Але часы даўно змяніліся, і без падтрымкі дзяржавы кампазітарам даводзіцца самастойна дамаўляцца з выканаўцамі і вырашаць усе звязаныя з гэтым пытанні. Таму кампазітары, асабліва тыя, каго прынята лічыць творчымі лідарамі, выбарачна ставяцца да падобных праектаў. Ды і аўтарытэт Беларускага саюза кампазітараў за доўгія гады застою моцна пахіснуўся, і толькі з прыходам новага кіраўніцтва сітуацыя пачала выпраўляцца.
У адсутнасці твораў Сяргея Бельцюкова, Галіны Гарэлавай, Аляксандра Літвіноўскага, Вольгі Падгайскай, Канстанціна Яськова і іншых нашых знакамітасцей прадстаўленую праграму ніяк нельга лічыць дакладным зрэзам стану сучаснай беларускай камернай музыкі. Тым не менш пэўнае ўяўленне пра актуальныя працэсы ў гэтым жанры атрымаць можна, асабліва з улікам таго, што для ўдзелу ў канцэрце адбіраліся сачыненні, напісаныя ў апошнія пяць гадоў, якія нідзе раней не выконваліся.
Cлухаючы кампазітарскія прэм’еры на сцэне Малой залы імя Рыгора Шырмы, я паспрабавала зразумець матывы, што падахвочваюць аўтараў да напісання такога роду твораў. І галоўны матыў, які мне бачыцца пасля праслухоўвання паўтарагадзіннага канцэрта, — велізарнае жаданне быць кампазітарамі, заставацца ў прафесіі. Яно аб’ядноўвае ўсіх, чые сачыненні гучалі ў гэты вечар, незалежна ад абранай стылістыкі і прафесійнай грунтоўнасці. Тым не менш розніца ў прафесіяналізме адчувалася вельмі моцна. Нельга ж, насамрэч, лічыць прафесійна паспяховым раманс, у якім замест акампанементу — «голыя» акорды, або фартэпіянную п’есу, па фактуры больш падобную да клавіра балета. У некаторых опусах меўся цалкам пераканаўчы пачатак, але кампазітар чамусьці кідаў развіццё на паўдарозе і пачынаў наступную тэму. Было — на шчасце, у невялікай колькасці — і чыстае графаманства. Адным словам, усё як на кампазітарскіх «серадах» пачатку 1980-х. Як тады, так і цяпер галоўная праблема для акадэмічных кампазітараў, у тым ліку і для тых, хто дасканала валодае рамяством, — як выбрацца з поставангарднага тупіка. Дарэчы, у эстрадных кампазітараў праблема тая ж самая. Радовішча, з якога яны чэрпалі, здавалася, хопіць на стагоддзі. І вось яно цалкам распрацаванае, застаўся толькі шлак.
Але вернемся да акадэмічнай музыкі. XX стагоддзе з велізарнай хуткасцю спустошыла ўсе сховішчы магчымых і немагчымых кампазітарскіх рэсурсаў. Ідэолагі сацрэалізму спрабавалі спыніць гэтую чуму, аднак дарэмна. І не таму, што авангардызм пранікаў з Захаду і з Усходу, а таму, што атрымлівалася мярцвячына. Так, былі і ў XX стагоддзі геніі традыцыяналізму — Рахманінаў, Свірыдаў. Але ісці іх шляхам сёння вельмі цяжка, каб не сказаць — немагчыма.
Такім чынам, кожны твор сучаснага кампазітара — гэта спроба прарыву, і менавіта так іх трэба разглядаць. Як ні дзіўна, у найменшай ступені гэта датычыцца работ поставангардных, а іх у канцэрце было багата. Тры вершы Уладзіміра Набокава («Так будет», «Тайная вечеря», «Знаешь...») Віктара Кісценя, дзве п’есы для кларнета і падрыхтаванага раяля («Sotto voce» і «Стрыж пры млыне») Дзмітрыя Лыбіна, дзіцячая фартэпіянная сюіта Ганны Кароткінай «Хаты ў глухім лесе» па матывах карціны кітайскага мастака Лян Юнхэ, Трыа памяці Міхала Клеафаса Агінскага для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна Аляксандра Гулая і асабліва «Сляза анёла» для флейты, альта і арфы Ніны Сіняковай цалкам застаюцца ў рамках той стылістыкі, якая была напрацаваная ў творчасці Барыса Цішчанкі, Сяргея Слонімскага і кампазітараў «Маскоўскай музычнай восені». І толькі выкарыстанне падрыхтаванага раяля раптам раскрывае ўсю архаічнасць гэтай музычнай мовы (як ні дзіўна, флейтавае frullato ў п’есе Сіняковай такога ўражання не выклікае.)
Трыа Аляксандра Гулая асабліва прыкметнае тым, што яно адно з усіх прадстаўленых твораў па ўсіх параметрах адпавядае паняццю «камерная музыка». Трохчасткавы 17-хвілінны твор, у аснове якога — пераасэнсаваная да непазнавальнасці тэма несмяротнага паланэза, па-сапраўднаму змястоўны і насычаны драматычным развіццём.
Усе астатнія опусы ў канцэрце, незалежна ад стылістыкі і прафесіяналізму іх стваральнікаў, хутчэй можна прылічыць альбо да салоннай музыкі, альбо да педагагічнага рэпертуару. А гумарэска Аляксандра Клеванца «Стары Хатабыч» для ансамбля баяністаў — выдатны акампанемент для народнага танца.
Узор салоннай музыкі par excellence — выразная і тонкая п’еса Ніны Сіняковай «Сляза анёла» з прысвячэннем Артуру Дэльмоні, выдатнаму скрыпачу, канцэртмайстру аркестра New York City Ballet. Ніна Сінякова скончыла кансерваторыю і аспірантуру ў Санкт-Пецярбургу ў Барыса Цішчанкі, шмат гадоў жыве ў ЗША, таму на радзіме яе творчасць пакуль ведаюць мала. П’еса відавочна поставангардная, з адсылкамі (зрэшты, толькі адсылкамі) на дадэкафонію і пуантылізм. «Празрыстасць, чысціня, глыбіня, фарба, пачуццёвасць — ва ўсякім выпадку, гэта нейкія вобразы, якія заўсёды са мной, калі справа тычыцца падобнага роду музыкі», — кажа Сінякова пра свой твор. Прысвячэнне яна зашыфравала ў пачатковай інтанацыі «рэ-ля» (d-a) у партыі альта, на якую накладаюцца тыпова корсакаўскія сыходныя хады па малых тэрцыях у арфы і флейты. Але гэты матыў не ўспрымаецца як паўнавартасная манаграма, паколькі ўзыходзячая квінта — занадта нейтральная (каб не сказаць — безаблічная) інтанацыя.
У процілегласць гэтаму п’еса Вячаслава Пяцько «Пахне чабор» для скрыпкі і фартэпіяна — спроба выйсці з тупіка, звярнуўшыся да формулы салоннай рамантычнай музыкі XIX стагоддзя. П’еса зроблена па-майстэрску, з глыбокім разуменнем скрыпічнай тэхнікі і выразнасці. Аўтар па ўсіх правілах XIX стагоддзя выбудоўвае драматургію пачуццяў. Ён ведае, як напісаць фартэпіянны акампанемент, каб ён быў цікавым, але не заглушаў скрыпку. Спадзяюся, выдатная п’еса зойме годнае месца ў педагагічным і конкурсным рэпертуары. Ды канцэптуальнага і стылістычнага прарыву не адбылося. Аўтар з гэткім самым поспехам мог бы гарманізаваць «Зорку Венеру» (першая асацыяцыя, якая прыходзіць у галаву).
І нарэшце, п’есы з апорай на модную сёння стылістыку мінімалізму.
Троххвілінная п’еса Аляксандры Даньшовай «To the time» («Да часу») для марымбы і вібрафона. Дзівосны твор, у якім ёсць і бездакорная логіка развіцця, і настрой, і рытм сучаснасці. Мяркую, ён бы выклікаў фурор у культурнай прасторы «Корпус», дзе збіраецца прасунутая моладзь. П’еса, дарэчы, з вялікім поспехам выконвалася ў Германіі, дзе жыве Аляксандра. Але галоўны плюс гэтага твора — адначасова яго ж галоўны мінус. Ансамбль з марымбы і вібрафона гучыць свежа і чароўна, але толькі як эпізод, як фарба. Няма ўпэўненасці, што яшчэ адна п’еса ў падобным стылі дасць падобны эфект. Не кажучы ўжо пра экзатычнасць і рэдкасць самых інструментаў, якія існуюць часцей (як і арфа) у складзе вялікіх аркестраў. А ў перакладзе для фартэпіяна альбо, дапусцім, двух цымбалаў гэты эфект, безумоўна, знікне.
І дзве работы Ірыны Пяткевіч для струнных шчыпковых інструментаў. «Раніца ў Венецыі» для квартэта мандалін — чароўная мінімалісцкая п’еса, якая несумненна стане ўпрыгожваннем фестывалю «Мандалінісіма», а магчыма, і моладзевых музычных фэстаў. Кампазітарка па-майстэрску валодае прыёмамі мікраінтанацыйнага развіцця. Уся п’еса як быццам вырастае з ранішніх венецыянскіх званоў, і нават тэматычныя ўкрапванні і пераключэнні не ствараюць адчування абрываў, а выглядаюць элегантнай мазаічнасцю, змацаванай адзінствам рэфрэну. Што асабліва істотна, Ірына Пяткевіч адчувае прыроду мандаліны і мандаліннага ансамбля.
Другая п’еса кампазітаркі — «Месяцовы камень» для домры і фартэпіяна — таксама з элементамі мінімалізму, але бліжэй да рамантычнай традыцыі XIX стагоддзя. Уражанне, што фартэпіяна самім фактам прысутнасці ў ансамблі збівае нашых кампазітараў з мінімалістычнай сцежкі. Дый увогуле мінімалізм, паводле маіх назіранняў, у нас пакуль прыжываецца толькі адносна інструментаў ударных, ударна-шчыпковых (цымбалы) і струнна-шчыпковых — з іх адрывістым гукам і гулкай аўрай.
Варта сказаць некалькі слоў пра музыкантаў, што ўклалі шмат працы і душы ў выкананне твораў беларускіх аўтараў. Назаву толькі тых, хто ўразіў мяне больш за ўсё. Гэта лаўрэат міжнародных конкурсаў піяніст Аляксандр Данілаў, які вывучыў на памяць і з бляскам выканаў дзве найскладанейшыя, віртуозныя п’есы Уладзіміра Грушэўскага. Гэта Аляксандра Ганькова (марымба) і Ганна Сямёнава (вібрафон); Дыяна Гантарэнка (флейта), Уладзімір Купрыянаў (альт) і Аляксандра Лосева (арфа), яны здзівілі зладжанасцю, адточанасцю і глыбінёй пранікнення ў кампазітарскую задуму, хоць кантактавалі з аўтарамі выключна па інтэрнэце. Гэта трыа ў складзе Алесі Батальёнак (скрыпка), Яўгеніі Вінакуравай (віяланчэль) і Анастасіі Гулай (фартэпіяна). Гэта ансамбль мандаліністаў «Эстафета» (мастацкая кіраўніца Галіна Асмалоўская) і дамрыстка Надзея Лазуцкая. Гэта вучаніца ДМШМ №5, лаўрэатка міжнароднага конкурсу Ульяна Дзыгун, якая дзеля выканання п’есы Ганны Кароткінай нават апранулася ў кітайскі нацыянальны касцюм. І многія іншыя выканаўцы, чые энтузіязм і прафесіяналізм здольныя натхніць нашых кампазітараў на новыя творчыя здзяйсненні.
Юлія Андрэева