеніі Драгунскай, аўтаркі дужа прыцягальнай — перадусім праз тое, што кожную жыццёвую праяву яна можна пераніцаваць у парадаксальную ці фантастычную і суправодзіць далікатнай добрай іроніяй. Але гэтая іронія праз сцэнічную мову перадаецца не заўжды. Дзеці без татаў — а менавіта іх раз’юшаная настаўніца загадала прывесці на бацькоўскі сход — праблема людзей сталых і аніяк не дзіцячы клопат. Калі на сцэне дайшло да спрэчак, да небяспечнага падарожжа па татаў і здабывання іх любым коштам (паводле драматургіі), вынікла няўцямнасць, утварыліся эмацыйныя і сэнсавыя пустэчы...
Недзіцячага кшталту праблемы кранала і беларуская пастаноўка Дзіцячай школы мастацтваў № 2 «Прадыслава» паводле аповесці Вольгі Іпатавай: гендарная няроўнасць, паганства-праваслаўе, манаскі лад жыцця, подзвіг дзеля радзімы... Каб гэта іграць, выканаўцам папросту забракавала жыццёвага досведу, і яны шчыра паўтарылі тое, што бачылі на сцэне ці, больш верагодна, на экране. Вылучыліся (і ўратавалі спектакль) пластычныя абрадавыя сцэны Купалля, пастаўленыя Вячаславам Барышэнкам, густоўныя строі (як зрэбныя сялянскія, так і манаскія і князскія), а таксама Аліна Рачкоўская ў ролі Прадыславы — стрыманая, з добрай дыкцыяй і заўжды выпрастанай спінай (пластычная асаблівасць ролі).
Сярод сёлетніх удзельнікаў у трох узроставых групах выявіліся тры безумоўныя лідары: найменшыя сярод іх — прадстаўнікі беларускай школы-студыі «Артбум». Дзеці, што не так даўно раўлі і мітусіліся па пляцоўцы без дай прычыны, сёлета ўразілі асэнсаванасцю сцэнічнага існавання і шчырасцю ў пераўтварэннях «Вужынае каралевы» паводле Уладзіміра Караткевіча (дужа няпросты матэрыял для сцэны!). Студыйцы сыгралі ледзь не ўсім складам, перадаючы адно аднаму ролі, падхопліваючы рэплікі, ператвараючыся то ў вужынае кубло, то ў чалавечы хаўрус, вылучаючы альбо выпускаючы з яго закаханых, спачувальнікаў, падступнікаў, звадыяшаў... Супольнікі ад сямі да дванаццаці гадоў увасаблялі і апавядалі легенду рука ў руцэ, плячук да плечука — так уяўляецца народная прапамяць, так аднаўляецца повязь часоў, так, урэшце, гартуецца сцэнічны ансамбль. Сакрэт адметнага пераўтварэння перакінуўся пацвержаннем прафесійнага майстэрства рэжысёрак-педагогаў — Наталлі Александровіч і Аляксандры Некрыш. Для апошняй выхаванне і выкладанне ў нейкі час зрабілася важнейшым нават за ўласную акцёрскую кар’еру.
Найлепшыя з найстарэйшых — юнацкі тэатр «Saula» з Плунге (Літва) са спектаклем паводле Юозаса Грушаса «Каханне, джаз і д’ябал». П’еса, што з’явілася ў 1967 годзе, натуральна пацярпела ад скарачэнняў, затое пастаноўка атрымалася вартай моладзевага рэпертуарнага тэатра і тым больш каштоўнай праз тое, што ўзрост выканаўцаў і меркаваных гледачоў — прыкладна аднолькавы. Раўналеткі сведчылі, як подласць маскіруецца пад вымогі пубертатнага перыяду, як забірае ўладу над выхаваннем і прыстойнасцю, як распуста і алкаголь падпарадкуюць недурныя галовы, а разумнае-добрае-вечнае адступае пад ціскам — не, не раз’юшанай юнацкай пажадлівасці, а здрады. Шараговая сітуацыя ўзнімалася над побытам і абагульнялася, трагічная гісторыя «пра мараль» унікала чытання маралі, а праз рэжысёраў Ромаса Мацюліса і Сігіту Мацюлене пераканаўча ўспрыняла сённяшнія паскарэнні і абставіны, хіба джаз змянілі шалёныя танцавальныя рытмы...
Гран-пры адзначылі Тэатр Юрмальскай дзяржаўнай гімназіі (Латвія) за спектакль «Час» з адметнай распрацоўкай драматургіі і рэжысурай кіраўніцы калектыву Дацэ Умбрашкі. Для аповеду пра дачыненні ў сям’і, блізкасць сваякоў і стаўленне да людзей шаноўнага веку яна абрала ход адліку часу, але не наперад, а назад, і пражыванне выканаўцамі роляў ад старэчаў да немаўлятак. Праз колькі кароткіх рэплік, пластычныя мізансцэны і сцэнічны рух «Час» падказаў, як і калі мы пазбываемся паразумення з роднымі, страчваем давер і патрэбу адно ў адным. Нечаканым, але лагічным і па-мастацку выкшталцоным атрымаўся фінал: удзельнікі паднялі і адначасова нацягнулі палотнішча пры задніку, утвараючы сімвалічны стол, а за яго змясціліся сямейнікі ўсіх узростаў. І каб іх паяднаць, хапіла славутага сцэнічнага імгнення.