Сярод першых выпускнікоў класа Багатырова быў народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Генрых Вагнер, ён скончыў Беларускую кансерваторыю ў 1954 годзе.
— Мне пашанцавала, што лёс звёў мяне з такім выдатным музыкантам, буйным майстрам. У той час ён быў вядомым аўтарам опер, сімфоній, камерных сачыненняў — велізарны творчы дыяпазон майго настаўніка ўражваў. Нясмела я пачаў займацца ў яго, бо да гэтага аддаваў перавагу эстрадзе, а ён паўставаў сур’ёзным музыкантам, таму я не ведаў, як пойдуць справы.
Анатоль Васільевіч, які добра ведае фальклор (беларускі, рускі, украінскі), заняткі са мной пачаў з апрацовак народных песень і харавых твораў. Я думаў: навошта? Але пасля такія веды адыгралі вялікую ролю ў маёй прафесійнай адукацыі. Адчуваю: валоданне хорам і зварот да фальклору — неабходны і важны для мяне падмурак. Анатоль Васільевіч умеў знайсці кантакт з намі, маладымі і неспрактыкаванымі. Мы хацелі, каб нашы творы хутчэй загучалі па радыё, на тэлебачанні, а ён казаў: спачатку трэба атрымаць добры прафесійны грунт. Наступныя гады паказалі слушнасць такіх меркаванняў — большасць кампазітараў, якія выйшлі з класа Багатырова, занялі першыя пазіцыі ў беларускай музыцы.
Ён не толькі выдатны кампазітар, ён і добры піяніст, на занятках шмат іграў. Гэта важна: адна справа тлумачыць на словах, а іншая — браць складаную партытуру, свабодна яе іграць, паказваючы асаблівасці розных кампазітарскіх тэхнік. Немалаважна, што ён сам пісаў музыку ў розных жанрах, ведаў тыя складанасці практычна, знутры.
Безумоўна, на нас уплывала і яго велізарная эрудыцыя, ён выдатна ведаў літаратуру, музыку, тэатр, шмат разважаў пра змест і значэнне паэтычнага слова, драматычнага дзеяння. Потым, калі некаторым яго выхаванцам давялося пісаць музыку для тэатра, яны былі падрыхтаваныя сваім педагогам. Дарэчы, уласныя творы ён паказваў нам рэдка, часцей партытуры Чайкоўскага, Глінкі. Не было ў яго ўстаноўкі «рабі, як я». Адчувалася свабода. Разам з тым Анатоль Васільевіч заклікаў нас сур’ёзна ставіцца да заняткаў: у студэнцкія гады мне час ад часу прапаноўвалі розныя падпрацоўкі, але ён гэтага не ўхваляў, вучыў нас не разменьвацца на дробязі.
Усе вучні Анатоля Васільевіча розныя, чым гэта патлумачыць?
— У тым і заключаецца майстэрства педагога, што ён, як доктар, ведаў, якія лекі трэба, што лепш прапанаваць у пэўны перыяд працы. Ён адчуваў, па якой дарозе трэба весці студэнта, і заўсёды даваў свабоду ў выбары жанраў: хочаш пісаць балет, сімфонію, харавую музыку — пішы! Ён да ўсіх вучняў ставіўся ўважліва, я вучыўся ў адзін час з Эдзі Тырманд, Яўгенам Дзягцярыкам, пазней у кансерваторыю паступілі Яўген Глебаў, Юрый Семяняка. Атмасфера ў класе Багатырова склалася добразычлівая. Калі мы пасталелі, між намі ўзнікла... не, не варожасць, а здаровая канкурэнцыя. Хадзілі на канцэрты адзін аднаго, выказвалі сваё меркаванне. І Анатоль Васільевіч сачыў за нашай творчасцю, радаваўся поспехам. Так што ўспаміны пра майго выдатнага педагога самыя добрыя.
•••
Cяргей Картэс скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю на пачатку 60-х гадоў. Пазней быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй і званнем народнага артыста Беларусі.
Сяргей Альбертавіч, вы сканчвалі Мінскую музычную дзесяцігодку пры кансерваторыі па класе фартэпіяна, а як апынуліся ў класе Багатырова?
— Калі да пераезду ў Беларусь жыў у Аргенціне, то спрабаваў займацца кампазіцыяй у Якава Фішара — прадстаўніка піцерскай школы, вучня Максіміліяна Штэйнберга. Фішар у 20-я гады ХХ стагоддзя пераехаў у Аргенціну, лічыўся тамтэйшым кампазітарам, але школа ў яго была Рымскага-Корсакава. У Фішара я прайшоў курсы поліфаніі, кантрапункта, гармоніі і пісаў тады, так бы мовіць, «левую», авангардную музыку.
Калі ў Мінску пасля заканчэння школы паступаў у кансерваторыю, дык прадставіў працы, напісаныя ў Аргенціне. Анатоль Васільевіч праслухаў, у выніку прынялі на аддзяленне фартэпіяна і кампазіцыі (факультатыўна). Два гады займаўся ў Мікалая Аладава, а потым перайшоў у клас Багатырова. Яму тады споўнілася 45, але ён быў масціты кампазітар і да мяне паставіўся вельмі цёпла. Часта бываў я ў яго дома, з цікавасцю слухаў аповеды гэтага высокакультурнага і адукаванага чалавека.
Нядаўна чытаў дзённік вядомага мастака Сальвадора Далі, якога люблю за выразнасць малюнка. Узрушыла, што творца, які эксперыментаваў з самымі крайнімі формамі ў мастацтве, да канца жыцця вучыўся малюнку ў Веласкеса, майстра ХVII стагоддзя. Ён быў для Далі кумірам і лічыў, што малюнак — аснова, школа. Чаму я пра гэта згадаў? Калі вучыўся кампазіцыі ў Аргенціне, дык мог рабіць усё, што хацеў, а вось Анатоль Васільевіч быў строгім, у нечым жорсткім і прымушаў мяне пісаць у класічных традыцыях. Тады я хацеў вырвацца з гэтых межаў, а цяпер разумею, як важна атрымаць грунтоўную школу па гармоніі, поліфаніі, азам кампазіцыі, класічнай аркестроўцы. Спачатку спасцігні гэта, потым можаш выяўляць сябе. Удзячны Багатырову за асновы класічнай адукацыі. Кожны творца павінен мець пад сабой апору, школу, каб не пачынаць з пустаты. Ён павінен ведаць, што створана да яго, а потым ужо разгортваць сваё.
Я гутарыў з іншымі вучнямі Багатырова — Генрыхам Вагнерам, Віктарам Войцікам. Яны якраз казалі, што ніякага дыктату з боку прафесара не адчувалася, а ў вас, выходзіць, наадварот? Значыць, ён гнутка падыходзіў да асаблівасцяў кожнага вучня — гэта, мне здаецца, якасць высокай педагогікі.
— Згодны. Глядзіце: усе вучні Анатоля Васільевіча розныя. Не думаю, што такая творчая свабода была ў іх закладзена першапачаткова, да вучобы ў Багатырова. Менавіта ён «разгортваў» іх на разняволенасць мыслення. Кампазітарам нельга зрабіцца за пяць гадоў вучобы ў кансерваторыі, педагог мусіць закласці пачатковую базу, а далей усё залежыць ад кожнага з нас. І ён гэтую базу нам даваў.
Вядома, што Багатыроў даволі крытычна ставіўся да авангардных пошукаў у музыцы...
— Не, я не адчуваў такога ціску. Напрыклад, у праграме навучання мелася абавязковая фантазія на беларускую тэму, а я напісаў «Паэму пра Кубу», гэта здавалася мне бліжэй па меласе, і ён яе ўспрыняў спакойна. Анатоль Васільевіч лічыў: форма можа быць рознай, але выразнай.
У вашай творчасці значнае месца займае опера — у тым адбіваецца ўплыў педагога?
— Не, у кансерваторыі мы не дайшлі да оперы, але цяпер разумею, што яна — вяршыня ўсіх мастацтваў і яднае ў сабе большасць з іх. Оперы пісалі многія вучні Анатоля Васільевіча — Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, я, — але і яго выхаванцы больш маладога пакалення аказаліся неабыякавыя да гэтага складанага жанру і стварылі ў ім яркія сачыненні. Гэта перш за ўсё Уладзімір Солтан з яго операй «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча. Яна вытрымала праверку часам, што нячаста здараецца з сучаснымі музычнымі спектаклямі.
Магчыма, Анатоль Васільевіч падказваў вам сюжэты будучых опер?
— Не, але зерне, пасеянае ім, дало парасткі і прарасло ў маёй далейшай творчасці. Хачу згадаць і пра велізарную эрудыцыю Багатырова, яна заўжды мяне здзіўляла. Памятаю, мы хадзілі да яго дадому, слухалі дзівосныя аповеды пра сустрэчы з унікальнымі людзьмі, ігру на фартэпіяна — усё незабыўнае. Такія ўражанні рухаюць музыканта наперад, падобныя сустрэчы дапамагалі і дапамагаюць у жыцці.
•••
Дзіўна, але на працягу дзесяцігоддзяў Багатыроў не губляў адчування часу, знаходзіў узаемаразуменне з усё новымі пакаленнямі студэнтаў. У 1980-я з яго класа выйшлі кампазітары новай генерацыі. Сярод найбольш яркіх імёнаў ужо згаданы Уладзімір Солтан і Алег Хадоска, адзін з апошніх вучняў майстра.
Алег, што больш за ўсё запомнілася з сустрэч з настаўнікам? Не замінала розніца ва ўзросце? Бо ён пачынаў свой шлях так даўно, а вы былі на той час зусім маладым...
— Лічу, значная асоба, а тым больш музыкант, адрозніваецца ад большасці людзей. Вось Анатоль Васільевіч, колькі яго ведаю, пастаянна мяне чымсьці здзіўляе.
Успамінаю першае знаёмства. Калі я скончыў музычную вучэльню ў Арле, мы з бацькам прыехалі ў Беларускую кансерваторыю і прыйшлі на кансультацыю ў клас Багатырова. Бацька цікавіцца гісторыяй, і неяк хутка яны з Анатолем Васільевічам знайшлі на гэтай глебе агульную мову. Багатыроў тады мяне ўразіў, я сядзеў, слухаў з адкрытым ротам і не разумеў, знаходжуся ў кансерваторыі ці на гістарычным факультэце ўніверсітэта — з такімі дэталямі ён згадваў пра дынастыі французскіх каралёў, іх сувязі з рускімі царамі. Мой педагог мае вельмі шырокія веды ў галіне гісторыі. І гэта было маё першае судакрананне з ім і першае здзіўленне...
Лічу, чым больш значны музыкант, тым, як ні дзіўна, ён прасцейшы, тым лягчэй з ім кантактаваць. Літаральна з першых урокаў, калі студэнт прыходзіў да Багатырова, ён неяк адразу ўзвышаў яго да сябе, размаўляў з ім на сваім узроўні. Заўсёды звяртаўся толькі на «вы», ніколі не прыніжаў крыкам, у ягоным класе заўжды была спакойная, добразычлівая абстаноўка.
Алег, вы новае пакаленне музыкантаў, у вас іншы слухацкі вопыт, звязаны з поп-рок-музыкай, джазам, авангарднымі плынямі, а Багатыроў — прадаўжальнік традыцый «могучей кучки»: Рымскага-Корсакава, Балакірава, — прадстаўнік больш традыцыйнага напрамку ў акадэмічнай музыцы. Як вам было ладзіць стасункі пры такой розніцы поглядаў?
— Тут не ўзнікала складанасцей. Прытым што Анатоль Васільевіч не слухае рок і не вельмі добра ведае джаз, у яго цудоўны музычны і мастацкі густ і ён заўжды ўмее аддзяліць зерне ад пустазелля. Калі гэта таленавіта напісаная музыка з элементамі авангарду, дык Багатыроў добра да яе ставіцца. Памятаю, яму вельмі падабалася музыка грузінскага кампазітара Гіі Канчэлі.
Мяне ўражвае, што гэта чалавек, які самааддана служыць мастацтву, цяпер такое досыць рэдка сустракаецца. Ён любіць не сябе ў музыцы, а саму музыку. Калісьці даўно пачуў па радыё яго 2-ю сімфонію, мне яна спадабалася, потым доўгі час яе не чуў і, трапіўшы ў госці да Анатоля Васільевіча, спытаў, ці няма ў яго запісу гэтага сачынення. Ён адказаў, што недзе быў, пачаў шукаць, але так і не знайшоў. Затое выдатна ведаў, дзе ў яго запісы сімфоній Чайкоўскага, «Пікавай дамы», сімфоній Бетховена. А свае сімфоніі ён калі і ўключае, то рэдка. Яшчэ мяне дзівіць, як ён успрымае музыку: не сустракаў людзей, якія, слухаючы 6-ю сімфонію Чайкоўскага ці оперу «Пікавая дама», могуць плакаць. Гэта так непасрэдна! І кранае не менш, чым уласна праслухоўванне музыкі.
Як і многія іншыя, лічу, што Багатыроў — адзін з пачынальнікаў беларускай кампазітарскай школы, які ўзбагаціў яе не толькі ўласнай музыкай, але і сваімі яркімі рознымі вучнямі. Геніяльная музыка напісана як быццам проста, усё можна зразумець, а вось патлумачыць, як зрабіць аналагічна, немагчыма; такая і педагогіка Анатоля Васільевіча — ён у гэтай галіне, на мой погляд, геній. Не магу зразумець, як ён гэта рабіў, як выхоўваў кампазітараў, але відавочна, што атрымалася выдатна. Гэта таямніца таленту...
Ірына Мільто
Аляксандр Мільто